«З кубкаў, бутэлек і нават вёдрамі». Гродзенкі распавялі, як у дзяцінстве абліваліся вадой у Мокры панядзелак пасля Вялікадня

У гэты дзень Вольга заўсёды брала з сабой запасное адзенне і фен. Святлана прызналася, што аблівала сябровак з кубка. Таццяна распавяла, як з сястрой залазілі на гарышча і зверху лілі ваду на ўсіх у двары. Чытачкі Hrodna.life успомнілі, як раней святкавалі Мокры або Палівальны панядзелак.

Забава для дзяцей і падлеткаў

«Заўсёды бралі з сабой запасны камплект адзення і фен, — распавяла Вольга пра святкаванне „Мокрага панядзелка“ (Lany poniedziałek) у ашмянскім касцёле. — Прымалі ўдзел усе, хто хацеў. Маглі і ксяндза з ног да галавы абліць, а самі сухімі выйсці».

Па словах дзяўчыны, маштаб весялосці залежаў ад ксяндза або клерыка. Звычайна абліваліся не ў храме, а ў памяшканнях, дзе праходзілі заняткі з дзецьмі і падлеткамі. «У самым касцёле рэдка, але вёдры і бутэлькі з вадой былі там заўсёды».

Што такое Смігус-дынгус або Мокры (Палівальны) панядзелак

«Смігус-дынгус» (śmigus-dyngus), або Мокры панядзелак (lany poniedziałek) — забава другога дня Вялікадня ў каталікоў. Дзеці і моладзь абліваюць адзін аднаго вадой. Па тым, наколькі моцна кагосьці аблілі, меркавалі пра ягоную ці ейную папулярнасці ў кампаніі. Для дзяўчат быць аблітай з ног да галавы было яшчэ і «прадказаннем» блізкага замужжа. Звычай Мокрага панядзелка быў у практыцы каталікоў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі і ў заходніх раёнах Украіны і Беларусі.

Другая назва свята ў Польшчы — Смігус-дынгус (Śmigus-dyngus). Да XV стагоддзя шмігус і дынгус былі двума асобнымі абрадамі. Дынгусаваннем называлі звычай, калі дзяўчаты дарылі хлопцам фарбаваныя яйкі, каб тыя не акуналі іх у раку ці не аблівалі вадой. Смігус — гэта сімвалічнае сцябанне адзін аднаго галінкамі асвячонай вярбы — пальмавай галінай. Тым, каго аблілі або пасцябалі ў Смігус-дынгус абяцалі здароўе і прыгажосць на ўвесь год.

Чытайце таксама: Пасха прошла, яйца остались: 3 рецепта блюд, в которых варёные яйца — главный продукт

Круцей за 1 красавіка

Святлана раней святкавала Вялікдзень у Зяневічах, маленькай вёсцы пад Васілішкамі. «Па нядзелях хадзілі „алыкаць“, гэта значыць спявалі песні вялікодныя, а днём дзеці і дарослыя выбівалі фарбаваныя яйкі - скочвалі іх з якой-небудзь горачкі. Калі яйка дакраналася да іншага, яно станавілася тваім», — патлумачыла чытачка Hrodna.life. На другі дзень Вялікадня, у панядзелак, дарослыя хадзілі ў госці абліваць суседзяў вадой: «З кубкаў, бутэлек і нават вёдрамі абліваліся! Усё гэта было весела, усе смяяліся, як дзеці».

«Пырскалі цішком адзін на аднаго, хто з чаго мог: з вядра, бутэлек, абы напалохаць. Мы ў 14 гадоў былі не такія дарослыя, як цяпер падлеткі», — распавяла Ірэна.

Пра традыцыю мокрага панядзелка яна даведалася, калі ў сярэдзіне 70-х у падлеткавым узросце пераехала з сям’ёй у Беларусь. «У Калінінградзе ніхто не ведаў пра такія святы, тады там не было касцёла і царквы», — растлумачыла Ірэна.

«На цябе пырснулі, як на 1 красавіка, тыпу падманулі і ўсё. Дарослыя таксама жартавалі, але ім не так было цікава. Рагаталі і ніхто не лаяўся». Ірэна памятае, што пырскаліся кожны год, пакуль яна жыла ў вёсцы да паступлення ў каледж.

З вясновых мясцовых традыцый яна ўспомніла яшчэ Зялёныя святкі, якія адзначалі на саракавы дзень пасля Вялікадня.

Чытайце таксама: Заглянуть в будущее и «познакомиться» с женихом. Гродненки рассказали, как гадали на святки и что из этого вышло

«Уся моладзь сыходзіла святкаваць у лес. Цэлы дзень рыхтаваліся, грошы здавалі, закупляліся і ніхто з бацькоў не ўзнікаў. Нават калі заўсёды можна было гуляць да дзевяці вечара, то ў гэты дзень адпускалі ўсіх без пытанняў. Мы сыходзілі ў лес, накрывалі паляну і святкавалі. Гэта заўсёды было з суботы на нядзелю і было заўсёды цёпла і ўсе купаліся. А пад раніцу цягнуліся дадому», — распавяла Ірэна.

Нашы дзеці так ужо не робяць

Таццяна распавяла Hrodna.life, што абліваліся вадой не толькі пасля Вялікадня. На Купалле таксама рэдка каму з моладзі ўдавалася застацца сухім.

«У гэтыя дні кудысьці ісці было боязна — маглі абліць дзе заўгодна, але ніхто не крыўдзіўся, — кажа гродзенка. — Зараз усе людзі нейкія азлобленыя. А тады дзяўчаты нават грэлі ваду, каб цёплай абліваць». Таццяна ўзгадала, як суседская моладзь збіралася ў іх у двары.

«Мы з сястрой і сяброўкай зачыняліся дома, набіралі ваду і праз акно гарышча аблівалі тых, хто ў двары, — распавяла чытачка. — Нашы дзеці ўжо так не робяць».

Чытайце таксама: Як у Гродне адзначалі Пасху 100 гадоў таму

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024