На кніжнай паліцы Hrodna.life папаўненне — 6 апавяданняў у стылі фанфікшн па матывах гродзенскай гісторыі ад Віктара Варанца. Яго апавяданні яшчэ не публікаваліся асобнаю кнігай. Раней некаторыя з іх былі надрукаваны ў часопісе Arche і альманаху «Новы замак». У лічбавым выглядзе амаль усе апавяданні публікуюцца ўпершыню. Вось іх назвы:
Віктар Варанец — беларускі лексікограф і педагог. Скончыў філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўнівэрсітэту імя Янкі Купалы (1985). Працаваў настаўнікам беларускай мовы і школах Гродзенскага раёна і ў гімназіі № 1 Гродна. Зараз працуе ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце на кафедры беларускай і рускай моваў. Займаецца пытаннямі беларускай медычнай тэрміналогіі.
Кіраўнік універсітэцкага літаратурнага аб’яднаньня «Катарсіс», складальнік і суаўтар літаратурнага зборніка «Гіпакратавы ваганты», аўтар гімна Гродзенскага медыцынскага ўнівэрсытэту.
[irp posts="60 856″ name="Куды падзелася карона Вітаўна і як памёр Баторый. Выкладчык медуніверсітэта піша альтэрнатыўную гісторыю Гродна"]
У 1982—1983 гадах разам з Юрыем Камягіным выдаваў машынапісны часопіс «Містыка». Аўтар зборніка паэзіі і прозы «Рамізьнік» Віктар Варанец напісаў 14 вучэбных і вучэбна-мэтадычных дапаможнікаў, шэрагу артыкулаў па беларускай тэрміналёгіі, выдаў «Русско-белорусский медицинский словарь» (2005) і першы «Руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў» (2012). Сёлета падрыхтаваў да друку «Тлумачальны слоўнік лекавых раслін».
Прызнаны Чалавекам году Гарадзеншчыны за 2012 год.
«Камандуючаму 27-ай танкавай брыгадай палкоўніку Юшчуку.
Сакрэтна.
Разведгрупа 152 кавалерыйскага палка 6-га кавалерыйскага корпуса пры вызваленні г. Ліда затрымала адпраўку 2 вагонаў з карцінамі і каштоўнымі металамі, якія належылі Банку Польскаму. Паводле інфармацыі, атрыманай ад арыштаваных супрацоўнікаў гэтага банка, у горад Гродна быў эвакуіраваны металічны вагон белага колеру, у якім знаходзіцца каля 2 тон золата ў слітках і манетах.
Загадваю.
Народны камісар унутраных спраў СССР Л.Берыя.
19 верасня 1939 г."
Камандзір разведбатальёна маёр Багданаў увайшоў у кабінет камандуючага і зухавата далажыў аб сваім прыбыцці. Юшчук кіўнуў у адказ і працягнуў атрыманую шыфраграму. Маёр хуценька прабег па тэксце вачыма і паклаў паперу на стол.
— Што скажаш, маёр? — запытаўся камбрыг.
— Трэба выконваць загад, таварыш палкоўнік! Ударым і захопім…
Здавалася Юшчук толькі і чакаў такога адказу. Ён рэзка ўскочыў з крэсла і пачаў адмерваць хуткімі крокамі плошчу кабінета.
— Ага, ударым, — амаль зароў палкоўнік. — А ці ведаеш ты, разумнік, што да Гродна амаль сто кіламетраў, а бензін абяцалі падвезці толькі паслязаўтра, бо тылы адстаюць. А горад трэба ўзяць ужо заўтра. А на чым, скажыце, будзем браць?
Багданаў у адказ толькі развёў рукамі. Юшчук, выплеснуўшы эмоцыі, крыху супакоіўся і працягваў ужо больш спакойным голасам.
— Загад выканаць трэба, і тут нічога не папішаш. Таму, маёр, план будзе наступным. Усё паліва брыгады зліваем у твае машыны і хуткім марш-кідком 20 верасня авалодваеш станцыяй. І памятай, Багданаў, нас цікавіць не сам горад, не палякі, што там укрыліся, нам патрэбен гэты занюханы вагон. Ты мяне разумееш, Багданаў?
— Дакладна так, таварыш палкоўнік!
— Даю на распрацоўку дэталей аперацыі дзве гадзіны. І да мяне з дакладам. Можаце ісці…
У невялічкім пакойчыку дзяжурнага па чыгуначнай станцыі Гродна сядзелі два прыстойна апранутыя мужчыны: дырэктар тытунёвай фабрыкі Чэслаў Валіцкі - кіраўнік мясцовага нацыяналістычнага аддзялення ОЗН (обуз з’едначэня народовэго) і кіраўнік атрадаў Гродзенскай самааховы, таксама член ОЗН капітан Эдвард Раманоўскі. На стале стаяла некранутая бутэлька віна, асветленая дрыжачым полымем свечкі. Акно, за якім панавала цёмная вераснёўская ноч, было шчыльна завешана коўдрай. Дакладваў Раманоўскі.
— Такім чынам, пан Валіцкі, мы здолелі вывезці золата і асігнацыі Польскага Банка прама з-пад бальшавіцкага носа. У Лідзе засталася амаль нічога не вартая драбнота. Грошы пайшлі адразу на аплату добраахвотнікам з баявых атрадаў. А вось што рабіць з золатам? Можа, адправіць пад аховай на Варшаву?
— Не і яшчэ раз не, — Валіцкі нахіліўся над сталом і сцішана, амаль шэптам, працягваў: — Варшава ўжо пад немцам. Гродна праз дзень-два будзе бальшавіцкім. Таму, дарагі мой капітан, ехаць няма куды. Значыць, золата трэба схаваць у горадзе. Я ўпэўнены, што Гітлер са Сталіным яшчэ счэпяцца ў крывавай бойцы. А тады зноў адродзіцца вялікая Рэч Паспалітая «ад можа і да можа». І ёй спатрэбіцца гэтае золата.
— Я згодны, пан Валіцкі. Але дзе і як будзем захоўваць гэтае багацце?
Валіцкі павольна ўстаў, узяў крэсла і сеў каля Раманоўскага.
— У мінулым годзе пробашч Фары Вітаўта па сакрэце паказваў мне падземныя лабірынты, што цягнуцца ад касцела пад горад. І я ўгаварыў святога айца «пазычыць» мне адно скляпенне для асабістых патрэб. Рабочыя яго крыху падрамантавалі, паставілі дзверы. І калі ласка, цудоўны схрон. Ведалі пра гэтае месца толькі два чалавекі - я і пробашч.
— А як жа рабочыя? — здзівіўся Раманоўскі.
Валіцкі загадкава ўсміхнуўся.
— Яны добра адсвяткавалі заканчэнне працы, падпілі і ад выпадковага агню згарэлі ў старой вінярні, што стаяла ў Капліцы. Вы, пэўна, чулі пра тую трагедыю… Больш таго, літаральна праз тыдзень чымсьці моцна атруціўся пробашч і неўзабаве таксама аддаў Богу душу.
— Які жах! — засмяяўся капітан. — І зноў толькі двое будуць ведаць пра схрон. Дык можам пачынаць аперацыю?
— Так, — пагадзіўся Валіцкі.- Але каму даручым яе выкананне? Гэта ж не людзі навокал, а прадажнае быдла. Што ім да ідэі Вялікай Польшчы…
Раманоўскі ўстаў і па-ваеннаму зычна прамовіў:
— Лепшым варыянтам для такой справы лічу групу Яфіма Чапурнога.
— Гэта хто? — запытаў Валіцкі.
— Былы пятлюраўскі камандзір. Кіруе ўкраінскімі нацыяналістамі. За грошы пойдзе на ўсё. Сапраўдны галаварэз.
— Але ці не будзем мы з ім потым мець клопат?
— Нешта мне падказвае, што для Чапурнога потым не прыйдзе ніколі, — зноў засмяяўся Раманоўскі.
Валіцкі цяжка падняўся з-за стала.
— Ну што ж, пане Эдвард, тады за справу. Чакаю вас з золатам праз тры гадзіны каля касцёла. Трэба да світання паспець.
Каля васьмі гадзін раніцы ў Гродна ўехаў батальён маёра Багданава. Адзінаццаць танкаў БТ, бронемашына, санітарная машына і радыёстанцыя 5-АК. Пяцьдзесят чалавек жывой сілы. Гэта ўсё, што змог сабраць Багданаў за такі кароткі час. Дзесьці яшчэ пад Бераставіцай тупацелі ў пешым строі стралковая рота і ўзвод сапёраў, але чакаць іх ужо не было часу. Крыху павагаўшыся, маёр вырашыў не губляць каштоўныя гадзіны на разведку, а адразу выконваць загад камандавання. Сабраўшы каля бронемашыны малодшых камандзіраў, Багданаў разгарнуў карту Гродна і вызначыў кожнаму задачу. Узвод лейтэнанта Якава Чарнова з трыма танкамі праз чыгуначны мост выходзіць прама на вакзал і захоплівае азначаны вагон з золатам. Узвод старшага лейтэнанта Міхаіла Яўсеева ў суправаджэнні таксама трох танкаў адцягвае ўвагу праціўніка на сябе, для чаго атакуе цэнтральную частку горада, захоплівае тэлеграф і пошту на вуліцы Элізы Ажэшкі. З астатнімі пяццю танкамі і бронемашынай Багданаў утрымлівае да падыходу сваіх мост праз Нёман і чыгуначны пераезд на рагу вуліц З’езд і Гажэльнай.
Першым рушыў узвод Яўсеева. На максімальнай хуткасці танкі выскачылі на мост праз Нёман і паляцелі да супрацьлеглага берага. Палякі сустрэлі іх агнём з зенітнай гарматы. Неўзабаве яркім полымем успыхнуў адзін з танкаў. Астатнія, не звяртаючы на страту ўвагі, працягвалі прабівацца да цэнтра горада. На вуліцы Маставой польскі жаўнер выскачыў з дзвярэй аптэкі і кінуўся з супрацьтанкавай гранатай пад гусеніцы танка. Выбух — і чарговы танк прагна пачаў паглынаць бязлітасны агонь. Адзін з танкістаў паспеў выскачыць з машыны, але, ахоплены полымем, тут жа упаў на дарогу. Апошні з танкаў усё ж дасягнуў вуліцы Ажэшкі, дзе снарад, выпушчаны з польскай гарматы, трапіў ў левую гусеніцу. Машыну раскруціла на месцы, і тут жа з розных бакоў пасыпаліся бутэлькі з бензінам, якія падрыхтавалі польскія гімназісты. Так загінуў экіпаж старшага лейтэнанта Яўсеева.
