Экскурсавод Міхаіл Нарынкевіч 13 червеня будзе прадстаўляць Гродна на міжнародным рэтравелапрабегу ў Львове. Гродзенец прадставіць горад на адноўленым ровары «Нёман».
Праз абмежаванні, звязаныя з COVID-19, Міхаіл будзе прадстаўляць Гродна на конкурсе ў рэжыме онлайн. Асноўныя мерапрыемствы будуць адбывацца ў Львове, там будзе велапарад. Удзельнікі, якія не змогуць прыехаць, будуць прадстаўлены фотаздымкамі. Пасля прадстаўлення ўдзельнікаў арганізатары падвядуць вынікі і выберуць найлепшы ровар і строй.
Для рэтравелапрабегу Міхаіл зрабіў адмысловую фотасесію з роварам «Нёман», які ён пазычыў у прадстаўніцы «ВелаГродна» Юліі Каляды. З строем веласіпедыста пачатку XX стагоддзя Міхаілу дапамог рэжысёр гродзенскага фрык-тэатра «Гексаген» Васіль Калач.
Чытайце таксама: «Считаю его достоянием города». Теперь и в Гродно появился свой велосипед «Неман»
«Натхніў мяне на ўдзел у рэтрапрабегу беларускі калекцыянер ровараў Андрэй Камоска, – распавядае Hrodna.life Міхаіл. – Я вырашыў удзельнічаць, каб людзі, якія збіраюць рэтратэхніку з розных краін, даведаліся як мага больш пра легендарную гісторыю гродзенскага велазавода “Нёман”».
Ёсць свой “Нёман”, але ён яшчэ не гатовы
Дома ў Міхаіла стаіць уласны асобнік гродзенскага “Нёмана” 1933 года. Ён яшчэ толькі чакае рэстаўрацыі. Да конкурсу гродзенец не паспеў яго падрыхтаваць.
«Юлія Каляда дапамагла ажыццявіць задуманае. Сёння яна валодае ўнікальным экспанатам – адзіным адноўленым «Нёманам» у горадзе. Гэта самы вядомы, самы якасны, самы папулярны ровар у даваенны час у нашым рэгіёне. Спадзяюся, летам я скончу свой ровар і буду выязджаць па выхадных у адзенні 1930-х гадоў і расказваць гараджанам гісторыю веларуху ў Гродне», – кажа Міхаіл.
Чытайце таксама: «Старовольские поймали момент». Как в Гродно делали велосипеды и мотоциклы «Неман»
Міхаіл па адукацыі гісторык, апошнія дзевяць гадоў ён праводзіць экскурсіі па горадзе для прыезджых турыстаў. На рэтравелапрабегу вобраз Міхала – школьны настаўнік часоў міжваеннай Польшчы (1919-1939 гг).
«Я, як чалавек неабыякавы да гісторыі Гродна, і які цэлы год перасоўваецца на ровары, імкнуся ўсяляк прапагандаваць здаровы лад жыцця ў горадзе і гісторыю легендарнага велазавода “Нёман”».
Чытайце таксама: «Фантастика, это же „Неман“». В центре Гродно горожанам дали протестировать довоенные велосипеды








