«Гэта першае месца ў Польшчы, дзе я сапраўды адчуў сябе сваім», – кажа блогер Айцібарада пра курсы «Мова нанова» ва Уроцлаве. Адукацыйны праект быў адным з самых вядомых у Беларусі, а пасля 2020 “пераехаў” за мяжу. У польскім горадзе Уроцлаў яго сёння паспяхова развівае ўраджэнка Гродзеншчыны Эмілія. Сёлета на закрыццё сезону сабралася рэкордная колькасць удзельнікаў.
Больш за 200 чалавек з розных гарадоў Польшчы і не толькі прыехалі на закрыццё сезону «Мовы нанова ва Уроцлаве». Людзі прыязджалі з Варшавы, Познані, Гданьска, Катавіцаў, Лодзі, Зялёнай Гуры, Алавы, Бельска-Бялай і нават з Аўстрыі. Імпрэза адбылася ў чэрвені ў антуражы старадаўняга замка ў Алясніцы, што за 30 кіламетраў ад сталіцы Ніжнесілезскага ваяводства.

«Галоўнае, каб людзям было камфортна і цікава»: пра фарматы, гасцей і наведнікаў
Праект «Мова нанова» паўстаў у 2014 годзе ў Мінску, а ў хуткім часе заняткі праводзіліся ўжо ў 18 гарадах Беларусі, у тым ліку ў зусім невялікіх. У Гродне праект стартаваў у сакавіку 2014 года. Да яго далучылася і Эмілія: была адной з арганізатараў і вядоўцаў заняткаў.
Ва Уроцлаве ж курсы «Мова нанова» з’явіліся ў 2022 годзе дзякуючы ініцыятыве мясцовых беларусаў. З таго часу сустрэчы праходзяць рэгулярна і бесперапынна.
Сустрэчы адбываюцца ў сярэднім два разы на месяц. Улады дазваляюць бясплатна карыстацца аўдыторыяй гістарычнага інстытуту Уроцлаўскага ўніверсітэту. Звычайна заняткі складаюцца з некалькіх блокаў: моўная частка, выступ або размова з госцем, розныя інтэрактыўныя элементы, каб людзі маглі не толькі слухаць, але і размаўляць паміж сабой, – гульні, квізы, творчыя заданні.

– Пішам вершы, спяваем песні, дыскутуем (аднойчы абмяркоўвалі, ці трэба публікаваць інтымныя дзённікі Максіма Багдановіча) і нават ставім намёты. Таксама праводзім майстар-класы, напрыклад, як шукаць працу, складаць рэзюмэ. Ладзім супольныя кінапаказы ў беларускім дубляжы, часта касцюмаваныя. Робім тэматычныя сустрэчы для дзетак, – расказала Эмілія.
Эмілія стараецца прыдумляць новыя фарматы, пры гэтым абавязкова захоўвае адукацыйны складнік. «Нават калі выходзім па-за ўніверсітэцкія сцены і ідзём трэнавацца, займацца ёгай або страляць з лука, мы рыхтуем слоўнікі з адпаведнай лексікай. Напрыклад, як называюцца па-беларуску паставы ў ёзе, часткі цела, элементы лука. Калі ладзім дэгустацыі, шукаем прыгожыя беларускія словы: тронак, лапка, беражок…»
Гасцей Эмілія запрашае паводле ўласнага разумення, што слухачам можа быць цікава, збірае пажаданні ўдзельнікаў падчас апытанняў ці размоваў. Бывае, што людзі самі звяртаюцца з прапановай выступіць. Бывае, што героі сустрэчаў выяўляюцца сярод удзельнікаў заняткаў.

Мёд стварыў Уладзімір, што родам з Гродзеншчыны. Ён расказваў пра традыцыю гатавання і спажывання пітнога мёду, што ўважаецца адным з найстаражытнейшых беларускіх напояў. Уладзімір – сапраўдны знаўца тэмы і, што галоўнае, практык: ён стварыў больш за 50 гатункаў гэтага напою і нават адзін з іх – адмыслова для праекту «Мова нанова».
Тэмы таксама нараджаюцца вельмі натуральна. «Гэта могуць быць прэзентацыі новых кніг: да нас ва Уроцлаў прыязджалі Уладзімір Арлоў, Наста Кудасава, Аляксандр Чарнуха, Руслан Кулевіч, Макар Валынкін, Саша Філіпенка ды іншыя аўтары і аўтаркі. Размовы вакол актуальных падзеяў, сустрэчы да памятных датаў альбо папросту – паводле пары года. У нас былі сплаў па рацэ, вулічная саўна, грылі. Дыяпазон тэмаў, на якія мы размаўлялі, вельмі шырокі – ад параўнальнага аналізу розных мадэляў самаідэнтыфікацыі і радыяцыйнай бяспекі да сексу ў жыцці нашых продкаў і абсцэннай лексікі, праклёнаў ды лаянкі ў беларускай мове».
Сярэдняя колькасць наведнікаў – 50–60 чалавек (для параўнання – у Гродне курсы звычайна збіралі каля 20 чалавек) Сярод самых масавых арганізатарка называе сустрэчы з Мікітам Мелказёравым і Сашам Івуліным – было каля 90 удзельнікаў. Традыцыйна шмат людзей збіраюць закрыцці сезонаў, асабліва калі ў праграме ёсць канцэрт. Прыходзяць і рускамоўныя беларусы, якія толькі пачынаюць карыстацца беларускай мовай.

