Спадчына

Мурменшпіль, капшук і жужаліцы: як бавіліся маленькія гродзенцы 500 гадоў таму

«Вось у нас было сапраўднае дзяцінства, без гэтых вашых інтэрнетаў», — кажуць часам сталыя людзі. Калі аб забавах савецкіх дзяцей сёння існуе пэўнае разуменне, то аб тым, як бавілі свой час дзеці Гродна гадоў так 500 таму, мала хто задумваецца. Уявіць сабе, якія былі цацкі і гульні шмат вякоў таму, даюць магчымасць знаходкі археолагаў, нататкі этнографаў і малюнкі сучаснікаў.

Неспакойны час — адпаведныя цацкі

У сваіх гульнях дзеці любяць пераймаць дарослых. Сярэднявечча — час неспакойны, таму і цацкі былі адпаведныя. У культурных слаях старажытных беларускіх гарадоў час ад часу знаходзяць цацачную зброю.

У 1940-х гадах археолаг Мікалай Варонін знайшоў у Гродне драўляныя мячы, лукі, стрэлы — падобныя на сапраўдныя, але значна меншыя.

Драўляны меч з Гродна
Цацачныя стрэлы з Гродна
Цацачныя лук і стрэлы з Гродна

Даследчыкі адзначаюць, што драўляныя мячы па сваёй форме практычна капіравалі арыгіналы, таму гэтыя цацкі зараз выкарыстоўваюцца для вызначэння тыпалогіі халоднай зброі, якая хадзіла на нашых землях.

Хлопцы з гравюры Цюнта

Калі дэтальна разгледзець гравюру Мацея Цюнта «Сапраўднае апісанне горада Гродна ў Літве», можна ўбачыць цікавыя дэталі. Мастак адлюстраваў вельмі важную падзею ў жыцці горада і гараджан. У Гродне адбылася сустрэча маскоўскага і літоўскага пасольстваў. Па вуліцах хадзілі і ездзілі на конях узброеныя людзі, а гродзенцы з цікаўнасцю назіралі за імі.

Калі ў нашыя дні хлопчыкі глядзяць фільмы пра рыцараў, у іх з’яўляецца нястрымнае жаданне апрануць даспехі і сесці на коняў. Што ж тады можна казаць пра хлапчукоў XVI ст., якія бачылі на ўласныя вочы такія ўражлівыя падзеі?

Хтосьці, узяўшы цацачны, але ўласны мечык, дзелавіта размаўляе з дарослымі ваякамі. Іншыя, асядлаўшы палкі з конскімі галовамі, гарцуюць за вершнікамі, маўляў, вось падрасцем і ў нас таксама сапраўдныя коні будуць.

Дзяўчынкі гуляліся лялькамі

Дзяўчынак Цюнт чамусці абмінуў увагай. Але можна меркаваць, што ў гэты час яны гуляліся ў лялькі. Лялькі маглі вырабляцца з дрэва, ільну, анучаў, травы, саломы — матэрыялаў не асабліва трывалых, таму да нашых дзён яны практычна не захаваліся. Драўляныя лялькі археолагі знаходзілі ў Полацку і Ноўгарадзе.

Лічыцца, што сваю ўлюбёную цацку дзяўчынка магла спавіваць або апранаць накшталт дзіцяці. Вуглём малявалі аблічча. Цалкам магчыма, што яшчэ з тых часоў і існуе паўнавартасная гульня дочкі-маці. Да таго ж вядома, што дзеці ляпілі і цацачны посуд (для сябе або лялек), паўтараючы за дарослымі ганчарамі.

Самыя старажытныя цацкі

Бавілася гродзенская малеча і рознымі цацкамі-забаўкамі: свістулькамі, жужаліцамі, бразготкамі. Гэта найбольш старажытныя цацкі, вядомыя яшчэ з каменнага веку. Лічыцца, што першапачаткова яны мелі сакральнае значэнне, адганяючы сваімі гукамі злых духаў.

Свістулькі звычайна рабіліся з гліны, часам уласнаруч. На спецыяльную палачку-форму або проста на палец наляплялася гліна, рабілася некалькі адтулін — і атрымліваўся прымітыўны духавы інструмент.

