754 медыцынскіх работніка шукаюць у Гродзенскай вобласці. Сярод іх — 427 лекараў, 205 медсясцёр і 77 санітараў. Шукаюць нават галоўдоктараў і іх намаў. У некаторых аб’явах пазначана, што возьмуць на працу лекара нават пенсійнага ўзросту. Рэдакцыя Hrodna.life прапаналізавала сайт Дзяржаўнай службы занятасці, а эксперт патлумачыў, што недахоп можа быць насамрэч яшчэ большым.
«Рэкардсменамі» па недахопе ўрачоў сталі Ашмяны, Дзятлава і Іўе. 62 медыкі не хапае ў Ашмянскай ЦРБ. У тым ліку шукаюць загадчыка паліклінікі і загадчыка амбулаторыі ў Граўжышках (аграгарадок недалёка ад літоўскай мяжы). 44 вакансіі адкрыта ў Дзятлаўскай ЦРБ, па 42 — у Іўеўскай і Слонімскай. У Карэліцкую ЦРБ шукаюць 35 медыкаў, 34 — у Бераставіцкую, 33 — у Шчучынскую.
У Лідскай ЦРБ не хапае 18 урачоў, 15 — у Воранаўскай, 11 — у Смаргонскай.
Што ў Гродне?
У Гродне шукаюць 126 урачоў:
- 28 — у Цэнтральную гарадскую стаматалагічную паліклініку Гродна,
- 24 — у Гродзенскі абласны клінічны скурна-венералагічны дыспансер,
- 18 — у Гродзенскую цэнтральную гарадскую паліклініку,
- 15 — у Гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі Гродна,
- 15 — у Гарадскую паліклініку № 3 Гродна,
- 15 — у Гарадскую клінічную бальніцу № 4 Гродна,
- 15 — у Гродзенскі абласны клінічны перынатальны цэнтр.
Бракуе начальнікаў
У Іўеўскую ЦРБ шукаюць намесніка галоўнага ўрача. Яму заплацяць 2500−2700 рублёў.
Намесніку галоўнага лекара ў Лідскай ЦРБ заплацяць менш — 1200−1500 рублёў.
У Гродне шукаюць намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы ў Гродзенскі абласны клінічны скурна-венералагічны дыспансер. У яго павінен быць стаж працы на кіруючай пасадзе не менш за тры гады і перападрыхтоўка па спецыяльнасці «Арганізацыя аховы здароўя». Яму гатовы плаціць 3561,14 рублёў.
Загадчыка здраўпункта — ўрача-тэрапеўта шукаюць на прадпрыемствы «Навагрудскія Дары» філіяла «Лідскага малочна-кансервавага камбіната».
Аб недахопе ўрачоў у рэгіёнах гавораць і чыноўнікі. Асабліва не хапае анестэзіёлагаў, рэаніматолагаў і дыягностаў. Іх патрэбнасць хочуць закрыць з дапамогай выпускнікоў.
Шукаюць і персанал
Таксама ў Гродне шукаюць 89 медсясцёр і 40 санітараў. Санітарам плацяць па 400−600 рублёў за стаўку. Іх возьмуць з агульнай сярэдняй і базавай адукацыяй. Гродзенская цэнтральная гарадская паліклініка гатова кампенсаваць санітару праезд на працу ў Індурскі ўчастковы шпіталь. Медсястры гатовы плаціць ад 400 да 1200 у залежнасці ад іх кваліфікацыі.
У вобласці маюць патрэбу ў 77 санітарах і 205 медсястрах.
У спецыяльнай школе-інтэрнаце Ваўкавыска медыцынскай сястры-дыетолагу прапануюць для поўнай стаўкі ўзяць яшчэ 0,5 стаўкі прыбіральніка памяшканняў.
Таксама медсястру шукаюць у гродзенскае аддзяленне АСВОД. Яна павінна ўмець плаваць і кіраваць вяслярнай лодкай.
