Дзеці і моладзь з асаблівымі патрабаваннямі - частыя госці «Фальварка «У Рыся», што месціцца каля вёскі Карэвічы ў Свіслацкім раёне. На этнічным падворку для іх ладзяць майстар класы, карабель-сцэна на рэчцы стаў пляцоўкай для забаўляльных праграм, а перад дыскатэкай гаспадыня частуе гасцей дранікамі і зёлкавай гарбатай. Як сумясціць агратурызм, праектную дзейнасць і дабрачыннасць на карысць людзей з інвалінасцю гаспадыня сядзібы Яніна Казюк распавяла ўдзельнікам сустрэчы па развіцці даступнага асяроддзя, што адбылася 3 лістапада.
На аграсядзібу можа прыехаць любы ахвотны. Магчымасці для ўсіх гасцей тут роўныя. У хатку ганчара ці ткачыхі можна падняцца па прыступках, а можна заехаць на вазку — пад дзверы падведзены пандусы.
Па экасцежках вакол сядзібы можна ехаць на ровары да 60 кіламетраў, ці прайсці пешшу толькі тры. Ну, а роўнасць за сталом з традыцыйнымі беларускімі стравамі нават і не абмяркоўваецца.
Для гаспадані любы госць жаданы. Толькі і сярод іх ёсць «любімчыкі», каторых прымаюць на сядзібе бясплатна. Гэта дзеці і моладзь з асаблівымі патрэбамі з бліжэйшых раёнаў - Свіслацкага, Ваўкавыскага і Зельвенскага.
Сустрэчы для іх сталі ўжо добрай традыцыяй і праводзяцца раз на тры месяцы. Кожны раз асаблівых гасцей чакае новая праграма. Гэтым разам занятак ідзе ў хаце ганчара. З мясцовай гліны лепяць цацку-чарапаху.
«Гэта і знаёмства з традыцыямі, і развіццё дробнай маторыкі, і магчымасць паспрабаваць новы від дзейнасці», — распавядае гаспадыня фальварка. Поспехі асаблівых гасцей у кераміцы натхнілі яе рэалізаваць яшчэ больш амбітны праект — стварыць на сядзібе некалькі працоўных месцаў, дзе яны маглі б рабіць такія вырабы на продаж і зарабляць уласныя сродкі.
«Зараз на сядзібе ёсць дом рэабілітацыі на 11 месцаў. Там усё прыстасавана, каб жыхары не адчувалі сябе абмежаванымі - ёсць душ, туалеты, адмысловыя трэнажоры. Ужо ад вясны, як скончым з будаўнічымі работамі, пачнем прымаць гасцей. Працоўных месцаў на пачатку будзе чатыры. Для кожнага, хто будзе працаваць на сядзібе, забяспечым асобны пакой», — расказвае Яніна. Адпачынак на сядзібе таксама не дасць засумаваць. Забавак вакол дастаткова- ад неандэртальцаў да Бабы Ягі.
Гаспадыня прызнаецца, што без падтрымкі мясцовай супольнасці тое было б не пад сілу. Стварыць працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю зусім не проста — трэба мноства ўзгадненняў з лекарамі, цэнтрам занятасці, сацыяльнымі службамі. Ды і самім будучым працаўнікам прыйдзецца ў многім змяніць звыклы лад жыцця. Але як узяліся за справу разам, то і вынік атрымаўся — ідэя атрымала фінансавую падтрымку праекта развіцця мясцовых ініцыятыў ААН.
Яшчэ раней з дапамогай праектых сродкаў збудавалі карабель, што стаў галоўнай сцэнай дабрачыннага этна-фестывалю «Музыка дзіцячых сэрцаў».
Сёлета ў Гродзенскім раёне таксама распачынаюць адзін з падобных праектаў - «Зялёная школа без бар’ераў», што рэалізуецца у межах праекта Еўразвязу і Праграмы Развіцця ААН «Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні». Для яго рэалізацыі аб’ядналі высілкі Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі са Скідзеля, Гродзенскі райвыканкам, Скідзельскі сельсавет і гаспадары аграсядзібы «Оснікі». То калегам было цікава пабачыць на ўласныя вочы, як працуюць тыя, хто распачаў раней і распытаць гаспадароў пра таямніцы поспеху.
«Па выходных працуем больш для турыстаў. Да нас прыязджаюць адзначаць вяселлі, юбілеі да іншыя святы». Гэта асноўная частка бізнесу, у якім працуе ўся сям’я — гаспадары і трое іх дарослых дзяцей. Гэта і дае магчымасць па буднях бясплатна запрашаць на сядзібу гасцей з асаблівымі патрабаваннямі. А праз фестываль «Музыка дзіцячых сэрцаў» пра сядзібу даведаліся далёка за межамі роднай вёскі. «Каб аддзячыць артыстам і майстрам запрасілі іх пажыць у нас бясплатна, звярнуліся на мясцовыя прадпрыемствы за дамапогай, так агульнымі намаганнямі і зладзілі імпрэзу».
Усім гасцям, што сабраліся тым днём на сядзібе «У Рыся», хапіла новых уражанняў і ведаў. Дзяліцца досведам гаспадары не шкадавалі. Кажуць, што кожны дзень працы дае шмат новага. А калі нехта скарыстае парады, будуць толькі радыя — работы на ўсіх хопіць, а разам працаваць весялей.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…