Людзі і справы

Не толькі грошы. Пяць прычын для праграмістаў не прамяняць Гродна на Мінск

Беларусь сярод лідараў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе па канцэнтрацыі праграмістаў у сталіцы. У Мінску працуюць амаль 90% распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння, а, напрыклад, у Гродне — менш за 3%, сведчыць штогадовае даследаванне ІТ-парталу dev.by.

У сталіцы — вышэйшыя заробкі, больш вакансій, шырэйшая прафэсійная супольнасць. «С*****а» распытала гродзенскіх айцішнікаў, што іх трымае на ІТ-перыферыі.

1. Тут сям’я і малая радзіма

«Я застаюся дзеля сям'і, сяброў, самога гораду, таго, што з ім звязана, дзіцячых і юнацкіх успамінаў», — тлумачыць свой выбар распрацоўшчык з кампаніі *instinctools Ігар Ламека.

Гэта першая і асноўная прычына, пра якую гавораць гродзенцы. У многіх ужо ёсць сем'і, дзеці, сваё жытло, старыя бацькі, якіх трэба даглядаць. У іх сфармавалася мясцовае кола сяброў і знаёмых, ёсць досвед працы ў сваім горадзе. Пераезд азначае амаль пачаць жыццё наноў і змяніць многія сферы для кожнага чальца сям'і.

Менавіта ў родным горадзе стварылі кампанію *instinctools некалькі гродзенцаў, калі былі яшчэ студэнтамі. Цяпер яна налічвае каля 230 супрацоўнікаў. Адметная тым, што гэта найбуйнейшая рэгіянальная кампанія, якая мае філіял у Мінску.

«Мы тут нарадзіліся, скончылі ўніверсітэт. Калі ты малады студэнт, на якой тэрыторыі будзеш дзейнічаць? Вядома, на сваёй, бо ў цябе тут ёсць хоць нейкая інфраструктура. Пасля эвалюцыянуеш, захопліваеш існую тэрыторыю і выходзіш за ейныя межы», — расказвае адзін з уласнікаў кампаніі *instinctools Віталь Шчыглінскі.

Лагістычная розніца паміж Гродна і Мінскам складае ўсяго чатыры гадзіны, якія кліенты едуць з мінскага аэрапорту. Адлеглаьць не надта адчувальная. Неўзабаве кампанія плануе адкрыць офіс у адной з краін-суседак.

Працаваць дыстанцыйна ўсё прасцей, мяркуе Віталь Шчыглінскі
«У нас цяпер чатыры офісы. З якога далей будзе ісці кіраванне, невядома. Не выключаю, што цэнтр пераедзе ў Мінск. Але для гэтага кампанія мусіць сутыкнуцца з вялікай праблемай, якой будзе перашкаджаць цэнтр у Гродна. Пакуль такіх праблем мы не бачым», — сцьвярджае Віталь Шчыглінскі.

Мінчук Барыс Ягораў пераехаў у Гродна да жонкі. Сужэнцы вырашылі, што памяняць працу лягчэй яму, як больш мабільнаму айцішніку, а не ёй, гісторыку. На той момант Барыс акурат змяніў мову праграмаваньня з PHP на JavaScript. Разумеў, што як пачатковец усё роўна пойдзе на іншую працу з меншым заробкам, незалежна ад гораду. Перайшоў з невялікай мінскай фірмы на 12 супрацоўнікаў у гродзенскую, дзе больш за 200.

Але ў Менску ты хутчэй сталееш

Аднак Віталь Шчыглінскі мяркуе, што лягчэй адразу ствараць кампанію ў Мінску, чым выходзіць на мінскі рынак з рэгіёну. Паводле яго, сталіца трымае крыху вышэйшыя стандарты ў многіх пытаннях: ад заробкаў да офісных памяшканняў і іншых «плюшак». Рэгіёны адсочваюць гэтыя стандарты і ідуць следам.

