Апошнія два гады ў гродзенскіх Telegram-каналах, набліжаных да сілавікоў, публікуюць «пакаянныя» відэа з затрыманымі за татуіроўкі са свастыкай і іншай падобнай сімволікай або перасылку такіх малюнкаў. Блізкая да праваахоўнікаў крыніца мяркуе, што гэтыя людзі сталі ахвярай агульнай барацьбы з іншадумствам. Праваабаронца і былы сілавік мяркуюць, што такім чынам дыскрэдытуюць нязгодных з рэжымам. Блізкі да затрыманых за нацызм тлумачыць: малявалі свастыку і зігавалі яны «па прыколе». Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла рух у Гродне.
У сярэдзіне 2022 года, калі на ўсю моц практыкаваліся «пакаянныя» відэа, пачалі з’яўляцца і відэа з затрыманымі з нацысцкай сімволікай на татуіроўках. Гэта было напярэдадні Дня Перамогі 9 траўня. Мужчына прынёс прабачэнні ветэранам ВАВ і людзям, якія пацярпелі ад дзеянняў фашыстаў. Ён быў апрануты ў кашулю з шлейкамі - гэта элемент адзення скінхэдаў. Некаторыя з іх сапраўды прытрымліваюцца нацыяналістычных поглядаў. Да гэтага затрымання ўжо судзілі па адміністрацыйцы за прапаганду нацызму медыка з Гродна, спрабавалі выкрыць у ім мастака Алеся Пушкіна і знайшлі ў затрыманай кнігу Адольфа Гітлера.
З таго моманта Telegram-канал «Право имеют» зафіксаваў больш за 25 затрыманняў і судоў за нацысцкія сімвалы на целе або ў сацсетках. Адзін з затрыманых расказаў, што быў футбольным фанатам і ў той час набіў сабе татуіроўкі з нацысцкай сімволікай. На шыі ў яго — арол са свастыкай. У чарговага «фаната» — калаўрат і надпіс «Славянин» на жываце.
Лідчанін набіў татуіроўкі у месцах пазбаўлення волі. У 2023 годзе ў Гродне затрымалі хлопца з набітым малюнкам «Чорнае Сонца». Ён расказаў, што зрабіў татуіроўку, думаючы, што гэта старажытны славянскі абярэг.
Распранаюць да бялізны і прымушаюць прасіць прабачэння
Як правіла, за такія дзеянні судзяць па арт.19.10 КаАП — людзям даюць штраф некалькі базавых велічынь або некалькі сутак арышту. Гродзенца Паўла Біча, якога двойчы затрымлівалі за татуіроўку, на трэці раз судзілі па крымінальным артыкуле. Па арт. 341−1 КК «Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі» яму прызначылі два гады калоніі.
Арт. 341−1 КК, які ўстанавіў крымінальную адказнасць за неаднаразовыя (на працягу года пасля накладання двух адміністрацыйных спагнанняў за такія дзеянні) прапаганду або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі, з’явіўся са змяненнем Крымінальнага кодэкса ў канцы 2021 года.
Праваслаўнага святара з Гродна Мікалая Гайдука аштрафавалі паводле ч. 1 арт.19.10 КаАП, хоць ён растлумачыў, што нацысцкую сімволіку размяшчаў як частку гістарычнай фатаграфіі з мэтай крытыкі нацысцкіх поглядаў.
Летам 2024 года затрымалі двух хлопцаў, якія перасылалі адзін аднаму нацысцкія сімвалы ў закрытай групе.
Пры затрыманні, як правіла, здымаюць відэа і робяць фатаграфіі. Для гэтага распранаюць літаральна да трусоў. Затрыманыя просяць прабачэння ў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і абяцаюць вывесці татуіроўкі. Пры гэтым сілавікі адзначаюць, што затрыманыя — футбольныя фанаты і раней судзімыя.
Некаторыя затрыманні адбыліся па наводцы занепакоеных грамадзян. Падобныя асцярогі яны выказвалі яшчэ ў 2016 годзе — і вось да іх прыслухаліся.
«Малявалі па прыколе»
У адным з затрыманых апошнім часам крыніца Hrodna.life пазнаў свайго знаёмага. Нацысцкіх поглядаў у яго ён не заўважыў. «Я афігеў, калі прачытаў навіну. Блін, за нацысцкія погляды… Пацан як пацан. Вучыўся хрэнова. Пасля 10-га класа пайшоў паступаць — у 11-ы не пайшоў. На ўрокі хадзіў рэдка. Звычайны такі чувак, які вучыцца на 3−4, максімум 5. Усё па барабану. Фраярок такі. З нагоды нацызму нічога не скажу».