Тым часам узвод Чарнова, практычна нікім не заўважаны, уварваўся на чыгуначны вакзал. Лейтэнант разам з радавым Несцеравым выбег на перон. На рэйках тут і там стаялі тры дзесяткі розных вагонаў без цягнікоў. Чарноў схапіў за каўнер нейкага мужчыну ў форме чыгуначніка, які палахліва выглядваў з-за скрыні с пяском.
— Дзе металічны вагон з Ліды? — раз'юшана пракрычаў лейтэнант.
— А то там, проше пана, — дрыжачым ад страху голасам прамармытаў чыгуначнік і паказаў пальцам на бліжэйшы да будынка вакзала вагон з расчыненымі дзвярыма. Нават адсюль было бачна, што ён пусты.
— Куды павезлі скрыні? — зноў затрос Якаў паляка.
— Не вем, пане. Цэлу ноц грузілі на аўто і павезлі да цэнтра мяста.
Лейтэнант нарэшце адпусціў чалавека і пабег да танка перадаць па рацыі несуцяшальную вестку Багданаву…
…Цягнік «Берлін — Варшава — Ленінград перасёк польскую мяжу і бадзёра загрукацеў па тэрыторыі Савецкага Саюза. Сярод нешматлікіх пасажыраў у адным з купэ ехаў высокі стары чалавек, апрануты ў строгі чорны касцюм. Ён пільна ўглядаўся праз акенца ў прыгожыя беларускія краявіды, але не заўважаў іх. Перад вачыма праносіліся іншыя малюнкі.
…Чапурнога і яго хаўруснікаў Раманоўскі расстраляў з аўтамата, як толькі скончылі насіць скрыні з золатам у склеп. Затым зачынілі дзверы і шчыльна пакрылі іх тынкоўкай, зраўняўшы са сцяной. Крыху абкідалі па свежым зямлёй, каб не надта адрознівалася ад іншых частак. Прыдзірліва агледзеўшы зробленае, Валіцкі звярнуўся да калегі.
— Пан Раманоўскі! Я спадзяюся на Вашу шляхетнасць і слова афіцэра. Пра схованку ведаем толькі мы. Рэч Паспалітую і нас, палякаў, чакаюць цяжкія выпрабаванні. Але мы вытрываем, і я абяцаю, што знайду пана, калі прыйдзе час адкрыць гэты склеп і пачаць новую гісторыю Польшчы.
Яны паціснулі адзін аднаму рукі і зніклі ў начным змроку.
І вось ён, Чэслаў Валіцкі, праз столькі гадоў пад’язджае да свайго горада. Колькі ўсяго адбылося за гэтыя чвэрць века. Раманоўскі загінуў у Варшаўскім паўстанні, сам Валіцкі быў і ў падполлі, і ў Арміі Краёвай і англійскай эміграцыі. Але заўсёды верыў, што вернецца ў мілае сэрцу Гродна. І хаця ў кішэні пашпарт грамадзяніна Аб’яднанага Каралеўства, у душы Валіцкі ўсё той жа адданы паляк. А яшчэ схрон. Дзве тоны золата ляжаць у яго асабістым склепе. Хаця, ці ляжаць? Валіцкі быў досыць заможным чалавекам, уваходзіў у свой час у Савет дырэктароў буйной тытунёвай кампаніі, ды і зараз, адышоўшы ад спраў, меў добры прабытак ад акцый той жа кампаніі. І без золата было на што жыць. У дадатак, ён быў рэалістам, і добра разумеў, што з бальшавіцкай Расіі дзве тоны золата не вывезеш незаўважана. Але паглядзець, дакрануцца да ўласна зробленай тынкоўкі ён можа.
Дзень быў досыць мітуслівы. Раніцай Валіцкага з гасцініцы забралі два прадстаўнікі Інтурыста, правялі экскурсію па горадзе, звазілі на тытунёвую фабрыку, паказалі новыя мікрараёны. І толькі ўвечары адчапіліся (прынамсі, так яму падалося). Валіцкі застаўся адзін. Ён выйшаў з гасцініцы і павольна пайшоў праз цэнтр па вуліцы Дамініканскай (цяпер яна, зразумела, Савецкая) да плошчы Стэфана Баторыя (цяпер, канешне, таксама Савецкай), дзе і стаіць велічная і бессмяротная Фара Вітаўта ў кампаніі сваіх братоў Францішканскага і Бернардзінскага касцёлаў. На душы было лёгка і хвалююча: і будынкі, і брук, і двары засталіся дакладна такімі ж, як у яго час. Гэта была настальгічная сустрэча з мінулым. А вось і плошча. Зараз па дарожцы налева, да касцёла.
Касцёла на месцы не было. Была роўная плямка скверыка, абсаджаная нейкімі кусцікамі. А касцёла не было. Валіцкі пачаў разгублена азірацца. Не, ён не памыліўся. Месца дакладна тое ж, але без касцёла. Тады ён спыніў нейкага маладога чалавека і, з цяжкасцю ўспамінаючы даўно забытыя словы, на беларуска-польскай трасянцы запытаў:
— Пшэпрашам пана, але тут колісь быў каталіцкі касцёл. Фара Вітаўта. Дзе ён? Вайна?
Чалавек здзіўлена паглядзеў на Валіцкага, але праз імгненне ўсё зразумеў і прыязна ўсміхнуўся:
— Інастранец?
— Так, інастранец, — пагадзіўся Валіцкі.
— Ясна. Не, касцёл вайну перажыў. Але ж ён сам па сабе перажытак мінулага. Таму тры гады назад рашэннем гарвыканкама касцёл быў узарваны, а замест яго зрабілі гэты прыгожы скверык. А калі Вам трэба памаліцца, дык вось, яшчэ пакуль стаіць Францішканскі. Схадзіце.
І чалавек пакрочыў сабе далей.
Валіцкі з цяжкасцю зрабіў два крокі і сеў на лаўку.
«Найстаражытнейшую Фару Вітаўта і дзве тоны золата за прыгожы скверык, — мільгатнула ў яго галаве.- Божа, за што караеш.?»
Вечар быў марозны і надзвычай цёмны. Неба зацягнула хмарамі, якія хуценька праглынулі і месяц і зоркі. Павольна закружылі ў паветры бялюткія сняжынкі. Як раптам падзьмуў паўночны вецер, узняў аж да неба снежныя сумёты — і пачалася сапраўдная бура. Кастусь, з галавы да ног аблеплены снегам, ускочыў у сенцы і адразу ж адчуў усю ўтульнасць цёплай вясковай хаты. Стары Панас, тупаючы ля печы, з усмешкай зірнуў на хлопца.
— Што, люта на двары? Гэта табе не ў горадзе. У нас дык усё па-сапраўднаму. Хлеў зачыніў?
— Зачыніў, дзядуля! — адказаў Кастусь.
— Ну тады распранайся. Вячэраць будзем.
Кастусь, студэнт медыцынскага універсітэта, любіў на канікулы прыязджаць да дзеда на хутар. Тут было цікава ўсё: і адарванасць ад цывілізацыі (хата стаяла ў лесе, за шэсць кіламетраў ад бліжэйшай вёскі, і да гэтага часу тут не было нават электрычнасці), і прырода, і сапраўдная натуральнасць жыцця. Пасля смерці жонкі Панасу не раз старшыня калгаса прапаноўваў пераехаць у аграгарадок: маўляў, там і жыццё лягчэй ды і хутар гэты не тырчаў бы цвіком у лесе. Але стары не хацеў кідаць наседжанае месца, а прымушаць да пераезду старшыня не адважваўся: усе ведалі круты нораў Панаса, які на гэтай зямлі і партызаніў у вайну, і першым старшынёй мясцовага калгаса быў. І да дзяцей у горад стары пераязджаць не хацеў.
— Што мне там рабіць? Як на могілках — адна цэгла ды бетон…
Але сам вельмі любіў, калі да яго прыязджалі ўнукі, асабліва Кастусь, у якім Панас бачыў сябе ў маладосці.
Павячэраўшы і прыбраўшы са стала, Панас узяў газоўку і з унукам перайшоў у другі пакой. На вуліцы скуголіла завіруха, прыемна гуло ў коміне, крыху дрыжаў агеньчык у газоўцы. І ад усяго гэтага на душы было так лагодна і ўтульна, што і не перадаць словамі.
Дзед прылёг на ложак, Кастусь прысеў каля яго на ўслон і як звычайна папрасіў:
— Раскажы што-небудзь з мінуўшчыны.
— З мінуўшчыны? — перапытаў стары. — Дык я табе, здаецца, ужо ўсё пераказаў.
— Не можа быць, — запярэчыў ўнук. — Нават калі штовечар пра адзін год твайго жыцця расказваць, і то колькі дзён спатрэбіцца…
На хвіліну Панас задумаўся, як раптам схамянуўся.
— Слухай, я ж ледзьве не забыўся. Увосені лазіў на гару, перабіраў ламачча, што назбіралася за гады. І ведаеш, знайшоў там куфэрачак. Адкуль узяўся — бог адзін ведае. А там розныя старыя паперкі з запісамі. Мае вочы не разабралі, што там і да чаго, але, думаю, Кастусь прыедзе — прачытаем.
Панас выйшаў за дзверы і ўжо праз хвіліну вярнуўся з невялікім, акаваным жалезам куфэрачкам. Перадаў унуку. Кастусь асцярожна падняў крышку і ўбачыў сапраўды нейкія спісаныя лісты жоўтай і вельмі шчыльнай паперы. І мова, якой карыстаўся незнаёмы аўтар, была як быццам беларускай, але разам з тым і нейкай незвычайнай. Але больш за ўсё ўразіў надпіс на адным з іх: «Карона Вялікага князя Вітаўта».
Кастусь падцягнуўся бліжэй да газоўкі і пачаў чытаць уголас.
«І даў Бог нарэшце вялікую ласку да зямлі нашай. Ад мора і да мора зрабіўся мір і спакой у княстве Літоўскім. І выйшлі на палі аратыя, і адплылі ў доўгія дарогі купцы заможныя, і зазелянелі ў гарадах і вёсках сады ды палеткі. Прыціхлі ворагі ў схронах сваіх, баючыся і носа высунуць. І славілі ўсе Вялікага князя Вітаўта.
І паклікаў неяк мяне, свайго лепшага даезчыка, да сябе княжа наш Вітаўт. І сказаў мне наступнае:
— Слухай мяне ўважліва, Войтка! Прыехалі да нас папскія нунцыі з шаноўнаю прапановаю. Папа Рымскі Іаан ХХІІІ са сваёй ласкі хоча мяне каранаваць, каб і дзяржава наша стала каралеўствам. Ты ж ведаеш, Войтку, што лацінянам асаблівай веры даваць не варта. Але я ведаю і іншае. Сёння мы папе вельмі патрэбныя, бо папа ўжо прагна глядзіць на Усход. Францысканцы штодня з раніцы тоўпяцца ля маіх дзвярэй… Іаан ХХІІІ, канешне, вядомы п’яніца і распуснік, але ён папа. І ён таксама патрэбны нам.
