Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц — самы час задумацца пра святочны дэкор. Hrodna.life вывучыў, якія гродзенскія крамы і майстры ўжо пачалі прадаваць святочныя аксэсуары для дома.
Крама Jennie.t: перадзаказ на ёлку і калядныя боксы
У каляднай краме гродзенскай блогеркі Яўгеніі Тарасенкі ўжо можна аформіць перадзаказ на яліну. Штучнае дрэва вышынёй у два метры і з эфектам прыцярушаных снегам іголак абыдзецца ў 590 руб., класічная трохметровая ялінка каштуе 1350 руб. Адзін з самых бюджэтных варыянтаў, які прапануе крама Яўгеніі - метровая ёлка за 125 руб.
Таксама ў краме можна набыць навагодні дэкор. Напрыклад, тут ёсць «пудравыя» ёлачныя цацкі ў ружовых адценнях, коштам ад 6 да 68,5 руб. Ёсць і рэтра-калекцыя з цацкамі, стылізаванымі пад савецкія.
У продажы ёсць таксама калядныя кружкі, свечкі і падарункавыя боксы.
Калядная крама Jennie.t Home знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў, 57.
Час працы: 10.00 — 21.00. Можна аформіць дастаўку тавараў па Беларусі.
Па тэме: Якія гродзенскія фотастудыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі
VolenteDeo: калядныя алені і ёлачныя ўпрыгожванні
Яшчэ адна крама, які спецыялізуецца на дэкоры — VolenteDeo. У продажы ўжо з’явіліся калядныя алені, якіх можна ставіць пад ёлку. Ёсць у асартыменце і ёлачныя цацкі: мядзведзі, коні і мышы.
Крама знаходзіцца на вуліцы Замкавай, 17. Час працы: 10.00 — 19.00.
«Люцік»: рэтра-цацкі і шары з ручным роспісам
Студыя дэкору «Люцік» спецыялізуецца на рэтра-асартыменце. У магазіне ўжо з’явіўся посуд з навагоднім дэкорам. Напрыклад, набор кубкаў абыдзецца ў 70 руб., а вялікая талерка ў 73 руб.
Таксама ў студыі прадаюць ёлачныя цацкі. Фігуркі вожыкаў абыдуцца ў 12,5 руб., шкляныя шары з ручным роспісам — у 18,5 руб. Ёсць і асобная калекцыя з цацкамі ў выглядзе прысмакаў: пончыкамі і марожаным, коштам ад 15,5 да 45,5 руб.
Крама «Люцік» знаходзіцца ў гандлёвым цэнтры «Карона» на вуліцы Горкага, 91.
Час працы: 10.00 — 20.00.
«Прадмет»: шкляныя анёлы і пернікавыя чалавечкі
У краме сувеніраў «Прадмет» таксама рыхтуюцца да зімовых святаў. У наяўнасці з’явіліся ёлачныя цацкі са шкла і керамікі. Ёсць у выглядзе пернікавых чалавечкаў і домікаў, а таксама аленяў, ялінак і анёлаў.
«Прадмет» знаходзіцца на вуліцы Савецкай, 8.
Час працы: пн-сб 11.00 — 19.00, нд 13.00 — 19.00.
Vetta: ёлачныя цацкі з золатам
Гродзенская студыя дэкору Vetta падрыхтавала калекцыю ёлачных цацак ручной вытворчасці. У наборы: шчаўкунчык, машынка і конь, але можна купляць і паштучна. Акцэнтныя адценні цацак — залатая паталь і перламутр.
Ужо можна афармляць перадзаказ у Instagram-акаўнце студыі. Адзін асобнік абыдзецца ў 10 руб., набор з пяці цацак — у 50 руб.
Bella Simfonia: навагоднія ўпрыгожванні, якія ўпішуцца ў дзіцячы пакой
Замовіць ёлачныя ўпрыгожванні ручной працы можна і ў Bella Simfonia. Цацкі прадстаўлены ў двух колерах: попельна-ружовым і бэжавым.
Афармляць заказ можна ў Direct.
Pumpkin: супавыя кружкі для халоднай зімы
Ганчарная майстэрня Pumpkin стварыла да зімы набор супавых кубкаў аб’ёмам 600 мл. Ёсць два віды — з таксай у навагодняй шапцы і з белым мядзведзем. Кубак абыдзецца ў 58 руб.
З’явіліся ў студыі «калядныя керамічныя галубкі». Адна птушка каштуе 58 руб.
Заказаць прадметы можна праз Instagram-акаўнт майстэрні.
Inchoys: мінімалістычныя свечкі да Калядаў
Гродзенская студыя Inchoys спецыялізуецца на свечках. Да навагодніх святаў там з’явіліся глянцавыя свечкі ў выглядзе ёлачных шароў, мінімалістычныя дзяды марозы і сняжынкі. Кошт свечак вар'іруецца ад 30 да 70 руб.
Заказаць свечкі можна ў Instagram-акаўнце майстэрні. Ёсць дастаўка па ўсёй Беларусі.
Лялькі ручной працы: гномы і снегавікі
Майстар Ала Глушэнь з Гродна спецыялізуецца на стварэнні лялек. Зараз у асартыменце Алы — калядныя гномы, дзяды марозы і снегавікі.
За заказам можна пісаць у Instagram Алы.