«Калі першапачаткова ў цябе вышэй зададзеныя стандарты, ты адразу спрабуеш узяць высокую планку, хутчэй сталееш. У Гродне крыху ніжэйшыя стандарты. Калі ты іх ужо прыняў, пасля цяжэй памяняць на іншыя», — мяркуе Віталь.

2. Горад, зручны для інтравертаў

Гродна вабіць праграмістаў камернасцю, спакоем. Айцішнікі, па назіраннях Віталя Шчыглінскага, — гэта ў асноўным ціхія, інтравертныя людзі, якія не любяць «варушняк» і дынамізм. Таму Гродна пасуе: «Выехаў за горад — адразу лес, рэчка».

Ігар Ламека прызнаецца, што не любіць Мінск: «Усе бегаюць, як мурашкі, дарога займае шмат часу. Мне падабаецца спакойны тэмп». Хлопец мяркуе, што ўпадабаў бы жыццё і ў іншым еўрапейскім невялікім горадзе з захаванай гістарычнай часткай і пешаходным цэнтрам.

Алесь Лялікаў хутчэй гатовы пераехаць за мяжу, чым у Мінск
Праграміст іншай буйной IT-кампаніі ў Гродне Алесь Лялікаў з гэтай жа прычыны хутчэй гатовы пераехаць за мяжу, чым у беларускую сталіцу.

«Я тут нарадзіўся, тут жыву. Думка пра пераезд у Мінск мне не вельмі падабаецца. Калі пераяжджаць, то ў Польшчу. Не будзе моўнага пытання, блізкая культура. У Штатах ці Канадзе таксама не будзе моўнага пытання, бо ангельская ў мяне дастаткова добрая», — разважае мужчына.

Алесь думае, што ў Мінску цяжэй знайсці працу праз вышэйшыя патрабаванні. Кажа, што праграмістам можа перашкаджаць у пераезьдзе няўпэўненасць у сабе або недахоп прафесійных навыкаў.

Паводле некаторых праграмістаў, Гродна зручнейшы тым, што конкурс пры працаўладкаванні не такі жорсткі. Яны тлумачаць гэта так: хоць рэальна ў Мінску больш вакансій, але там адзін кандыдат спрабуецца адразу ў 5−10 месцаў, а ў Гродне — толькі ў 1−2. Пры гэтым яшчэ некалькі гадоў таму вакансію ў гродзенскай IT-сферы можна было чакаць паўгода, цяпер адразу ёсць некалькі месцаў на выбар.

Але ў Мінску прасцей пачаткоўцам

У мегаполісе рынак працы ў разы большы, чым у рэгіянальным горадзе. Таму чалавеку без досведу працы або з абмежаваным досведам знайсці працу прасцей, звяртае ўвагу Ігар Ламека.

3. Заробкі не найгоршыя

У сярэднім заробкі ў Гродне і Мінску розняцца ў 2−2,5 раза, паводле статыстыкі сайту dev.by. Аднак вядома, што ў паспяховых кампаніях, якія маюць офісы і ў Мінску, і ў Гродне, розніца ў заробках складае ўсяго 20−30%. Больш за тое, праграмісты кажуць, што праз меншыя расходы «свабодных грошай» пры працы ў Гродне застаецца больш, чым у Мінску. Да таго ж запэўніваюць: грошы не самае галоўнае.

«Я жыву і працую ў цэнтры Гродна. Тут у мяне больш мажлівасці быць дома з сям’ёй. Гэта варта грошай, якія я недаатрымліваю, бо не працую ў Мінску», — кажа Ігар Ламека.

Для Ігара Ламекі мажлівасць быць з сям’ёй важнейшая за недаатрыманыя грошы
Алесь Лялікаў дадае, што чуў пра большыя заробкі. «Можа, так і ёсць, не ведаю. Заробак, безумоўна, важна. Але я няшмат думаю пра гэта», — кажа ён.