— Даруйце, ваша ваша княска мосць, — дазволіў я сабе запытацца, — але нашто нам, праваслаўным ліцвінам той папа? А выпіць мы і самі не дурні.
— Не, не быць табе, лайдаку, ніколі панам! Якая розніца, колькімі пальцамі ты хрысцішся? Бог адзіны. І каталіцкая Еўропа каталіцкую Літву хутчэй да сябе прыме. Бо галоўны наш вораг сёння на Усходзе. А калі княства стане яшчэ і каралеўствам, дык і каралі астатнія да нас лагодней ставіцца пачнуць. Зараз зразумела табе, дурнота гарадзенская?
— Так, ясны пане, — пакорліва адказаў я.
— Добра. Але тлумачыў усё гэта я не для забавы тваёй, як разумееш. Ехаць мне, Вялікаму князю, па карону не з рукі. Як збых апошні з рукой працягнутай. Не, мы, Вялікая Дзяржава, і гонар свой маем. Папу таксама сюды не даклічашся. Баіцца ён лясоў неабсяжных нашых. Таму па карону паедзеш ты. Папу я ўжо абвясціў, недзе над каронай імшу спраўляе. Даю табе, Войтка, на ўсю дарогу два месяцы. І глядзі, блазан, не дай мне прычыны шкадаваць, што даверыў табе лёс панства нашага…
Нельга перадаць тое пачуццё гонару, што напоўніла сэрца маё ад такога даручэння. І ўжо раніцай я з васьмю лепшымі княскімі ваярамі выехаў у Рым.
Бог спрыяў нашай пачэснай місіі. Праз дваццаць шэсць дзён мы былі ў Вечным горадзе. У папскіх пакоях нам уручылі каралеўскую карону, дзяржаўную грамату да яе, і мы, не губляючы часу, паехалі зваротам. На васемнаццаты дзень дарогі мы дасягнулі Браніцкага лесу. За ім пачыналіся землі Польшчы і далей родныя абшары. Але гэты лес мне заўсёды не падабаўся. Яшчэ як пад Дуброўнаю разбілі мы крыжакоў, тыя нямногія, што ацалелі, пачалі рабаваць у Браніцкім лесе. Я папярэдзіў хлопцаў, каб сцерагліся, і мы паволі рушылі наперад. Калі сонца пачало хавацца за вершалінамі векавых дубоў, я пачуў выразнае гуканне бугая. Яму тут жа адказаў другі, трэці. Не, панове, вы можаце ашукаць любога, але толькі не мяне, княскага даезчыка. Сапраўдны крык бугая злёгку клякочучы, а вы верашчыце, як дурны на могілках. Мы выцягнулі мячы, дасталі з-за спіны самастрэлы.
Страла прасвісцела ля самай маёй галавы, абдрапаўшы правую шчаку. Я тут жа стрэліў у густое лісце разлапістага дуба. Пачуўся прыглушаны крык, але глянуць туды ўжо не было калі. З гушчару на нас кінулася чалавек з дванаццаць узброеных людзей. Чацвёра з нападаўшых былі на конях. Добрая амуніцыя, доўгія крыжацкія мячы, упэжўненая пастава выдавалі ў іх сапраўдных ваяроў. Менавіта яны вялі за сабой узброеную басату.
— Гнат і Лаўрын са мной на вершнікаў, — загадаў я. — Астатнія займіцеся пешымі!
Выхапіўшы секіру, любімую маю зброю, я кінуўся на крайняга злева кнехта. Ён тут жа зрэагаваў і, выставіўшы наперад магутны меч, паімчаўся на мяне. Наблізіўшыся адзін да аднаго, я рэзка адхіліўся ўправа, імгненна адчуў, як бязлітасныя зазубрыны мяча прабаранавалі па маім плячы, і рубануў варожага каня па сцягну. Пачулася хрусценне косці. Конь аж узвіўся ад болю і тут жа заваліўся на бок, падмяўшы пад сябе гаспадара. Толькі галава ў шлеме тырчала з-пад тулава каня. Але тырчала толькі хвіліну. Узмах секіры — і яна пакацілася, як вожык, па траве. Я азірнуўся. На Лаўрына насядалі адразу два кнехты. Небарака ледзьве паспяваў адбіваць удары. Я размахнуўся і кінуў секіру аднаму з ворагаў у плечы. Ледзь не на палову ўвайшла секіра ў спіну. Рыцар адразу ж упаў тварам на зямлю. Яго напарнік усяго на імгненне зірнуў на паплечніка, але і гэтага хапіла Лаўрыну, каб паласнуць ворага мячом уздоўж тулава. Тым часам Гнат ужо разабраўся са сваім кнехтам. Рэшткі яшчэ недабітай хеўры, убачыўшы, які лёс напаткаў іх камандзіраў, кінуліся ў лясны гушчар на ўцёкі.
Усе нашы хлопцы, дзякуй Богу, былі жывыя. Ну, а раны? Што тыя раны: памазалі гаючай маззю, перавязалі і рушылі далей. Паколькі Лаўрын у баі страціў свайго каня, давялося скарыстаць кнехтава.
Гадзіны праз чатыры лес скончыўся, і наперадзе мы ўбачылі невялічкае мястэчка. Гэта быў польскі Згажэлец. Адсюль да роднай Літвы і рукой падаць. Параіўшыся, вырашылі заначаваць у мястэчку, каб зраніцы прадоўжыць наш шлях.
Згажэльская карчма была вялікай, немалы пакой раздзелены сценкай на дзве паловы: адна для шляхцічаў, а другая для простага люду. Мы, зразумела, размясціліся ў лепшым з пакояў. Гаспадар карчмы хуценька выставіў на доўгі драўляны стол міскі з кнедлікамі, яешню, абкладзеную свінымі каўбасамі, вэнджаныя лапы мядзведзя, жбаны з сычаным півам і духмяным віном… Пах быў такі неверагодна прыемны, што мы адразу ж накінуліся на гэтае смакоцце. Першы кубак узнялі за пана Бога, што засцярог нас ад смерці ў Браніцкім лесе. А другі кубак выпілі за гаспадара нашага Вялікага князя Вітаўта, абаронцу зямлі Літоўскай. Тым часам падышлі музыкі, з песнямі завіталі да нас выляжанкі. Закіпела сапраўднае вяселле. І закруцілася ўсё ў галаве карагодам: тосты, смех, дзявочыя твары…
Апрытомнеў я, калі сонца стаяла ўжо досыць высока. На падлозе храплі ўсе мае хлопцы. Зброя, адзенне валаліся па пакоі.
«Карона», — ляснула ў маю хворую галаву. Але нідзе ў пакоі я не ўбачыў драўлянай скрыні. Я хуценька растаўкаў хлопцаў. Ужо праз хвіліну яны стаялі апранутыя і засяроджныя. Мы кінуліся да карчмара. Убачыўшы нас, ён лісліва заўсміхаўся.
— Як маюцца вяльможныя паны. Ці спадабалася вам у старога Зямы?
Я адразу ж схапіў яго за каўнер.
— Дзе драўляная скрыня, што была ўчора пры мне?
— Скрыня? — перапытаў перапалоханы Зяма. — Я так разумею, што пан гаворыць пра тую скрыню, у якой вазіў залатую карону?
Тут прыйшла мая чарга здзіўляцца.
— А адкуль ты ведаеш пра карону, стары хлуст?
— А як жа не ведаць беднаму Зяме, калі шчодры пан учора сам паказваў яе ўсім.
— Ну і што далей? Далей што было?
— А далей вяльможны рыцар разрубіў яе і кожнай выляжанцы падарыў па кавалку, каб зрабілі пярсцёнкі на памяць. Пан і старому Зяме падарыў кавалачак.
І карчмар дастаў аднекуль анучку, разгарнуў яе — і я з жахам убачыў кавалак былой каралеўскай кароны.
Я не хацеў болей жыць. Так бы і сталася, але хлопцы надзейна звязалі мяне, уладкавалі на кані, і мы панура рушылі дадому.
Я расказаў князю ўсю праўду, скленчана просячы пакараць мяне смерцю. Але міласць Вітаўта не ведае межаў. Ён адаслаў мяне ў Горадню, а ўсім паведаміў, што карону Ў Польшчы адбілі ў нас кнехты. А неўзабаве і сам памёр. Не ведаю, можа гэта і мы наблізілі яго смерць. Але да смерці буду клясці сябе, што Вялікі князь Вітаўт так і не стаў каралём, а наша Вялікая Літва — каралёўствам. І нешта падказвае мне, што яшчэ не раз адальецца майму народу тая гулянка ў заклятым Згажэльцы.
Цар Фёдар Іаанавіч адстаяў абедню і як заўсёды перад трапезай слухаў байкі манахаў. Гэтым разам ў святліцы сядзеў стары чалавек з блізнай праз увесь твар і расказваў пра далёкія паўднёвыя астравы, дзе круглы год сонечнае лета і таму не патрэбна адзенне, дзе ежа сама расце з зямлі, і з тае прычыны мясцовыя жыхары ніколі не працуюць, а толькі плятуць з кветак вянкі і скачуць вакол вогнішча. Цар слухаў, прыплюшчыўшы вочы, і на яго вялікім жаўтаватым твары гуляла шырокая ўсмешка. Раптам рыпнулі дзверы, і на парозе з’явіўся бліжэйшы дарадчык расійскага самадзержца Барыс Фёдаравіч Гадуноў. Манах тут жа ускочыў з маленькага ўслончыка, на якім сядзеў перад царом, нізка пакланіўся і выслізнуў з пакоя. Фёдар Іаанавіч расплюшчыў вочы і, убачыўшы Гадунова, па-дзіцячы весела і звонка зарагатаў.-
-Вітаю цябе, гасудар. Ці добра адпачываў ты? Ці не сніўся адзінарог? Ці па душы была служба ў царкве, — усё гэта Гадуноў вымавіў на адным дыханні, крыху схіліўшы галаву перад улдаром. Праўда, схіленая галава дазволіла схаваць з’едлівую ўсмешку, што прабегла па твары царскага апекуна.
-Барыс, якая шкада, што ты так позна прыйшоў і не чуў манаха, — шчасліва замармытаў Фёдар Іаанавіч. — Ён мне пра райскія землі расказваў. Вось куды б я злятаў, каб мог ператварацца ў птушку. А чаму ж чалавек не можа лятаць?
