Людзі і справы

«Шведы — гэта беларусы, у якіх атрымалася». Гродзенка расказала, як Швецыя вяртае самаацэнку

Марына* - ілюстратарка. Яна пераехала ў Стакгольм з сям’ёй сем месяцаў таму. Дзякуючы пераезду яна пераацаніла сябе і сваю творчасць, вывучыла мову за тры месяцы і даведалася, як жыць ingen stress — без стрэсу. Чым адрозніваецца пах Швецыі ад паху Беларусі, яна расказала Hrodna.life.

*імёны змененыя на просьбу гераіні для яе бяспекі.

Серыю матэрыялаў пра беларусаў за мяжой мы робім разам з календаром «Мова вольных» на 2024 год.

Швецыя змяніла свядомасць

Марына — мастачка-самавучка, малюе тры гады. Базу ёй далі анлайн-курсы, далей была штодзённая практыка. У Беларусі яна малявала штодзень, развівалася як ілюстратарка, стварала дызайны на замову. Але прадаваць свае працы баялася.

«Заўжды стаіць пытанне — а хто ты такая? Шмат мастакаў вучыліся па пяць гадоў ва ўніверы, а ты не пацярпела, не патраціла шмат часу».

У Швецыі нешта пачало змяняцца. «Беларусы — вельмі траўмаваныя. Мне здаецца, я чытаю страх і недавер у вачах амаль кожнага беларуса. Тут такога няма. Я не адчуваю на сабе позірка, які халадзіць скуру, падазронасці, недабразычлівасці. Не тое, што тут сардэчнасць, хутчэй гэта — нейтралітэт. Я доўгі час думала, што я тупая, няздольная. І вельмі баялася, што гэта заўважаць і асудзяць мяне. А тут я хаджу на курсы шведскай, і ад многіх настаўнікаў чую, што я duktig — здольная, таленавітая. І ў мяне сапраўды вялікі прагрэс. І я пачала глядзець: там не залажала, тут нармальна справілася. Можа я не такая тупіца, як думала пра сябе ў Беларусі? У пэўны момант гэта кранула і мастацкае праяўленне».

Асяроддзе вельмі ўплывае, лічыць мастачка. «Ты трапляеш у нармальную краіну, дзе цябе не прэсуюць, правы прызнаюцца, да тваёй унутранай годнасці ставяцца нармальна. Тут поўная інклюзія — шмат дзетак з ДЦП, з аўтызмам, і яны члены грамадства, маюць нейкія магчымасці. Калі жывеш у Беларусі, табе трэба быць па стойцы смірна, умяшчацца ў пэўны квадрацік. Калі не ўмяшчаешся — усё. У мяне быў моцны заціск — ці вартыя мае працы таго, каб іх прадаваць? А тут прыйшла думка: што, калі пытання, аб якое я і не толькі я спатыкалася — „Ці вартая я?“ — проста няма? Ёсць я, я малюю, і мае працы вартыя продажу».

Адна з шматлікіх набярэжных Стакгольма
Дрэвы ў Швецыі растуць проста на скалах
У раёне Huvudsta strand

«Нізкая самаацэнка, абясцэньванне сябе — агромная прыступка, якой тут проста няма, дарога роўная. І адзінае, пра што застаецца думаць — як я буду прадаваць свае працы, якая стратэгія дзеянняў? Застаецца проста знайсці кліентаў, пляцоўку, выставіць цэну. І не задавацца дурацкімі пытаннямі, якія забіраюць рэсурсы і час, якіх пасля не хапае ўласна на справы».

У Швецыі Марына стварыла крамку на Etsy і выставіла кошт $ 30 за аўтарскую выяву, якую можна раздрукаваць — невысокі для Еўропы, але высокі для Беларусі. У Швецыі столькі каштуе звычайны абед у кафэ. Праўда, на Etsy вялікая канкурэнцыя, але ёсць прынцыпы продажаў, і зараз Марына іх вывучае.

