З красавіка па ліпень у Гродне з’явілася 11 (!) новых устаноў: сярод іх фастфуд, сеткавыя кафэ і арыгінальныя бары ад мясцовых каманд. Зачынілася ўсяго дзве ўстановы. Яшчэ адна часова закрывалася, але перажыла крызіс і зараз зноў працуе.
Раней мы ўжо рабілі агляд устаноў, якія адкрыліся і закрыліся за верасень 2021 — сакавік 2022. Тады мы налічылі восем новых месцаў і цэлых шэсць бараў і кафэ, якія зачыніліся.
Якія ўстановы адкрыліся ў Гродне?
Бар «Punkroll»
Бар «Punkroll» адкрыўся 26 красавіка на вул. Вялікай Траецкай, 37. Гэта той самы дворык у новабудоўлі, пасярод якога ўдалося захаваць вялікі галінасты дуб.
Адна з фішак ў меню праекта — бента-боксы. У такіх наборах ёсць адразу ўсё — мяса, гарнір, ролы, салата і соус.
«Яна простая і вычварная, — расказаў уладальнік установы Сяргей Махаўцоў пра паназіяцкую кухню. — Яе нават вытанчанай назваць нельга. Затое заўсёды разумееш, што яна каштуе сваіх грошай. Асабліва, калі табе прыносяць шчодрую талерку смачнай і рэзкай локшыны».
У меню класічныя і не вельмі роллы (іх назвы адсылаюць да панк-гуртоў, напрыклад Green Day, Billy Talent, The Offspring), WOK з рысам або локшынай і арыгінальныя сушырыта (гэта нешта накшталт бурыта або шаурмы, але з рысам і закручанае ў ліст норы).
Інтэр'ер таксама адсылае да панк-стылістыкі: напрыклад, над адным з сталоў вісіць партрэт Міхаіла Гаршанева з «Короля и Шута».
Сушы-бар «Капибара»
У красавіку таксама адкрыўся сушы-бар «Капибара». Знаходзіцца на праспекце Касманаўтаў, 35. Гэта частка франшызы, якая ўжо працуе ў многіх гарадах Беларусі і Расіі. У меню сушы, ролы, салаты, мідыі і дэсерты. Працуе дастаўка.
Grunge cafe
У красавіку на месцы бара «La Bar Storiz» на Вялікай Траецкай (ён прадаваўся са жніўня 2021 года) адкрылася Grunge cafe. Інтэр'ер — мінімалістычны ў розных адценнях шэрага. У меню: кава, чай, ліманад, сэндвічы (ёсць вегетарыянскія) і круасаны.
Кафэ «Street food»
У траўні на тэрасе ГД «Нёман» адкрылася кафэ «Street food». У меню шаўрма, бао-бургеры, супы (на самрэч толькі адзін — халаднік) і ліманады. Шаўрма і бургеры могуць быць вегетарыянскімі - з фалафелем. Порцыі вялікія, але і цэны крыху вышэй за сярэднія. Соусы ў гэтым фастфудзе смакам павінны нагадваць паназіяцкую кухню. Уладальнікі абяцаюць, што ўстанова будзе працаваць і ўзімку — але без летняй тэрасы.
Хотдожня Hot Dog Family
У траўні ў кіёску на прыпынку «Цэнтр занятасці» (яна ж «Парк Жылібера») адкрылася «першая ў Гродне хотдожня». Акрамя хот-догаў там прапануюць і іншы класічны стрыт-фуд — сэндвічы, запяканкі, наггетсы і бульбу. Таксістам — 10% зніжка на ўсе меню.
Дарэчы, хотдожня не зусім першая, бо яшчэ ў канцы 2018-га на Вялікай Траецкай адкрывалася ўстанова з хот-догамі пад назвай Wooden. Праўда, асаблівай папулярнасці яна не зарабіла і неўзабаве зачынілася.
Кавярня «Дэлі»
Кавярня «Дэлі» адкрылася 21 траўня на месцы былой кавярні «Атмасфера» (вул. Ажэшкі, 33). Установа належыць уладальнікам кавярні «Джэзва». Назва не мае нічога агульнага з Індыяй. Гэта скарачэнне ад «delicatessen» — невялікай крамы або крамкі, дзе можна перакусіць. Інтэр'ер — мінімалістычна-эклектычны з адсылкай да 90-х.
Фішка ўстановы, як і ў «Джэзвы» — кава па-турэцку і аўтарскі кедравы капучына. Дэсерты і кішы (адкрытыя міні-пірагі) для кафэ гатуе свой кандытар, па аўтарскіх рэцэптах.
