Мы склалі партрэт сярэднестатыстычнага аўтамабіліста з Гродна: на чым ездзіць, колькі выдае на паліва і абслугоўванне, як часта не праходзіць тэхагляд і іншае.
Каб атрымаць гэтую інфармацыю, напярэдадні Дня аўтамабіліста Hrodna.life правёў у розных сацсетках некалькі апытанняў на аўтамабільную тэматыку.
Бэушка з Еўропы ці ЗША
Мытныя пошліны на аўто значна выраслі ў 2011 годзе і да гэтага часу большасць гараджан па-ранейшаму ездзіць на машынах, якія прывезлі з Еўропы і ЗША да павышэння пошлін. Паводле дадзеных нашага апытання, такіх аўтамабіляў крыху больш за 65%.
На другім месцы – 12% – аўтамабілі набытыя новымі ў беларускіх аўтасалонах.
Крыху менш за 12% – аўтамабілі, прывезеныя з Еўропы або ЗША пасля 2011 года.
Каля 11% машын прыехалі да нас з Расіі. З іх прыкладна 4% былі набытыя новымі, а каля 7% – ужыванымі.

У бой ідуць адны старыя
Самая вялікая група аўто па ўзросце – машыны 16-20 гадоў. Машыны такога ўзросту ёсць у амаль 33% апытаных.
На другім месцы паводле папулярнасці – яшчэ больш узроставыя аўто. Амаль у 20% апытаных аўтамабілю 21-25 гадоў.
Крыху больш за 12% апытаных валодаюць аўтамабілямі ва ўзросце 12-15 гадоў. На «дзесяцігодках» ездзіць каля 10% гродзенцаў.
Машын, якім яшчэ няма і трох гадоў, усяго 4,5%.

Часцей за ўсё ў сям’і гродзенцаў адзін аўтамабіль – 66%. Два аўто маюць 20% сем’яў.

Замест сэрца палымяны матор
Пад капотам у гродзенцаў часцей за ўсё рухавік аб’ёмам 1,9-2,0 літра. Гэты варыянт абралі 29% удзельнікаў апытання. На другім месцы маторы аб’ёмам ад 1,6 да 1,8 літра. Малалітражкі з рухавікамі да 1,2 складаюць крыху больш за адзін працэнт. Характэрна, што машын з маторамі 3,5 літра і вышэй амаль у пяць разоў больш.
Колькі грошай выдаткоўваюць на аўто
26% гродзенцаў выдаткоўвае на паліва 100-150 рублёў у месяц, крыху больш за 23% рэспандэнтаў запраўляе машыну на 50-100 рублёў, амаль столькі ж – на 150-200 рублёў.

Штогод на рамонт і абслугоўванне аўтамабіля гродзенцы аддаюць парадку 300-500 долараў. На другім месцы з розніцай у сотыя долі працэнта – варыянт 200-300 долараў.
Пры гэтым алей у рухавіку большасць мяняе кожныя 10 000 км, калі дакладней – амаль 54% апытаных. 31% робіць гэта часцей – раз у 7000-8000 км прабегу. Каля 10% мяняе алей кожныя 12 000-15 000 км.
Колькі каштуе аўто?
Калі верыць апытанню, 18% гродзенскіх машын стаяць 5000-8000 долараў. Крыху менш, па 17%, набралі варыянты 3000-5000 і 2000-3000 долараў.
З невялікім адставаннем ідуць машыны коштам ад 1000 да 2000 долараў.
Увогуле атрымліваецца, што ў 60% гродзенцаў машыны коштам да 5000 $.

Задаючы розныя пытанні, мы не маглі не пацікавіцца, як ідуць справы з тэхаглядам.
37% прызналіся, што ездзяць на аўто без тэхагляду.



