На базе торфабрыкетнага завода “Дзітва” за 12 км ад Ліды каманда энтузіястаў стварае першы ў Беларусі музей вузкакалейнай тэхнікі. Так яны хочуць захаваць рухомы састаў вузкакалеек, які знікае, пазнаёміць людзей з іх гісторыяй у Беларусі і распавесці пра рацыянальнае выкарыстанне і захаванне балот.

“Вузкакалейкі – утульныя, маленькія, такая хатняя чыгунка, памерам супастаўная з чалавекам. Гэта досыць вялікі і цікавы пласт нашай гісторыі. Калісьці, падчас Расійскай імперыі, з’явіліся прыватныя пасажырскія вузкакалейкі, падчас Першай сусветнай вайны іх сотнямі будавалі для фронту, палова Палесся была агорнутая лесавознымі вузкакалейкамі”, – распавёў Hrodna.life дырэктар праекта “Нязведаная вузкакалейка” Арцём Слізкі.

Адзіны ў Беларусі музей вузкакалеек адкрыюць пад Лідай. Як купка энтузіястаў ратуюць тэхніку і дарогі
Заснавальнік праекта Арцём Слізкі. Фота: Instagram @750mm.by

Арцём Слізкі скончыў факультэт транспартных камунікацый БНТУ. Вузкакалейкамі “захварэў” з 2008 года, а з 2016 пачаў вазіць на іх экскурсіі. “Падарожнічалі, шукалі дрызіны, збіралі, фоткалі, каталіся на іх, потым пачалі знаёміць з гэтым людзей”, – распавёў ён Hrodna.life. Зараз праект імкнецца захаваць старыя вузкакалейныя чыгункі як турыстычныя аб’екты і арганізуе туры па іх. 

У 2021 годзе Арцём зарэгістраваў гісторыка-культурную ўстанову «Неспазнаная вузкакалейка». Установа займаецца пошукам, дастаўкай і аднаўленнем рэдкай вузкакалейнай тэхнікі, якую ўжо не сустрэць на дзейных прадпрыемствах. Яе размяшчаюць на базе торфапрадпрыемства “Дзітва”, каб у будучыні адкрыць там музей. 

“Пастаянна займаемся экспедыцыйнай дзейнасцю, знаходзімся ў кантакце са спецыялістамі ў гэтай галіне з іншых краін, шукаем, па меры магчымасці выкупляем, транспартуем, рэстаўруем”, – распавёў Арцём.

Чаму ў Дзітве?

Арцём Слізкі лічыць торфабрыкетны завод у Дзітве адным з найлепшых у Беларусі торфапрадпрыемстваў, а іх вузкакалейную дарогу – самай дагледжанай у краіне. Яе магістральныя шляхі ў суме складаюць 35 км, яшчэ ёсць каля 10 часовых. 

У торфапрадпрыемства шмат сваёй тэхнікі ў добрым стане, і ахайная тэрыторыя, патлумачыў Арцём. Зараз вырашаецца пытанне наконт магчымасці больш вольнага наведвання вытворчай пляцоўкі прадпрыемствы, каб турысты маглі знаёміцца з тэхнікай. 

Акрамя таго, ва ўласнасці ў праекта – два крытыя грузавыя вагоны, нямецкі 1948 года і савецкі 1968 года, мотадрызіна з прычэпам, розныя элементы шляхоў часоў Першай сусветнай вайны, даваенныя ваганеткі. Рыхтуецца да транспартавання яшчэ адзін нямецкі вагон 1940-х гадоў. За гэты год каманда планавала прывезці яшчэ каля шасці адзінак тэхнікі, якіх няма на прадпрыемстве, але пакуль фінансаванне пад пытаннем. 

Маршруты – ад прамысловых тураў да “улюбёнай пушыцы”

Каманда праекта стварае турыстычныя маршруты на базе дзейных вузкакалейных дарог прадпрыемства. “Мэта – нанізаць на вузкакалейку больш новых сэнсаў”, – патлумачыў Арцём. Ёсць камбінаваны прамысловы тур ад торфабрыкетнага завода “Дзітва” да шклозавода ў Бярозаўцы з наведваннем завода.

