Навучанне на спецыяльнасці «Журналістыка» ў ГрДУ імя Янкі Купалы цяпер цалкам бюджэтнае. Раней з 30 месцаў пяць былі платнымі, паведаміла рэктарка ўніверсітэта Ірына Кітурка ў інтэрв’ю тэлеканалу «Гродна Плюс». Паводле слоў Кітурко, гэта зроблена, каб падтрымаць папулярную і запатрабаваную спецыяльнасць як сацыяльны праект. Праўда, у плане прыёму на 2026 год прадугледжана 25 бюджэтных месцаў, а не 30. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла планы прыёму ў ГрДУ за мінулыя гады і паглядзела, як змянялася структура набору абітурыентаў у галоўнай ВНУ рэгіёна.
Што змянілася ў ГрДУ за два гады ў прыёмнай кампаніі
Тэндэнцыя скарачэння платных месцаў пачалася ў 2024 годзе. Тады «платнікаў» ва ўніверсітэце стала на 100 чалавек менш, чым годам раней. У 2024 годзе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы для абітурыентаў выдзелілі 2290 месцаў. З іх 1329 — бюджэтныя, а 961 — платныя. На дзённую бюджэтную форму маглі паступіць 1052 чалавекі, на платную — 698. Завочная форма складала 277 бюджэтных і 263 платныя месцы.
У 2025 годзе ва ўніверсітэт залічылі 2403 першакурснікі. З іх 1442 студэнты — на бюджэт дзённай формы навучання, а 961 — на платнай аснове.
Што змянілася ў 2026 годзе?
Згодна з планам набору на 2026 год, ва ўніверсітэце прадугледжана 2314 месцаў. Пры гэтым 1469 месцаў выдзелена на бюджэт, а 845 — на платную форму навучання.
На дзённую бюджэтную форму змогуць паступіць 1202 чалавекі, што на 27 больш, чым у 2025 годзе. На дзённую платную форму прадугледжана 605 месцаў — гэта на 82 менш, чым годам раней. Завочная бюджэтная форма застаецца на ўзроўні 267 месцаў, а завочная платная павялічыцца да 240 месцаў.
Прычына ў размеркаванні?
Журналістка пацікавілася, ці з’яўляецца праблемай нежаданне маладых спецыялістаў ехаць працаваць у раённыя цэнтры і вёскі — і ці не звязана з гэтым павелічэнне бюджэтных месцаў. Рэктарка сышла ад адказу — маўляў, гэтае пытанне настолькі часта абмяркоўваецца, што яго ператварылі ў праблему.
— Маладых спецыялістаў хвалюе не толькі заработная плата. У першую чаргу для іх важныя калектыў і маральна-псіхалагічны клімат, які іх сустракае. Работа ў раёне — гэта добрая магчымасць праявіць сябе, там маладога спецыяліста хутчэй заўважаць, — падкрэсліла яна.
Праблем з размеркаваннем выпускнікоў, паводле слоў рэктаркі, таксама няма. Працадаўцы загадзя фарміруюць заяўкі праз рэспубліканскую сістэму АІС «Дзяржзаказ», дзе паказваюць патрэбу ў спецыялістах.
Аднымі з самых запатрабаваных сёння застаюцца настаўнікі — асабліва фізікі, матэматыкі, замежных моў і філалагічных дысцыплін. Як раз на гэтых спецыяльнасцях і не будзе платнага навучання.

На якіх спецыяльнасцях у 2026 годзе не будзе платнага навучання
У 2026 годзе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы на шэраг спецыяльнасцей плануецца набор толькі на бюджэтныя месцы на дзённай форме навучання. Гэта:
- «Дашкольная адукацыя» (25 месцаў) і «Пачатковая адукацыя» (30 месцаў);
- «Гісторыя» (40 месцаў), «Журналістыка» (25 месцаў), «Інфармацыя і камунікацыя» (20 месцаў);
- «Беларуская філалогія» (20 месцаў) і «Руская філалогія» (20 месцаў);
- «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя» (30 месцаў);
- «Матэматыка» (30 месцаў), «Фізіка» (30 месцаў);
- «Музычная адукацыя» (8 месцаў) і «Дызайн касцюма і тэкстылю» (5 месцаў);
- «Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання» (15 месцаў).
Таксама ўсе спецыяльнасці ваеннага факультэта — у тым ліку «Тылавое забеспячэнне» і «Фізічная культура» — прадугледжваюць навучанне толькі на бюджэтнай аснове.
На якія спецыяльнасці набіраюць больш за ўсё платнікаў у 2026 годзе ў ГрДУ
Паводле плана набору на 2026 год, найбольшая колькасць платных месцаў засяроджана на юрыдычных, IT- і некаторых інжынерных спецыяльнасцях, а таксама на асобных гуманітарных напрамках.
Больш за ўсё платных месцаў на дзённай форме прадугледжана на юрыдычным факультэце. Лідарам з’яўляецца спецыяльнасць «Правазнаўства» — 70 платных месцаў. Таксама значная колькасць платнікаў плануецца на спецыяльнасцях «Праграмная інжынерыя» — 35 месцаў, «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурнай камунікацыі» — 33, «Транспартная лагістыка» — 28, «Міжнароднае права» і «Эканамічнае права» — па 20, а таксама «Мытная справа» — 20 месцаў.
Параўнальна высокі платны набор таксама ёсць на некаторых эканамічных напрамках: «Сусветная эканоміка» і «Электронная эканоміка» — па 15 месцаў, «Эканоміка і кіраванне» — 15, «Штучны інтэлект» — 15, «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі» — 15.

Завочная платная форма
На завочнай форме найбольшая колькасць платных месцаў таксама прыпадае на юрыдычны напрамак. На спецыяльнасці «Правазнаўства» прадугледжана 50 платных месцаў для абітурыентаў з агульнай сярэдняй адукацыяй і яшчэ 25 месцаў для тых, хто паступае на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Значная колькасць платнікаў ёсць і на шэрагу інжынерных і тэхнічных спецыяльнасцей. Напрыклад, на «Інфармацыйна-вымяральных прыборах і сістэмах» — 25 платных месцаў, на «Будаўніцтве будынкаў і збудаванняў» — 5, на «Эксплуатацыі наземных транспартных і тэхналагічных машын» — 10.
Таксама платныя месцы на завочнай форме прадугледжаны на асобных эканамічных і кіраўніцкіх напрамках — напрыклад, «Фінансы і крэдыт», «Эканоміка і кіраванне», «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі».