-Так ужо Бог вырашыў: птушкі павінны лятаць, а чалавек хадзіць. А цар яшчэ і думы думаць за ўсіх, — адказаў Барыс Фёдаравіч.
-Ах, — уздыхнуў цар, — а ўсё ж шкада, што мы не можам лятаць. — І летуценна задумаўся. Але ўжо праз хвіліну ён змяніў тэму.
-А ці даведаўся ты, што сёння мне пададуць на абед? — і з цікавасцю ўперыўся ў дарадчыка. Той зноў пакланіўся і з годнасцю паведаміў:
-Гасудара чакае юшка, бацвінне, вусны лася ў заліўцы, смажаная дзічына, кулябяка, каша, заедкі.
-Ах, як добра, — пляснуў у далоні шчаслівы Фёдар Іаанавіч і, успомніўшы, запытаў: — А царыцу не забылі паклікаць?
-Царыца марыць убачыць свайго супруга, — супакоіў яго Гадуноў, пасля чаго падышоў бліжэй і амаль зашаптаў на вуха гаспадару.
-Гасудар, лазутчыкі данеслі, што на нас вайною збіраецца ісці гэты нягоднік польскі кароль Сцяпан Баторый.
-Ах, — легкадумна адмахнуўся цар, — адслужым абедню, Бог і не дапусціць сюды палякаў. Памятаеш, як наслаў на іх мароз пад Псковам. І гэтым разам што-небудзь нашле. Таму не бойся, баярын, пайшлі лепш абедаць.
Гадуноў доўга глядзеў у след цару, затым, як бы схамянуўшыся, выйшаў са святліцы і, паблукаўшы вузкімі пераходамі Крамля, увайшоў у невялічкі пакой. Пасярэдзіне пакоя стаялі стол і дзве лавы. Акенцы адсутнічалі, і ўсё святло давала невячкая свечачка, што гарэла на стале. На лаве сядзеў той жа стары манах з блізнай на твары. Убачыўшы Гадунова, манах устаў. Баярын сеў насупраць і рукой паказаў, каб сядаў і госць.
-Ну што, Іёва, — загаварыў Гадуноў, — як я і казаў, цару больш цікавы абед з царыцай, чым хуткая вайна з Польшчай. А ваяваць нам зараз ніяк нельга. Казна пустая, войска малое, Шуйскія толькі і чакаюць, каб я аступіўся. Таму да вайны даводзіць справу ніяк нельга.
Манах доўга і ўважліва глядзеў на Гадунова, пасля чаго адказаў крыху хрыплаватым голасам.
-Вайны хоча Баторый. Не будзе Баторыя — не будзе і вайны. Лягчэй знішчыць важака, чым усю зграю. Як у ваўкоў.
Гадуноў прысунуўся бліжэй да манаха.
-І што ты прапануеш, Іёва?
-Калісьці, вельмі даўно, я вучыўся ў Падуі з адным цікавым хлопцам, які называў сябе Мікалай Бучэле. Ён шмат чым абавязаны мне і, што самае галоўнае, прагна любіць грошы.
— Чакай, — усхапіўся Гадуноў, — а чым нам можа дапамагчы гэты Бучэле?
Манах ледзь прыкметна ўсміхнуўся:
-Мікалай Бучэле — адзін з двух лекараў Баторыя.
Гадуноў узрадавана засмяяўся.
— І ты можаш яго купіць?
Манах моўчкі кіўнуў галавой.
-Цудоўна. Заўтра ж адпраўляйся ў Польшчу, адшукай свайго знаёмага і дай яму грошай.
Іёва зноў моўчкі кіўнуў.
-Слухай, манах, даўно хацеў запытацца: а чаму ты, ліцвін, нам дапамагаеш? Грошы цябе, бачу асабліва не цікавяць. Тады чаму?
-Бо я сапраўды ліцвін, і я не прымаю здрадніцкую Люблінскую унію. Калі гэта што гаворыць табе, баярын.
Гадуноў абыякава паціснуў плячыма…
Кавалькада паляўнічых шумна праехала замкавую браму і апынулася ў прасторным двары. Стэфан Баторый, славуты кароль Рэчы Паспалітай, саскочыў з каня і яшчэ раз кінуў вокам на вазы, што замыкалі паляўнічы рэй. На іх ляжалі два дзясяткі забітых сёння на паляванні дзікоў. Але зусім не яны грэлі душу магутнага ўладара. Асобным возам везлі агромістага, памерам з добрага бычка-траццячка, секача. З вялізнай пашчы тырчалі неверагоднай даўжыні жоўтыя іклы, усё яшчэ наводзячы страх на прысутных. І ў вачах караля зноў і зноў паўставала карціна сённяшняга палявання.
…Яны сядзелі на конях паўмесяцам, трымаючы ў руках доўгія дзіды. Брэх сабак у лесе паволі набліжаўся да вершнікаў. Праз якую хвіліну на паляне павінна была з’явіцца дзічына, якую выганялі загоншчыкі. І тут з хмызняку выйшаў велічэзны сякач. Памерамі дзік быў падобны на вялізны валун. Яго вочы гарэлі шалёным чырвоным полымем. Следам з гушчару выскачылі два загоншчыкі з трашчоткамі. Адзін з іх ледзьве не наскочыў на дзіка, і ад нечаканасці замёр на месцы. У руцэ ўсё яшчэ круцілася непатрэбная трашчотка. Раз’юшаны дзік рэзка павярнуўся да загоншчыка, у момант хібам збіў таго на зямлю, і вострымі кіламі ўпіўся ў небараку. Праз імгненне з хлопцам было скончана. А з боку лесу нарастаў брэх сабак. І тады сякач з усяе моцы кінуўся наперад да бліжэйшага вершніка. Ім і быў Баторый. Кароль не разгубіўся, замахнуўся дзідай і глыбока ўбіў яе ў карак кабана. Але звер, быццам і не адчуваючы болю, увагнаў прагныя кілы ў круп каня. Конь захрыпеў і пачаў завальвацца на бок. Кароль спрытна саслізнуў са спіны каня, кульнуўшыся праз плячо, выхапіў доўгі паляўнічы нож і рубануў па горле дзіка. Сякач працягла захрыпеў і задрыжаў у канвульсіях, не ў стане ўжо выцягнуць свае кілы з крупа павержанага каня…
І зараз, стоячы каля свайго любімага гарадзенскага замка, Стэфан Баторый адчуваў неверагоднае задавальненне: ёсць яшчэ сіла, ёсць яшчэ спрыт. І такі фінал чакае ўсіх каралеўскіх ворагаў.
Як і належыць у такіх выпадках, абед рабілі ў паляўнічай зале замка. Два рады сталоў былі застаўлены ўсялякімі стравамі: расольныя пеўні з імбіром і качкі з агуркамі, цяцеркі з шафранам і кнедлікі з мёдам… Але ўсё чакалі сапраўднага пачастунку — смажанай дзічыны, удала ўпаляванай сёння каралём. Госці весела і гучна гаманілі, ракой лілося такайскае, рэйнскае, мушкатэль. Баторый з задавальненнем аглядаў сталы, і сэрца поўнілася шчаслівым узрушэннем. Любіў, ох любіў ён сваю Гародню, дзе бавіў цяпер большую частку вольнага часу, дзе заўсёды былі яму рады гасцінныя гарадзенцы…
Дзесьці каля апоўначы кароль устаў з-за стала. Госці таксама падняліся і, дзякуючы і жадаючы гаспадару здароўя і дабрабыту, годна пакінулі залу. Кароль застаўся адзін. Да яго падышоў хатні лекар Мікалай Бучэле.
-Ваша мосць зноў п’е віно, — з адчаем загаварыў ён. — А Вам жа нельга. Ці памятае пан свой апошні прыступ «incapitisaffectionem»? Віно толькі пагаршае Ваш стан.
Кароль усміхнуўся.
-А вось твой калега Сімоніус наадварот кажа, што віно мае гаючыя ўласцівасці. Дарэчы, дзе ён?
-Гэты блазан ад медыцыны, Ваша моц, дзесьці швэндаецца па мясцовых кабетах, замест таго, каб займацца справамі. І я настойліва прашу, мой кароль, выпіць гэты лячэбны напой, каб віно не справакавала новы прыступ.
Бучэле дастаў з кішэні невялічкую бутэлечку і выліў яе змесціва ў кубак. Баторый з хвіліну глядзеў п’янаватымі вачыма на кубак і затым, на здзіўленне лекара, без слоў выпіў прапанаваныя лекі. Пасля чаго, зноў жа моўчкі падняўся з крэсла і накіраваўся ў спальныя пакоі…
З дзённіка каралеўскага сакратара Ежы Хякоры[1].
«6 снежня. Кароль з раніцы скардзіцца на цяжкасці ў грудзях, удушша і адчуванне, што яго кусае блыха.
7 снежня. Нягледзячы на забарону лекараў, кароль на кані едзе ў царкву. З вечара адчувае гарачку ў галаве. У яго няма апетыту. Аднак выпівае дзве шклянкі моцнага віна. Не можа спаць. Гуляючы па палацы, губляе прытомнасць, разбівае калена.
8 снежня. У Баторыя моцны прыпадак.
9 снежня. Увечары ў караля адбываецца новы прыпадак у спалучэнні з удушшам і сутаргамі. Бучэла дыягнастуе падучку.
10 снежня. Караля наведваюць канцлеры. Каралю крыху лепш. Але ўначы здараюцца новыя прыпадкі. Верны венгр Веселы намагаецца прывесці караля да свядомасці, адкрываючы яму рот, каб палегчыць дыханне. Лекары спрачаюцца пра карысць віна. Сімоніус сцвярджае, што пацыент пакутуе на дыхавіцу.
11 снежня. У караля спынілася мочаспусканне. П’е толькі ваду са спецыямі. Зноў быў прыступ.
12 снежня. Кароль вельмі слабы. У замак з’язджаюцца сенатары. Кароль сказаў Бучэлу:" Аддаю сябе ў рукі боскія", — аднак апошнія таінствы адкладаюцца на заўтра. Пад час другога прыступу жыццё караля абрываецца. Мы страцілі Стэфана Баторыя, вялікага караля Рэчы Паспалітай!"
Да вячэрняга малебну быў яшчэ час, і Фёдар Іаанавіч займаўся сваёй любімай справай: гуляў з блазнамі і карлікамі. Ён весела рагатаў, калі аднавокі карлік ускочыў на спіну апранутай у чорта карліцы і з крыкам: «Грэшніка чорт у пекла вязе», — паскакаў па палаце. Тут у дзвярах з’явіўся Барыс Гадуноў. Карлікі імгненна схаваліся пад лаву. Фёдар Іаанавіч з той жа цікавасцю, што і на блазнаў, стаў глядзець на баярына.
