Беларус Валянцін Цішко жыве ва Украіне амаль тры гады. Яго хацелі прымусова выдварыць з краіны, але ён пражыў два тыдні ў Польшчы — і вярнуўся ў краіну ў стане вайны. Прычынай сталі кава з малаком, гандаль у нядзелю — і больш істотныя рэчы. Валянцін расказаў Hrodna.life, чаму не варта бегчы ў бомбасховішчы, калі яго «накрые» і чаму варта казаць пра дзве Беларусі і дзве Украіны.
Валянцін Цішко — журналіст-фрылансер, грамадскі і палітычны актывіст, рэлігійны актывіст, беларускі бежанец, экс-кандыдат у беларускі парламент, першы ў гісторыі Беларусі кандыдат у парламент — адкрыты прадстаўнік ЛГБТ-супольнасці.
Мы паразмаўлялі з ім у межых серыі матэрыялаў пра беларусаў за мяжой. Гэты цыкл мы робім разам з брэндам «Мова вольных», які выпусціў каляндар-слоўнічак на 2024 год.
UPD 4 снежня. Валянцін Цішко атрымаў украінскі ВНЖ на год, паведамляе «Медиазона. Беларусь».
Гэта быў вясёлы 2020 год — мы раз’язджаліся як маглі. У канцы 2020 — пачатку 2021 года, у ноч з 6 на 7 студзеня, я самалётам «Мінск-Львоў» пакінуў тэрыторыю Беларусі. Маючы надзею, што гэта недзе месяцы на тры. Бо проста бачыў, што ўжо прыйшлі да адных калегаў, пачалі пагражаць іншым, таго арышвалі, да таго прыйшлі. Думаю, ну, я лепей нанясу прэвентыўны ўдар і пакіну тэрыторыю краіны. З таго моманту я ў Беларусі больш не быў.
Украіна — усё зразумелае, блізкае, роднае
Чаму Украіна? Бо гэта, калі я выязджаў, была найбліжэйшая краіна. Тады быў забаронены выезд з Беларусі наземнымі межамі. Была магчымасць толькі самалётам выляцець з Беларусі.
Я пражыў ва Украіне паўгода, пасля спрабаваў знайсці сябе ў іншых краінах. Быў у Грузіі, быў у Арменіі. Зразумеў, што не: усё-такі Украіна лепей. Нават калі пачалася поўнамаштабная вайна, я пажартаваў - але ў кожным жарце ёсць толькі доля жарту: «Мне ва Украіне падчас вайны спакайней, чым у Грузіі без вайны».
Тут усё сваё, зразумелае, блізкае, роднае. Я ва Украіне вучыўся у семінарыі ў Івана-Франкоўску. У Грузіі іншы менталітэт, людзі, традыцыі. Я смяюся, што ва Украіне я хаця б ведаю, як рэагаваць на хамства. Калі мяне зачапіць — то я ведаю, што можна і трэба адказаць. У Грузіі я такога не ведаю. Адзін знаёмы грузін сказаў, што калі на цябе грузін крычыць — гэта нармальна. Пачынай нервавацца, калі ён гаворыць ціха.
Гэты матэрыял з’явіўся дзякуючы супрацоўніцтву з брэндам «Мова вольных». Сёлета брэнд выпускае слоўнічак-каляндар на 2024 год пад назвай «Мова вольных вандруе па свеце». З дапамогай яго беларусы ўзгадваюць беларускія словы, а таксама даведваюцца іх пераклады на іншыя мовы.
Польшча — глядзелі як на прышэльца
Быў у мяне адзін інцыдэнт. Я два тыдні правёў у польскім Кракаве пасля прымусовага выдварэння [дзеянні перад дэпартыцыяй, адбылося ў траўні 2023 года — Hrodna.life]. Таксама не мая краіна. Тыя прыклады, якія я магу прывесці, чаму Кракаў - не мой рэгіён, пададуцца смешнымі. Але з такі маленькіх праблемак складаецца агульнае непрыняццё краіны.