Гліняныя свістулькі-птушкі з Гродна
Свістулька-вершнік і гліняны чалавечак з Гродна

Знешняе аздабленне магло быць вельмі разнастайным. Свістулькі выляпляліся ў выглядзе птушак і хатніх жывёл (качак, пеўнікаў, конікаў, баранчыкаў), чалавечкаў і вершнікаў.

На іх можна было не толькі граць мелодыі, але і проста гуляцца імі. Бразготкі рабілі ў выглядзе пустацелага шарыка ці яйка, упрыгожвалі арнаментам, а ўнутр клалі каменчыкі або гліняныя шарыкі.

Бразготка з Гродна
А калі ўзяць звычайную костку жывёлы, прасвідраваць у ёй адтуліну і працягнуць шнурок, — атрымлівалася жужаліца. Шнурок трэба было ўзяць за два канцы, закруціць і пацягнуць у розныя бокі. Такім чынам пры раскручванні костка пачынала гудзець.

Знаходзілася прымяненне свіным пузырам. Іх добра чысцілі, высушвалі, клалі ўнутр жменю гароху і надзьмувалі. Такі прадмет называецца капшук. Пры патрэсванні ён выдаваў глухаваты шалясцячы гук. Вядомы галандскі мастак 16 стагоддзя Пітэр Брэйгель-старэйшы на сваёй карціне «Гульні дзяцей», апрача іншых забаў, занатаваў момант надзьмування капшука. Такія бразготкі-шалясцелкі фіксаваліся этнографамі на Беларусі яшчэ ў ХХ ст.

Капшук
Капшук з карціны Брэйгеля

Папулярнасцю ў дзяцей карысталіся і вяртушкі, ці як іх яшчэ маглі называць, — вятрушкі, бо прыводзіліся ў рух ветрам і нагадвалі прапелер, насаджаны на вось. Размах лопасцяў такога прапелера мог дасягаць 15−25 см. У Гродне вяртушкі не былі выяўлены, але іх выявы мы сустракаем у таго ж Брэйгеля, а таксама на некаторых наўгародскіх іконах XV-XVI стст., фрэсках сербскіх цэркваў XIII ст., прысвечаных сюжэтам Раства Хрыстова і Раства Маці Божай.

Фрагмент фрэскі з царквы св. Іакіма і Ганны ў манастыры Студзяніца. 1304 г
Ікона з наўгародскага Сафійскага сабора
Вяртушка з карціны П.Брэйгеля

Камандныя гульні

Куды весялей гуляць з сябрамі, чым адному. Таму хлопчыкі і дзяўчынкі рабілі мячыкі з анучаў ці са скуры і саломы і пачыналі калектыўныя гульні. Адна з іх называлася «ў карнача». Кожны ўдзельнік выкопваў неглыбокую ямку і станавіўся каля яе. Адзін з гульцоў пачынаў гульню — каціў мячык праз ямкі. Той, у чыю ямку закоціцца мячык, пляскаў у далоні, а астатнія гульцы ўцякалі на пэўную дамоўленую адлегласць. Першы ж павінен быў схапіць мячык і цэліць у каго-небудзь з гульцоў. Калі гэта не ўдавалася, то яму выпадала чарга каціць мячык па ямках.

Гульня у карнача з карціны П.Брэйгеля
Гульня, што нагадвае сучасны хакей, на нашых землях называлася «ў качоўкі». Спачатку рабілася качоўка — драўляны кругляшок дыяметрам сантыметраў з 10. Дзве каманды дзяцей станавіліся па розных баках вуліцы і ўзбройваліся кійкамі. Кійкі трэба было па чарзе кідаць і трапляць у качоўку такім чынам, каб яна дакацілася да каманды саперніка. Больш рухомая версія гульні называлася «була». Тут качоўка замянялася на драўляны шар, і ўдзельнікі бегалі за ім і кійкамі заганялі на тэрыторыю іншай каманды, якая спрабавала зрабіць тое ж самае.
Качоўкі, з карціны П.Брэйгеля
Час ад часу ў Гродна знаходзяць надкапытныя косткі жывёл, якія калісьці былі галоўным атрыбутам гульні ў «бабкі». Некалькі пар такіх бабак ставілі на роўным месцы ў рад — «кон», і з абумоўленай адлегласці ўдзельнікі па чарзе збівалі іх біткай — вялікай бабкай. Збітыя косткі лічацца выйгранымі. Сустракаўся больш азартны варыянт, калі замест бабак выкладвалі піраміду з арэхаў, вакол якой праводзіцца круг — «горад». Арэхі, выбітыя за мяжу горада, лічыліся выйгранымі. Хто прамахнуўся — дабаўляе ў піраміду арэх.