«Чаму мы намалявалі гэта тады? Мы намалявалі сябру „свастуна“ (свастыку — Hrodna.life) па прыколе», — распавёў адзін з людзей, знаёмых з затрыманымі. У яго на тэлефоне знайшлі фота з надпісамі з нацысцкай сімволікай і зігамі. На банэрах, вуліцах яе не малявалі, адзначае крыніца.
Нацызм прыпісваюць футбольным фанатам
Нацысцкія татуіроўкі часта прыпісваюць футбольным фанатам. Крыніца Hrodna.life з асяроддзя тлумачыць: фанацкі рух традыцыйна з 90-х прытрымліваецца правай ідэалогіі. «Тады вельмі часта на сектары футбольных фанатаў прысутнічалі тыя, хто выступаў супраць „ч*рных“ і *ачэй» [цемнаскурых і каўказцаў — удакладненне Hrodna.life], эмігрантаў - гэта былі скінхэды. З таго часу, я так мяркую, пайшло: раз у дзвіжы ёсць скінхэды, значыць, яны правыя. І зігі тады кідалі скінхэды, і 14 88 [кодавы лозунг неанацыстаў - Hrodna.life]. Укаранілася гэта ў руху".
У Беларусі практычна ўсе фанацкія рухі былі правымі, мяркуе крыніца. З «левых» — толькі некалькі груповак. Здараліся бойкі, прычым біліся не таму што хтосьці выступаў за ці супраць мігрантаў, а проста: раз іншыя — значыць, ворагі.
— Так, мы зігавалі ў 2010-я гады. Гэта было прыкольна, модна, калі ўсе гэтыя дзвіжухі ішлі з Еўропы. І на сектары песеньку «Зіна Зоя» крычалі. Асабліва, калі прыязджалі рухі левыя да нас, мы заўсёды зігавалі. Паказваючы ім, што мы правыя, а яны — левыя. Проста правы рух — пазігаваць. Мы не зігавалі прям нацысцкім прывітаннем, мы ўскідвалі руку, як фанаты. Прыкольна было. Шчыра, хрэн ведае, [чаму] - тлумачыць крыніца.
З тых часоў, 2000-х-у многіх засталіся і татуіроўкі накшталт ACAB (абрэвіятура ад «All Cops Are Bastards», «Усе копы — ублюдкі» — Hrodna.life) і калаўратаў.
Мужчына ўдакладняе, што яму не падабаўся Гітлер. Пра стаўленне да мігрантаў «інтэлектуальных размоў» на ўзроўні руху ён не памятае. Асобныя людзі ў руху сапраўды «самі сабе ненавідзелі *ачоў», але погляды іншым не навязвалі. Сама жа крыніца ставіцца «дрэнна» да мігрантаў, якія прыязджаюць у Еўропу на дапамогі.
Зараз жа дзялення ў фанацкіх колах няма, тлумачыць крыніца. Адышлі ад «правай» тэмы бліжэй да 2015 года, таму што больш не было «левых» — сышлі каманды, якіх яны падтрымлівалі. Бойкі скончыліся, бо міліцыя ўсё «ўзяла пад каўпак». Асабліва сілавікі зацікавілася фанатамі пасля Майдана ва Украіне ў 2014 годзе, мяркуе мужчына. «Левыя» і «правыя», якія дзясяткі гадоў ладзілі бойкі і лавілі адзін аднаго па дварах, цяпер могуць сябраваць. А падчас пратэстаў 2020 года фанацкія рухі і зусім аб’ядналіся.
— Чаму цяпер спрабуюць прыпісаць, хоць мы [адзін з рухаў - Hrodna.life] не атаясамліваем сябе ні з правымі, ні з левымі? Усё гэта робіцца для таго, каб паказаць, што гэта нацыст, ён прытрымліваецца такой ідэалогіі, на простага абывацеля гэта дзейнічае як чырвоная ануча, — распавяла крыніца. — Усе фанаты ў іх апрыёры ідуць як неанацысты: «Глядзіце, яны яшчэ і Гітлеру пакланяюцца». Па сутнасці, самога нацызму як такога ў Беларусі няма. Гэта ўсё па большай частцы культывавалася з боку дзяржавы. Фанаты — гэта заўсёды праблема для дзяржавы, бо гэта арганізаваныя людзі. Гэта людзі, якія могуць самаарганізавацца ў лічаныя хвіліны, гадзіны. Гэта некантралюемыя групы, якія цалкам, калі ёсць колькасць, маюць сілу, — тлумачыць мужчына.