Па-першае, дзіўныя выхадныя ў нядзелю. Мне пашчасціла, я прыехаў у дзяржаўнае свята. Добра, што знаёмы патэлефанаваў і сказаў: «Ты хочаш есці? Купляй што-небудзь на вакзале, бо больш нічога няма». Бліжэйшая запраўка — два км ад майго дома. Я працаваў у Беларусі пэўны час. Для мяне дзіка, што ў нядзелю, калі ў большасці выхадны, гандаль не працуе.
Я п’ю амерыкана з халодным малаком — і чамусьці на мяне глядзелі як на прышэльца. Казалі: «Што, проста браць і ліць?». Пяць раз перапытваюць. Я кажу: «Ну налівай ужо!». Плюс мне так ласкава намякнулі, што ў Кракаве не прынята хадзіць па горадзе і піць каву проста так. Хочаш кавы — сядзь у кавярні, выпі. Гэта здаецца дробязямі - але з такіх дробязей складаецца жыццё.
Краіна сямімільнымі крокамі ідзе да лічбавізацыі. Але праблемы застаюцца
Ва Украіне яно і раней не было надта проста. Да вайны я падаваў на бежанства. Першую маю заяву згубілі. На другую пачалі рэагаваць — але што, прызнаць, што першую згубілі? Назвалі мяне нелегалам, за што прымусова выдварылі з краіны. Пасля разабраліся, што памылачка.
Вайна ўскладняе гэтыя працэдуры. Вельмі шмат значыць чалавечы фактар. Некаторым пашанцавала: у іх і дакументы на бежанства прынялі, і выдалі «жэнеўскі» пашпарт. А на некаторых глядзяць — ніякіх дакументаў прыймаць не будзем, у нас ідзе вайна. Вельмі шмат любяць спісваць на вайну.
Але ў прынцыпе, можна легалізавацца. У некаторы пытаннях Украіна маладзец: пайшла сямімільнымі крокамі да лічбавізацыі. А ў некаторых засталася ўсё той жа постсавецкай краінай.
Зараз я ў працэдуры афармлення часовага віда на жыхарства як валанцёр. Што будзе далей — будзем бачыць. У мяне, як ва ўсіх беларусаў замежжа, агульная праблема — пашпарт, які заканчваецца. Пэўныя службы ўкраінскія кажуць, што моцна не панікуйце, што-небудзь прыдумаем.
«А ты з якой часткі Украіны?»
Я мову вучыў, яшчэ калі ў семінарыі вучыўся. Мне пашанцавала — я быў на заходняй Украіне, дзе рускую мову ты чуў раз на месяц, калі прыязджалі турысты. Гэта было вельмі даўно, 2007 год. Месяцы два, напэўна, ішла прыцірка да мовы. Бо да гэтага актыўна супрацоўнічаў з украінскай дыяспарай у сваім горадзе. Я чытаў украінскія кніжкі, перыядычна ездзіў у манастыр, у семінарыю. Таму калі я пайшоў вучыцца, то літаральна за месяц-два адбылася прыцірка. Галоўнае — акунуцца ў моўны асяродак.
Карэнныя львавяне, размаўляючы са мной, разумеюць, што нешта не так. Пачынаецца: «А ты з якой часткі Украіны?» Кажаш: «Ну, з адной часткі, але не Украіны».
Стваральнікі календара «Мова вольных вандруе па свеце» хочуць паказаць, што беларуская мова роўная іншым мовам свету, а таксама падтрымаць імкненне беларусаў ведаць мовы краінаў, дзе яны жывуць або бываюць.
Я працягваю супрацоўнічаць з некаторымі сэрвісным ЛГБТ-арганізацыямі. З іх лёгкай рукі мяне пачалі называць «зовнішньо переміщена особа». Таму што тут зараз усе — «ВПО — внутрішньо переміщена особа», бежанцы з Усходу. «А ты таксама ВПО?» — пытаюцца. «Не, то ЗПО, яго зовні перемістили до нас» — адказваюць пра мяне.
