Арцёму Галавій было 4 гады, калі з сям'і сышоў бацька, і 13, калі памерла маці. Ён жыў з бабуляй і дзядулем. Дапамагала сям'і маміна сяброўка. Яна стала для падлетка прыкладам і падтрымкай.
Калі Арцём стаў дарослым, ён адкрыў арганізацыю «Настаўніцтва для падлеткаў-сірот», якая сёння называецца «Ніткі сяброўства». Удзельнікі праекта распавялі Hrodna.life, як дарослыя могуць дапамагчы падлеткам з дзіцячых дамоў.
«Яшчэ на пахаванні маці яна прапаноўвала мне дапамогу і запрашала ў госці, — распавядае Арцём. — На мяне моцна ўплывала яе дабрыня. Было важна бачыць, як яна жыве, якія ў яе дачыненні з мужам і дзецьмі. У маёй свядомасці гэта была рэвалюцыя. Раней у мяне не было прыкладу нармальных адносін паміж бацькамі. Тады і зарадзілася мара пабудаваць сям’ю, перайначыць сваю гісторыю».
З 2020 года праект «Ніткі сяброўства» стартаваў у Гродне і стаў першым рэгіянальным прадстаўніком такога фармату. Ініцыятарам выступіла IT-кампанія «ЭтикетСервис». Праз некалькі месяцаў дадаўся і другі партнёр — ScienceSoft. «Ніткі сяброўства» шукаюць і рыхтуюць патранатных выхавальнікаў, якіх звязваюць моцным сяброўствам з падлеткамі з Панямуньскага дзіцячага дома.
У 2021 годзе з дапамогай гэтага праекта для дваіх дзяцей з дзіцячага дома знайшлі патранатных выхавальнікаў. Яшчэ 12 падлеткаў - у спісе чакання.
Каб стаць патранатным выхавальнікам, трэба запоўніць анкету па спасылцы, прайсці апытанне, псіхалагічнае тэставанне і навучанне.
«Гэтым дзецям прыйдзецца рэзка памяняць сваё жыццё. Перад імі будучыня, якая пужае: пошук працы, распараджэнне грашыма, стварэнне ўласнай сям'і. А як усё пабудаваць, калі ў цябе не было прыкладу?», — тлумачыць неабходнасць ў дарослай дапамозе Арцём Галавій.
У Беларусі каля 17 000 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. З іх амаль 14 000 жывуць у прыёмных сем’ях або ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, 2800 застаюцца ў інтэрнатах. У дарослым жыцці ім даводзіцца быць самастойнымі: камунікаваць з суседзямі, гатаваць ежу, плаціць камуналку і адказваць за сябе. Асвоіцца з жыццём за брамай дзіцячага дома дапамогуць, у тым ліку, патранатныя выхавальнікі. Пошукам і навучаннем такіх людзей ужо шэсць гадоў займаецца праект «Ніткі сяброўства». З 2014 года ён працуе ў Мінску. З 2020, пры падтрымцы IT-кампаній «ЭтикетСервис» і ScienceSoft, дзейнічае і ў Гродне.
Ён стаў шукаць спосабы падтрымкі падлеткаў і даведаўся пра сістэму патранатнага выхавання. Першы ўласны досвед ён атрымаў ва ўкраінскай школе настаўніцтва «Адна надзея». Вярнуўшыся, вырашыў арганізаваць такі праект і ў Беларусі.
Трэба, але «не прадугледжана заканадаўствам»
«Да патранатных выхавальнікаў мы прыйшлі пасля двух гадоў вывучэння пытання. Доўга не маглі знайсці сваё месца ў сістэме абароны дзяцінства, — успамінае кіраўнік праекта. — Справа ў тым, што настаўніцтва не прадугледжана заканадаўствам. У выніку мы дамовіліся, што будзем займацца пошукам, навучаннем і суправаджэннем патранатных выхавальнікаў (значных дарослых) для дзяцей-сірот 10−15 гадоў з дзіцячых інтэрнатных установах. У Міністэрстве адукацыі нас падтрымалі. Адзначылі, што такой працы ніхто яшчэ не праводзіў».
Патранатнае выхаванне — форма ўдзелу грамадзян у выхаванні дзяцей-сірот з інтэрнатных устаноў і аказанні ім дапамогі ў сацыялізацыі, адаптацыі да самастойнага жыцця.
У 2019 годзе спецыялісты «Ніткі сяброўства» распрацавалі праграму адукацыйных курсаў па падрыхтоўцы патранатных выхавальнікаў. На запыт Міністэрства адукацыі яна прайшла экспертызу ў Нацыянальным інстытуце адукацыі. Зараз рэалізацыя праекта адбываецца ў адпаведнасці з Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь № 596 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб патранатным выхаванні» ад 28.06.2012.
Чым дапаможа патранатны выхавальнік
Зараз у праекце «Ніткі сяброўства» працуе 32 патранатныя выхавальнікі. З іх дапамогай дзеці з дзіцячага дома могуць стаць выдатнымі асобамі, упэўнены Арцём.