Аднолькавыя меры, розныя артыкулы
І нацыстаў, і фанатаў курыравала адно упраўленне ГУБАЗіКа, распавёў Hrodna.life прадстаўнік BELPOL. Па іх прымалі аднолькавыя меры, выкарыстоўваючы розныя артыкулы КаАП. Іх трымалі на кантролі і спрабавалі «ўсунуць агентуру» ў рух.
— Гэтых людзей асцерагаюцца, бо гэта, як правіла, мужчыны. У асноўным — фізічна развітыя, моцныя, займаюцца рознымі відамі спорту. Яны — людзі непакорлівыя, не баяцца сілавікоў, пагарджаюць імі, могуць аб’яднацца і ўяўляюць пэўную небяспеку. Гэтага ў нас у Беларусі не любяць — любыя аб’яднанні, — распавёў прадстаўнік BELPOL.
Сілавікі трапілі пад расійскую прапаганду пасля 2014 года, мяркуе ён. І рэальнай прычынай адпрацоўкі была не рэабілітацыя нацызму, а патэнцыйная магчымасць пайсці супраць дзяржавы. Усе групы — фанатаў, нацыстаў, анархістаў - вырашылі браць пад жорсткі кантроль. «А як растлумачыць грамадзянам Беларусі, што ўсе футбольныя фанаты рэзка сталі дрэннымі людзьмі? Зручней за ўсё засоўваць пад прапаганду нацызму, таму што мы пацярпелі 80 гадоў таму ад гэтага. Гэта нашы беларусы зразумеюць. І гэтыя ўсе сімвалы… Аказалася так, што палова фанатаў з гэтымі сімваламі».
Прадстаўнік BELPOL кажа, што «рэальных» нацыстаў, якія былі б агрэсіўна настроеныя да нейкіх груп людзей, не сустракаў. Ён не выключае, што яны могуць быць — але ў Беларусі іх не так шмат, як было ў Расіі. Калі і даводзілася кагосьці з нацысцкай сімволікай затрымліваць асабіста, то, як правіла, за іншыя злачынствы. Напрыклад, крадзеж.
Два тыпы нацыстаў
У Беларусі субкультура нацыстаў сфармавалася каля 70-х гг XX стагоддзя. У 90-я з’явіліся арганізацыі з больш-менш структураванай ідэалогіяй, распавёў Hrodna.life доктар палітычных навук, дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.
Тады ж, у 90-х, у Беларусі правялі даследаванні руху нацыстаў. Андрэй Казакевіч удзельнічаў у даследаванні як інтэрв'юер. Яно паказала, што маладых людзей прыцягвае перш за ўсё стылістыка: адзенне, музыка, плакаты, сімволіка.
— Фарміраванне рэгіянальных варыяцый нацызму ідзе, як правіла, з запазычанняў стылю і сімволікі, асноўных ідэй. А далей яны разбаўляюцца мясцовымі элементамі. У беларускім асяроддзі ёсць дзве такія часткі ў гэтай субкультуры: рускі, панрускі нацызм, славянскі — тыя, якія асацыююць сябе з рускай супольнасцю, і нейкая частка спрабуе ўключыць у сваю крытычную сістэму поглядаў, элементы беларускай культуры, беларускай гісторыі. І, уласна, гэта можна лічыць лакальнай версіі нацызму. Хоць гэта вельмі размытае, таму што нейкага руху з выразнай ідэалогіяй не існуе.
Як правіла, ёсць два тыпы «нацыстаў», раскрывае Казакевіч. Першы — інтэлігент з пачуццём адчужэння, незадаволены светам і які лічыць сябе нонканфармістам. Ён не гатовы прымаць бягучую палітычную і культурную рэальнасць — дзе дамінуе лібералізм, мультыкультуралізм. Часцей гэта адбываецца яшчэ падчас студэнцтва. Ён менш бачны, радзей робіць агрэсіўныя татуіроўкі. Часцей чытае кнігі. Другі - фрустраваны малады чалавек, часта — фанат або хуліган, «гопнік». Як правіла, гэта «мужчынская» субкультура, куды ідуць людзі з невысокім дастаткам і крыніцамі фрустрацыі — беспрацоўем, канкурэнцыяй на працы з іншымі нацыянальнасцямі.
Міліцыя адпрацоўвае хутчэй другі тып, паколькі ён звязаны з адкрытымі і сілавымі праявамі.