Пасля вайны ў Львове стала вельмі шмат рускамоўных. Не ведаю, наколькі адэскую мову можна назваць рускай. Ці харкаўскую — з іх тремпелямі і ампулкамі. Але Львоў перастаў быць такім кансерватыўна-украінамоўным.
Многа з кім можна гаварыць па-руску. Палова сяброў, якімі я паспеў абзавесціся, — выхадцы з Усходу. Яны з большага гавораць расейскай мовай. Частка ёсць заходнікі, яны гавораць украінскай. То я з аднымі па-руску, з іншымі - па-украінску.
Ёсць праблема, калі ты размаўляеш з выхадцамі з Закарпацця або з харкаўскімі. Тэлефануе сябар, кажа: «У цябе ёсць лепесток?». У мяне ў галаве адразу адзін лепесток, каторы «лети через запад на восток». Аказваецца, ён меў на ўвазе процівень. У харкаўскіх стрыжань у ручку — гэта «ампулка». А вешалка — «тремпель».
Чаму Львоў?
Я вучыўся ў Івана-Франкоўску і пастаянна праз Львоў ездзіў. Ад яго Львоў вельмі блізка — тры гадзіны аўтобусам, ці, як калісьці, маршруткі называлі «пыжыкамі». Была прапанова ад сяброў - можа, пераехаць у Кіеў? Не, я Кіеў не люблю. Такое ўражанне, што ўзялі Львоў, расцягнулі вось так, расцягнулі вось так — атрымаўся Кіеў.
Я ў Львове амаль не езджу грамадскім транспартам. Гэта бывае вельмі рэдка, хоць Львоў не маленькі горад. Напрыклад, я па мясцовых мерках жыву ў самым цэнтры. Бо ў Львове свая сістэма. 45 хвілін пешкі да цэнтры — гэта бліжні цэнтр. Усё, што да гадзіны машынай — таксама бліжні цэнтр. Я жыву амаль ў самым цэнтры — у мяне дзесьці 30 хвілін пешкі да цэнтральных плошчаў.
Войны Львоў не разбілі. Таму яго не адбудоўвалі ў савецкі час такім стандартным планам. Маленькія вулачкі, на каторых адна каляіна і для машыны, і для трамвая — таму перыядычна бываюць заторы. І таму я часцей хаджу пешам, бо мне прасцей дайсці пешкі, чым чакаць 15 хвілін трамвая, а потым яшчэ 15 хвілін ехаць, хаця ісці 10.
Беларускае «дэжавю»
У палове пытанняў Украіна зрабіла крок наперад — нават не магу прыкінуць на колькі гадоў апярэдзіўшы Беларусь. Тая ж знакамітая іх «Дзія» — гэта дадатак на тэлефоне, дзе ў цябе і пашпарт, і працоўная кніжка, і пенсійнае. Можна седзячы, прабачце, на ўнітазе, адкрыць ІП за тры хвіліны. І ўжо заўтра выйсці на працу як ІП.
А ў некаторых пытаннях усё ж Беларусь была прашаранай краінай. Напрыклад, у Беларусі да 2020 года на картку ў беларускіх рублях можна было зрабіць перавод у еўра — яны аўтаматычна канвертуюцца і залічацца ў рублях. Ва Украіне мне на рахунак у доларах выпадкова перавялі еўра — і я не мог чатыры месяцы іх забраць, бо валюта «пераказу» не супадае з валютай рахунка. Кажу: ну адпраўце назад. «Мы не можам, бо гэта будзе лічыцца ўмяшальніцтвам у асабістыя справы». Кажу: тады аддайце. «Таксама не можам».
Часам, калі глядзіш з беларускім бэкграўндам на украінскія падзеі, ловіш дэжавю. Напрыклад, напачатку вайны карысталіся попытам пакаяльныя відэа, дзе ўкраінскія грамадзяне, якія былі наводчыкамі ці здавалі нейкія пазіцыі, на відэа казалі, што яны раскаяліся. А ты глядзіш — «где-то это я уже видел». І нічым харошым гэта не закончыцца.