Зарплаты
Акрамя начальнікаў, адзін з найбольшых заробкаў можа быць у лекара-анестэзіёлага-рэаніматолага і загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі ў Зэльвенскай ЦРБ — 2474,49−2576,52 рублёў.
1800−2300 рублёў гатовы плаціць урачу ў 1134 ваенным клінічным медыцынскім цэнтры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Стаўка лекара пачынаецца ад 600 рублёў. Ёсць вакансіі на 0,5 і 0,25 стаўкі - тады ім будуць плаціць яшчэ менш. Найбольш часта сустракаюцца прапановы ад 1000 да 1700 рублёў.
У тым ліку шукаюць 173 ветэрынарныя ўрачы.
Недахоп лекараў можа быць яшчэ большым
Ацаніць недахоп урачоў па тым, колькі вакансій выкладзена, складана, лічыць урач Валерый, былы начальнік аддзялення рэанімацыі ў бальніцы Гродна. Вакансій можа быць і ў два-тры разы больш. «Па досведзе, вакансіі падаюцца, калі рэальна ўсе іншыя механізмы вычарпаны і няма магчымасці знайсці сярод знаёмых і біржы працы. Тады аддзел кадраў падае, колькі санітараў [бракуе]. Каб лекараў падавалі на афіцыйныя пошукавікі - гэта выключная мера», — тлумачыць Валеры.
У Беларусі нарматыў - 40 лекараў на 10 000 насельніцтва. «Калі трэба 400 лекараў - недахоп як быццам бы 10%. Але гэта надводная частка айсберга. Урачы, медсёстры, санітарачкі працуюць на паўтары-дзве стаўкі. Калі ўсіх пасадзіць на стаўку, ужо будзе ў два разы больш вакансій», — лічыць лекар.
Што да працаўнікоў пенсійнага ўзросту, малодшы медперсанал складаецца з іх на 60%. Лекары-пенсіянеры таксама зручныя адміністрацыі, паколькі «залежныя» ад яе: ім падаўжаюць кантракт на год. Таму яны будуць апалітычныя і не будуць патрабаваць асаблівых умоў. Пры гэтым гэта каштоўныя кадры — яны вопытныя, працаздольныя, у той час як лекары 30−40 гадоў, аптымальныя па працаздольнасці і вопыту, з’язджаюць за мяжу.
Страшней за ўсё — недахоп у рэгіёнах
«Гэта вельмі дрэнна. Паколькі там у адной бальніцы Ашмянскай працуе ўсяго, напрыклад, 100 урачоў. Калі не хапае 30 ці 40 лекараў - гэта азначае, што не хапае большай іх часткі. Гэта катастрофа. У горадзе ўсё ж больш маладых людзей асядае, пасля размеркавання ўсе едуць у вялікія гарады. А раённыя цэнтры — гэта вялікая праблема. Не важна, якіх спецыялістаў - там усіх не хапае».
Апошнія 15 гадоў недахоп медыкаў у раёнах папаўняюць за кошт маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць на размеркаванне — і адразу пасля яго з’язджаюць.
Уплывае на пацыента і недахоп медсясцёр і санітараў.
«Натуральна, калі бракуе персанала, які падтрымлівае непасрэдны кантакт з пацыентаў, ён не атрымае медпрацэдур. Маладыя медсёстры не змогуць катэтары перыферычныя (катэтэры для працяглага ўвядзення ў перыферычныя вены — Hrodna.life) паставіць, інфузійную тэрапію (увядзенне ў крывацёк раствораў - Hrodna.life) наладзіць. Будзе больш ускладненняў - інфекцыйных і іншых. З-за таго, што медсястра альбо стомленая пасля перагрузкі, альбо неспрактыкаваная, якая не зможа зрабіць нешта ці нашкодзіць. Функцыі медсястры ці санітара ў тым ліку — вербальны кантакт з пацыентам, гэта эмпатыя, усмешка, добрае слова. Гэтага менш і менш», — тлумачыць Валеры.
