Спадчына

«Мы сталі паціху разумець, што фігурныя танцы — фуфло». Музыка Аляксей Крукоўскі пра лепшых партнёраў і сакрэты рухаў

Хутка Гродна прыме першую ў Беларусі міжнародную ноч традыцыйных танцаў. Акардэаніст з мінскай капэлы «На Таку» Аляксей Крукоўскі расказаў, што можна назваць «нашымі» танцамі, якія сакрэты крые полька, як пазнаць добрага танцора і як ім стаць.

Пра лёгкія і цяжкія танцы

Традыцыйныя танцы беларусаў, як і іх суседзяў, умоўна падзяляюцца на «цяжкія» і «лёгкія». Гэтыя тэрміны — этнаграфічныя, узятыя з вызначэнняў саміх вясковых танцораў. Большасць фігурных танцаў, што часта засвойваюцца з першага разу, — «лёгкія». Іх найбольш ахвотна танчаць усюды. Яны выглядаюць дэмакратычна — не ствараюць выразнага падзелу паміж умелымі танцорамі і няўмелымі.

Але ядром танцавальнай традыцыі з’яўляюцца акурат «цяжкія» танцы. У палякаў цэнтра, поўдня, часткі поўначы — гэта мазур, у рускіх — сольныя «плясы», у беларусаў і літоўцаў — полька. Полька бытуе ў сотнях індывідуальных, лакальных і гістарычных варыяцый. Яна патрабуе адмысловай навукі. Традыцыя танцавання полькі ў нас перарываецца на пакаленні тых, каму зараз 50.

Як пазнаць добрага танцора?

Фактычна, сапраўды харошага танцора ў нас можна вызначыць менавіта па полечных уменнях. А таксама па вальсах і здольнасці да сольных імправізацый.

[irp posts="37 958″ name="Закруцім пад зорамі: у Гродне пройдзе міжнародная ноч традыцыйных танцаў"]

Дзяўчаты засвойваюць традыцыйную польку куды лягчэй, чым хлопцы. Праўдападобна, гэта таму, што дэманструюць яе пераважна вясковыя носьбіты жаночага полу. Але не толькі таму. Полька — парны танец з вельмі моцным эмацыйным кантактам паміж партнёрамі. Дзяўчатам лёгка імітаваць такі кантакт з іншымі дзяўчатамі. Хлопцам — вельмі цяжка.

Чаму полька — «цяжкі» танец?

Таму што можа доўжыцца вельмі доўга. Таму што трэба або адключыцца і віраваць у трансападобным стане, або выштукоўваць свае фігуры, ды яшчэ гарманізаваць іх з партнёрам. Таму што музыкі любяць полькі і могуць граць полькі сэтамі, ад адной мелодыі да другой.

Сакрэты полькі

Асноўныя складнікі два: добра вывучаная пастава ног, адна са шматлікіх, але даведзеная да рэфлекса і лёгкасць да імправізацыі з партнёрам.

Патлумачыць, якая мусіць быць пастава ног не магу, бо гэта залежыць ад таго, якую польку танчыш — польку вальсам, польку дробную, польку дробненькую, польку драбней маку і г. д. Нашыя полькі абсалютна не падобныя да айрыш-стандарту, які развучваюць па ўсім свеце, і да нямецкіх не падобныя.

[irp posts="37 560″ name="Летнія танцы працягнуцца восенню. Пад Гродна пройдзе першая ноч танцаў"]

У кожным разе — гэта вельмі эканомная пастава, якую цяжка завучыць, не будучы ў традыцыі, але завучыўшы — можна тры гадзіны кружыць. Пастава ног у нашай польцы дазваляе ашчаджаць месца і пры гэтым паскараць тэмп.

У нашых польках, апроч самай позняй, полькі-вальсам, няма віхляння партнёраў у бакі, не нахіляюцца ў бок.

Якія яшчэ танцы «нашыя»?