«Месца, дзе можна сустрэць сваіх людзей»
Сёння людзі шукаюць не столькі канкрэтныя тэмы, колькі супольнасць, дзе прыемна, пазнавальна і цікава, упэўненая Эмілія. «Мне гэта крыху нагадвае традыцыі філаматаў, філарэтаў і «прамяністых» (таварыствы віленскіх студэнтаў XIX ст. – Hrodna.life), калі людзі збіраліся не толькі дзеля адукацыі, але і дзеля размовы, падтрымкі і супольных справаў. Такім чынам ствараюцца гарызантальныя сувязі і нараджаюцца новыя ініцыятывы, валанцёрскія праекты, сяброўствы і нават семʼі. З наведнікаў заняткаў склалася каманда «Мова нанова Спорт», якая рэгулярна ўдзельнічае ў забегах, трэйл-забегах, забегах з перашкодамі. А яшчэ разам значна прасцей перажываць эміграцыю і яе цяжкасці».
Гэтую ўласцівасць праекту – прыцягваць і абʼядноўваць людзей – адзначыў і Аляксей Картыннік, блогер Айцібарада. На курсы ён трапіў спачатку як спікер – распавядаў пра штучны інтэлект. А пазней не толькі зрабіўся сталым наведнікам заняткаў, але і бярэ ўдзел у арганізацыі імпрэзаў праекта. Напрыклад, падчас святкавання закрыцця сезона ўжо другі год запар ён ладзіць майстар-класы па стральбе з лука і шмат дапамагае ў іншых арганізацыйных справах. Ён жа стварыў, так бы мовіць, гімн «Мова нанова»: з дапамогаю штучнага інтэлекту зрабіў музычную адаптацыю верша Рыгора Барадуліна, які паэт адмыслова напісаў да адкрыцця курсаў беларускай мовы «Мова нанова» ў Беларусі яшчэ ў 2014 годзе.

«Гэта першае месца ў Польшчы, дзе я сапраўды адчуў сябе сваім, – дзеліцца блогер. – А яшчэ адкрыў для сябе, што для таго, каб распаўсюджваць беларускую тэматыку, не абавязкова замахвацца на буйныя праекты, гнацца за масавай аўдыторыяй, тысячамі праглядаў і праслухоўванняў. Ёсць іншы падыход, што транслюе «Мова нанова», – гэта пра адносна невялікую супольнасць, якая стварае пэўнага кшталту павуціну, сетку. Дастаткова запрасіць цікавага беларуса ці беларуску, сабраць аўдыторыю прыблізна на сто чалавек, і калі хаця б адзін з іх натхніцца і пачне рабіць нешта сваё, то гэтая сетка будзе пашырацца».
Прыкладна такім чынам нарадзіўся падкаст «Каласы пад сярпом ШІ», у якім Аляксей разам з Эміліяй і Яўгенам Яфімавым разважаюць пра штучны інтэлект па-беларуску.

Шмат каго курсы натхнілі на тое, каб цалкам перайсці на беларускую мову ці пачаць карыстацца ёю ў агульных чатах і сацыяльных сетках. Эмілія называе гэта адным з самых каштоўных вынікаў ініцыятывы.
«Моцны, бо трымаецца на людзях»
Праект «Мова нанова» не мае спонсараў і нікім не фінансуецца. Усе арганізацыйныя выдаткі (арэнда памяшкання, калі заняткі праводзяцца не ў будынку ўніверсітэту, атрыбутыка, раздатныя матэрыялы, падарункі «выдатнікам» курсаў, рэквізіт, падзяка гасцям і інш.) пакрываюць ахвяраванні ўдзельнікаў. Людзі заўсёды адгукаюцца, калі патрэбная дапамога ў арганізацыі сустрэчаў, падтрымліваюць адно аднаго ў складаных сітуацыях. «Праект застаецца моцным, бо трымаецца на людзях, – кажа арганізатарка. – Я вельмі радуюся, што людзі падзяляюць цікавасць да беларускай культуры, літаратуры, гісторыі, музыкі. Такая ўзаемная любоў мяне вельмі натхняе. Нават часам думаю: чым я такое шчасце заслужыла? Людзі прыходзяць проста неймаверныя – разумныя, добрыя, цікавыя. І праз гэта я сама люблю Беларусь, беларускую гісторыю і нашых людзей яшчэ мацней».

