26 кастрычніка гродзенцы двойчы сустрэліся з Андрэем Жвалеўскім і Яўгеніяй Пастэрнак. Пісьменнікі з парога пераўтварылі творчую сустрэчу на душэўную бяседу не толькі пра літаратуру, але і пра асабістае. Ранкам пісьменнікі сустрэліся з дзецьмі і падлеткамі, а пасля абеду – з бібліятэкарамі і дарослымі чытачамі.
Пачалі з казак, скончылі cуіцыдам
Жвалеўскі і Пастэрнак пазіцыянуюць сябе як падлеткавыя пісьменнікі. Яны – уладальнікі шматлікіх прэмій у Беларусі і за яе межамі. Кнігі Яўгеніі і Андрэя разлічаны на розных падлеткаў. Напрыклад, “Правдивая история Деда Мороза” – для дзяцей з 10 гадоў. А апошнюю кнігу “Пока я на краю”, якая пакуль не выйшла, лепш чытаць ад 16 гадоў.
– Мы пачалі творчую дзейнасць з казкі пра Дзеда Мароза (“Правдивая история Деда Мороза”) і прозы, дзе хлопчык і дзяўчынка мяняюцца часам (“Время всегда хорошее”), – кажуць аўтары.

Увогуле, пісьменнікі працуюць у розных жанрах і на розныя тэмы. “Гимназия № 13” – фэнтазі, “Москвест” – “москвоведческая сказка” пра падлеткаў, якія правальваюцца ў часе, “Типа смотри короче”, “52 февраля”, “Я хочу в школу!” – сучасная проза. “Охота на Василиска” – кніга пра наркатычную залежнасць. Апошняя кніга пад назвай “Пока я на краю”, якай выйдзе з тыпаграфіі праз месяц, прысвечана тэме падлеткавага суіцыду.
– Мы пішам не пра наркотыкі, мы пішам пра людзей, – кажа Яўгенія.
– Мы былі б шчаслівыя, калі б такой тэмы не існавала. Але яна існуе, і мы абавязаны выказацца – зрабіць усё ад нас залежнае, каб гэтую праблемы зменшыць, – дадае Андрэй.

Часам тэмы пісьменнікам падкідваюць уласныя дзеці. А часам яны “круцяцца ў паветры”.
– На тэму суіцыду я выйшла, калі прааналізавала спіс кніг, якія падлеткі рэальна чытаюць. Сайты вывешваюць спісы на статыстыцы спампоўванняў. Я прачытала першыя 20 кніг. І ў 18 з іх галоўны герой быў на мяжы суіцыду. Я зразумела, што гэта актуальная тэма.
Кніга як навукова-даследчая праца
Творчы саюз Андрэя і Яўгеніі з’явіўся, калі “па адукацыі – фізікі, у душэ – лірыкі” пазнаёміліся на фізічным факультэце БДУ. Падыход да кніг у аўтараў застаўся амаль навуковы.
– Кожная кніга – гэта навукова-даследчая праца, – расказваюць пісьменнікі наперабой. – Вывучаем тэму праз працы, манаграфіі, інтэрнэт, кансультацыі са спецыялістамі. Калі мы пісалі пра славянскую міфалогію (“Гимназия №13”), паўгода пра яе чыталі. Калі пісалі “Охоту на Василиска”, бесперапынна камунікавалі з нарколагамі і псіхолагамі. Каб напісаць “Москвест”, дзе шмат гістарычных фактаў, узялі персанальную экскурсію па Крамлі.

Адзіны раз, калі пісьменнікі не кансультаваліся – кніга пра бальныя танцы “Открытый финал”. Яўгенія сама займаецца бальнымі танцамі і выступілі ў ролі эксперта.
Спрэчак па развіццю сюжэта ў аўтараў не ўзнікае. Пішуць кнігі партнеры па-рознаму: раней кожны пісаў лінію свайго героя, а потым гэта злучалі ў адзін тэкст, або перасылалі кавалкі кнігі адзін аднаму па электроннай пошце. Цяпер – адзін піша, другі “вакол яго ходзіць”. Ролі ў пісьменнікаў – вядучы і вядзёны, логік і эмацыянал – таксама ўвесь час змяняюцца. Праз нейкі час яны нават не могуць пазнаць, хто з іх які кавалак тэксту пісаў.

Андрэй і Яўгенія кансультуюцца не толькі ў спецыялістаў, але і ў тэст-чытачоў Укантакце. Па іх словах, гэта вельмі дапамагае. Часам падлеткаў цікавяць нязначныя дэталі, пра якія варта сказаць.
У Расіі кнігі прадаюцца ў 40 разоў лепш, чым у Беларусі
Андрэй і Яўгенія працуюць у Мінску, але выдаюцца ў расійскіх выдавецтвах. На расійскі рынак яны трапілі выпадкова: звярнуліся ў першае выдавецтва, а яно аказалася расійскім. Зараз пісьменнікі думаюць, што ў беларускім выдавецтве іх бы не выдалі. А калі б выдалі, то кнігі б не прадаліся.
– “Гимназия № 13” выйшла ў “ЛіМе” на рускай мове тыражом 1 700 экзэмпляраў і была прададзена. “Время всегда хорошее” выйшла у выдавецтве “Четыре четверти” тыражом 500 экзэмпляраў і яны не прадаліся за тры гады. У той жа час “Время всегда хорошее” прадаецца ў Расіі у 40 разоў лепш, – кажуць пісьменнікі.
Тым не менш, пісьменнікі адкрытыя да супрацоўніцтва з беларускімі выдавецтвамі:
– Раіса Баравікова пераклала “Гимназию №13” на беларускую мову. І мы ўжо гадоў пяць ці сем прапаноўваем яе ўсім беларускім выдавецтвам. Мы не просім ганарар, просім толькі заплаціць Раісе Баравіковай за пераклад. І мы даведаліся, што бібліятэкары катэгарычна не хочуць кнігі на беларускай мове. Кажуць: навошта, калі тое ж ёсць па-руску?
Дарэчы, бібліятэкары, што сабраліся, не згадзіліся і сказалі, што беларускамоўныя кнігі карыстаюцца вялікім попытам.

Са слоў Андрэя і Яўгеніі, у Беларусі не так шмат падлеткавых пісьменнікаў. Яны называюць імёны Валеры Гапеева, Людмілы Урублеўскай, Аляксея Шэйна. Пісьменнікі ўпэўненыя, што падлеткі могуць чытаць усё і на любыя тэмы, нават гісторыі пра феячак Winx.
– Любая кніга будзе карыснай, а нашкодзіць можа толькі мысленне асобных людзей, – кажуць аўтары.








