Рэстаране-кафэ «Нёманская віціна» ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў пачатку снежня 2024 года гродзенскія чыноўнікі. Але віціны — рэальныя караблі, якія хадзілі па Нёмане ў XVII-XIX стагоддзях і выглядалі яны зусім інакш, піша гістарычны канал Hrodna 11:27. З дапамогай гэтай інфармацыі Hrodna.life разабраўся, што не так з праектам рэстарана і чаму яго нельга называць «Нёманскай віцінай».
Віцінамі перавозілі грузы да Балтыйскага мора
Віціна — грузавое паруснае судна з плоскім дном і падоўжаным корпусам. У XIX стагоддзі па Нёману і Прыпяці на віцінах перавозілі грузы. Па Нёману, праз Гродна ў Кёнігсберг [сучасны Калінінград — Hrodna.life] на гэтых суднах перавозілі жыта, пшаніцу, ільняное семя, ільняны алей, топленае сала, пяньку, гарэлку, мёд, а таксама дрэва.
Чытайце таксама: Як Калінінград быў надбалтыйскай сталіцай Прынямоння і што з ім здарылася
Сярэднія памеры віціны складалі 25 сажаняў (53,25 м) у даўжыню і 11 аршыняў (7,8 м) у шырыню, вышыня бартоў - 2,5 аршына (1,78 м). Віціны мелі грузапад’ёмнасць 14 тыс. пудоў (амаль 230 тон). Для кіравання суднам, акрамя лоцмана, наймалі 12 працоўных-матросаў.
На што падобна судна з праекта, які разглядалі чыноўнікі?
На Нёмане плануюць адкрыць рэстаран-кафэ на судне, якое не адпавядае прапорцыям, памерам і знешняму выгляду нёманскай віціны.
У праекце судна выразна бачны ўздым штэўня (носа) і кармы з выявай галавы, падобнай на дракона. Таксама ўздоўж борта размясцілі шчыты. Гэтыя рысы характэрныя для караблёў вікінгаў.
Круглыя вокны і дэкаратыўныя элементы ўласцівыя больш познім перыядам суднабудавання, напрыклад, эпохам барока ці рэнесансу. Дэкаратыўныя элементы і ліхтары на палубе — цалкам сучасная рэканструкцыя.
Згодна з праектам рэстарана-кафэ «Нёманская віціна», яго даўжыня складае 22,8 метра. Аднак на чарцяжы прысутнічае надбудова ў тыльнай частцы судна. Разам з ёй даўжыня судна — 31 м, што на 20 метраў менш за сапраўдную нёманскую віціну.
Ці вядома, як выглядала нёманская віціна?
Канструкцыя нёманскіх віцін была менш складанай, бо судны прызначаліся для рачных, а не марскіх перавозак. Віціны не мелі такіх высокіх штэўняў і дэкараваных элементаў.
У 2019 годзе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылася выстава «На гребне волны». Яе аўтарам быў студэнт другога курса Віктар Калантай, які з пятага класа займаецца тэхнічным мадэляваннем.
Сярод яго мадэляў ёсць адзінае паруснае судна — нёманская віціна. Іх выявы ён пабачыў на старых малюнках і гравюрах Гродна. «Трэба было да дробязяў вывучыць параметры парусніка, яго велічыню, каб дакладна перадаць маштаб. Быццам бы карабель нескладаны, але прыйшлося папрацаваць над яго стварэннем паўтара года. Але зараз людзі ведаюць, які паруснік хадзіў па Нёмане», — казаў Калантай у інтэрв'ю.
А можа быць гэта «Залатая ладдзя нібелунгаў»?
Вельмі падобны да праекта рэстарана-кафэ «Нёманская віціна» карабель Hrodna.life убачыў на вокладцы кнігі «Золотая ладья нибелунгов» расійскай пісьменніцы Ірыны Ізмайлавай, якая прадае свае кнігі ў электрычках.
У кнізе распавядаецца пра тое, што купец Садко знайшоў гружаную золатам ладдзю, якую схавалі нібелунгі, а «хрысціянская малітва зрушыла з месца найцяжэйшую ладдзю», пасля чаго яе «адбуксіравалі» да Кіева.
Гэта тыповы прыклад «славянскага фэнтазі» — і ў ілюстрацыях да твораў такога жанру можна сустрэць караблі вельмі падобныя да праекта гродзенскіх чыноўнікаў. Але да сапраўдных нёманскіх віцін яны не маюць ніякіх адносін.
Медыі ў выгнанні маюць абмежаваныя магчымасці зарабляць на рэкламе і прыцягваць партнёраў для сваіх праектаў. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта для вас бяспечна.
Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!