Рэстаран «Шервуд»
Рэстаран адкрыўся 21 чэрвеня на Падольнай, 37. Раней тут быў рэстаран «Веранда». Новае месца ўладальнікі пазіцыянуюць як «самы зялёны рэстаран Беларусі». У «Шервуде» падаюць стравы міжземнаморскай кухні. Акрамя зеляніны, гародніны, мяса, у меню ёсць морапрадукты: грабеньчыкі і камчацкі краб.
Карпача з крэветак з рукалай і перцам чылі ў рэстаране каштуе 25 рублёў. Стейк з свіной выразкі з брокалі, спаржай і соусам — 26 рублёў.
Рэстаран «Larionoff»
Рэстаран «Larionoff» працуе з чэрвеня на месцы былога «Семафора» на Савецкай (а яшчэ раней там была «Пельменная»). Установа пазіцыянуе сябе як месца для сямейнага адпачынку, хоць у пятніцу-суботу адкрыта да 2:00. У інтэр'еры захавалі цагляныя сцены, аркі і скляпенні, дадалі шмат штучнай зеляніны і вялікіх люстэркаў.
У меню рэстарана — карбанара, капрэзэ, розныя віды стейкаў, пасты, спаржа, незвычайныя салаты з сырамі, супы. Як халодныя закускі прапануюць мясное і сырнае асарці, брускетту, тар-тары з тунца і ялавічыны, карпача. На гарачае па папярэдняй замове могуць прыгатаваць рыбу дарада, запечаную ў саляным панцыры з гарнірам з лука парэя. Страву падае шэф-кухар з элементамі фламбавання (полымя) і раздзелываннем на месцы.
Лаундж бар SOHO
Бар з азіяцкай кухняй адкрыўся ў будынку ГД «Нёман» у чэрвені на месцы «Фудмаркета», які зачыніўся. У меню — тартар, баа-бургеры, рызота. У бары выступаюць кавер-бэнды і DJ, праводзяць чайныя цырымоніі.
Рэстаран «Одесса-Мама»
Рэстаран «Одесса-Мама» адкрыўся 19 ліпеня на Вялікай Траецкай, 37 — у тым самым дворыку з дубам. У меню — тое, што асацыюецца з морам і ўласна Адэсай: сала з часныком, макароны па-флоцку, варэнікі з рознымі начынкамі, рыбка-барабулька.
Для гасцей рэстарана прадугледжана сістэма зніжак і бонусаў. Тут іх называюць «падгонамі». Як расказала Hrodna.life Ніна Гапановіч, якая кіруе праектам «Одесса-Мама» у Брэсце і Гродне, часцей за ўсё будуць «падганяць» бясплатныя напоі. Будуць таксама і шчаслівыя гадзіны — з 15:00 да 17:00 абяцаюць падвойваць заказы па варэніках.
Бар «Leon»
Начны бар «Leon» адкрыўся пры рэстаране «Бакст» 29 ліпеня. У бары дзейнічае строгі дрэс-код (абавязковы стыль after five — у шортах дакладна не пусцяць) і фэйскантроль. Інтэр'ер адсылае да бурлеску і кабарэ Амерыкі 1920−30-х. Чырвоная зала — больш шумная, са сцэнай і барнай стойкай, зялёная зала — для спакойнага адпачынку.
А што закрылася?
Бар «Corsar»
Прычына — запазычанасць перад арэндадаўцам. Пра гэта Telegram-каналу Радыё «Harodnia» расказаў апошні ўладальнік бара Андрэй Мароз. Таксама ён паведаміў, што цяпер каманда бара ў пошуку новага памяшкання і фінансаў.
Бар «Corsar» на Кірава, 3 адкрылі ў сакавіку 2018 года. За чатыры гады ў бары змяніліся тры ўладальнікі. У жніўні 2021 года бар выставілі на продаж у сувязі са зменай месца жыхарства папярэдняга ўладальніка, тады бар і выкупіў Андрэй Мароз.
«Столовая Центральная»
Сталовая ад уладальнікаў «Большого буфета», «Крыши мира» і «Клевера» працавала ў падвале гарвыканкама на плошчы Леніна. Яна закрылася восеньню 2020 года і прапаноўвала недарагія абеды. Установу закрылі ў профілем у google+ траўня 2022, бо ўладальнікі палічылі, што «любыя перспектывы для далейшага разьвіцьця адсутнічаюць».
Што закрылася, а потым адкрылася?
Бар «Los Amigos»
У пачатку траўня адзіны ў Гродне мексіканскі бар зачыніўся праз пазыкі. Арэндадаўца закрыў уладальнікам бара доступ у памяшканне. Ім удалося вырашыць сітуацыю і ў пачатку ліпеня бар адкрыўся зноў. Установа знакаміта мексіканскай кухняй, антуражам і тэкілай.