-З добрай весткай прыйшоў я, гасудар! — урачыста прамовіў Гадуноў і зрабіў паўзу, гледзячы на рэакцыю цара. Але той па-ранейшаму моўчкі з паўадкрытым ротам глядзеў на Барыса Фёдаравіча.
-Польскі кароль Стэфан Баторый памёр ад невядомай хваробы! Вайны не будзе…
Фёдар Іаанавіч расчаравана адвярнуўся ад Гадунова, прамовіўшы:
-Так сабе вестка… Я ж табе казаў: шчыра памолімся — і Бог адвярне ад нас ворага. Так яно і сталася. Гэй, блазны, а ну вылазьце з-пад лавы!
І зноў пачалася царская пацеха. Барыс Гадуноў крыху пастаяў, паглядзеў на гэтае вар’яцтва і прашаптаўшы: «А блазан застаўся…», — выйшаў з пакоеў…
Вайсковы патруль заўважыў жанчыну ў той момант, калі яна перабягала гандлёвы пляц. Тады адзін з салдатаў гучна крыкнуў:
— Стой! Страляць буду!
Жанчына тут жа спынілася, нібы наляцеўшы на якую сцяну, і паволі пачала паварочвацца да патруля. А салдат прыладзіў фузею да пляча, прыцэліўся і.
-Паф!- гук, падобны на стрэл, выляцеў з яго горла. Жанчына ад страху ажно прысела, але ўжо праз імгненне выпраставалася і кінулася з усіх ног прэч. Патрульныя весела зарагаталі і, паштурхваючы адзін аднаго, пакрочылі далей па вузкіх вуліцах начнога Гродна…
А жанчына, ужо больш асцярожна тулячыся да сцен дамоў, неўзабаве апынулася каля брамы езуіцкага касцёла. Яе чакалі, бо дзверы тут жа адчыніліся, і жанчына хуценька праслізнула праз іх.
У невялічкім пакойчыку весела патрэсквалі дровы ў каміне. У крэслах з высокімі драўлянымі спінкамі сядзелі чатыры мужчыны і з цікавасцю разглядалі начную госцю, што прывёў ксёндэ Петрушыньскі. Жанчына скінула з галаву капюшон, зняла плашч, і прысутныя пазналі ў ёй Брыгіту Казельскую, жонку нядаўна арыштаванага рускай паліцыяй графа Казельскага. Мужчыны ўсталі, пачціва вітаючы графіню. Прушыньскі прапанаваў даме крэсла і пачаў знаёміць яе з прысутнымі.
— Пан Краснадэмбскі, пан Мінорскі, пан Шыдлоўскі, пан Скажыньскі. А гэта, панове, графіня Казельская.
— Вяльможныя паны! — страсна загаварыла жанчына. — Як вам вядома, рыхтуецца сейм, які можа паставіць кропку на існаванні самой Рэчы Паспалітай. Я атрымала звестку ад сяброў з Саксоніі. Казімір Сапега паведамляе, што ў Лейпцыгу створаны паўстанчы камітэт, які гатовы да барацьбы супраць Расіі. Недалёка ад Гародні ў лясах чакаюць нашага сігналу каля трохсот інсургентаў, гатовыя падпаліць знішчальны агонь паўстання. Пазней, упэўнена, да іх далучацца тысячы сапраўдных патрыётаў Польшчы.
— Усё гэта вельмі добра, — заўважыў Мінорскі. — Але ж мы не ведаем пазіцыі караля Рэчы Паспалітай. Пад чые штандары ўстане ён, калі пачнецца гэтая бойка?
— Я ведаю, — гнеўна бліснула вачамі Казельская. — Кароль пойдзе з намі да апошняй мяжы.
— А я б не быў такім упэўненым, — загаварыў Скажыньскі. — Яго даўняя сувязь з Кацярынай якраз і дае падставу сумнявацца ў адданасці Айчызне караля Станіслава.
— Так, — падтрымаў паплечніка Шыдлоўскі, — падставы для сумненняў ёсць, і яны вельмі сур’ёзныя. А, па-другое, што будзе з Вялікім Княствам Літоўскім? Ліцвіны падтрымаюць паўстанне, калі атрымаюць гарантыі аднаўлення іх даўнейшых правоў, няхай і ў межах Рэчы Паспалітай.
Казельская ажно ўскочыла з крэсла.
— Зараз няма часу для гандлю. Расія праглыне і палякаў і ліцвінаў. Трэба дзейнічаць, а не разважаць, што будзе потым. Будзе тое, што наканавана Панам Богам!
— Але, тым не менш, як нам даведацца пра пазіцыю караля? Палац ачэплены салдатамі, — нагадаў Скаржыньскі.
І тут загаварыў ксёндз Петрушыньскі.
— Магчыма, я ў стане дапамагчы яснавяльможным панам сустрэцца з каралём.
Усе здзіўлена паглядзелі на святара.
— Так, — паўтарыў ён, — у стане дапамагчы. Ад касцёла да палацавай бажніцы ёсць ход, па якім я і правяду панства. Кожны дзень, а 16-ай гадзіне Станіслаў Аўгуст Панятоўскі моліцца ў адзіноце ў гэтай бажніцы. Бог даруе, калі мы парушым яго спакой…
Нягледзячы на позні час, у палацы Тызенгаўза свяцілася некалькі вокнаў на другім паверсе. За накрытым сталом сядзелі нядаўна прызначаны пасол Расіі ў Рэчы Паспалітай Якаў Сіверс і пасланнік па надзвычайных пытаннях яе імператарскай вялікасці граф Варанцоў.
— Ваша асноўная задача, — няспешна вёў гутарку граф, — нейтралізаваць большасць актыўнай шляхты. Тут будуць добрымі ўсе метады: хабар, шантаж, гвалтоўная смерць… Імператрыца дае неабмежаваныя паўнамоцтвы.
— А як з фінансаваннем вырашылася пытанне?
— У межах разумнага, але зноў жа ніхто Вас не абмяжоўвае канкрэтнымі сумамі. Галоўнае — вынік!
Сіверс задаволена ўсміхнуўся.
— І яшчэ, спадар пасол, — працягваў Варанцоў. — Па інфармацыі адданых Расійскай кароне шляхціцаў каля горада сабраліся атрады паўстанцаў, каб сарваць плануемы сейм.
— Я ведаю, — важна адказаў Сіверс. — У горад сцягнуты дадатковыя ваенныя сілы, вуліцы патрулюць казакі. Мы нават ведаем прозвішчы загаворшчыкаў у самым Гродне.
— Ужо арыштаваны? — пацікавіўся Варанцоў.
— Пакуль не. За імі прыглядаюць. Нам патрэбна іх сувязь з інсургентамі за межамі горада. А на заўтра я прызначыў вялікі баль з нагоды свайго Дня нараджэння. Прыйдзе ўся шляхта, бо ніхто не ў праве пакрыўдзіць пасла Расійскай імперыі адмовай. Паколькі яе вялікасць шчодра фінансуе гэтую аперацыю, свята, мяркую, працягнецца тыдні два. Так мы выб’ем з актыўнай палітыкі большасць дэлегатаў сейма. Ну, а што не зробяць віно і грошы, завершаць гарматы…
Ход да каралеўскай бажніцы быў вузкім і досыць нізкім. Але ўсе жвава крочылі за паходняй Петрушыньскага, які добра-такі арыентаваўся ў перапляценнях калідораў. Раптам ксёндз спыніўся і, павярнуўшыся да спадарожнікаў, прыклаў палец да вуснаў. Усе імгненна замерлі. Недзе ўверсе чуўся глухаваты мужчынскі голас. Петрушыньскі перадаў паходню Шыдлоўскаму і стаў падымацца па драўлянай лесвіцы, што стаяла пры сцяне, якую адразу ніхто не заўважыў. Падняўшыся на верхнюю прыступку, ён націснуў рукамі нейкую пліту, і яна тут жа ціха адкінулася ўбок. Імгненне — і ксёндз знік з вачэй. А яшчэ праз нейкую хвіліну яго галава паказалася ў праёме люка.
— Вяльможныя паны і пані, кароль чакае вас.
… Станіслаў Аўгуст Панятоўскі сядзеў у невялічкім крэсле, а пяць постацей загаворшчыкаў стаялі вакол яго. На працягу амаль паўгадзіны яны намагаліся пераканаць караля ўзначаліць барацьбу супраць Расійскай кароны. І калі б Панятоўскі даў сваю згоду, інсургенты тут жа вывелі б падземным ходам караля з Новага замка, даставілі ў Варшаву, дзе б пад каралеўскія штандары сабраліся ўсе патрыёты Польшчы, Літвы, Маларосіі. І яшчэ невядома, хто стане пераможцам у гэтай вайне. Але кароль маўчаў. І толькі калі ўсе довады прысутных былі прыведзены, кароль устаў і, не гледзячы нікому ў вочы, вымавіў:
— Я аддаюся ў рукі Пана Бога! Няхай ён вырашыць наш лёс.
А Гародню нібы апантаў нейкі д’ябал. Паўсюль іграла музыка, правіліся балі, ракой цякло віно, на картачных сталах узвышаліся горы злотых. Увесь час прыбывалі ў горад артысты, музыканты, розныя авантурысты. Гародня літаральна трашчала ад няпрошаных гасцей.
У ноч на 23 лістапада казакамі былі арыштаваны і вывезены з Гродна ў невядомым накірунку паны Краснадэмбскі, Мінорскі, Шыдлоўскі, Скажыньскі. А раніцай апухлых ад бясконцых свят, запаволеных у думках і рухах дэлегатаў сейма настойліва запрасілі сабрацца ў Сенатарскай зале каралеўскага палаца. Прыгожы, толькі што адрамантаваны двухпавярховы будынак у выглядзе літары П гэтым разам не быў такім гасцінным для дэлегатаў, як раней. Новы замак шчыльна акружылі дзве роты грэнадзёраў з чатырма гарматамі. Яшчэ адна рота ўтварала жывы калідор ад брамы да самога палаца. Па калідорах палаца перамяшчалася ўзмоцненая ахова.
У соймавай зале генерал Раўтэнфельд з групай афіцэраў назіраў за парадкам. Дэлегаты з жахам глядзелі на такую дэманстрацыю сілы, займаючы свае месцы ў зале. Увайшоў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі і моўчкі сеў у троннае крэсла. І тут жа наперад выступіў генерал Раўтэнфельд.
— Шаноўныя паны дэлегаты! Сёння апошні дзень сейма. Ужо заўтра вы сустрэнецеся са сваімі сем’ямі, сябрамі, будзеце спаць у сваіх ложках. Але гэта адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі зараз падпішаце трактат з Расіяй. У іншым выпадку ніхто адсюль не выйдзе!