Але ў Мінску вымушаныя плаціць болей

Барыс Ягораў цяпер працуе ў гродзенскім офісе амерыканскага стартапу. Ён кажа, што ягоны заробак даволі высокі, калі параўноўваць з іншымі айцішнікамі па горадзе. Пры гэтым упэўнены, што ў Мінску ў падобнай кампаніі плацілі б болей.

Паводле Віталя Шчыглінскага, у Мінску адбываецца «інфляцыя заробкаў» з прычыны вялікага рынку працы. У выніку працадаўцы гатовыя пераплаціць за добрага спецыяліста.

«Гэта можа быць сродак шантажу працадаўцы, калі чалавек прыходзіць на гутарку і кажа: „Мне прапанавалі ў іншай кампаніі такую і такую суму“. Часта агучваюць не рэальныя прапановы, а завышаныя», — кажа ўласнік кампаніі *instinctools.

Але менавіта такія паводзіны могуць прымусіць кіраўніцтва кампаніі прапанаваць каштоўнаму кандыдату на месца большы заробак.

4. Ёсць дзе вучыцца і «тусіць»

Са з’яўленнем у Гродна філіялу Парку высокіх тэхналёгій (адзінага па-за межамі Мінску) у праграмістаў з’явілася пляцоўка для сустрэч ІТ-супольнасці. Дагэтуль сустрэчы і канферэнцыі ладзілі хутчэй на базе нейкай кампаніі, на іх прыходзіла няшмат людзей. Яшчэ пяць гадоў таму «варушняку» не было. Цяпер ёсць дзе «патусіць», удзельнікаў збіраецца ў разы болей.

Філіял Парку высокіх тэхналогій у Гродне месціцца ў будынках былой вайсковай часткі
Два з чатырох будынкаў комплексу гродзенскага ПВТ, што размясьціліся на тэрыторыі былога памежнага атраду, аддалі пад адукацыйныя і камунікацыйныя мэты. У астатніх працуе адміністрацыя і месцяцца некалькі IT-кампаній — рэзідэнтаў ПВТ.

Усе мерапрыемствы (мітапы, канферэнцыі, семінары, прэзэнтацыі), якія ладзіць ПВТ, мусяць адпавядаць тром крытэрам: быць бясплатнымі, адкрытымі для ўсіх ахвотных і датычыць IT-тэматыкі. Звычайна на іх трэба загадзя рэгістравацца.

Памяшканне каворкінг-цэнтру ПВТ змяшчае да 90 асобаў
Напрыклад, на базе ПВТ сустракаліся ўдзельнікі, бадай што, першай у краіне «Школы блокчэйну». У ёй бралі ўдзел як праграмісты-прафесіяналы, так і студэнты, пачаткоўцы. Ейныя стваральнікі плануюць адкрыць такую школу таксама ў Мінску і, магчыма, у Маскве.

«Блокчэйн, падобна, моцна зменіць тое, як мы жывём, найбольш у юрыдычных і эканамічных узаемаадносінах. Асноўная праблема ў свеце — недахоп блокчэйн-праграмістаў. Восенню іх налічвалася каля 5000. Мы вырашаем гэтую праблему», — кажа адзін са стваральнікаў «Школы блокчэйну» ў Гродне Віталь Шчыглінскі.

Да таго ж, у ПВТ дзейнічае IT-акадэмія, дзе дарослыя могуць навучыцца праграмаваць. Адукацыйныя курсы праграмаваньня працуюць і для дзяцей ад 6 да 18 гадоў.

Але для адукацыі і камунікацыі з калегамі геаграфічнае становішча мала істотнае, мяркуе ўласнік *instinctools.

