У Варшаве разам з заняткамі праводзяць стрымы, у Вільні на Каляды запрашалі адзінарожку. Навучальны сезон 2021-2022 года курсаў “Мова Нанова” праходзіць за мяжой: ва Украіне, Польшчы і Літве. Курсы ў Беларусі летась ліквідавалі. Выкладчыкі “Мовы Нанова” расказалі Hrodna.life, як ідуць справы на занятках і чаму попыт на родную мову не змяншаецца.
“Першай была Варшава, потым падцягнуліся іншыя гарады”
“Мы скончылі навучальны год і амаль адразу атрымалі рашэнне аб ліквідацыі, – расказалі Hrodna.life каардынатары праекта. – Многіх выкладчыкаў выклікалі на допыты. У выніку больш за 10 чалавек былі вымушаны з’ехаць за мяжу. У рамках пректа гэта вялікая лічба. Напрыклад, з Ваўкавыска з’ехала ўся каманда”.
Аднавіць працу ўдалося ў пяці гарадах за мяжой. Сёння курсы ёсць у Варшаве, Гданьску, Вільні, Кіеве і Львове.
“Шмат студэнтаў прасілі аднавіць заняткі. Таму перад вераснем пачалі ўсіх штурхаць, каб аднавіць сустрэчы. Каманда трошкі асвоілася [у рэлакацыі] і разам вырашылі, што ёсць сэнс паспрабаваць, каб падтрымаць супольнасць і дапамагчы людзям захаваць сваю беларускасць. Пачалася ланцужковая рэакцыя. Першай была Варшава. Потым пачалі падцягвацца іншыя гарады”.
З Маладзечна ў Варшаву

Алеся Каролік была выкладчыцай курсаў “Мова Нанова” ў Маладзечне ад 2018 года. У жніўні 2020 яна з’ехала з Беларусі “па зразумелых прычынах” і зараз выкладае на курсах у Варшаве.
“Першым пытаннем было знайсці памяшканне. Вырашыць яго нам дапамаглі арганізатары Цэнтра беларускай салідарнасці. Адразу заняткі праводзілі тут. Зараз працуем у беларускім моладзевым хабе. Карыстаемся інтэрнэтам, каб далучыць людзей анлайн”, – расказала Алеся.
Каманду “Мова Нанова” ў Варшаве падтрымлівае дабрачынны праект беларусаў “Хатні Session у Beer Station”. Заняткі на курсах праходзяць раз на тыдзень.
“На занятках звычайна прысутнічае каля 20 чалавек. Яшчэ 15-20 далучаюцца анлайн. Некаторыя студэнты далучаюцца да розных гарадоў: адзін дзень паглядзелі Варшаву, другі – Вільню. Фармат мы не мянялі: у складзе урока лексіка, граматыка па тэме і сустрэча з госцем”.
Ёсць заняткі для дзяцей
Заняткі для дзяцей у Варшаве праводзіць Юлія Букштановіч. Раней яна прыходзіла на лекцыі для дарослых, а потым прапанавала сваю дапамогу з арганізацыяй дзіцячых курсаў. Па адукацыі Юлія выкладчык беларускай мовы, як замежнай. Больш за 10 год працуе з дзецьмі.
“Ініцыятарамі заняткаў выступілі бацькі і настаўнікі. Адразу планавалі, што яны будуць доўжыцца па 45 хвілін. Але хутка стала зразумела, што разыходзіцца не хочацца, і дзеці самі папрасілі, каб зрабілі даўжэй. Таму зараз мы сустракаемся на дзве гадзіны з перапынкам на смакоткі”, – расказала Юлія для Hrodna.life.
Заняткі для дзяцей праходзяць два разы на тыдзень. На ўроках ёсць час на гульні і інтэрактыўныя практыкаванні па лексіцы і граматыцы.
“Да нас дадучаюцца цікавыя госці. Разам з імі закранаем беларускую гісторыю і культуру. Прыемна адзначыць, што пабольшала і саміх удзельнікаў. На першых сустрэчах было каля 10. Зараз – больш за 20”.
З Гродна у Гданьск