Калі мы на 9 траўня ў Беларусі або ў Расіі бачылі мінеральную ваду «Спасибо деду за победу» або гарэлку «На Берлин», мы смяяліся. А цяпер ва Украіне з’явіўся кефір «Запарожье», нешта там «Азовсталь» ці «Чорнобаївка». Украінцы кажуць, што гэта не тое самае, гэта для падняцца баявога духа.
«А вы хацелі б вярнуцца дадому?»
Першапачаткова я з’язджаў на месяцы тры. А па факце хутка будзе тры гады. Цяжка было ўсведамляць, што хутка будзем мы даваць інтэрв'ю, як некалі даваў Данчык [беларускі спявак Багдан Андрусішын, які нарадзіўся і пражыў большую частку жыцця ў Нью-Ёрку — Hrodna.life], што, хлопцы, у мяне па-ранейшаму ёсць беларускі пашпарт, але ён ужо нядзейсны. Хутка ў мяне, як у Данчыка, будзе нядзейсны беларускі пашпарт. Гэтая ўсведамленне прыйшло. Было цяжка, было сумна пэўны час.
Я займаўся з псіхолагам. Я разумею, што нельга пагружацца ў самабічаванне, трэба адцягваць увагу. Я пайшоў у дробную маторыку. Я пачаў вышываць крыжыкам. Я вяжу шкарпэткі цёплыя. Пазнаёміўся з сервіснымі ЛГБТ-арганізацыямі, мы плялі з паракорда брэлкі і браслецікі.
Я тры гады не бачыў маму, тату, сястру. За гэтыя гады ў мяне пяцёра сяброў памерлі. З кожным днём усё больш і больш магіл дома застаецца, на каторыя трэба будзе зайсці ў першыя ж дні, калі павернемся. Але ў прынцыпе, яно ўжо не так балюча.
Мяне міграцыйная служба неяк запыталася: «А вы хацелі б вярнуцца дадому?». У тэорыі - так. Але нават калі заўтра не стане двух палітыкаў, то вярнуцца дадому мы зможам не раней, чым праз паўгода-год пасля гэтага. Каб усё ўстаканілася, каб паглядзець, што будзе пасля.
«Цяжка жыць тры гады і не лічыць сябе часткай гэтай краіны»
Да вайны я працаваў як журналіст-фрылансер. Першы месяц усім было не да работы, бо ўсе сядзелі ў шоку ад таго, што адбываецца. Я ўвогуле праспаў пачатак вайны. Прачнуўся, а другой гадзіне дня — у мяне 16 прапушчаных ад сяброў, восем прапушчаных ад мамы ў Viber, шэсць прапушчаных ад сястры. Прыйшлося навёрстываць пачуццё трэшу.
Я пачаў хадзіць валанцёрам на вакзал, таму работу закінуў. Пасля ў нас былі веерныя адключэнні святла — таксама не да работы анлайн. Неяк так адбылося, што работа скончылася. Зараз я пакуль што як валанцёр працую на Украіну. Напэўна, гэта добра — асіміліруешся паціху з мясцовай мікрафлорай.
Першы месяц мы валанцёрылі на вакзале — дапамагалі прымаць эвакуацыйныя цягнікі, якія прыбывалі з Харкава, з Кіева. Было некалькі выпадкаў, калі беларус раздаваў гарачы суп украінцам, якія прыехалі. І нехта ляпнуў: «А вот там білоруса спросі». І адзін з бежанцаў кажа: «А дзе беларус?». Калі паказалі - адмовіўся браць у яго суп.
Зараз нармальна. Калі я вярнуўся 17 траўня, адзін сябра кажа: «Ура, я так рады, што ён вярнуўся». А наш агульны сябра кажа: «А я не рады, бо ўсё-такі ён беларус». Такі шавінізм застаецца часамі. Я цудоўна разумею, адкуль растуць корні. Але гэта кепска. Бо вайна скончыцца. Вайна скончыцца адназначна перамогай Украіны. Пытанне проста, калі. І я баюся, што за гэтыя гады гэты шавінізм стане нормай. І пасля вельмі доўга давядзецца працаваць — і праваабаронцам, і ўсім іншым, каб патлумачыць, што не кожны рускі - кепскі, не кожны беларус быў рады, што з Беларусі стралялі.
