«Незаконны прызыў». Гродзенец патрабуе кампенсацыю за паўгода ў войску

У 22-гадовага Мікіты Балоціна з Гродна язва дванаццаціперснай кішкі. З такім захворваннем ён паводле закону ў мірны час «не прыдатны». Аднак малады чалавек праслужыў у арміі паўгода, перш чым яго камісавалі. Цяпер ён збіраецца вярнуць сабе страчаныя, як ён лічыць, за гэты час 10 000 рублёў, пішуць naviny.by.

«Збірайся ў армію. Папрацуеш потым»

У мінулым годзе Мікіта скончыў юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Міжнароднае права». Да моманту заканчэння ВНУ у яго былі ўжо дзве прапановы працы ў Мінску.

Малады чалавек абраў прыватную фірму, дзе займаўся блокчэйн-праектам. Прайшоў выпрабавальны тэрмін з заробкам у 1000 рублёў і перайшоў на кантракт з заробкам 1500 рублёў. Умовы працы яго задавальнялі.

Аднак праз чатыры месяцы яго выклікалі ў гродзенскі ваенкамат для праходжання медыцынскай камісіі. У верасні мінулага года камісія вырашыла — «прызваць на тэрміновую вайсковую службу».

У Мікіты язва дванаццаціперснай кішкі. Гэта захворванне вызваляе ад службы ў войску ў мірны час, у ваенны час — абмежавана прыдатны (артыкул 57 пункт В, графа 1 Раскладу хвароб пастановы Міністэрства абароны і Міністэрства здароўя Рэспублікі Беларусь № 51/170 ад 20 снежня 2010 года).

Дыягназ паставілі ў старэйшых класах школы. Перыядычна хлопец ляжаў па месяцы ў бальніцы.

Аднак у ваенкамаце яму сказалі, што ён даўно (больш за тры гады) не звяртаўся да ўрачоў з гэтым захворваннем, а значыць выйшаў тэрмін даўніны, і язва больш не з’яўляецца падставай для вызвалення ад службы.

Працадаўца Мікіты хадайнічаў, каб той праходзіў службу ў рэзерве. Аднак, паводле словаў хлопца, ім вусна адказалі, што ў рэзерв могуць адправіць бюджэтнікаў - напрыклад, настаўнікаў, работнікаў атамнай станцыі ў Астраўцы, прадстаўнікоў рэдкіх прафесій. Работнік прыватнай фірмы, на думку ваенкамата, да гэтай катэгорыі не адносіцца.

Мікіта прыйшоў на асабісты прыём да вайсковага камісара Гродзенскай вобласці.

«Ён мне сказаў: „Збірайся ў войска. Папрацуеш потым“. Калі мне адмаўляе палкоўнік, то што мне далей рабіць?» — тлумачыць сваю згоду малады чалавек.

Лічыць, што шкода склала 10 000 рублёў

Хлопец служыў у Гродне ў радыёэлектроннай выведцы. Праз некалькі месяцаў ён моцна прастудзіўся і трапіў у шпіталь. Тэрапеўт на прыёме здзівіўся, чаму Мікіту з язвай наогул узялі ў армію. Аказалася, што тэрміну даўнасці па дадзеным захворванні няма. Такі закон толькі планавалі прыняць у будучыні. Пасля паўторнай медыцынскай камісіі ў Мінску хлопца камісавалі.

«Гэта азначае, што і на момант прызыву я быў не прыдатны і не павінен быў пайсці служыць. Вынік: паўгода незаконнага знаходжання ў войску», — кажа Мікіта.

З-за службы ў войску Мікіта Балоцін страціў добрую работы ў сталіцы і ўжо два месяцы не можа знайсці іншую. Акрамя таго, ён лічыць, што страціў грошы за паўгода, калі мог бы працаваць, а гэта 9000 рублёў.

«Маральную шкоду я ацэньваю хоць бы ў 1000 рублёў. Гэта час, які я бескарысна правёў там, дзе я не павінен быў быць, выдаткаваў кучу сваіх нерваў, нерваў сваіх бацькоў», — кажа Мікіта.

Хлопец хоча вярнуць сабе 10 000 рублёў шкоды. Хто менавіта павінен іх вярнуць — ваенкамат, лекары або гарадская ўлада, прадстаўнік якой падпісваў заключэнне, для Мікіты не мае вялікага значэння.

«Я пайду да канца»

Аднак пакуль ніхто не прызнае сваю віну і не збіраецца вяртаць хлопцу грошы. Балоціны напісалі скаргу ў пракуратуру, аднак адтуль ліст перанакіравалі ў ваенкамат.

«Пракуратура наогул нічога не зрабіла. Яна нават не ўзяла справу на свой кантроль. Яны толькі абавязалі ваенкамат адказаць мне», — абураецца малады чалавек.

Сутнасць адказу з ваенкамата зводзілася да таго, што парушэнняў у іх працы не было, паколькі прызыўнік не скардзіўся на стан здароўя падчас прызыву.

«Нідзе ў законе не напісана, што мне павінна нешта балець. Гэта нонсэнс», — абураецца Мікіта.

Пазней маці Мікіты звярнулася ў Галоўнае арганізацыйна-мабілізацыйнае ўпраўленне Генеральнага штаба Узброеных сіл. Першая адмова на скаргу заключалася ў тым, што ў маці няма даверанасці ад сына. Балоціны адправілі паўторную скаргу і чакаюць адказу.

«Мне важна, каб кагосьці прызналі вінаватым і пакрылі мне шкоду. Пасля гэтага я ўсё забуду. Але да гэтага я пайду да канца. Я звярнуся ў вышэйстаячыя беларускія органы, потым у еўрапейскія праваабарончыя арганізацыі і СМІ. Мне важна, каб хтосьці панёс пакаранне, таму што ўвесь час маўчаць нельга», — кажа Мікіта.

«Хай лепш 10 здаровых не будуць праходзіць ваенную службу»

Прэс-сакратар Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Уладзімір Макараў растлумачыў, што рашэнне аб прызыве прымае камісія, дзе толькі адзін чалавек мае дачыненне да войска — вайсковы камісар.

«У інтарэсах вайсковага ведамства хай лепш дзесяць абсалютна здаровых не будуць праходзіць ваенную службу, чым адзін, які мае захворванне», — сказаў Макараў.

Ён адзначыў, што ў сітуацыі з Мікітам Балоціным трэба разбірацца дэталёва і «дзейнічаць строга ў прававым полі». Хто менавіта дапусціў памылку і панясе адказнасць, нельга сказаць адразу. Павінна праводзіцца праверка ў рамках паўнамоцтваў вайсковага камісарыята.

Макараў дадаў, што ў дадзеным выпадку павінен прымаць рашэнне суд.

Паводле словаў Макарава, за восем месяцаў мінулага года каля 150 прызыўнікоў у Беларусі былі камісаваныя з войска толькі паводле псіхіятрычных падстаў, якія выявілі ваенныя медыкі. У некалькіх выпадках камісаваным маладым людзям кампенсавалі нанесеную шкоду.

Дарэчы, на ўліку прызыўнікоў у Беларусі ўсяго стаіць больш за 230 000 чалавек. За адзін прызыў павінна прызывацца не больш за 10 000 чалавек, заўважыў прэс-сакратар Міністэрства абароны.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024