— Якое вымаеце права нам пагражаць? — не вытрымаў малады дэлегат Урачэўскі.
— Маю такое права, — усміхнуўся генерал, — бо за мной стаіць армія расійскай імператрыцы.
Дэлегаты абурана загулі. На сярэдзіну залы выйшаў Сіверс.
— Панове, — лагодна загаварыў ён. — Баль працягваецца. Слугі рыхтуюць стол, музыкі настройваюць інструменты. Ці варта нам сварыцца праз нейкі трактат, ад якога вам ні холадна ні горача? Скончым хутчэй гэтую непрыемную справу і за сталы!
Паслы замаўчалі, уперыўшы вочы ў падлогу. Кароль бездапаможна адкінуўся на спінку крэсла і заплюшчыў вочы. Тады ўстаў кракаўскі пасол Іосіф Анквіц і з ўсмешкай на вуснах абвясціў:
— Я так мяркую, што ўсеагульнае маўчанне азначае поўную згоду. Так і паведамце, калі ласка, расійскай імператрыцы. А нам, шаноўнае панства, самы час прыняць запрашэнне дарагога пана Сіверса. Да столу, панове, да столу…
І зноў загула, закруцілася ў вар’яцкім танцы Рэч Паспалітая!
Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі сядзеў адзін у купэ вагона, гартаў нейкія тэрміновыя паперы, але ў думках быў вельмі далёка ад іх. Цэнтральны Камітэт адправіў яго, жалезнага Фелікса, з Вільні ў Беласток аператыўна стварыць новы польскі рэвалюцыйны ўрад. Гэта правільна: бальшавікі спяшаліся пераможна закончыць вайну з буржуазнай Польшчай, пасля чаго і спатрэбіцца сваё, менавіта бальшавіцкае, кіраўніцтва. І ён, Фелікс Дзяржынскі, выканае загад партыі, як, зрэшты, заўсёды і было. Іншае непакоіла Фелікса Эдмундавіча. Тэлефанаваў брат Казімір з Гародні. Вакол яго дома пачалі круціцца нейкія падазроныя асобы, неаднаразова пыталіся ў суседзяў пра самога Казіка: калі бывае дома, калі адсутнічае; пра Фелікса: ці тэлефануе, ці не збіраецца прыехаць… Казімір не ведае, хто яны і што ім трэба. І ўвогуле, ёсць важная справа, пра якую па тэлефоне не скажаш. Можа, прыехаў бы ў Гродна да брата, як абяцаў калісьці?
І праўда, Фелікс так і не сабраўся за гэтыя гады заехаць да брата і забраць тую чырвоную скрынку, што аддаў на часовае захоўванне. А абяцаў…
Перад вачамі пабеглі падзеі не такога ўжо і далёкага 1918 года. Ніхто нават з бальшавіцкіх кіраўнікоў не верыў, што яны здолеюць утрымаць уладу, якая літаральна звалілася ў рукі. Немцы, Карнілаў, Дзянікін, Калчак — хто толькі не марыў задушыць маладую савецкую краіну… Аднаго вечара да Дзяржынскага патэлефанаваў старшыня УЦВК Якаў Свярдлоў і папрасіў тэрмінова зайсці.
Свярдлоў сядзеў за сталом і нешта пісаў. Убачыўшы Дзяржынскага, махнуў рукою на крэсла. Праз якую хвіліну скончыў пісаць, закрыў папку і, жвава ўскочыўшы, пачаў нервова хадзіць па кабінеце.
— Фелікс Эдмундавіч, партыя ведае Вас як адданага і бясстрашнага бальшавіка. І Вы самі добра бачыце, у якой мы сёння знаходзімся сітуацыі. Ворагі сціскаюць кальцо вакол Петраграда. Рабочыя еўрапейскіх краін, на падтрымку якіх мы так спадзяваліся, не ўзнялі сцяг рэвалюцыі ў сваіх сталіцах. Заканчваюцца харчовыя запасы. Баюся, больш за тры-чатыры тыдні мы не пратрымаемся. І сёння наша галоўная задача — захаваць кіруючае звяно партыі. Рэвалюцыю мы яшчэ зробім, а вось такія адданыя і правераныя партыйныя кадры ў адзін дзень не адновіш. Таму, на выпадак вымушанай эміграцыі ці працы ў падполлі, мы ў розных месцах закладаем схованкі з дакументамі і каштоўнасцямі. Гэта дапаможа выстаяць партыі ў першыя гады буржуазнага тэрору. За адну такую схованку будзеце адказваць Вы, дарагі мой Фелікс Эдмундавіч. Партыя верыць Вам, і таму неабходна знайсці надзейных людзей у Паўночна-Заходнім рэгіёне Расіі і размясціць у іх вось гэтую скрыню.
Свярдлоў указаў на стол, на якім сапраўды стаяла чырвоная скрыня.
— Аддаць гэтую скрыню Вашы людзі павінны будуць толькі чалавеку, які скажа пароль «Добры дзень. Я прыехаў з Разліву па перадачу для дзядзькі». Вашы прапановы, Фелікс Эдмундавіч?
Дзяржынскі на хвіліну задумаўся.
— У мяне, таварыш Свярдлоў, зараз гасцюе родны брат. Ён з Гродна. Днямі збіраецца назад. Больш надзейнага чалавека цяжка і знайсці.
— Цудоўна, — адразу пагадзіўся Свярдлоў. — Жадаю поспехаў. І памятайце: абсалютная сакрэтнасць!
Ужо назаўтра Казімір Дзяржынскі ў суправаджэнні двух ахоўнікаў у цывільным рушыў у Гродна. А яшчэ праз тыдзень ахоўнікі далажылі, што аб’ект быў дастаўлены да месца пражывання без праблем. Неўзабаве памёр Свярдлоў, у сейфе якога знайшлі некалькі пашпартоў на розныя прозвішчы, грошы, залатыя вырабы. Рэвалюцыйныя падзеі закруцілі ў сваім віры Фелікса, і ён цалкам забыўся пра тую сустрэчу з Свярдловым. А тут гэты званок ад Казіка.
Краіна Саветаў паступова падымалася на ногі, але ворагаў вакол было яшчэ дастаткова. І што, калі нехта завалодае чырвонай скрыняй? Казімір, праўда, нічога пра скрыню не казаў, але прасіў чамусьці тэрмінова прыехаць. Так, перасцерагчыся ўсё роўна трэба. Скрыню неабходна забраць. І як мага хутчэй!
У невялічкім доме на Віленскім завулку, што мясціўся ў цэнтры Гродна, сабралася ўся група. Ілья Забяльшанскі агледзеў прысутных і задаволена хмыкнуў: баявік са стажам, арганізатар славутага замаху на Сталыпіна, ён даўно ўжо не бачыў разам столькі сапраўдных таварышаў-баевікоў, адданых справе сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
— Ну што, таварышы, першая частка нашага плана паспяхова спрацавала: Фелікс Дзяржынскі сапраўды занепакоіўся. Як паведамілі нашы людзі з бальшавіцкага ЦК, заўтра ён будзе праездам у Гродне. Такім чынам, мы адзываем групу з Беластока, і ўжо ўначы яна далучыцца да нас. А цяпер план аперацыі.
Забяльшанскі сеў у крэсла за сталом, астатнія размясціліся хто на чым.
— Цягнік з Дзяржынскім прыбывае на чыгуначны вакзал, а сёмай гадзіне раніцы. Сустракаць яго будуць мясцовыя чэкісты і на аўто адвязуць у былы палац Максімовіча, дзе зараз месціцца Гродзенскі рэвалюцыйны камітэт. Размовы, справаздачы, абед — мяркую, прамарудзяць яны дзесьці да вечара. Пасля чаго Фелікс наведаецца да брата. Сцяпан, што ў нас з засадай?
Падняўся змрочнага выгляду дужы дзяцюк.
— У хаце Дзяржынскага ўвесь час знаходзяцца нашы людзі ў складзе чатырох асоб. За мінулыя суткі да Казіміра ніхто не заходзіў, нічым не цікавіўся. Заўтра далучацца яшчэ пяцёра нашых людзей, ужо прыцягнулі кулямёт. Яшчэ трое размесцяцца ў сарайчыку, што насупраць хаты. З Феліксам, як паведамілі з Масквы, звычайна ходзяць толькі два ахоўнікі. Такім чынам, Дзяржынскі будзе акружаны і нейтралізаваны.
— Добра, а што з Казімірам?
— Пасля таго, як мы ўсё ж «угаварылі» Казіміра патэлефанаваць брату, — усміхнуўся здаравяк, — пасадзілі таго ў падвал, дзе ён і чакае сустрэчы з Феліксам.
— Што ж, таварышы, — Забяльшанскі падняўся з крэсла, — заўтра прыйдзе час адплаты большавікам за смерць у засценках ЧК нашых таварышаў, за здраду нашай агульнай справе! Мы пакажам моц сацыялістаў-рэвалюцыянераў! Нашы сябры з Масквы лічаць гэтую акцыю пачаткам вялікага тэрору, які прывядзе да істотных перамен у кіруючых структурах Расіі. Ужо запланаваны новыя акцыі падобнага тыпу. Поспехаў, таварышы!
Казімір пакранаў разбітыя вусны і скрывіўся: яны прыпухлі і крывілі. От жа паскуды, навучыліся біць! Сапраўдная банда. І тое, што яны хочуць забіць Фелікса, гэта зразумела. Нездарма ж столькі катавалі, каб патэлефанаваў брату. Таксама зразумела, што не пакінуць у жывых і самога Казіміра: нашто ім такі небяспечны сведка… Па праўдзе кажучы, калі бандыты ўламіліся ў хату, Казік быў упэўнены, што прыйшлі па скрыню. Але за гэтыя дні ніхто і слова не закінуў пра яе. Значыць, ім патрэбны толькі Фелікс, а пра скрыню яны не ведаюць. І білі толькі з адной мэтай: выцягнуць з яго дапамогам Фелікса ў Гродна. Бандытаў Казімір не вельмі і баяўся. Так, узброеныя дужыя баевікі, так, жорсткія і хуткія на кулак, але не прафесіяналы. Вось кінулі аднаго ў падвале, спешна агледзеўшы памяшканне, і павылазілі наверх, маўляў, холадна тут і нікуды палонны не дзенецца. А ў Казіміра пад бочкай з салёнымі агуркамі патаемны лаз зроблены — акурат за дрывотню. Яшчэ ў васямнаццатым выкапаў, як вярнуўся з Масквы, на такі вось экстрэмальны выпадак. Зрэшты, не толькі ён выкапаў. Ужо з чатырнаццатага года пачалі гарадзенцы капаць сабе схроны і лазы, бо вайна ёсць вайна. Таму збегчы з падвала не праблема. Пытанне, калі? Па-першае, трэба папярэдзіць Фелікса. Але калі знікнуць зараз, баявікі разбягуцца і здзейсняць свой план ужо ў іншым месцы. А добра было б накрыць усіх разам. І цяпер. Па-другое, як паведаміць Феліксу, калі той ужо дзесьці на пад’ездзе да Гродна. Казімір надоўга задумаўся. Гадзіны праз паўтары ў лазе паказалася галава вартаўніка.
