Новыя дрэвы пасадзілі ў парку Жылібера 5 чэрвеня. Частка з іх — на месцы былога батанічнага саду. Іншыя сфармавалі новыя алеі. Да акцыі па азеляненні далучыліся журналісты гарадскіх медыя, студэнты і выкладчыкі. Журналісты Hrodna.life пасадзілі ў парку 5 дрэў.

Самыя экзатычныя дрэвы з’явіліся на тэрыторыі былога батанічнага саду Жылібера. Тут высадзілі міндаль трохлопастны і бярозу юнге. Па словах Таццяны Пашкевіч, ландшафтнага архітэктара з «Гродназелянбуда», аднаўленне калекцыі ўжо практычна завершанае.


Чытайце таксама: «Чалавек, які цалкам прысвяціў сябе роднаму гораду». У Гродне прайшоў вечар памяці Наталлі Канюк


«Пасадзілі ўжо практычна ўсе дрэвы, якія былі ў спісе Наталлі Канюк. Не хапае ўсяго некалькіх відаў. Калі іх знойдзем, то пасадзім на тэрыторыі парку, таму што ўчастак былога батанічнага саду ўжо ўвесь заняты».

Журналісты пасадзілі вербы, а галоўны архітэктар - ягадную яблыню. У парку Жылібера з'явіліся новыя дрэвы

Для журналістаў - устойлівыя да выпрабаванняў віды

Журналістам Таццяна прапанавала пасадзіць цэльналістныя вербы. «Яны зімаўстойлівыя, засухаўстойлівыя і непатрабавальныя да глебы». Па словах ландшафтнай архітэктаркі, кусты вербы растуць усюды ва ўмераным клімаце. Экзатычнымі яны выглядаюць з-за прышчэпкі на штамбе. «Будзем іх падразаць, фармаваць крону, атрымаецца такі „буданчык“».

Таццяна супакоіла тых, хто хваляваўся з-за позняй пасадкі. «У дрэў, вырашчаных у кадках, закрытая каранёвая сістэма. Іх можна перасаджваць практычна ў любы час».

Журналісты пасадзілі вербы, а галоўны архітэктар - ягадную яблыню. У парку Жылібера з'явіліся новыя дрэвы

Журналісты Hrodna.life пасадзілі дрэвы ля цэнтральнага фантана і ўздоўж Гараднічанкі.

Утульнасць для тых, хто хоча памірыцца

Пасадзіла дрэва і галоўны архітэктар горада Вольга Барэйка. Яе дрэва, ягадная яблыня, размясцілася каля лаўкі прымірэння. «Выбрала гэта месца, каб над лаўкай быў цень».

Каб зрабіць парк асаблівым

Алег Созінаў, загадчык кафедры батанікі з ГрДУ імя Янкі Купалы, таксама саджаў дрэвы разам з усімі. Ідэя аднаўлення батанічнага саду Жылібера яму вельмі блізкая.

«Спачатку думалі толькі гістарычную частку саду рэканструяваць, каб было, як 300 гадоў таму. Паводле гербарыяў з Кіева, Варшавы і Вільні аднавілі відавы склад дрэў. А потым захацелася працягнуць».

Журналісты пасадзілі вербы, а галоўны архітэктар - ягадную яблыню. У парку Жылібера з'явіліся новыя дрэвы

Па словах Созінава, парк Жылібера хочацца зрабіць асаблівым, падкрэсліць яго гістарычную значнасць і разнастаіць экзатычнымі раслінамі. «Парк — не толькі месца адпачынку. Трэба, каб ён здзіўляў і захапляў. Тады і наведвальнікам будзе цікавей праводзіць тут час».

Алег Созінаў рос у Гродне і пасадзіў у горадзе, «калі яшчэ і дзяцінства ўспомніць», не менш за паўсотні дрэў.

Журналісты пасадзілі вербы, а галоўны архітэктар - ягадную яблыню. У парку Жылібера з'явіліся новыя дрэвы

Акцыі па пасадцы дрэў праходзяць у Гродне кожны год. «Заўсёды запрашаем гараджан далучацца», — кажа Таццяна Пашкевіч. Калі ёсць жаданне падарыць гораду экзатычную расліну для парку Жылібера, гэтаму таксама будуць рады. «Нават таблічку ўсталюем з імем дарыльшчыка», — абяцае яна.


Чытайце таксама: Студзень, а ў Гродне садзяць дрэвы. Зелянстрой кажа, што ўсё нармальна


У 2020 годзе пасадка дрэваў у Гродне пачалася яшчэ са студзеня. Спецыялісты «Зелянбуда» разбілі скверы ў раёнах вуліц Ліможа, Дубко, Курчатава, Індурскай шашы і Паўднёвай. «Хочацца, каб у азеляненні Гродна было больш сучаснага дызайну, — кажа Таццяна, — каб бульвары, скверы і, можа, нават батанічны сад, праектавалі не толькі ў цэнтры, але і ў мікрараёнах горада».

Маладыя ліпы і каштаны з’явяцца на вуліцы Ажэшкі, дзе ўраган у 2016 годзе паваліў старыя дрэвы. Высаджваннем маладняка ​​займаецца Зелянбуд.

Высаджваць дрэўцы будуць у кожным месцы, дзе было раней вялікае дрэва. 12 красавіка першы каштан з’явіўся ля галоўнага корпусу ГрДУ.

У бліжэйшы час пасадка дрэў на вуліцы Ажэшкі працягнецца. Гэтае пытанне знаходзіцца на асабістым кантролі ў старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя. Акрамя гэтага, у розных мікрараёнах горада таксама ідзе масавая пасадка дрэў.

Дарэчы, першыя пасля ўрагану маладыя пасадкі з’явіліся ля дома-музея Ажэшкі яшчэ ў канцы 2017 года.