Нехта з журналістаў сказаў: «Чаму ты называеш украінскую супрацьпаветраную абарону „нашай“?» Я кажу: «Ведаеш, цяжка жыць тры гады ў краіне і не атаясамліваць сябе, не лічыць часткай гэтай краіны».
Адчуў менш гамафобіі
Беларусь да 2020 і пасля 2020 — гэта дзве розныя Беларусі. Ва Украіне да вайны і пасля вайны — таксама дзве розныя Украіны. Заходні рэгіён — Франкоўшчына, Львоўшчына — заўсёды быў больш кансерватыўны. Тут да ЛГБТ было больш прадузятае стаўленне, чым, напрыклад, у Кіеве. А ў Кіеве больш прадузятае, чым у Харкаве. Бо калі ў Харкаве прайд спакойна ходзіць, то ў Кіеве яшчэ думаюць, ці дазволіць. У Львове ці Франкоўску нават ніхто нават не будзе рызыкаваць і падаваць заяўку на прайд. Але пасля вайны вялікую справу зрабілі супольнасці ЛГБТ-вайсковых Украіны. Калі кожны выйшаў і сказаў: «Я гей. І я ваюю зараз, я з першых дзён вайны пайшоў дабраахвотнікам». І чытаецца: «А што зрабіў ты?».
Беларусь, якую я пакідаў, гэта была іншая Беларусь. Украіна, у якой я зараз, гэта ўжо іншая Украіна. Свет ідзе далей, час мяняецца, мяняецца вельмі часам нечакана. Я сёння чытаў навіну, што Папа Рымскі напісаў прывітальны ліст ЛГБТ-актывістам з ЗША. Пару гадоў назад гэта было немагчыма. Ва Украіне я сёння перыядычна бачу сацыяльную рэкламу пра аднаполае партнерства. Вярхоўная Рада разглядае зараз гэты законапраект. Яго перыядычна напраўляюць на дапрацоўку. Але я разумею, што гэта будзе прынята. Бо калі ты ўжо бачыш сацыяльную рэкламу на гэтую тэму, то ўсё. Са сваім журналісцкім бэкграўндам я разумею, што, людзі, вас пачалі рыхтаваць да таго, што гэта будзе. Проста змірыцеся.
Як трапіць ва Украіну
Наведаць [Украіну беларусу] варта, але гэта немагчыма. У мяне ехала знаёмая па запрашэнні дзяржавы на дзяржаўнае мерапрыемства. Мела з сабой пачку папер з пячаткамі, што Міністэрства сацыяльнай палітыкі і культуры яе запрашае. Яна не мужчына прызыўнога ўзросту, мела купу дакументаў - і яна прабыла на мяжы шэсць гадзін.
Чытайце таксама: Украінскія перавозчыкі адмаўляюцца вазіць беларусаў: нават па тэрыторыі іншых краін
Проста так грамадзяніну Беларусі з беларускім пашпартам уехаць будзе немагчыма. Калі я вяртаўся з Польшчы ва Украіну, я проста паказаў вокладку пашпарту і кажу: «А мне трэба з вамі выйсці, так?». У памежніка — квадратныя вочы. Па-першае, беларус уязджае у краіну, дзе ідзе вайна. Беларус уязджае з бяспечнай краіны, з Польшчы. Што адбываецца? Мужчын адназначна не пусцяць. Зараз гэта называецца «не доказана цель въезда». Тут цяжкае пытанне: гэта пазіцыя дзяржавы ці пазіцыя канкрэтных памежнікаў. Бо тут 50 на 50.
Калі ёсць магчымасць уехаць, напрыклад, у беларуса заваляўся пашпарт еўрапейскай краіны, то, я думаю, варта.
