Міліцыя прыехала на свята, якое гродзенцы зладзілі 10 кастрычніка ў двары на вул. Пушкіна. Мясцовыя жыхары прыйшлі з дзецьмі і хатнімі жывёламі, прынеслі пачастункі, кнігі і рэквізіт для фотазоны. Супрацоўнікі РАУС палічылі фестываль несанкцыянаваным мерапрыемствам і прыгразілі затрыманнем. Яны не з’язджалі, пакуль людзі не разышліся па дамах каля 20.45.
Да 17.00 11 кастрычніка гродзенцы на вул. Пушкіна зладзілі дваровы фестываль, прымеркаваны да Дня маці. Упрыгожылі два столікі з лавачкамі шарамі, вакол дзіцячай пляцоўкі развесілі бел-чырвоныя стужкі і ліхтарыкі. Арганізавалі тэматычную фотазону. На плакатах госці напісалі свае пажаданні.
Ідэя свята ўзнікла спантанна, распавёў Hrodna.life жыхар раёна Павел. Канкрэтнага арганізатара не было. Кожны прынёс што мог: хтосьці - ліхтарыкі, хтосьці - упрыгажэнні, хтосьці - пачастункі, хтосьці - гітару і раздрукаваныя тэксты песень. Кожны рабіў усё за асабістыя грошы. На свяце «ўшанавалі» Аляксандра Пушкіна, у гонар якога названая вуліца, — прынеслі кнігі пісьменніка і паэта, зрабілі торт з яго выявай, прысвяцілі яму фотазону.
Збіраліся жыхары вул. Пушкіна ўпершыню. Дагэтуль некаторыя схадзілі ў «госці» да іншых раёнаў і вырашылі зладзіць сваё свята. Жыхары паклікалі сваіх сяброў з іншых раёнаў. Напрыклад, Юлія з двума дзецьмі прыехала з Дзевятоўкі. Увечары напярэдадні яны сям’ёй выехалі на падобнае свята на Фолюш, але не паспелі даехаць — людзей там ужо разагналі сілавікі.
Чытайце таксама: В Гродно начали задерживать администраторов районных чатов в Telegram. Им грозит уголовная статья
— Не страшна было ехаць сёння?
— Страшна, — адказала Юлія. — І за дзяцей страшна, але страшна і за іх будучыню.
Міліцыя прыехала і на фестываль на вул. Пушкіна. Каля 17.30 да жыхароў выйшлі тры супрацоўнікі міліцыі, адзін з якіх быў у балаклаве і здымаў на камеру прысутных. Ніхто з іх не прадставіўся. Відэа размовы ёсць у рэдакцыі Hrodna.life, але мы яго не публікуем, бо на яго патрапілі жыхара раёна, якія асцерагаюцца пераследу.
— А ў нас тут свята, фестываль.
— А чаму стужка бел-чырвона-белая?
— Я думаю, розніцы наогул няма, — адказалі жыхары раёна. — Глядзіце, а ў вас гучнагаварыцель чырвона-белы!
— Мяркуючы па тым, як вы выказвае сваю пазіцыю, у вас тут несанкцыянаванае мерапрыемства — пікет. Просім вас разысціся. Інакш будзеце прыцягнутыя да адказнасці за тое, што вы развесілі, — сказалі супрацоўнікі міліцыі. — Гэта можна расцаніць як 23.34 (арт 23.34. КаАП — Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў - Hrodna.life).
— Ніякую пазіцыю ніхто не выказвае — людзі стаяць, размаўляюць.
Міліцыянты параілі жыхарам раёна вярнуцца ў кватэры або ісці ў парк. Тыя запярэчылі, што ў парку «ўсё перагарадзілі, аўтобусы з АМАПам наставілі». Праз пяць хвілін гутаркі супрацоўнікі міліцыі вярнуліся ў аўтамабіль.
Жыхары размаўлялі, абмяркоўвалі бытавыя праблемы, сітуацыю ў свеце — напрыклад, каранавірус. Дарэчы, хворыя на прастуду жыхары апраналі маскі і захоўвалі дыстанцыю ад усіх астатніх. Пазней жыхар раёна прынёс гітару і раздрукаваныя тэксты песень. Гродзенцы праспявалі песні N.R.M., «Ляпіса Трубяцкога» і «Муры». Неўзабаве, каля 20.45, яны разышліся, забраўшы ўсё прынесенае і прыбраўшы за сабой смецце. Міліцыя не з’язджала, пакуль жыхары не разышліся.
Чытайце таксама: «Весь Гродно перегорожен, нам остался только наш двор». Как гродненцы стали дружить районами
Ці змогуць ўдзельнікі свята ў будучыні арганізоўвацца не толькі для святаў, але і для вырашэння праблем? «Вядома. Мы ўжо жартавалі, што ў будучыні тыя ж мамы будуць хадзіць з лінейкамі і вымяраць бардзюры», — адказаў Павел Hrodna.life. Прама падчас свята жыхар раёна схадзіў дадому за інструментам і адрамантаваў арэлі. Праблемы ўрбаністыкі на вул. Пушкіна ёсць, хоць раён і малады, падзяліліся жыхары з Hrodna.life. У будучыні яны плануюць вырашаць іх разам.