Гэты матэрыял з’явіўся дзякуючы супрацоўніцтву з брэндам «Мова вольных». Сёлета брэнд выпускае слоўнічак-каляндар на 2024 год пад назвай «Мова вольных вандруе па свеце». З дапамогай яго беларусы ўзгадваюць беларускія словы, а таксама даведваюцца іх пераклады на іншыя мовы.

З міннага поля на крайнюю поўнач

Марына ехала ў эміграцыю з адчуваннем, што ў Беларусь вернецца зусім няхутка, або наогул яе больш не пабачыць.

«Калі амаль да кожнага з сяброў прыходзяць органы, задаешся пытаннем, калі прыйдуць да цябе. Ты жывеш у гэтай нервовай абстаноўцы, і баішся нос паказаць. У адрозненне ад шматлікіх беларусаў, якія з’ехалі і вераць, што яны вернуцца, у мяне наадварот, зашкальваў песімізм: жыла тры гады ў стрэсе, нічога не змянілася, стала яшчэ горай. А я як чалавек, што адпаўзае з міннага поля, са сваёй зямлі спаўзла на нейкую чужбіну, за гэтае Балтыйcкае мора, на крайнюю поўнач. Для кагосьці Швецыя — гэта добры ўзровень жыцця, прыгожая прырода. А для мяне — я там замёрзну, там жа палярная ноч. Зусім не рамантызавала вобраз краіны, куды мы едзем».

Ініцыятарам пераезду стаў Марынін муж, які знайшоў працу ў Стакгольме. Ён мэтанакіравана імкнуўся ў Скандынавію, і Швецыя для яго — краіна магчымасцяў.

Марыне жа першыя пару месяцаў давялося проста сядзець дома, з двума дзецьмі ў здымнай кватэры. Эмацыйна было так цяжка, што пачала піць антыдэпрэсанты. У сям'і спачатку не было знаёмых на новым месцы, і Марына, і дзеці адчувалі сябе самотнымі і адарванымі ад усяго. Пазней аказалася, што ў Швецыі шмат беларусаў, якія жывуць тут ужо пэўны час. «Яны ўжо „ашведзіліся“, спакойныя, не такія траўмаваныя, як я».

Новая мова як ратунак

Ратункам для марынінай псіхікі і сацыялізацыі сталі моўныя курсы. Калі замежнік жыве ў Швецыі легальна, ён атрымлівае від на жыхарства, асабісты нумар і права вывучаць шведскую мову на бясплатных курсах.

На курсы Марына ходзіць штодзень, як на працу — з 8.20 да 12.00. Пасля трох месяцаў заняткаў з нулявога ўзроўню яна дасягнула сярэдняга, пачала разумець шведскую і ўжо можа крыху стасавацца з людзьмі. Праўда, дапамагло і тое, што раней яна вывучала нямецкую і англійскую.

Стакгольм — зялёны горад
Стары млын у раёне Bromma
Гарадскі пляж у Стакгольме

У Швецыі практычна ўсе ведаюць англійскую мову. «Ты можаш тут жыць гадамі і так і не скарыстацца шведскай. Некаторыя так і робяць». Так можна жыць, калі ты працуеш у міжнароднай кампаніі, ці праграмістам, ці дызайнерам. Марына акурат збіраецца шукаць вакансію дызайнера. «Але калі хочаш развівацца, шведскую ведаць важна». Прадавачкай у краме ўладкавацца прасцей, чым дызайнерам, але там тым больш патрэбна шведская, і на шведскай публікуюць усе вакансіі.

Дзеці нырнулі ў шведскую, не ведаючы яе

Дзеці - хлопчыкі чатырох і 11 гадоў - ходзяць у школу і ў садок. Старэйшы сын раней вучыў англійскую, але не ведае яе так добра, каб стасавацца. Малодшы яе не ведае ўвогуле, і ў ягонай групе ў садку няма аніводнага рускамоўнага дзіцяці.

«Мае дзеці - героі, нырцы глыбакаводныя. Яны проста нырнулі ў шведскамоўнае асяроддзе, не ведаючы наогул нічога. Усе пераконваюць мяне, што па ўсіх законах яны вельмі хутка вывучаць шведскую. Але я дагэтуль не ведаю дакладна, які ў іх узровень». Малодшы кажа, што разумее выхавацелек у садку. «Але на маё пытанне можа толькі палічыць да 10 і сказаць, як па-шведску вада і малако — з прафесарскім выглядам».

Старэйшы сын у перадпадлеткавым узросце і наогул мала чым дзеліцца з маці. Першы месяц у школе ён проста сядзеў і маляваў на ўроках. Марыне пра гэта расказалі на бацькоўскім сходзе: «Ведаеце, ваш Міхась такі творчы!». Марына падумала «Божачкі!» і стала чакаць «наганяя» ад настаўніцы, але яго не было.

Міхась не хацеў пераязджаць: дома засталіся сябры, сваё наладжанае жыццё — каратэ, плаванне, футбол, цацкі. З пераездам ён страціў усё зручнае і звыклае. Праз гэта ў яго няма ўнутранай матывацыі адаптоўвацца і вывучаць шведскую. У новым класе акрамя яго ёсць яшчэ тры рускамоўныя дзіцяці, з якімі ён і пасябраваў. Асабліва з хлопчыкамі - адным з Украіны і адным з Расіі.

Мова як ручаінка

Швецыя — доўгая па форме, і дыялекты ў розных частках адрозніваюцца, хаця швед шведа зразумее. Напрыклад, на поўдні, у раёне Сконы, раней былі дацкія землі. Там людзі крыху па-іншаму вымаўляюць некаторыя гукі. «У Стакгольме могуць сказаць „стахун“ (станцыя), а на поўдні - „сташун“. Калі ты прыезджы, нават лёгкае ваганне ў гуках можа збіць з панталыку».

Але знайшліся нават падобныя да беларускай ці рускай мовы словы. Напрыклад, агурок там называецца gurka, цыбуля — lök. Ёсць падабенствы ў канчатках, супадаюць некаторыя прыназоўнікі. Хаця больш шведская падобная да нямецкай, толькі вымаўленне не такое грубае.

Стваральнікі календара «Мова вольных вандруе па свеце» хочуць паказаць, што беларуская мова роўная іншым мовам свету, а таксама падтрымаць імкненне беларусаў ведаць мовы краінаў, дзе яны жывуць або бываюць.

«Увогуле, шведская мова вельмі мілагучная, як ручаіна бяжыць з гор, і мне яна пачынае падабацца, — прызналася Марына. — Мілагучнасць у тым, што яны вымаўляюць галосныя гукі рознай даўжыні. І гэта вельмі важна: калі ты вымавіш няправільна не вытрымаеш гэтую даўжыню гука, атрымаецца іншае слова. Ёсць „фііка“ (fika) — „перапынак на каву“. А калі сказаць „фіка“ (ficka) — атрымаецца „кішэня“».

Каб пакатацца на таксі, трэба ехаць у Варшаву

Пасля пераезду ўзровень жыцця ўпаў. У Гродне Марына магла дазволіць сабе снедаць у кафэ, па два разы на дзень купляць каву ў горадзе, часта ездзіць на таксі. У Швецыі ж даводзіцца эканоміць і купляць ежу на акцыях.

«У Гродне ў мяне было ўсё схоплена — была свая манікюрша, цырульніца. Але тут, кожны раз, калі трэба ісці ў цырульню ці на манікюр, ты глядзіш, колькі ў цябе ў кішэні грошай. Гэта ўсё тут у тры разы даражэй. У кафэ хаджу ў сто разоў радзей. Нядаўна была ў Варшаве, і з такім задавальненнем пракацілася на таксі!»

Мяса і рыбу сям’я зараз амаль не купляе, бо гэта вельмі дорага. Дзеці і так не любяць мяса і не ядуць, як яго ні прыгатуй, а рыба проста вельмі дарагая — жанчына «ловіць» яе на акцыях.