-Жэрці хочаш? — з'едліва запытаўся той і кінуў пад ногі палоннаму кавалак хлеба. — Бяры, а агуркоў у бочцы наловіш. І з рогатам зачыніў люк. А ў галаве Казіміра імгненна нарадзілася ідэя. Ён перасунуў бочку крыху наперад, намацаў вечка крышкі лаза і пацягнуў на сябе. Затым скочыў у дзірку і закрыў крышку. У поўнай цемры навобмацак Казік прапоўз па танэлі і неўзабаве выбраўся наверх. Як і меркаваў, на двары ўжо добра сцямнела. Казімір накіраваўся да суседа-міліцыянта, які жыў праз два дамы.
Фелікс Эдмундавіч уважліва выслухаў старшыню Гродзенскага ўезднага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта таварыша Лігера пра вынікі барацьбы з контррэвалюцыяй у Гродне і застаўся незадаволеным.
-Тэрор і толькі тэрор мы павінны супрацьпаставіць контррэвалюцыйнай дзейнасці. Колькі чалавек вы арыштавалі за апошні месяц? Дваццаць? А павінны дзвесце! Колькі расстралялі? Траіх? А чаму не дзвесце? Добранькімі хочаце быць? З чыстымі ручкамі застацца? Не, шаноўныя, не выйдзе! Рэвалюцыі без крыві не бывае, таварыш Лігер! ЦК не задаволены Вашай працай.
Яшчэ праз дваццаць хвілін Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі з двума чэкістамі ехаў па вячэрнім горадзе, кіруючыся ў Новы Свет, аддалены раён горада. Машына спынілася на Садовай вуліцы. Адзін з ахоўнікаў выйшаў з аўто і рушыў да дома № 3. А ў ім ужо напагатове стаялі шасцёра мужчын з наганамі ў руках. Яшчэ адзін прыпаў да кулямёта ля акна.
-Гатовыя? — прыцішана запытаў Ілья Забяльшанскі. Усё моўчкі кіўнулі галовамі. — Страляць па маім загадзе.
І ўсе напружана пачалі ўглядацца ў ноч. Яны не чулі, як на кухні ціхенька падняўся люк у падлозе, і з падвала пачалі вылазіць узброеныя чэкісты. Як не чулі і тыя, што схаваліся ў сарайчыку, калі дзве постаці наблізіліся да задняй сценкі пабудовы і пачалі паліваць яе нейкай вадкасцю.
А тым часам чалавек з аўто ўжо падняўся на ганак і гучна крыкнуў:
— Ці ёсць хто жывы? Можна зайсці?
Ілья адчыніў фортку:
-А Вы да каго?
-Мне Казімір Дзяржынскі патрэбны.
-Ёсць такі. Заходзьце, калі ласка!
У гэты самы момант чэкісты, што хаваліся на кухні, ускочылі ў пакой і пачалі страляць у спіны баевікоў. Пачуўшы стрэлы, двое за сарайчыкам чыркнулі запалкай і падпалілі будыніну, кінуўшы ўдадатак праз маленькае акенца гранату. Грымнуў выбух. Хвіліны праз тры бой закончыўся. З машыны вылез Фелікс Эдмундавіч і няспешна ўвайшоў у дом. Навокал ляжалі забітыя эсэры. Разгарачаныя боем, чэкісты задаволена ўсміхаліся свайму славутаму начальніку. З-за спінаў выйшаў Казімір.
— Прывітанне, Фелікс!
— Прывітанне, брат!, — адказаў Фелікс Эдмундавіч і моцна паціснуў таму руку. — Дзякуй за дапамогу. Добра папрацавалі.
— Адну справу робім.
Яны прайшлі ў невялічкую спальню.
-Што са скрыняй? — строга запытаў Фелікс Эдмундавіч.
Казімір моўчкі ўстаў і выйшаў з пакоя. Праз колькі хвілін вярнуўся назад са скруткам у руках. Разгарнуў нейкія анучы, і на свет з’явілася чырвоная скрынка. Твар Фелікса прасвятлеў.
-А за гэта табе асаблівая падзяка! Ну як, нацярпеўся ад бандзюкоў? Нічога, яны за ўсё нам адкажуць.
Ён павярнуўся да дзвярэй.
-Славінскі!
У пакой увайшоў малады чалавек у пацёртай скуранцы.
— Прызначаю цябе старшынёй уезднага ВРК. Паперы аформім пазней. Бяры байцоў, і да раніцы каб сто закладнікоў сядзелі ў ЧК.
— Зразумела, таварыш Дзяржынскі! Што потым з імі рабіць?
— Раніцай публічна ў расход.
Славінскі імгненна знік. А браты яшчэ доўга сядзелі, успаміналі родных, знаёмых, падзеі апошніх гадоў, не звяртаючы ўвагі на стрэлы і крыкі з вуліцы…
Кароль Швецыі Карл ХІІ сядзеў за накрытым сталом у сялянскай хаце і няспешна снедаў у адзіноце. З нядаўняга часу ён забараніў, насуперак прыдворнаму этыкету, яшчэ каму кольвек прысутнічаць у час трапезы. Карл даеў салдацкую кашу, запіў некалькімі глыткамі крынічнай вады і выцер вусны сурвэткай. Пасля чаго паклаў у рот два пальцы і гучна свіснуў. Тут жа ў пакоі з’явіўся камер-юнкер барон Беркенгельм.
— Якія навіны, барон? — запытаў кароль.
— Ваша высокасць, позна ўначы ў лагер прыбыў князь Радзівіл з Гродна ў надзеі, што Вы акажаце міласць і прымеце яго.
— І чаму мне ўвесь час даводзіцца мець справу са здраднікамі? — Карл скамячыў сурвэтку і кінуў на стол. — Добра, паклічце яго.
Праз хвіліну на парозе з’явіўся высокі грузны мужчына сярэдніх гадоў.
— Добрай раніцы, Ваша вялікасць, — госць крыху схіліў галаву, але ўся яго постаць выказвала годнасць і самапавагу. — Я князь Караль Станіслаў Радзівіл, прадстаўнік наймагутнейшага роду Рэчы Паспалітай!
Карл адкінуўся на спінку крэсла і з яўнай пагардай у голасе прамовіў:
— Я слухаю Вас, князь.
Радзівіл зразумеў, што сесці яму не прапануюць, пачырванеў ад гневу, але пераадолеў сябе.
— Ваша высокасць, я тэрмінова пакінуў Гродна, каб паведаміць, што ў горадзе сабрана больш за дзве сотні гармат, прызначаных для ўзмацнення арміі цара Пятра, а таксама шмат харчовых прыпасаў. Гарадзенскі гарнізон малаколькасны і слабы, таму Ваша высокасць можа адным рашучым ударам захапіць і горад, і ўсю артылерыю.
Карл павярнуўся да Беркенгельма.
— Графа Піпера да мяне.
Барон імгненна знік за дзярыма.
— Паслухайце, князь, — кароль ужо з цікавасцю разглядаў Радзівіла, — а якая Вам карысць ад гэтай здрады?
Твар Радзівіла імгненна збялеў. Ён расправіў плечы і з годнасцю адказаў:
— Здраджвае той, хто прысягаў на вернасць. Я цару Пятру не прысягаў. Больш таго, я адмовіўся падтрымаць па яго загадзе войска самазванца Аўгуста сваёю шляхтай і грашыма. Мая шабля належыць каралю Станіславу Ляшчынскаму. І за гэта Пётр загадаў закаваць мяне ў жалеза, маю сям’ю адправіць у Сібір, а палац перадаць генералу-фельдмаршалу Агільві. Але верныя людзі паспелі папярэдзіць мяне. І з таго часу для мяне не існуе большай справы, чым справядлівая помста маскоўскім варварам.
Тым часам у пакой увайшоў тайны саветнік граф Піпер.
— Граф, — строга запытаў шведскі кароль, — ці ведаеце Вы, што ў Гродне сканцэнтравана вялікая колькасць гармат цара Пятра?
— Так, Ваша высокасць, — спакойна адказаў саветнік, — я гэта ведаю са слоў князя Радзівіла. А з данясення аўстрыйскага пасла я ведаю, што ў горадзе знаходзіцца не дзвесце, а амаль тры тысячы арудый. І зараз нашы лазутчыкі ў Гродне высвятляюць, хто сылгаў.
— Цудоўна, — Карл ускочыў з крэсла, — дзвесце ці тры тысячы — ролі не адыгрывае. Яны будуць маімі. Тэрмінова сюды ўсіх генералаў!
26 студзеня 1706 года шведскія войскі раптоўна з’явіліся пад сценамі Гродна. Разам з генерал-лейтэнантам Стэйнбокам Карл агледзеў умацаванні горада і прыйшоў да высновы, што крэпасць узяць штурмам немагчыма. Тады ён загадаў палкам Стэйнбока ўзяць горад у асаду, а сам з асноўнымі сіламі зноў кінуўся ў пагоню за саксонскім каралём Аўгустам.
Генерал-фельдмаршал фон Агільві сядзеў у гасцявой зале палаца Радзівілаў у акружэнні вышэйшых афіцэраў Гродзенскай крэпасці.
— Панове, — звярнуўся ён да прысутных, — цар Пётр запэўніваў мяне, што шведы заняты каралём Аўгустам і зараз ім няма справы да Гродна. Таму наш гарнізон і лічыўся сціплым, але вельмі важным рэзервам расійскай арміі. І вось, насуперак нармальнай ваеннай логіцы, мы аказаліся ў асадзе. Што будзем рабіць далей, панове?
Першым падаў голас князь Рэпнін.
— Ваша светласць, наш, як Вы сказалі, сціплы рэзерв налічвае 41 батальён пяхоты, 4 батальёны грэнадзёраў і 6 драгунскіх палкоў. Па маіх звестках, гэта ў паўтары разы больш, чым у шведаў, якія трымаюць нас у асадзе. У крэпасці сабрана дзве сотні гармат. Таму прапаную пры падтрымцы артылерыі нанесці ўсімі сіламі сакрушальны ўдар па ворагу і зняць асаду.
І Рэпнін ваяўніча прытупнуў нагой.
Слова ўзяў генерал Галарт.