Нядаўна каманда завяршыла выведку на невялікім верхавым балоце непадалёк ад прадпрыемства, ля хутара Яўсеевічы. “Людзі змогуць з’ездзіць, наведаць дзейныя торфараспрацоўкі, пазнаёміцца з прамысловым складнікам, а на зваротным шляху мы спыняемся, выходзім, апранаем рыбацкія боты і ідзем некранутым чалавечай дзейнасцю балотам, знаёмімся з раслінным і жывёльным светам верхавых балот – нашымі ўлюбёнымі пушыцай, багуном, расянкай».

У распрацоўцы камбінаваны чыгуначна-водны паход. У планах прывозіць байдаркі проста на вузкакалейку, з імі ехаць у цягніку да ракі Дзітва, там станавіцца на ваду і сплаўляцца.

Сваімі сіламі і за ўласныя сродкі 

Пакуль увесь праект у асноўным “цягне” на сабе сам Арцём Слізкі. Улетку 2021 года ідэя аднаўлення вузкакалеек перамагла ў конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend і атрымала ад аператара А1 10 000 беларускіх рублёў. Тады з 313 заявак у фінал прайшлі толькі 18 праектаў. Гэты грант і стаў адпраўным пунктам стварэння музея: на яго быў набыты і адрэстаўраваны першы вагон. 

Зараз большасць работ па стварэнні музея фінансуецца за кошт уласных сродкаў. Пры гэтым перавесці грошы на музей можа любы праз АРІП у раздзеле “Дабрачыннасць” (“Асветніцкія, культурна-забаўляльныя” – “Нязведаная вузкакалейка”, код паслугі 4759921).

Час ад часу будучы музей збірае суботнікі: валанцёры дапамагаюць аднаўляць экспанаты, а ў якасці бонуса можна пракаціцца вузкакалейкай з працоўнымі саставамі.

За мяжой – папулярны від адпачынку, а ў нас аддалі апошні паравоз

У Беларусі гэта адзіны праект такога роду, больш вузкакалейкамі ніхто не займаецца. Ён карыстаецца папулярнасцю. Зараз запіс на маршрут “Дзітва-Бярозаўка” адкрываецца раз на тры тыдні, набіраецца каля 45 чалавек. Акрамя таго праект праводзіць і карпаратыўныя экскурсіі – у групе можа быць ад 10 да 60 чалавек.

За мяжой, у тым ліку ў суседніх краінах, катанне па вузкакалейках стала папулярным відам турызму.

“У Літве працуе пабудаваная 150 гадоў таму дарога, – распавёў Арцём Слізкі, – захавалася шмат цікавай тэхнікі, якой у нас ужо не засталося. Рэгіён насычаны гістарычнымі помнікамі. Там арганізоўваюць і святочныя паездкі, на Каляды. Тое ж і ў Латвіі. У Расіі ёсць аналагічны праект з музеем на базе дзейнага прадпрыемства. Там штогод праводзяць фестывалі на дзясяткі тысяч чалавек. Ёсць музей паравозаў на Пляшчэеўскім возеры, музей у Екацярынбургу. Ва Украіне захавалася тры дзейныя пасажырскія вузкакалейкі, на лесавознай дарозе ў Карпатах арганізавалі турыстычны маршрут – выдатна праехаць уздоўж горных рэкаў. У Польшчы – каля 22 музейна-турыстычных вузкакалеек. Там і паравозы, і арыгінальная тэхніка”.

Апошні ў Беларусі паравоз вывезлі у Расію з дазволу Міністэрства культуры, распавёў Арцём. Да гэтага паравоз працаваў на Дзіцячай чыгунцы ў Мінску, а перад гэтым, як мяркуецца, на пасажырскай “курортнай” чыгунцы Лынтупы-Нарач. У Беларусі яго не палічылі гістарычнай каштоўнасцю.

последний паровоз узкоколейки
Апошні паравоз Кп-4-465, якога пазбавілася Беларусь. Фота: Instagram @750mm.by