«Каб быць убудаваным у свет і мець доступ да найлепшых розумаў, неабавязкова да іх ехаць. Відэасувязь, запісы канферэнцый набліжаюць цябе да людзей з высокімі стандартамі, да іх ладу думак. Ты ўсё менш адрэзаны ад свету. Цяпер атрымаць найлепшага настаўніка ў нейкім пытанні я магу праз сеціва», — кажа Віталь Шчыглінскі.

А вось Барыс Ягораў менавіта «патусіць» едзе на мінскія «івэнты». А па прафесійную дапамогу звяртаецца да калег.

«У нас крутая каманда. Звычайна я проста іду з пытаннямі да свайго ліда або да іншых калег. Калі іх няма на месцы, то да сяброў. У мяне ёсць сябры і ўзроўню senior, і ўзроўню lead. Ёсць усялякія сэрвісы, у чым праблема запытацца?»

Але ў Гродне хутчэй дасягаеш столі

Аднак прафесійны рост айцішніка можа быць больш імклівым там, дзе IT-кластар больш развіты, напрыклад у Мінску або Крэмніевай даліне ў ЗША, мяркуе Ігар Ламека. Калі ў Гродне можна вывучаць новую тэхналогію толькі праз інфармацыю ў сеціве ці па кнігах, шляхам спробаў і памылак, там можна лёгка знайсці гурток па інтарэсах або адмысловага спецыяліста ў гэтай галіне. Але гэта не значыць, што гродзенцы менш разумныя, чым мінчукі, падкрэслівае Ігар.

На ягоную думку, у Гродне можна хутчэй дасягнуць пэўнай мяжы прафесійнага і кар’ернага росту, пасля якой цяжка расці. Асабліва, калі ёсць жаданне развівацца ў нейкім вузкім кірунку. У Мінску мажлівасцяў для вузкай спецыялізацыі больш.

5. Самае важнае — унутры

Хоць асяродздзе ўплывае на чалавека, але вырашальны фактар — тое, што ў яго ўнутры, упэўнены Віталь Шчыглінскі.

«Геаграфічнае становішча я б не ўнёс нават у дзясятак фактараў, якія ўплываюць на паспяховасьць кампаніі. MSQRD — прыклад таго. Гэта другі самы пазнавальны IT-прадукт Беларусі пасля World of Tanks».

Гродзенцы Яўген Неўгень (справа) і Сяргей Ганчар прыдумалі і прадалі MSQRD ІТ-гіганту Facebook
Праграмісты кажуць, што ўвогуле ў Гродне няма цікавых стартапаў. Калі яны і з’яўляюцца, то хутка знікаюць або з’яжджаюць у Мінск (як адбылося ў свой час з будучымі стваральнікамі MSQRD) ці за мяжу.

Прыкладам адваротнага можна назваць tispr — швейцарска-амерыканскі стартап, офіс якога адкрыўся ў 2016 годзе ў Гродне. Кампанія распрацоўвае мабільную аплікацыю для фрылансераў, незалежных прафесіяналаў малога бізнэсу, каб камунікаваць на лакальным узроўні без пасярэднікаў. Галоўны офіс знаходзіцца ў Каліфорніі.

Барыс Ягораў, які змяніў тры IT-кампаніі ў двух гарадах, лічыць, што на ягоную працу ніяк не ўплывае тое, што ён жыве ў Гродне.

«Цяперашнюю працу мне прапанавалі праз Linkedіn. Сумоўе ў Гродне было самым сур’ёзным у маім жыцьці, дзе пра тэхнічныя пытанні дапытваліся некалькі спецыялістаў і якое ішло ў два этапы».

Такой жа думкі трымаецца і Ігар Ламека: дастаткова пэўнага прафесійнага ўзроўню, самадысцыпліны і жадання, і можна пісаць код хоць з нумару гатэлю ў Тайландзе.


Приволжский федеральный округ практически весь размещается в бассейне реки Волга. На сайте pfo.spr.ru вашему вниманию представлена интерактивная карта округа, с помощью которой вы без проблем найдете нужную дорогу.


Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024