Мікола Таранда — дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Ён выкладае мікрабіялогію. А паміж справамі, бывае, спявае для студэнтаў забытыя вясковыя песні ды вучыць танцаваць народныя танцы.

Сам Мікола танцуе, колькі сябе памятае. Пачынаў на вясковых танцах і маёўках. Працягам сталі амаль 20 гадоў удзелу ў народным ансамблі песні і танца «Нёман». Адначасова Мікола танцаваў і ансамблі танца «Вянок», і ўсе чатыры з паловай гады вучобы ў інстытуцкай агітбрыгадзе. Быў на гастролях у Літве, Польшчы, Венгрыі, Грэцыі, Расіі ды іншых краінах.

Пра танцы ў жыцці і на сцэне ён расказаў Hrodna.life.

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

«І тут зайграла музыка»

Дзяцінства Міколы Таранда прайшло ў вёсцы Зарытава Ляхавіцкага раёна. «Насупраць хаты быў клуб. Вечарамі там збіралася моладзь на танцы. Падлога ўся дзіравая, але неяк танцавалі. На вяселлі таксама ўсёй вёскаю хадзілі танцаваць у той час. І я хадзіў. Усюды ж трэба было малому нос усунуць».


«Маю 18 і ў дадатак — 42 гады досведу». У Гродне адзначылі юбілей Мікалая Таранды


Але «свядома» танцаваць Мікола пачаў з адной маёўкі ўжо ў новым Зарытаве. Было яму на той час каля 7 гадоў. «Раз бацька насаджаў дзяцей на плыт, як той дзед Мазай. Выправіліся мы з жакаў даставаць рыбу. І як толькі даплылі да цэнтру возера, плот чамусьці пайшоў на дно. Добра, што бацька дадумаўся крыкнуць: „Разбягайцеся ў розныя бакі“. То неяк мы выбраліся на бераг. І тут зайграла музыка. У Смайкавым лясочку пачыналася маёўка».

Па словах Міколы, акардэон, скрыпачка, нешта з ударных — такі самадзейны «аркестр» быў у кожнай вёсачцы, а малых у той час спакойна адпускалі на танцы, ведаючы, што нічога з імі не здарыцца. «З гэтага часу ўсю дарогу — у дом культуры і да ранку».

У 6-м класе піянерважатая Валянціна Турко пачала развучваць са школьнікамі бальныя танцы. «Было так усё сур’ёзна і гэтыя танцы пераносіліся тады ў дом культуры — фігурны вальс, факстрот, кракавяк, танга, падзіспанец, нейкі шэйк 30-х гадоў, які мы танцавалі пад музыку „Кіля млына каліна“ ды іншыя».

Першы выступ — на з’ездзе партыі

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

Паступіўшы ў 1974 годзе ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут Мікола адразу запісаўся ў танцавальны калектыў, з якім не расставаўся да апошняга дня вучобы. Выступалі ў інстытуце на розныя святы, ездзілі па калгасах і школах. Танцаваць даводзілася не толькі ў будынках, але і пад адкрытым небам, на палях, перад камбайнёрамі.

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

Праз год кіраўнічка калектыву, Надзея Валедава, параіла некалькім студэнтам з інстытута схадзіць на прагляд у «Нёман». Так Мікола патрапіў ў народны ансамбль.

«Ну і вось мы пайшлі рэпеціраваць. З сельгасінстытута нас было 4 чалавекі. Акрамя мяне Коля Варабей, Валодзя Іваноў, Лёня Голуб. І раней сельгаснікі ўдзельнічалі ў выступленнях „Нёмана“. Гэта Эма Дубко, Алік Сідарэнка. Уліліся мы ў выступленні ансамбля і ў лютым 1976 года выступалі на XXVIII з’ездзе кампартыі Беларусі. Здаецца, гэта было маё першае такое выступленне».

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

Канцэрт меў адбыцца ў тэатры оперы і балета. Артысты выязджалі ці не за тыдзень, каб адрэпеціраваць нумары на незнаёмай сцэне, а таксама сумесна з іншымі калектывамі.

«Калектыў у нас быў вялікі, чалавек 120. З сабой вазілі вялізныя скрыні, у якіх захоўваліся касцюмы. Неяк прыходзяць да нас „Песняры“ і гавораць: „Калектыўчык пасуньцеся“. Нехта з нашых абурыўся і сказаў: „Мы вас зараз так пасунем, што не захочаце“. Бо што тады былі „Песняры“? Там жа адны шчыглы, Барткевіч малады зусім. А ў нас — усе салідныя людзі».

