Інтэрнэт-крама «МАГАЗИН еДИН» пачала працаваць 20 красавіка 2023 года. На пляцоўцы прадаюць тавары, якія зрабілі зняволеныя ў беларускіх турмах. Дэпартамент выканання пакаранняў МУС паведаміў, што «асартымент шырокі». Hrodna.life паглядзеў, якія рэчы, зробленыя ў тым ліку рукамі палітвязняў, прадаюць у новай інтэрнэт-краме.

Сярод тавараў: мэбля, адзенне, каваныя вырабы для дома і сада, а таксама будаўнічыя матэрыялы і гаспадарчыя тавары. Абяцаюць гарантыю якасці і дасяжныя цэны.

Назва «Магазин еДИН» — своеасаблівая гульня словаў ад скароту ДИН — Департамент исполнения наказаний.

Дзіцячы ложак

Камплект мэблі «ЮНИОР» у дзіцячы пакой складаецца з ложка, стала, двух тумбаў і лесвіцы-стэлажа. Камплект зрабілі ў ваўкавыскай калоніі.

  • Цана: 1000 рублёў
  • Матэрыял: ламінаваны ДСП
  • Гарантыйны тэрмін: 18 месяцаў
мэбля, якую зрабілі зняволеныя ў турмах
Дзіцячы ложак які зрабілі зняволеныя. Крыніца: един.бел

Падобны камплект мэблі на сайце grodno.domodel.by каштуе 1233 рублі.

Мангал

Таксама ў інтэрнэт-краме прадаюць мангалы.

  • Дыяпазон цэнаў: ад 63,27 да 2400 рублёў
  • Мангал «Лофт»: 323 рублі
  • Мангал «Олень»: 400 рублёў

Габарыты самага вялікага і дарагога мангала — 2 м х 1,8 м х 0,8 м.

Чытайце таксама: Гатуем на мангале: 5 простых і смачных рэцэптаў на вуглях

Стэлаж у стылі лофт

Стэлаж зрабілі зняволеныя папраўчай калоніі № 20 у Мазыры. Каркас зроблены са стальной профільнай трубы. Паліцы — з сасновага шчыта таўшчынёй 18 мм.

  • Цана: 707 рублёў
  • Вага: 56,4 кг
  • Памеры: вышыня — 2 м., шырыня — 1,2 м., глыбіня — 0,35 м.
мэбля, якую зрабілі зняволеныя ў турмах
Стэлаж у стылі лофт. Крыніца: един.бел

Камода з мноствам шуфлядак

Камоду CLOUTIER з масіва дрэва хвойных парод зрабілі зняволеныя мазырскай папраўчай калоніі № 20. Гарантыйны тэрмін камоды — 12 месяцаў.

  • Цана: 410
  • Вага: 69 кг
  • Габарыты: 112×38×100 см
мэбля, якую зрабілі зняволеныя ў турмах
Камода на продаж. Крыніца: един.бел

Канапа «ў лепшых традыцыях англійскага стылю»

Самая дарагая пазіцыя сярод мэблі - канапа «Честер». «Сучаснае выкананне легендарнай канапы, прадстаўленае ў найлепшых традыцыях англійскага стылю. Дзякуючы сваёй зручнай канструкцыі і раскошнаму экстэр’еру, мадэлі стылю „Чэстэр“ па-ранейшаму застаюцца аднымі з самых вядомых і папулярных прадметаў мэблі ў свеце. Канапа „Чэстэр“ ідэальна падыдзе як для класічных, так і для сучасных пакояў, кабінетаў або фае», — напісана ў апісанні да тавара.

  • Цана: амаль 2400 рублёў
  • Матэрыял: экаскура
  • Гарантыйны тэрмін: 18 месяцаў

Канапу зрабілі ў ваўкавыскай калоніі. Дастаўляць абяцаюць у сабраным выглядзе.

мэбля, якую зрабілі зняволеныя ў турмах
Канапа з ваўкавыскай калоніі. Крыніца: един.бел