У лістападзе да курсаў далучылася каманда з Гданьска. Надзея Маляўка – актывістка і новы выкладчык праекта Мова Нанова расказала Hrodna.life, як распачала заняткі ў новым горадзе.
“У Гродне я ўдзельнічала ў шматлікіх актыўнасцях. Таму тут, далёка ад дома, было вельмі цяжка маральна без падобнай крэатыўнай суполкі”.
Усе выкладчыкі гданьскіх курсаў – новыя сябры каманды. Выкладаць яны пачалі толькі сёлета.
“Я напісала ў суполку курсаў у Варшаве папрасіць, каб дапамаглі нам арганізаваць заняткі. Нам пайшлі насустрач – дапамагаюць з пошукам гасцей, а матэрыялы можна браць з афіцыйнай старонкі курсаў”.
Заняткі ў Гданьску праходзяць па суботах, на іх збіраецца каля 15 студэнтаў.
“Я вельмі рада, што сярод розных людзей ёсць такая зацікаўленасць да вывучэння беларускай мовы”, – кажа Надзея Маляўка.
“Заняткі – маё свежае паветра і водар радзімы”
Ірына В. наведвае курсы “Мова Нанова” у Гданьску. “Я заўседы адчувала, што [са стаўленнем да мовы] адбываецца нешта не тое, што мы, беларусы, павінны размаўляць па-беларуску. Але вырасла я ў рускамоўнай сям’і і мабыць праз сваё гультайства так і не знайшла раней шлях да мовы. Ніколі не хадзіла на заняткі і не размаўляла да гэтага. Хаця мова не была мне чужой. Я зараз у пачатку шляху да мовы. Заняткі – маё свежае паветра і водар радзімы. Гэта і новыя знаёмствы, і новыя веды”.
Збіраюцца аматары роднай мовы ў памяшканні “Аб’яднання беларусаў Памор’я”. Адна з арганізатарак аб’яднання расказала Hrodna.life, як прыйшла ідэя пачаць курсы мовы ў Гданьску.
“Галоўная мэта нашай працы – аб’яднаць беларусаў, якія жывуць у Труймясце [папулярная зборная назва трох гарадоў – Гданьска, Сопата і Гдыні – Hrodna.life]. Асацыяцыя працуе на валанцёрскай аснове. Беларусы праводзяць бясплатныя заняткі ў тым, што яны ўмелі і рабілі ў Беларусі, але не могуць у дадзены момант займацца ў эміграцыі любімай справай па розных прычынах. Такім чынам імкнемся падтрымаць адзін аднаго. Памяшканне для нашых актыўнасцяў, сустрэч і заняткаў дала адміністрацыя Сопата. Мы даўно хацелі арганізаваць курсы беларускай мовы, але не так проста рэалізаваць усё тое, што хочацца. Наш валанцёр Надзея ўзяла на сябе гэтую працу і з нуля запусціла курсы ў Сопаце”.
У Вільню з Бабруйска і Салігорска

Даша Роскач з Бабруйска адзін год была вядоўцай курсаў у Бабруйску, а Глеб Сандрас вёў заняткі “Мовы Нанова” ў Салігорску. Пасля пераезду яны аб’ядналі намаганні і разам вядуць заняткі для мясцовых беларусаў.
“Віленская “Мова Нанова” адрозніваецца тым, што тут вельмі проста знайсці гасцей. Нават калі нешта не складваецца ў запрошанага чалавека, атрымліваецца хутка адшукаць замену. У горадзе шмат цікавых людзей з рознабаковымі інтарэсамі і хобі. У Беларусі, асабліва ў невялікіх гарадах, з гэтым было складаней”.
На сустрэчы ў Вільні збіраюцца каля 20 чалавек. “Ёсць пастаянныя наведвальнікі. Іншыя прыходзяць пад тэму ці на адмысловага госця”, – расказала Даша.


Глеб Сандрас распавёў Hrodna.life, што гасцямі віленскай суполкі ўжо былі спявачка Кацярына Ваданосава, музыка Лэслі Найф, Карына Салавей з “Аховы птушак бацькаўшчыны” ды іншыя.
“У новым семестры будзе таксама шмат цікавых гасцей”, – запэўніў ён.
Чытайце таксама:


