Для кагосьці кастрычнік — гэта пах палай лістоты і традыцыйныя фотасесіі ў Каложскім парку. Для аматараў народнай культуры і побытавых танцаў з Гродна, Мінска, Барысава, Рыгі, Варшавы ды многіх іншых месцаў - гэта падрыхтоўка да «Ночы танцаў» у Гродне і сама ноч. Ужо трэці год музыкі з капэлы «Танцы гарадзенскіх дворыкаў», вядомыя гараджанам па танцавальных вечарынах у дворыку на Савецкай, самі, з дапамогай валанцёраў і без падтрымкі гарадскіх уладаў ці дзяржаўных устаноў ладзяць свята сабе і шматлікім гасцям.
Сёлета на «Дзень і Ноч танцаў у гарадзенскіх дворыках» прыехалі граць музыкі з Беларусі, Польшчы, Латвіі, Расіі, а геаграфія танцораў была яшчэ шырэйшая, дзякуй гродзенскаму «бязвізу». Танцы — народныя, або сацыяльныя, але нашага рэгіёну.
«Дзень танцаў» пачаўся ранкам 19 кастрычніка тэматычнай экскурсіяй па гродзенскіх званіцах, якая асабліва ўразіла іншагародніх удзельнікаў. Працягнуўся ўжо на сядзібе ў Казіміроўцы, пад Гродна, — кірмашом музычных інструментаў. Майстры-стваральнікі, калекцыянеры і музыкі сустрэліся, каб паказаць свае вырабы, калекцыі, абмеркаваць захапленні і паспрабаваць гук новых інструментаў, досыць ахвотна дзяліліся ведамі нават з неспецыялістамі. Наведвальнікі прыязджалі сем’ямі, для дзяцей былі наладжаны гульні.
А 19 гадзіне пачаліся ўласна танцы. Заяўленыя капэлы змянялі адна адну на сцэне, кожная прыўносіла свой настрой у залу, а пасля завяршэння праграмы музыкі працягнулі граць у вольным рэжыме. Музыкі насалоджваліся працэсам не менш за танцораў, а музыка і танцы былі не толькі ў асноўнай залі, а і ў кожным кутку сядзібы.
«Быў бы разумны — то не рабіў бы», — кажа адзін з галоўных арганізатараў, музыка Андрэй Бароўскі. Падрыхтоўка імпрэзы такога маштабу патрабуе шмат высілкаў і цягне фінансавыя рызыкі. Арганізатары — звычайныя людзі, не звязаныя з шоў-бізнесам. За мяжой падобныя імпрэзы не масавай культуры, звязаныя з папулярызацыяй нацыянальнай спадчыны, маюць спансаванне і падтрымку дзяржавы. «У Францыі, напрыклад, на такія сацыяльныя праекты ідуць сродкі з латарэяў. Дзяржава не займаецца арганізацыяй, і не робіць абы што, а стваральнікі сапраўды вартых праектаў маюць грашовую падтрымку — у выніку ўсе ў плюсе».«Але месца, дзе ты жывеш, аніяк не адрозніваецца ад Парыжа ці Рыма. Там жывуць такія ж людзі, дык чаму ў палякаў можа быць такая імпрэза, а ў нас — не? Раблю, не каб было не горш, а каб было лепш. Навошта ехаць на імпрэзу ў Варшаву ці Маскву, цягацца з рэчамі, калі можна зрабіць годна ў сябе?» — тлумачыць Андрэй сваю матывацыю. Сёлета мерапрыемства наведала блізу 180 чалавек.
«Дынаміка для трэцяй „Ночы танцаў“, у параўнанні з папярэднімі, відавочная: і ў розгаласе, і ў якасці выніку. Мы працавалі над гэтым паўгода. Вядома ж, гэта не „Лідбір“, мэты не камерцыйныя».
Танцорка Кацярына Янкевіч прыехала сустрэцца са знаёмымі, паслухаць музыку: «Тут адзін з найкруцейшых фэстаў у Беларусі за апошнія тры гады». Яна захапляецца народнымі танцамі з 2015 года, часта наведвае замежныя танцавальныя фэсты, але больш ёй падабаюцца беларуская музыка і музыкі. У дзяцінстве ёй падабалася назіраць, як танцуюць дарослыя на вяселлях, хоць і памятае, як смяяліся са старэйшых людзей, што танцавалі ў народнай манеры, дробнымі крокамі.
«Цяпер танцы — гэта неад’емная частка майго жыцця. Танцаваць заўсёды хацелася. Ужо „натанцаваны“ пэўны досвед, ёсць партнёры, танцаваць з якімі - гэта пэўная форма свабоды, калі можна імправізаваць». З рознымі людзьмі, па яе словах, танцуецца па-рознаму.
«Ты прыходзіш, танцуеш, і не думаеш ні пра што. Слухаеш, адчуваеш партнёра, бо проста так стаць і танцаваць ты не можаш, гэта ўзаемадзеянне, ты спасцігаеш нешта. Гэта не кожнаму дадзена, трэба быць гатовым маральна і фізічна, каб даверыцца партнёру. Атрымліваеш кайф, як ад бязважкасці».
Не ўсе на вечарыне — дасведчаныя танцоры. Гродзенец Яўген Дудкін патрапіў на такую імпрэзу ўпершыню, раней ён танцамі не займаўся. Для яго «Ноч танцаў» стала нечаканым месцам сустрэчы са знаёмымі. «Вельмі ўсцешаны. Спадабалася, што падчас танцу, калі выконваеш нейкі элемент, быццам на нейкім генетычным падмурку, узгадваюцца і іншыя, якія, можа, бачыў у дзяцінстве, у вёсцы».
«Мы ўсе тут, бо нам добра ў гэтай атмасферы, нам бы хацелася, каб гэта было шмат і часта. І калі ёсць магчымасць бескарысна дапамагчы, то чаму не», — кажа Святлана, адна з валанцёраў, што рыхтавалі прастору і клапаціліся пра камфорт наведвальнікаў.
«Тут людзі робяцца нейкімі жывымі. Гэтую энергетыку, кантакты, шчаслівыя вочы нідзе не купіш», — кажа яна.
Менавіта Святлана правяла для гасцей тэматычны шпацыр «Гродзенскія званы» ўдзень напярэдадні «Ночы танцаў». Яна не гісторык, але захапілася ідэяй распавесці пра званіцы Гродна і месяц працавала з рознымі крыніцамі і даследчыкамі, каб распрацаваць нетыповы маршрут.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…