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

Рэпетавалі, як шалёныя

Танцы займалі ўвесь вольны час студэнта. Рэпетыцыі «Нёмана» былі тройчы на тыдзень, ад 19 да 23 вечара, у ГДК. «Гэта нейкі быў жах. Спачатку размінка — у розных пазіцыях — батман, тандзю, жэтэ… Рэпетавалі як шалёныя. А потым бягом на апошні аўтобус пад нумарам 4».

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

Бо калі спознішся, трэба «цягнуцца» ў інтэрнат пешшу, а гэта было небяспечна.

«Як ты пойдзеш па Церашковай, калі там можаш нарвацца на мясцовую банду гэтай вуліцы? У тыя часы мясцовыя часта нападалі на сельгаснікаў. Тыя ў такіх выпадках клікалі інтэрнацкіх. Беглі тады, ламалі шчыкеціны з платоў, учынялі бойкі. Мне, праўда, шанцавала, ніколі на такое не трапляў».

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

Мікола ўзгадвае, што ад моцных вучэбных нагрузак у яго ў той час сеў зрок, з-за якога баяўся згубіцца на сцэне мінскага тэатру оперы і балета.

«Нашы партнёркі выходзілі ў такіх замотаных вялікіх хустках, што былі падобныя адна да адной. А нам трэба было падыйсці і запрасіць на танец сваю. Я заўсёды перажываў, што са сваім зрокам магу і памыліцца, што недапушчальна на сцэне».

«Нёман» на сцэне глядзеўся шыкоўна

За амаль 20 гоў у ансамблі Мікола Таранда тройчы быў узнагароджаны медалём лаўрэата Усесаюзнага фестывалю самадзейнай народнай творчасці працоўных.

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

«Я заўсёды захапляўся выступленнямі гродзенскага народнага ансамбля танца «Раніца», брэсцкага ансамбля «Радасць»! А якія ж былі «Магілёўскія даяркі», каб вы ведалі - абалдзець! Дзе толькі панабіралі столькі пявучых даярак, на каго яны пакінулі сваіх кароваў… Пасля канцэрта мы падыходзілі да іх, прасілі запісаць словы песні «Каля кузні ішла, вугалёк знайшла…», з якой пачынаўся іх выхад на сцэну.


Чытайце таксама: Як Мікола Таранда сабраў унікальны фотаархіў гарадскога жыцця

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

Часам здавалася, што іншыя танцавальныя калектывы танцуюць лепш, але агулам, па ўспамінах Таранды, «Нёман» на сцэне глядзеўся шыкоўна.

«Магутны хор выконваў і патрыятычныя песні, і народныя, і жартоўныя. Спявалі невялікімі групамі, былі ў нас заўсёды выдатныя салісткі - Ніна Жыткова, Вера Ярошына… Заўсёды хацелася слухаць і слухаць».

Адзеўся сам, апрані партнёршу

Мікола ўзгадвае, што на кожны канцэрт калектыва вазілі з сабою шмат рэквізіту. На кожнага танцора па 9 — 10 зменаў адзення.

«Касцюмы на кожнага шылі асабіста — і боты, і адзенне. Добрыя касцюмы былі. Кожны калектыў тады стараўся зрабіць адзенне прыбліжаным да народнага, як яно было.

Мы [хлопцы], то паспявалі пераапранацца. А дзяўчатам было як справіцца? Бо там і шнуроўкі, і гапкі, і гузікі, і невядома што. Бацінкі высокія на шнурочках. То мы заўжды спачатку самі пераапраналіся, а пасля дапамагалі партнёркам апрануцца".

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

З не надта прыемных уласных адчуванняў Мікола Таранда ўзгадвае неабходнасць наносіць сцэнічны макіяж.

«Калі выступалі, Ларыса [Ляшэнка] любіла намазаць нас, так як трэба. Твары вазелінам спачатку мазалі, каб добра пудра клалася. І вусны ж хлопцам фарбавалі. Я так злаваўся, каб вы зналі».


Чытайце таксама: Ларыса Ляшэнка: гродзенская балетмайстарка, чые танцы захаплялі ўвесь Савецкі Саюз


Іншым танцорам таксама часам даводзілася складана сумяшчаць побытавае жыццё з патрабаваннямі да сцэнічнага вобразу.

«У адной дзяўчыны былі ўстаўлены ўсе залатыя зубы. Гэта на той час модна было. Так паказвалі, што багатая нявеста. І вось калі ў Маскве выступалі, сказалі - гэтыя зубы трэба зафарбаваць, бо яны „забліскваюць“ камеру. Ніколі не здагадаецеся, чым іх закрашвалі. Клеем ПВА. Зубы рабіліся яшчэ большымі, затое не блішчалі. Іншага нічога не было».