«Гэтыя дзеці перажылі ў сваім жыцці тое, што не павінна выпадаць на долю дзіцяці. За гады стасункаў з дзецьмі разумееш, што інтэлектам і талентамі гэтыя хлопцы не адрозніваюцца ад тых, хто жыве з бацькамі. Розніца толькі ў абмежаваных сценамі дзіцячага дома магчымасцях. Супрацоўнікі устаноў не могуць надаць столькі ўвагі кожнаму, як гэта робяць бацькі».
Гродна — першы пасля Мінска
Наталля Рачак, кіраўнічка групы кампаній «ЭтикетСервис», даведалася пра «Ніткі сяброўства» з праекта #Безконфет, апублікаванага на платформе «Імёны». У ім распавядалі, якая дапамога патрэбна выхаванцам дзіцячых дамоў - не тоны цукерак або матэрыяльных падарункаў, а рэальная прысутнасць і ўцягванне ў жыццё. Яе цікавасць да праекта стала адпраўной кропкай для рэалізацыі «Нітак сяброўства» ў Гродне.
«Праект падштурхнуў да галоўнай думкі, што дзецям патрэбны адказны дарослы, які быў бы арыенцірам і прыкладам для пераймання. Большасць такіх дзяцей жывуць з крыўдай у сэрцы і з пачуццём, што ім проста павінны. Але яны растуць без разумення, што такое сапраўдны дом, сямейныя святы, бабуліны пірагі. Мы хочам, каб гэтая праблема не замоўчвалася. Таму „ЭтикетСервис“ падтрымлівае праект у Гродне», — кажа Наталля Рачак.
Пра «Ніткі сяброўства» кампанія распавяла сваім кліентам. Напярэдадні 8 сакавіка 2020 года ад іх імя «ЭтикетСервис» унёс грашовы ўнёсак у праект. Сімвалічныя падарункі з гісторыямі дзяцей, у якіх з’явіліся патранатныя выхавальнікі, адправілі партнёрам кампаніі - у спадзёве, што праект не застанецца незаўважаным.
Нэлі Стралкоўская, дырэктарка Панямуньскага дзіцячага дома, таксама падтрымала праект. Па яе словах, супрацоўнікі дзіцячага дома актыўна шукаюць патранатных выхавальнікаў. Каля паловы дзяцей маюць такіх адказных дарослых:
«Нашы супрацоўнікі распавядаюць пра гэтую форму ўкладу на днях інфармавання ў розных арганізацыях. Мы пішам пра гэта на нашым сайце, звяртаемся ў аддзелы адукацыі з хадайніцтвамі пра пошук патранатных выхавальнікаў. Для некалькіх выхаванцаў патранатнымі выхавальнікамі сталі супрацоўнікі дзіцячага дома. Нягледзячы на тое, што наш дзіцячы дом добра працуе ў кірунку патранатнага выхавання, дапамога не перашкодзіць».
Бывае, што падлеткі не жадаюць жыць у замяшчальных сем’ях. «Некаторыя дзеці маюць зносіны са сваімі бацькамі, якія або пазбаўлены правоў, або адбываюць пакаранне. І для іх жыццё ў іншай сям'і расцэньваецца як здрада. Некаторыя знаходзяцца ў дзіцячым доме разам з братамі і сёстрамі. Не заўсёды замяшчальныя сем'і гатовыя прыняць на выхаванне дзіця з ускладненымі паводзінамі».
Колькі патранатных выхавальнікаў трэба ў Гродне
«Часам, каб знайсці патранатнага выхавальніка для аднаго дзіцяці, трэба папрацаваць з сотняй кандыдатаў, — кажа Арцём Галавій. — Але за ўсю гісторыю працы не было выпадку, каб выхавальнік сыходзіў ад дзіцяці».
Цяпер мець патранатных выхавальнікаў хацелі б 12 дзяцей з Панямуньскага дзіцячага дома. Каб знайсці і падрыхтаваць для іх адказных дарослых, патрэбна праца псіхолага, сацыяльнага педагога, SMM-спецыяліста.
На першую інфармацыйную сустрэчу звычайна прыходзіць шмат людзей. Тут групе распавядаюць пра спецыфіку працы з сіротамі. Другі этап — гутарка з псіхолагам. З прычыны пандэміі яна праходзіць анлайн. Наступны этап — навучальны трэнінг. Часам псіхолагі рэкамендуюць пакінуць праект — тлумачаць, што будзе цяжка справіцца з выхаванцам.
Пасля навучання ідзе ўзаемападбор дзяцей і выхавальнікаў. Дапамагаюць у гэтым супрацоўнікі дзіцячага дома. Яны ацэньваюць магчымасці кандыдата і патрэбы выхаванца.
Стаць патранатным выхавальнікам можна і самастойна. Тады трэба падрыхтаваць неабходныя дакументы і накіраваць іх у аддзел адукацыі мясцовага выканкама. Пасля праверкі дакументаў заключаецца дамова з дзіцячым домам і пачынаецца праца з дзіцяцем.
Каб стаць патранатным выхавальнікам, прайдзіце па спасылцы і запоўніце анкету. З вамі звяжацца каманда праекта і зарыентуе наконт далейшых дзеянняў.