Нэлі Кальцову ў Гродне ведаюць многія. Танцы ў Пышках і пешаходную Савецкую сёння цяжка ўявіць без гэтай гарадской модніцы. Год таму жанчына страціла зрок і пераехала да дачкі ў Смаленск. Пра родны горад 81-гадовая Нэлі не забывае і імкнецца падтрымліваць сувязь з сябрамі і падпісчыкамі ў сацыяльных сетках.
Зрок гродзенка страціла год таму. Аднойчы прачнулася і нічога не змагла ўбачыць. Пасля некалькіх медыцынскіх працэдур Нэлі стала бачыць толькі сілуэты людзей, але жыць адна ў Гродне больш не магла. Жанчыну ў Смаленск забрала дачка.
«Мая страта зроку звязана з невялікім асабістым стрэсам, пасля чаго і пачаліся сур’ёзныя праблемы з сасудамі і ціскам, — распавядае Нэлі. — У мяне адбылося адслаенне сятчаткі. І вось я ўжо год як жыву ў дачкі ў Смаленску. Усім забяспечана. Нібы каралева. Усё маё новае жыццё можна ўбачыць у сацыяльных сетках. Дачка дапамагае мне падтрымліваць сувязь з гродзенцамі праз інтэрнэт. Але гэта ўсё не параўнаць з жывымі зносінамі і шпацырамі па любімым Гродне».
Пасля пераезду ў Смаленск Нэлі некалькі разоў прыязджала ў Гродне на працэдуры ў шпіталь. Планавала і ў санаторыі пабываць, але з-за каранавіруса ёй давялося перанесці адпачынак на нявызначаны час.
«У Гродне лечаць мяне Логашы — бацька і сын, вельмі добрыя лекары. Зрабілі ўсё магчымае, каб я хоць нешта бачыла. Увосень мы прыязджалі з дачкой на працэдуры, спецыяльна на выхадныя, каб я магла і на танцы схадзіць. Было прыемна пабачыцца з сябрамі і знаёмымі, а таксама пабываць у Пышках на роднай танцпляцоўцы. Зараз танцаў ніякіх няма і не будзе ў бліжэйшы час. Гэта я ведаю дакладна».
Сама Нэлі знаходзіцца на каранціне. Выходзіць на шпацыры толькі ва ўнутраны дворык дома або выязджае з дачкой за горад. Да такога ладу жыцця гродзенка яшчэ не прывыкла.
«Я заўсёды была ў руху. У Гродне кожную раніцу я выходзіла ў Пышкі са скандынаўскімі палкамі, а ўвечары сустракалася там з сябрамі і знаёмымі. У выхадныя мы заўсёды танцавалі. Не хапае мне гэтага і маіх сяброў, а я аматар вострых адчуванняў. У Смаленску мне цяпер цяжка пазнаёміцца з кімсьці. Паспрабавала мяне дачка звадзіць на вячэрнія танцы, але яны мне здаліся нецікавымі. Мне патрэбен партнёр, трэба каб нехта мяне вадзіў і добра ведаў. У Смаленску, акрамя дачкі, у мяне няма такіх людзей. Я не хачу сказаць, што я сяджу як старая бабка без зроку ў чатырох сценах. Але Смаленск гэта не Гродна».
Нэлі ўпэўненая, што яна яшчэ вернецца ў родны горад і абавязкова наведае свае любімыя месцы і патанцуе ў Пышках.
«Я кожны дзень яго ўспамінаю, як іду прыгожа апранутая па Савецкай, як танчу і шпацырую ў Пышках. Зараз нам усім галоўнае перажыць гэты вірус. Гэта боль для людзей быць на каранціне ў такі час, калі ўсе квітнее і пахне. Можа ў Беларусі гэта не адчуваецца пакуль, але ў Смаленску людзі стараюцца сядзець дома. Я ўсім жадаю здароўя і цярпення. І ўпэўнена мы яшчэ сустрэнемся ў Гродне».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…