— Я з задавальненнем выслухаў шаноўнага князя. Але вымушаны рашуча запярэчыць. Па-першае, мы не ведаем дакладную колькасць салдат у шведскай групоўцы пад Гродна. Па-другое, мы не маем дазволу яго царскай вялікасці Пятра Аляксеевіча на выкарыстанне рэзерваў арміі ў баявых дзеяннях. Рэзерв на тое і рэзерв, каб яго берагчы. Таму я прапаную адправіць кур’ера да цара Пятра па тлумачэнні нашых далейшых дзеянняў, а пакуль адседзецца за моцнымі сценамі крэпасці.
Пачалі выступаць і іншыя афіцэры. Меркаванні дыяметральна раздзяліліся. Частка прысутных падтрымлівала рашучыя дзеянні Рэпніна, іншыя даказвалі слушнасць прапаноў Галарта. Агільві нарэшце ўзняў руку — і вэрхал сціх.
— Панове, я ўважліва выслухаў вас, і вось мой загад як камандуючага. Адправіць кур’ера з данясеннем да цара Пятра Аляксеевіча. Узмацніць абарону і адрамантаваць крапасныя ўмацаванні. І ніякіх ваенных сутычак. Будзем чакаць. Усе могуць быць вольныя.
Застаўшыся адзін, Агільві ўзяў са стала маленькі срэбраны званочак і пару разоў яго страсянуў. Тут жа ў дзвярах узнік ад’ютант генерала-фельмаршала.
— Паклічце Маісея Пельціса.
Праз хвіліну ў залу ўвайшоў стары яўрэй з доўгімі пейсамі і рэдкай сівой бародкай.
— Добрага дня, яснаму пану, — нараспеў вымавіў Маісей і нізка схіліўся перад генерал-фельдмаршалам.
— Праходзь, Маісей, — ветліва адазваўся Агільві, — сядай у крэсла.
Маісей акуратна сеў на самы край, нібы баючыся, што крэсла не вытрымае яго высахлага цела.
— Прашу дараваць, ваша высокасць, — зноў заспяваў стары, — але што можа даць такому яснаму пану бедны яўрэй Пельціс?
— А мне сказалі, што Маісей Пельціс — самы багаты і паважаны ў Гродне яўрэй. Няўжо мяне падманулі?
— Так і ёсць, святлейшы мой пане. Злыя языкі мянтузяць, што карас хвастом па патэльні. Адныя нагаворы, адная злосць, прошу пана.
Агільві ўсміхнуўся.
— Добра, — перарваў ён галашэнні старога яўрэя. — Бедны дык бедны. Але ёсць магчымасць стаць багатым. Што ты на гэта скажашь?
Маісей тут жа спыніў енк і ўжо з цікавасцю паглядаў на генерала-фельдмаршала.
— Светлы пан жартуе са старога Маісея?
— Не, не жартую. Мне патрэбна дапамога надзейнага чалавека. І яна будзе добра аплочана.
-Тады я ўважліва слухаю вяльможнага пана, — і Маісей бліжэй падсунуўся да Агільві.
— У мяне сабралася значная колькасць розных залатых рэчаў. І іх трэба вывезці з горада, але каб ніхто пра гэта не ведаў. Зараз на дарогах неспакойна, нашто лішні раз рызыкаваць.
— А ці дазволіць ясны пан запытацца старому Маісею, колькі таго золата сабралася?
— Прыкладна пудоў 6−7.
У Маісея ажно акругліліся вочы.
— Такі, гэта не малы кавалак, светлы пан, каб ніхто не заўважыў.
— У тым і справа, што вялікі кавалак. А абозам не адправіць — надта кідаецца ў вочы.
— А дазволіць, ясны пан, яшчэ запытацца беднаму габрэю?
— Пытайся.
— А што гэта за рэчы з золата?
— Ну што, кубкі, талеркі, фігуркі жывёл. Ёсць вялікі гетманскі скіпетр. Ну і іншая драбяза.
— Стары Маісей так разумее, не дай Бог пана пакрыўдзіць, што гэта рэчы збеглага князя Радзівіла, у пакоях якога маю гонар размаўляць з ясным панам?
— Гэта канфіскаваныя рэчы здрадніка і злачынцы Радзівіла. І мой абавязак даставіць гэтае золата ў Санкт-Пецярбург. Толькі вось як?
Пельціс задумаўся, гледзячы ў акно палаца. Раптам яго твар пасвятлеў, і ён рашуча павярнуўся да Агільві.
— Калі Ваша светласць не забудзе ў сваёй міласці пра старога габрэя, я скажу пану, што рабіць.
Агільві нахіліўся, выцягнуў адну з шуфлядаў стала і дастаў прыгожы залаты кубак, аздоблены каштоўнымі камянямі.
— Тады гэта будзе тваім.
У Маісея імгненна загарэліся вочы.
— Ці абавязкова ясны пан павінен давезці да Пецярбурга золата ў выглядзе кубкаў, талерак і фігурак жывёл?
— Не, неабавязкова. Але да чаго ты вядзеш? — насцярожыўся генерал.
— Тады, пане, усё проста. У мяне ёсць стары сябар Ёшка Кіпман. Гэта вельмі добры майстар па адліву гармат. Ён за невялікую ласку пана пераплавіць усё золата і вылье з яго гармату. Знешне яна будзе выглядаць як сотні іншых, толькі з гербам вяльможнага пана. Ваша светласць зможа правезці яе хоць праз усю Еўропу, і ніхто ні пра што не здагадаецца…
Асада Гродна доўжылася ўжо трэці месяц, калі генерал-фельдмаршал сабраў чарговую вайсковую нараду.
— Панове! — пачаў свой выступ Агільві. — Прыйшоў час для рашучых дзеянняў. Мы атрымалі загад цара Пятра Аляксеевіча тэрмінова пакінуць горад. Маланкавым ударам мы прарвем шведскую асаду ў брэсцкім накірунку і рушым на Украіну, дзе стаіць армія генерала Галавіна. Яго царская вялікасць таксама загадвае максімальна аблегчыць вайсковыя калоны, каб не завязнуць у палескай гразі і хутка адарвацца ад ворага. У сувязі з чым загадваю ўсю маёмасць спаліць, гармат пакінуць з разліку адна на батальён. Астатнія ў Нёман. Пачатак аперацыі прызначаю на чацвёртага красавіка. З Богам, панове!
Афіцэры моўчкі ўсталі, пакланіліся і пакінулі залу. Агільві падышоў да кніжнай шафы, націснуў плячом на яе — і шафа прытапілася ў сцяне, адкрыўшы праход у невялічкі пакойчык. На падлозе ў металічных скобах ляжала гармата, каля якой, прыплюшчыўшы вочы, драмаў Маісей Пельціс. Пачуўшы крокі, ён прыўзняўся і пакланіўся генерал-фельдмаршалу.
— Добры дзень, ясны пан! Вось і Ваш заказ.
Агільві наблізіўся да гарматы і пачаў з цікавасцю яе разглядаць. Рэч была зроблена па-майстэрску і знешне нічым не адрознівалася ад звычайнай гарматы. Нават былі заўважны невялічкія чорныя кропачкі ад пораху. Упрагожваў гармату фамільны герб Агільві - арол з распрасцёртымі крыламі.
— Цудоўна! — усклікнуў генерал. Ён дастаў кашэль з грашыма і кінуў у рукі Маісею. — Разлічыся з майстрам і трымай язык за зубамі.
— Так, вяльможны пан, стары Маісей хутчэй адрэжа сабе язык, чым успомніць пра гэтую гармату.
І, кланяючыся, ён выйшаў з пакойчыка праз другія дзверы, што вялі на задні двор палаца. Следам выйшаў і Агільві. На двары яго ўжо чакалі чатыры салдаты начале з вусатым сяржантам.
— Гармату пагрузіць у штабную фурманку!- загадаў генерал-фельмаршал і не крануўся з месца, пакуль не пераканаўся, што загад выкананы.
Руская армія выступіла з Гродна дзвюма маршавымі калонамі і паспяхова пачала перапраўляцца праз Нёман па плавучым мосце, практычна не сустракаючы супраціўлення шведаў.
На правым беразе Нёмана з абодвух бакоў маста стаялі сямёнаўцы, уважліва сочачы за парадкам на пераправе. Любую фурманку з маёмасцю тут жа адцягвалі ў бок і спіхвалі у раку. Не менш пільна пералічвалі і гарматы.
— Адна на батальён!- увесь час паўтараў вусаты капітан. — Астатнія ў Нёман.
Неўзабаве пад’ехала чарговая фурманка.
— Чыя фурманка?- строга запытаў капітан.
— Штаба Прэабражэнскага палка.
Капітан зазірнуў у вазок. Там стаялі шчыльна нейкія скрыні і ляжала гармата з выявай арла.
— А гармата для чаго штабу палка? — зноў запытаў вайсковец.
— А Бог яе ведае, — адказаў фурманшчык. — Ляжала ўжо з раніцы.
— Непарадак, — крэкнуў капітан і павярнуўся да сваіх салдат. — Выкінуць да халеры.
Дужыя сямёнаўцы хуценька выцягнулі гармату генерал-фельдмаршала Агільві і пхнулі з высокага берага ў Нёман. Рака імгненна праглынула яе, як і дзясяткі папярэдніх гармат.
А коні, адчуўшы, як палягчэў вазок, весялей пабеглі праз мост.
Руская армія бадзёра выбіралася са шведскай асады.
Гістарычная даведка.
Як толькі шведская армія адышла ў Саксонію, Пётр І загадаў палкоўніку князю Аляксею Галіцыну, узяўшы 3 батальёны пяхоты, вадалазаў і афіцэраў, якія непасрэдна скідвалі гарматы ў Нёман, вярнуцца ў Гродна і падняць гарматы. Галіцыну ўдалося знайсці толькі адзінаццаць гармат. Тым часам высветлілася, што гарадзенцы ўжо паспелі падняць і прадаць частку гармат. Аднак знайсці і вярнуць гэтыя гарматы не ўдалося.
У верасні 1966 года пад час расчысткі русла Нёмана былі падняты некалькі пятроўскіх гармат, якія сёння знаходзяцца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным мезеі. Залатой гарматы сярод іх не было…
[1]Па меркаванні некаторых гісторыў пад гэтым імем выступаў доктар Бучэла
Делать сюрпризы — это всегда так приятно. Особенно делать маленькие сюрпризы деткам. Подарите вашей малышке куколку Лол, которую вы можете приобрести по ссылке в светящейся одежде.
Если вы собираетесь в Узбекистан, вам необходимо знать, какая погода вас ожидает. Самый достоверный прогноз погоды на сайте uzbekistan.spr.ru. СПР — это межрегиональный проект, который также содержит в себе каталоги организаций по регионам и городам. Удобный и практичный сервис.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…