Восемдзясят адсоткаў нашых «традыцыйных» танцаў, як і ў суседзяў — гэта запазычаныя з гарадской бальнай культуры і вельмі моцна мадыфікаваныя пад вясковы густ фігурныя кампазыцыі. Бальны вальс — не наш, а вясковая адаптацыя — нашая.

Стопрацэтна «нашыя» — сольныя ці парна-імправізаваныя. «Барыня» стопрацэнтна нашая, «Чобаты», «Мікіта». Дык гэта ж ужо не мілы баль, а даволі сур’ёзны спорт.

Як стаць найлепшай танцоркай?

Найлепшая танцорка — гэта сацыяльны статус, а не тэхнічнае дасягненне. Гэта тая, якая падабаецца і хлопцам, і дзяўчатам. Яна не грэбуе танчыць з самым няўмекам, і той адчувае сябе каралём. І глядзець, як ні дзіўна, прыемна. Тут справа не ў агульначалавечых якасцях. Як скажам, тое, што называюць нэтыкет — нарматыўныя паводзіны ў сеціве. Ён нібыта функцыянуе ў абсалютна новых для чалавецтва ўмовах, але насамрэч толькі мадыфікуе звычайныя паводзіны афлайн. Так і ў танцах: этыкет тут проста мадыфікуе нейкую стандартную «жыццёвую» камунікацыю.

Безумоўна, былі і будуць шалёныя танцоры, якія дасягаюць неверагодных вышыняў і зрываюць воплескі, ігнаруючы пры гэтым стандарты этыкету. Але пра іх хутка забываюць або пераўтвараюць у міф.

Пра пост-фальклорны рух

У нашым пост-фальклорным руху ўсё яшчэ толькі ў працэсе разбудовы: і этыкет, і разуменне, што мы ўвогуле танчым. Галоўнае танцорскае дасягненне тут у нас, у Мінску, — мы сталі паціху разумець, што фігурныя танцы — фуфло. Фігурныя танцы — гэта асобны галаўны боль. Напрыклад, кадрылі патрабуюць моцна згуртаванай супольнасці танцораў. Гэта таксама справа хутчэй будучыні.

[irp posts="38 280″ name="У Зарыцы з’явіцца свая Замкавая вуліца: як у Гродне ствараюць сядзібу з гістарычным смакам"]

Польку трэба вучыць, ёсць пакуль яшчэ, у каго вучыцца. Але нашая спецыфіка — у адрозненні ад суседзяў, у тым, што мы разбудоўваем на свой страх і рызыку, без падтрымкі моцных інстытуцый, адначасова і музыканцкую, і танцорскую супольнасці.

Далей пустэча і бездань

Паводле маіх назіранняў, жывая традыцыя перадачы ўменняў танчыць польку згасае на сённяшнім пакаленні 50-гадовых, вальс — на 40-гадовых, сольна-імправізацыйныя танцы ўжо ў 70-гадовых адсутнічаюць. Натуральна, ёсць розніца паміж гарадскім і вясковым насельніцтвам, але яна змяншаецца. Перадачы ўменняў няма ні там, ні там.

Сённяшнія 50-гадовыя яшчэ засталі вечарынкі ў сельскіх клубах з танцамі для старэйшых або гарадскія танцы, дзе для адчэпнага таксама гралі польку. Плюс вяселлі. 30-гадовыя пары адмыслова вучаць вальс на вяселле, проста з нуля. Вясковыя дзіцячыя калектывы за рэдкім выключэннем не паказваюць на выступах натуральных уменняў танчыць польку. Нават завучваюць, як правіла, кепска, нават палескія дзеці.

Тут ключавы момант не развучванне, бо і 150 гадоў таму «развучвалі». Пытанне: паводле якіх крыніц, хто ініцыюе, карэктуе, выносіць ацэнку. Далей пустэча і бездань.

Аляксей Крукоўскі

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024