Бабкі. З карціны П.Брэйгеля
Бабкі. З карціны П.Брэйгеля.
Бабка з Гродна

Паспаборнічаць можна было і ў майстэрстве запускаць ваўчкі-кубары — своеасаблівыя прататыпы сучаснай юлы. Яны вядомыя нам з раскопак у Пскове, Брэсце, Віцебску і інш. Ваўчок быў завостраны знізу і меў у верхняй частцы адмысловую выемку, на якую намотваўся шнурок. Рэзкі рывок — і цацка пачынала хутка круціцца. Вышэйшым пілатажам лічылася ўменне падсцёбваць ваўчок, каб ён працягваў рух. Звычайна адначасова спаборнічала два-тры гульцы. Перамагаў той, чый ваўчок спыняўся апошнім.

Дзеці бавяцца з ваўчкамі. З карціны П.Брэйгеля.
Дзеці бавяцца з ваўчкамі. З карціны П.Брэйгеля.

Мурменшпіль са Старога замку

Яшчэ адна гульня на спрытнасць — «у каменьчыкі», таксама вядомая пад назвай «мурменшпіль». Інвентар — невялікія круглыя каменьчыкі. Падчас апошніх раскопак на Старым замку археолагі знайшлі такі «гульнёвы набор».

Мурменшпіль з Гродна
Правілы вельмі простыя. Гульцы дамаўляюцца гуляць да пэўнай колькасці ачкоў. Пяць каменьчыкаў раскладаюцца на зямлі або посцілцы, адзін трымаецца ў руцэ. Удзельнік падкідвае першы каменчык і, пакуль той знаходзіцца ў паветры, павінен паспець падняць другі і злавіць першы. І так працягваецца, пакуль усе шэсць каменьчыкаў не апынуцца ў далоні. Такім жа чынам каменьчыкі па адным выкладваюцца назад. Гульня ідзе ў хуткім тэмпе, кожны злоўлены мурменшпіль дае адно ачко.

Лодачкі, насякомыя і чым даўнія цацкі адрозніваліся ад сённяшніх

Жывучы на беразе Нёмана, немагчыма не мроіць аб падарожжах у нязведаныя краіны. Назіраючы за плытамі, караблямі гандляроў і падарожнікаў, дзеці марылі калі-небудзь стаць вандроўнікамі і адправіцца да далёкага мора па хуткай рацэ. А пакуль прыходзілася задавольвацца самаробнымі лодачкамі, зробленымі з дрэва або кары, апускаць іх у нёманскую ваду і, праводзячы позіркам, спадзявацца, што яны прычаляць да іншых берагоў.

Цацачная лодачка з Гродна
У сярэднявечным горадзе дзеці шчыльна сутыкаліся з навакольным асяроддзем. Хатнія жывёлы, птушкі, жукі, матылі - усё гэта малеча імкнулася асабіста вывучыць. На гравюры Цюнта можна ўбачыць некалькі такіх сюжэтаў. Вось у адным дворыку малое ганяе дубцом пеўніка. На другой вулачцы — хлапчук з прыстасаваннем для лоўлі насякомых. Падобную прыладу мы бачым і на карціне Пітэра Брэйгеля. Аглушыў такой штукай жука ці страказу — і даследуй сабе.

Хлопчык ганяе пеўніка. Гравюра Цюнта
Хлопчык з прыстасаваннем для лоўлі жукоў
Хлопчык ловіць насяцомых. з карціны П.Брэйгеля.

Сёння мільёнамі штампуюцца пакемоны, бонсцікі, героі мультфільмаў - усе на адзін твар. А калісьці кожная цацка была індывідуальная, мела свой характар, калі можна так сказаць. Маленькія гродзенцы любілі свае цацкі і ставіліся да іх вельмі сур’ёзна. Лічылася, што калі цацкі паламаныя, неахайныя, валяюцца раскіданыя па кутах, то і ў хаце ладу не будзе.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024