«Калі я ўбачыла, якія тут круцяцца лічбы ў пражытковым мінімуме, я зразумела, што за свае працы я бяру вельмі маленькія грошы, як бы адстала ад сусветных коштаў, калі была ў Беларусі. Канешне, тут вялікія зарплаты, але і высокія падаткі - 30%, высокія кошты, але і высокія сацыяльныя гарантыі».

З цягам часу Марына звыклася з вялікімі выдаткамі. «Спачатку пералічваеш усё на беларускія грошы і вар’яцееш, а потым проста адаптуешся — трэба нешта есці».

Партрэты рэчаў і дома

Калі сям’я пераязджала, з сабой узялі вельмі мала рэчаў - пару сумак і па заплечніку ў кожнага. Дома засталося шмат важнага - дзіцячыя цацкі, кніжкі, маміны вышываныя карціны, рэчы, якія рабілі прастору сваёй. У новай кватэры былі пустыя белыя сцены. «Для мяне, калі на сценах нічога няма — гэта не вельмі ўтульны домік. І я пачала вешаць свае працы». Сярод таго, што Марына забрала з дому, былі тры карціны — від на Гродна, хатка яе бабулі і від унутры гэтай хаткі.

Аднойчы да сям'і ў госці прыйшлі сябры, пілі віно, вялі душэўныя размовы. Ніякіх фотаздымкаў не рабілі, але засталася бутэлька, і Марына вырашыла яе намаляваць, каб захаваць памяць пра сустрэчу. Так да Марыны прыйшла ідэя кастамізаваць сваю творчасць — маляваць для замоўцаў іх любімыя рэчы, партрэты людзей і партрэты чалавечых рэчаў, накшталт улюбёнага кубачка ці заварніка, старога світара, рэчаў з дзяцінства, ад якіх засталіся толькі фота. Або партрэт пакінутага дома ў Беларусі, каб бачыць яго часцей.

«Адна справа — фотаздымкі, а іншая — мастацкая ілюстрацыя. Я б хацела сабе партрэты сябе і сваёй сям'і, дзе мы будзем намаляваныя, быццам з кніжнай ілюстрацыі. Быццам гэта казка пра нас. І як любая казка, яна заканчваецца, канешне, добра, там дабро перамагае».

Горад у скале

Першае, што кінулася Марыне ў вочы пасля пераезду — краіна як бы стаіць на камянях. «Гэта кавалак скалы, у якім размяшчаецца горад. Ты ідзеш па асфальце да метро, і тут бах — на зямлі ляжыць кавалак скалы. Яна проста ўпісаная ў інтэр'ер, залітая асфальтам. Можа стаяць дом, а побач ляжыць кавалак скалы, які нікуды не прыбралі».

На карце вадаём, дзе размешчаны Стакгольм, называецца возера, але выглядае гэта як залівы, якія паўсюль цякуць, злучаюцца з іншымі і ўтвараюць водную сістэму, на якой стаіць горад. Стакгольм як бы падзелены на астравы, паміж якімі шмат мастоў і падземных пераходаў. Транспарт ходзіць вельмі добра, інфраструктура выдатная.

Ёсць асобны вялікі падземны горад — развілістае метро, выбітае ў скале, з мноствам станцый. Дызайн станцый аддалі мастакам — ёсць шыльды, хто гэтую станцыю афармляў, і што гэтым хацеў сказаць аўтар. У Швецыі з вялікай павагай ставяцца да сімвалаў.

Краіна ingen stress

У Швецыі Марына знайшла шмат свабоды і цярпімасці. «Тут можна апрануцца па-любому, і на цябе не звяртаюць увагі, як у Беларусі. Хоць на галаве хадзі - людзі проста паўсміхаюцца, паківаюць галавой, што ўсё цудоўна, бро».