Нядаўна да мяне ў госці прыязджаў знаёмы. Ён — ураджэнец Казахстану, з пашпартам РФ, але больш за 10 гадоў жыве на тэрыторыі ЕС, мае пашпарт іншай дзяржавы, ён палітычны ўцякач. Я кажу: «Што за ідэя ехаць ва Украіну?». Няблізкая дарога. Ён кажа: «У мяне адпачынак. І ўсе мае калегі будуць расказваць пасля адпачынку: быў на Балі, быў у Турцыі. А я скажу: «А я быў на вайне».
Ці трэба бегчы ў бамбасховішча
Я нікому не раю наведаць вайну. Але я не шкадую, што ў мяне ёсць зараз гэты бэкграўнд ваенны. Я ведаю цяпер, што такое паветраная трывога. Мы навучыліся за паўгода вайны адрозніваць па гуках: гэта нешта ляціць, што гэта ляціць, ці гэта працуе супрацьпаветраная абарона. Дай божа, канешне, каб гэта не спатрэбілася ў жыцці.
У мяне ёсць котка. Мы спім з коткай у абдымку. І калі гучыць чарговая паветраная трывога, я вока адкрываю, гляджу на яе, яна глядзіць на мяне адным вокам. «Ты ляжыш? Ну тады і я паляжу».
Ці трэба бегчы ў бамбасховішча? Я бачу, што большасць людзей ужо не бегае, бо часамі бомбасховішчы менш бяспечныя, чым твой будынак. У мяне ў будынку сцены — 90 см. Пашкодзіць такую сцяну можа толькі прамое пападанне. Калі будзе прамое пападанне ў бомбасховішча, хутчэй за ўсё, яно таксама не ўратуе. Таму я пераварочваюся спінаю да вокнаў. Я яшчэ спецыяльна пераставіў троху мэблю. Калі раптам, не дай божа, вокны будуць вылятаць, каб аскепкі ляцелі не ў мяне, а ў шафу.
Калі я быў валанцёрам падчас першых месяцаў, мы бачылі моманты, калі людзі проста кажуць: «Я еду да родзічаў у Польшчу, а ў мяне прадукты засталіся». І табе прыносяць дзве торбы прадуктаў і кажуць: «Аддайце таму, каму трэба». Нідзе немагчыма было дастаць вады пітной звычайнай, а жанчыны аднекуль прыпіраюць табе 10 пачак па 20 бутэлек. «Дзе мы бралі - не важна, але раздайце тым, хто прыедзе». Тое, што мы пачыналі адчуваць у 2020 годзе — гэты уздым, гэтае яднанне — вось тут была канцэнтрацыя гэтага. Таму я рады, што гэта вопыт у мяне ёсць. Чаму не Літва, не Польшча? Там такога вопыту я б не атрымаў.
Марсава поле і «Криївка»
Мяне сястра папракала раней — першыя месяцы, калі я пераехаў. Кажа, схадзі туды, схадзі ў «Криївку», схадзі ў «Реберню» [папулярныя ўстановы Львова — Hrodna.life]. Я кажу: хадзіць па турыстычных месцах — гэта пашляціна. Я тут жыву. Мне нецікава. Кожную нядзелю хаджу да царквы і я праходжу тую вашу «Реберню» і я бачу тыя бясконцыя чэргі, і ў мяне ў галаве не ўкладаецца, а які сэнс стаяць тры гадзіны ў чарзе, каб пасля паўгадзіны паесці тых рэбрышак. Ну схадзі на рынак, пасмаж сабе дома!
Варта паглядзець так званае львоўскае «Марсава поле». Гэта месца, дзе зараз хаваюць усіх воінаў. Гэта новыя Курапаты для мяне. Калі ты прыходзіш і бачыш бясконцыя шэрагі сцягоў украінскіх, бо каля кожнай магілы стаіць прапар. Маючы пэўны рэлігійны бэкграўнд, тэма смерці для мяне не ёсць нейкай табуіраванай. Смерць — гэта нармальна. Але калі ты прыходзіш на «Марсава поле», ты бачыш партрэты хлопцаў. Большасць тых, хто там ляжыць, маладзейшыя за мяне. І слёзы пачынаюць наварочвацца, але спыняюцца недзе ў горле і ты стаіш. Таму я б раіў гэта наведаць, хоць я разумею, што гэта ўва мне гаворыць ваенны ці постваенны сіндром нейкі.