Паэт Андрэй Хадановіч, які стаўся ўжо сапраўдным сябрам праекту, таксама лічыць, што менавіта супольнасць – галоўны актыў ініцыятывы. Андрэй добра ведае «Мова нанова» яшчэ з Мінска, блізка сябраваў з вядоўцамі і часта выступаў у якасці запрошанага госця ў розных гарадах Беларусі, у тым ліку ў Гродне. Але тады ён і блізка не мог уявіць будучай геаграфіі «Мова нанова».
Ягоны першы выступ на курсах «Мова нанова» ў эміграцыі адбыўся акурат ва Уроцлаве. Тут Хадановіч прэзентаваў кнігу вершаў, напісаных да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле Уладзіміра Караткевіча. З гэтай сустрэчы пачалося вялікае «турнэ» па розных гарадах.

«Мова нанова» – гэта для нас цудоўны спосаб быць бачнымі сярод нацыяў-суседзяў і найперш адно аднаму, адкрываць, як нас насамрэч шмат, быць сярод сваіх, рабіць сваё і падтрымліваць адно аднаго. Я адгукаюся на ўсе запрашэнні арганізатараў «Мова нанова» ў розных гарадах і краінах. Прызнаюся, сустрэчы «Мова нанова ва Уроцлаве» ўражваюць мяне найбольш. Магчыма, таму, што я жыву побач, але, магчыма і таму, што «Мова нанова ва Уроцлаве» сапраўды сёння найлепшая ў свеце?» – разважае паэт.
«Праект не толькі гуртуе беларусаў, але і адкрывае Беларусь палякам»
На вялікія падзеі Эмілія запрашае і сваіх польскіх сяброў. А бывае, што і самі завітваюць. Гэтак, сустрэчу, на якой журналіст Руслан Кулевіч прэзентаваў сваю кнігу «Апошнія сведкі Гродна», наведаў паляк, які ўжо 44 гады жыве ў Пенсільваніі, – яго зацікавіла гэтая тэма, бо ягоны бацька нарадзіўся і жыў у Гродне. На такіх сустрэчах палякі дзеляцца пазітыўнымі ўражаннямі ад культуры камунікацыі, прыгажосці нашых традыцыяў і мовы.
Добрыя словы на адрас беларусаў прагучалі і падчас сёлетняга святкавання закрыцця сезону курсаў «Мова нанова ва Уроцлаве» ў Алясніцы. Імпрэзу наведаў бурмістр горада, каб прывітаць беларусаў. Ён нават выбачыўся, што не гаворыць па-беларуску, і паабяцаў працаваць над гэтым. Бурмістр таксама выказаў захапленне той атмасферай і энергіяй, якая панавала на свяце. «Мне падабаецца, што можна паказваць Беларусь і беларусаў менавіта такімі», – кажа арганізатарка курсаў Эмілія.


Праект «Мова нанова» даказвае, што для беларусаў, асабліва ў эміграцыі, мова – гэта не толькі сродак камунікацыі. Паэт Уладзімір Някляеў, з якім нам удалося пагутарыць на імпрэзе ў Алясніцы, сказаў: «Мова – гэта тое, што яднае народ. І гэтае яднанне павінна было даўно адбыцца з Беларуссю, калі б яна была краінаю, якая саспела да разумення таго, што такое мова. А не саспела яна не таму, што беларусы не хацелі, а таму што ім не давалі гэтага зразумець, скіроўвалі вялізныя сілы, каб адняць мову, адчуванне беларускасці. Цяпер людзям, якія апынуліся ў замежжы, гэта баліць, яны шукаюць спосаб, каб здабыць гэтае адчуванне беларускасці. Таму арганізавалі тое, што тут называецца курсамі «Мова нанова», дзе збіраюцца дзеля таго, каб адчуваць сябе з сям’ёй, разам, дзякуючы беларускай мове».
Чытайце таксама: “Каб не страцілі беларускасць”. Як працуе “Мова Нанова” за мяжой