Ахвяры барацьбы з іншадумствам
Палітолагі і былыя сілавікі ў размове з Hrodna.life успамінаюць 2014 як кропку адліку, пасля якой правымі рухамі і футбольнымі фанатамі зацікавіліся ў Беларусі. Таксама эксперты адзначаюць, што статыстыкі па затрыманнях няма. Відаць толькі тое, што гэтыя затрыманні пачалі больш актыўна асвятляць.
«Экстрэмісты», «нацысты», асабліва ў фанацкім асяроддзі, пасля 2014 года сталі «таргет-групай» 3-га ўпраўлення Губазіка, распавёў Андрэй Казакевіч. Людзей з праварадыкальнымі поглядамі сталі «адпрацоўваць». Пры гэтым, напрыклад, да рускіх фашыстаў прэтэнзій заўсёды было менш, чым да беларускіх. Цяпер складана сказаць, надаюць ім больш увагі ці менш. Рэальнай статыстыкі няма, а арыентавацца на колькасць публікацый — не самы надзейны спосаб.
— Чым небяспечная такая сегрэгацыя па нейкім відзе дзейнасці людзей? Як у нас пачалі па наркотыках людзей прэсаваць, футбольных фанатаў, людзей з любой сімволікай, тату. Пэўныя падраздзяленні на гэтым зацыкліваліся, спецыялізаваліся, і там у іх выпрацоўваліся гэтыя жорсткія падыходы да людзей. Затым гэтыя жорсткія меры, якія ўжываліся да вузкіх груп, перайшлі на падаўленне ў палітычнай сферы ўсіх, — распавёў прадстаўнік BELPOL.
Блізкая да сілавых структур крыніца рэдакцыі і зусім мяркуе, што імі пачаліся займацца ў рамках «барацьбы з БЧБ». Маўляў, участковаму ставяць задачу адгледзець лайкі і падпіскі ў сацсетках. Разам з матэрыяламі, прызнанымі экстрэмісцкімі, ён звяртае ўвагу і на свастыку і т.п. Сапраўды, у базах судовых рашэнняў сустракаюцца справы, калі судзілі адначасова і за «экстрэмісцкія» падпіскі, і за прапаганду нацызму. Тое ж, мяркуе крыніца, і з татуіроўкамі: углядаюцца, каб знайсці БЧБ, і заадно затрымліваюць за свастыку. Нацыстаў крыніца пры гэтым называе ахвярай агульнай барацьбы з іншадумствам.
Раней жа, сцвярджае ён, спецыяльна іх не адпрацоўвалі і сур’ёзна не ставіліся. Лавілі, давалі штраф і бралі абяцанне звесці татуіроўку. Крыніца ўспамінае дзіўны буклет-памятку са сваёй працы з нацысцкай сімволікай, які быў да 2020 года. Там была «каша»: сімволіка Ку-Клукс-Клана, заходнееўрапейскіх фашыстаў. Ён мяркуе, што хтосьці ў Цэнтральным апараце проста нагугліў малюнкаў па тэме, не ўнікаючы ў яе.
Група праваабаронцаў лічыць, што затрыманне нацыстаў у тым ліку служыць для дыскрэдытацыі людзей з дэмакратычнымі поглядамі.
— Я падазраю, што нацысцкія сімвалы — гэта ўсяго толькі атрыбут, які выкарыстоўваецца для штучнага змешвання двух розных груп і ніяк не перасякальных поглядаў. У адзін шэраг сілавікі мэтанакіравана ставяць людзей з татуіроўкай нацыянальнага герба Украіны, Пагоні, прызнанай гісторыка-культурнай каштоўнасцю беларускага народа, і свастыкай, якая гістарычна з’яўляецца сімвалам нацызму, — мяркуе Віка Рудзянкова, юрыстка ПЦ «Вясна».
Адказнасць дапускаецца, але не такімі метадамі
Праваабаронцы асвятляюць некаторыя затрыманні «нацыстаў», паколькі інфармацыя пра гэта прыходзіць з «пакаяльных» відэа. Юрыстка Віка Рудзянкова адзначае, што сам факт такіх відэа — незаконная практыка, якая парушае прынцып гуманнасці і свабоду ад катаванняў і бесчалавечнага стаўлення.
Міжнародныя стандарты правоў чалавека сапраўды прадугледжваюць забарону і дапускаюць адказнасць за нацысцкую сімволіку. Таму пераслед у рамках заканадаўства і адпаведны стандартам правоў чалавека, можа быць прымальным і практыкуецца ў розных дэмакратычных краінах. Віка спасылаецца на артыкул 20 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Артыкул 10 Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека.