Мы стаялі ў цэнтры горада, цэнтральная плошча. Мы ўзялі каву з сябрам. І раптам — паветраная трывога. Паветранай трывогай ты ва Украіне нікога не здзівіш, ніхто не ўцякае, не бяжыць. На ўсякі выпадак адыходзяць ад рэжымных аб’ектаў. Калі гучыць паветраная трывога, а ты ў раёне вакзале і нікуды не едзеш, то папіць кавы можна і ў іншым раёне, лепш адыйсці ад вакзала.
Мы стаім у цэнтры горада, мы чакаем чаргу, бярэм каву. Я каву памешваю, і раптам «дадах», «дадах», «дах». Я ўпершыню адчуў, што такое сіла гука, калі ты чуеш гук, а пасля ты яшчэ целам адчуваеш хвалі ад гэтага гука. І я разумею, што я стаю, далей мяшаю каву. Харкаўскі сябра троху ператросся, кажа «Што адбываецца?». Я кажу: «А, прыляцела». Далей мяшаю. Тут другі раз — «дадах». Ён: «А гэта што?». Я кажу: «Яшчэ раз прыляцела. Па гуку — недзе ў раёне вакзала». І я лаўлю сябе на думцы, што гэта нездаровая рэакцыя. Трэба плакаць, уцякаць, баяцца. Я пасля пытаюся ў псіхолага: «Я — бессардэчная сволач?». Яна кажа: «Не, гэта нармальная рэакцыя псіхікі ва ўмовах ненармальных абставін». Таму дзякуючы вайне яшчэ троху і псіхалогію вывучылі.
На кожным аркушы слоўніка на 2024 год — тры словы: абавязкова па-беларуску і па-англійску, а таксама на трэцяй мове, якая з дня ў дзень мяняецца. Каля 40% замежных словаў у той ці іншай ступені аманімічныя або звязаныя з беларускім словам. У слоўніку будуць усе мовы тых краін, у якія дасылалі каляндар у мінулым годзе. Беларусы ўнутры Беларусі таксама могуць набываць слоўнік на 2024 год: яго зрабілі палітычна нейтральным.
Пра месца моцы
Для чалавека з рэлігійным бэкграўндам месца моцы — гэта трошкі дзіўна гучыць. Яно ёсць. Адказ прагучыць вельмі банальна. Гэта адна канкрэтная царква ў Львове, куды я хаджу амаль з першых дзён пераезду. Гэта былы Дамініканскі сабор у самым цэнтры горада, які ў час вайны не закрываўся ні на адзін дзень. Царква заўсёды адкрыта, калі не каменданцкая гадзіна.
Напэўна, тым месцам сілы стала для мяне царква ў першыя дні вайны, калі любая служба, любы малебен заканчваўся ва ўкраінскіх грэка-католікаў малітвай на каленях аб дараванні Украіне перамогі. І там такі тэкст: «Прыйдзі мне на дапамогу, Госпадзі, бо ворагі нашы хочуць зруйнаваць святыні нашы. І не дай ім такога падарунку, каб яны сказалі, што Бог адступіўся ад нас і няма каму нас абараніць».
Неяк у першыя дні мяне гэта так ускалыхнула. Таму я і хаджу туды, нягледзячы на перыядычныя гамафобныя выпадкі святароў, якія там служаць.
Слоўнік у фармаце адрыўнога календара можна павесіць на сценку або паставіць на стол. Ён мае скрыначку, якая робіць з яго добры падарунак. А яшчэ ў ёй можна захоўваць адарваныя аркушыкі.
Заказаць каляндар можна ў Беларусь і любую іншую краіну.
А яшчэ яго можна брэндаваць — і зрабіць з яго выдатны карпаратыўны падарунак, напрыклад, ад беларускай кампаніі ў замежжы!