Яшчэ адным смачным месцам узбагаціўся цэнтр Гродна. 16 снежня пачала працу «Кавярня ў доме Хона Піка». Разам з кавай новая ўстанова прапануе малочныя кактэйлі і гарбату. Да сваіх асаблівасцяў залічвае наяўнасць дэсертаў і свежай выпечкі.
У інтэр'еры кавярні гаспадары зрабілі спробу спалучыць усё магчымае. Цагляная кладка суседнічае з падушкамі на сталёвых рэлінгах, а сучасныя перфараваныя панэлі столі ўпрыгожаны вышыванкай. Выява Хона Піка, колішняга гаспадара будынка, адлюстравана на сцяне ля ўваходу.
Кавярня прапануе з дзясятак відаў кавы з кава-машыны. Тут выкарыстоўваюць класічную сумесь зерня арабікі і рабусты — 80 на 20 свежай абжаркі. На выбар ёсць чорны і зялёны чай, малочныя кактэйлі з рознымі смакамі і безалкагольны глінтвейн. Цэны напояў вагаюцца ад 2 да 4 рублёў.
Да кавы можна выбраць дэсерты — некалькі відаў чызкейка ці марозіва. У меню ёсць свежая выпечка — брускета з некалькімі відамі дадаткаў і вялікі выбар круасанаў.
Паўфабрыкаты гэтых вырабаў дастаўляюць у Гродна ў стане шокавай замарозкі. Ужо на месцы яны праходзяць неабходную тэрмаапрацоўку і свежаспечанымі падаюцца пакупнікам.
Кавярня толькі пачала работу, таму пэўныя недапрацоўкі звяртаюць на сябе ўвагу. Напрыклад, пакуль тут няма магчымасці разлічыцца карткай, адсутнічае wi-fi і няма куды павесіць верхняе адзенне. Абяцаюць, што ўсе гэтыя хібы будуць выпраўлены цягам бліжэйшых дзён.
Зараз кавярня працуе ад 9.00 да 23.00 па працоўных днях і ад 9.00 да 24.00 па выходных. У планах ёсць падаўжэнне часу працы, пашырэнне асартыменту напояў за кошт алкагольных кактэйляў і стварэнне праграмы лаяльнасці для сталых наведвальнікаў. Але калі дакладна рэалізуюцца гэтыя планы, арганізатары бізнесу сказаць не бяруцца.