Процідзейнічаць прапагандзе нацызму — гэта абавязацельства дзяржаў, адзначае Віка. Гаворка ідзе не толькі аб прапарцыйным пакаранні, але і асвеце, маніторынгу, кааперацыі з іншымі краінамі. Цяперашняя барацьба з экстрэмізмам крытыкуецца беларускімі праваабаронцамі і міжнароднымі актарамі. Яна наадварот прыводзіць да радыкалізацыі грамадства.
У цэлым, забарона на дэманстрацыю фашысцкіх сімвалаў у Беларусі актуальная і лагічная, лічыць беларускі палітычны аналітык Вадзім Мажэйка. Дазволіць сабе больш свабоды ў гэтым могуць краіны, якія менш пацярпелі ад яе — напрыклад, у ЗША.
У большасці краін праварадыкальнага асяроддзя разглядаецца як патэнцыйная крыніца праблем і пагроз. З ёй вядзецца праца, адзначае Андрэй Казакевіч.
Прадстаўнік BELPOL прапануе пытацца грамадства перад даданнем сімволікі ў спісы экстрэмісцкіх і забароненых. Ён упэўнены, што БЧБ-сцяг ніхто не палічыў бы нацысцкім.
Адценні нацызму
У затрыманнях супаў ідэалагічны і бытавы моманты, лічыць Вадзім Мажэйка. Ён тлумачыць «запыт» на барацьбу з нацызмам супрацьстаяннем Беларусі і Захаду.
— Беларускі рэжым спрабуе заняць бок у барацьбе з нацызмам. Другая Сусветная вайна адыгрывае ўсё большую ролю ў ідэалогіі. Пасля 2020 года гэта яшчэ больш актывізавалася — жаданне прадставіць увесь навакольны свет у бок Захаду нацыстамі, а мы з нацыстамі змагаемся. Адсюль і тэмы пра Зноў адкапаны генацыд беларускага народа, і абвінавачванні пра сцяг нацысцкі. Увогуле, жаданне максімальна сябе зрабіць беленькімі, а апанентаў — чорненькімі. < … > У рэальнасці ж зразумела, што ніякага актыўнага нацызму ў Беларусі няма. Для мяне апавяданні пра банды скінхэдаў - гэта дзесьці ў Расіі, у 90-х.
Таму ўлады, мяркуе Вадзім, канструююць рэальнасць, а не працуюць з рэальнымі праблемамі. А «практычная» частка — тое, што сілавікам так можна выконваць лёгкую працу, а не раскрываць рэальныя злачынствы.
Тое, што сілавікі прэзентуюць як нацызм, — гэта сумесь неанацызму, неапаганства, славянства, панславянства, лічыць Вадзім Мажэйка. Панславянства падтрымліваецца з Расіі. «Вось яна, цалкам рэальная праблема. Тыя, хто распавядаюць, што ўкраінскага народа не існуе, а калі існуе, то яго трэба забіць ці перавыхаваць — гэта самыя што ні ёсць нацысты побач». Але з гэтым нацызмам змагацца няма палітычнай волі і сілы.
Вадзім Мажэйка лічыць, што знак роўнасці паміж нацыстамі і футбольнымі фанатамі, нацыстамі і супернікамі рэжыму ставіцца, таму што гэта зручна — «усіх памазаць чорнай фарбай». Футбольныя фанаты, анархісты — групы, якіх улады баяліся. І нездарма: падчас пратэстаў 2020 года менавіта яны жорстка супраціўляліся, сталі арганізаванай сілай і былі гатовыя яе ўжываць, успамінае Вадзім.
Ці могуць нацысты аб’яднацца і стаць сур’ёзнай сілай?
У сённяшняй Беларусі тыя, каго ўлада лічыць нацыстамі, наўрад ці могуць стаць небяспечнымі, лічыць крыніца, блізкая да сілавых структур. Ён апісвае групу як звычайных падлеткаў, якім не дазволяць самаарганізавацца. Ды і змагацца ім няма з кім, лічыць ён. У Беларусі няма столькі мігрантаў або этнічных груп, якія маглі б стаць аб’ектам іх нянавісці. Гэта больш характэрна для Расіі ці Заходняй Еўропы.
Сам рух цяпер разнастайны і аморфны, лічыць Андрэй Казакевіч. Уся субкультура трымаецца хутчэй на стылі, чым на палітычных ідэях. Часта ў руху прыходзяць і сыходзяць. Хтосьці сыходзіць у паганства, хтосьці - у праварадыкальныя сучасныя рухі, хтосьці — у традыцыйную культуру. Казакевіч дапускае, што ёсць прычыны «адпрацоўкі» групы, пра якую міліцыя не паведамляе.