Шведы любяць дзяцей і заўжды ім усміхаюцца. Узровень цярплівасці нашмат вышэйшы, чым у Беларусі. «Нават калі дзіця сваволіць, і ў мяне ўжо нервы паляцелі, у шведаў - ой, як гэта міла».

Спачатку Марыне здавалася, што гэта штучнае. Як так можа быць? Свет небяспечны! Але шведы любяць казаць ingen stress, «ніякага стрэсу».

«Муж на працы звык напінацца, а ў іх так не прынята, яны ў расслабленым рэжыме — не перапрацоўвайце. У Швецыі ёсць такое — lagom (бел. „дакладна, у самы раз“), паміж, без празмернасці, нейтралітэт, пры гэтым клапатлівы. Прысці, спакойна выпіць кавы, папрацаваць, пагутарыць, а пасля сысці, калі трэба. Не трэба моцна застрымлівацца ў офісе, ніхто гэта не падтрымлівае».

Чым пахне Швецыя

У Швецыі іншы пах, заўважае Марына. Калі яна пасля эміграцыі ненадоўга прыехала ў Польшчу, то пазнала пах Беларусі.

«З лясоў павеяла нашай глебай, якая мае свой пах, гэты водар. Думаю, гэта проста якасць самой глебы, пах дрэваў, такая балоцістая гнільца — водар сваіх лясоў».

У Швецыі жа ўсё перакрывае Балтыйскае мора, і пахі з Цантральнай Еўропы не могуць туды прабіцца. «У Швецыі нейтральны пах. Мне здаецца, тут пахне проста небам, морам, свежым паветрам». У Стакгольме чыстае, незагазаванае паветра і шмат дрэваў. «Гэта тэрапеўтычна. Дрэвы растуць паўсюль, і яны растуць на скалах — гэта парадокс, і, мне здаецца, такая сімвалічная штука».

У Швецыі падобныя да беларускай флора і фаўна, шмат сарок, але няма шэрых варон.

Шведы — беларусы, у якіх атрымалася

Марына не любіць надта турыстычных месцаў і таму ў цэнтры Стакгольма бывае рэдка. «Ён для мяне занадта шумны. Прыгожыя дамочкі, як з паштоўкі, караблі, прыстані. Але асабіста мне падабаецца наш раён і наш пляж. Усім раю прыехаць на Huvudsta, паблукаць па набярэжных, іх тут вельмі шмат». На набярэжную Марына прыходзіць і маляваць, і браць натхненне, і купацца. З музеяў Марына была ў Скансэне, музеі Ваза (швецкім марскім музеі) і гістарычным музеі. Апошні ёй вельмі падабаецца.

У музеі Ваза (марскім музеі). Фота перададзена гераіняй

«Тут усё зроблена, каб чалавек супакоіўся. Шведы — памяркоўныя. Часам мне здаецца, што шведы — гэта беларусы, у якіх усё атрымалася. Паміж намі шмат падобнага, і гэта не толькі я заўважаю. Мы спакойныя, цярплівыя, і шведы такія ж».

«Шведам не патрэбны „цар“, яны могуць дамовіцца самі з сабой. Тут камуны — невялічкія раёны, у якіх свая ўлада, і камуна вырашае шмат важных пытанняў, нават размеркаванне бюджэта. Тут сапраўды сацыялізм, левакі. Гэта дамова на ніжнім узроўні, гарызантальная ўлада. У шведаў крыху іншы палітычны кантэкст, яны далёка ад Расіі. Але шведы змаглі, і мы зможам — крыху пазней».

Слоўнік у фармаце адрыўнога календара можна павесіць на сценку або паставіць на стол. Ён мае скрыначку, якая робіць з яго добры падарунак. А яшчэ ў ёй можна захоўваць адарваныя аркушыкі.

Заказаць каляндар можна ў Беларусь і любую іншую краіну.

А яшчэ яго можна брэндаваць — і зрабіць з яго выдатны карпаратыўны падарунак, напрыклад, ад беларускай кампаніі ў замежжы!

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024