Чаму лекары не ідуць у начальнікі
«Замгалоўдоктара па медыцынскай частцы — самая складаная пасада. Ты за ўсё адказваеш, шмат грошай не атрымліваеш, і на табе вісіць усё. Галоўдоктар перадае ўсе паўнамоцтвы па максімуме наму — і ён займаецца і лячэбнай, і кадравай, і палітычнай, і ідэалагічнай працай. Да таго ж, трэба мець здольнасці і талент — адзінкавыя людзі могуць быць „начмедамі“. Цяпер ніхто не хоча ісці на кіруючыя пасады. У нашай краіне гэта акрамя адказнасці нічога не дае — ні фінансавай, ні сацыяльнай падтрымкі», — лічыць Валерый.
Тое ж тычыцца і кіраўнікоў паліклінік — гадоў 20−30 гадоў таму да гэтага ўсе імкнуліся. Апошнія 10 гадоў імі ўжо баяліся быць з-за сталага прэсінгу. Загадчык павінен быў хадзіць на ўсе кансіліумы, удзельнічаць у дэманстрацыях падчас дзяржсвят, збіраць грошы на газеты. «Усё менш было ў загадчыка функцый медыцынскіх — і ўсё больш адміністрацыйна-ідэалагічных».
Урачы стараюцца з’ехаць з Беларусі
Што да нізкіх зарплат, справа ў прыярытэтах дзяржавы, якая аддае перавагу сілавікам, лічыць Валерый. «Раней была тэза: лекару не трэба плаціць, яго пацыенты пракормяць. А потым пра гэта забыліся, бо ідзе барацьба з карупцыяй. А плаціць грошы не падумалі. У свеце нідзе такога няма. Можна па пальцах рукі пералічыць краіны, дзе так брыдка плацяць медработнікам».
Пасля 2020 года медыцына пайшла ў яшчэ большы крызіс, мяркуе лекар па інфармацыі, якая да яго даходзіць з Беларусі. У прыклад Валеры прыводзіць справу траўматолагаў, з-за якой у свой час у краіне была паралізаваная замена суставаў. Пры гэтым чэргаў больш не стала, даступнасць дапамогі не пагоршылася і ўсё яшчэ застаецца лепшай, чым, напрыклад, у Польшчы. Але яна фармальная: пацыента паглядзіць малады лекар, які не паставіць дыягназ і не прызначыць лячэнне.
«У 2020 годзе медыкі, як людзі разумныя і якім уласціва прыроднае пачуццё абвостранай справядлівасці, бачылі, наколькі дзяржава хлусіць — пачынаючы ад выбараў і заканчваючы рэпрэсіямі. Яны былі ў першых шэрагах, якія былі супраць гвалту. Большая частка, хто можа, імкнуцца з’ехаць з краіны — яны ў крайняй ступені расчараваліся ў сістэме. Мала таго, што не плацяць грошы, дык яшчэ і пераследуюць людзей за праўду», — распавёў Валеры, які сам быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.
Конкурсу ў медвузах не будзе
Сітуацыя палепшыцца, калі статус урача ў краіне падымецца — у тым ліку фінансава, перакананы Валерый. Рэпрэсіўныя метады не дапамогуць. Ужо зараз у Беларусі не выдаюць дакументаў, каб настрыфікаваць дакумент за мяжой. Жадаюць унесці максімальнае размеркаванне на пяць гадоў.
Людзі проста перастануць ісці ў медвузы, лічыць урач. Калі раней конкурс у медвузе быў 1:7, то зараз конкурсу практычна няма. «Калі ў медыцыну ішлі лепшыя, яны і павінны атрымліваць грошы лепш за ўсіх. А па выніку ты атрымліваеш менш за сяржанта міліцыі, якія скончыў сярэднюю школу і пасля войска пайшоў у міліцыю. Ён атрымлівае 1500 рублёў і лекар з вышэйшай катэгорыяй атрымлівае 1500 рублёў».
Пацерпяць ад гэтага пацыенты, лічыць Валерый. «Заўсёды ў закладніках пацыент — яны будуць жыць менш, іх якасць жыцця будзе горшая».