«Мяцеліцай» нас каралі

Магчымасць выехаць за мяжу для савецкага чалавека была поўным эксклюзівам. Але нёманцы выязджалі на гастролі рэгулярна. «Пакуль я працаваў у калгасе, то танцоры „Нёмана“ зляталі на гастролі на востараў Цэйлон (Шры-Ланка), а калі пайшоў служыць у войска, яны з’ездзілі з канцэртамі ў Іспанію».

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

За тым, каб савецкія людзі за мяжой заставаліся ўзорнымі грамадзянамі і не паддаваліся на спакусы, заўжды сачылі. Мікола Таранда ўзгадаў, якімі метадамі выхоўвалі «маральны воблік» у «Нёмане».

«Едзем у Грэцыю, спыняемся ў Маскве. Пакуль робяць дакументы, запісваемся на тэлебачанні. І вось вечарам дзяўчаты нашы пасядзелі з грузінскімі хлопцамі. Ды так пасядзелі, што партыйная арганізацыя вырашыла прапясочыць кожную. Бо як жа такіх выпускаць на Захад? Трэба было, каб там, за мяжой, баяліся падыходзіць да чужых.

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

То вось,"Мяцеліца"… «Мяцеліцай» нас каралі. За тое, што было вечарам, павялі раніцай на ВДНХ і зладзілі там рэпетыцыю. «Мяцеліца» — гэта танец, які мы танцавалі ў футравых касцюмах, у шапках такіх цёплых. А на двары гарачыня, 32 градусы.

За што я перажываў - круцілі мы такія каруселі [у парах, два хлопцы і дзве дзяўчыны], а рукі мокрыя, слізкія. Як гэта дзеўчына паляціць, то мазгоў не збярэ. Тым больш, што сцэна высокая, а асфальт нізка.

Гэта раз. А другое — «катанне на санях». Гэта значыць, што мы бяром удвох дзяўчыну, садзім на далоні і інсцэніруем яе катанне з горкі. Але з нашых рук вельмі лёгка сарвацца і грохнуцца. Моцна перажываў за тое. Калі танец заканчваўся, то дыхання не хапала і здавалася вось-вось упадзеш.

Такое было нам выхаванне, каб больш не панадліва было ні піць, ні з кім чужым вадзіцца".

Казалі, «Нёман» за гастролі вывез 5 кілаграмаў золата

Замежныя гастролі былі і магчымасцю далучыцца да прыгожага заходняга жыцця. З-за мяжы можна было прывезці рэчы, недаступныя для савецкіх грамадзян — моднае адзенне ці сучасную тэхніку. Але усё было не так проста.

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

«Паехалі мы ў 1976 годзе ў Польшчу. Грошай з сабой тады ніякіх не давалі. Значыць, трэба было здабыць тут золата і там яго рэалізаваць, каб купіць нешта. У мяне было з сабой адно залатое кальцо. Дзе яго здабыў, не памятаю. Тады, каб купіць [заручальны] пярсцёнак, трэба было спачатку падаць заяву ў ЗАГС. Там давалі талон, па якім можна было купіць пярсцёнак. Яшчэ нехта папрасіў другое правезці. То я сваё рэалізаваў, а іншае аддаў.

У зваротны бок купіў у шапіку нейкае чырванаватае за 1 злоты, на якім быў штамп па-руску «мет». Купіў яшчэ нейкія шмоткі і адрэзы тканіны сабе на штаны. Калі вярталіся назад, з ансамбля сабралі ўсе пакупкі ў кучу на разасланую вайсковую палатку. Хто шубы купляў, хто што. Ва ўсіх шмоткі пазабіралі. У мяне нічога не ўзялі. Неяк тады абышлося. У Гродне потым сказалі, што ансамбль «Нёман» вывез за мяжу пяць кілаграмаў золата.

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

Падобная сітуацыя адбылася падчас гастроляў 1985 года ў Грэцыі. Нас тры месяцы на допыты цягалі, выпытвалі, хто што купляў. Бо якраз у той час у Грэцыі з’явіліся фальшывыя савецкія чырвонцы. А што там купіш? Нам на Грэцыю далі па 16 рублёў. Мы селі ў Бухарэсце паесці ў рэстаране і патрацілі па 8 рублёў. А на ўвесь астатні месяц засталося па столькі ж. Што мы маглі сабе дазволіць? Гэтыя грошы аддалі нам у апошні дзень. Каб раней не распусцілі.

Калектыву было 50 і мне 50

Юбілейны канцэрт, прысвечаны 50-гадоваму юбілею «Нёмана» адбыўся ў 2007 годзе. Танцаваць на сцэну запрасілі і ветэранаў. Сярод іншых выступаў і Мікола Таранда. На той час ён ужо 13 гадоў як пакінуў сцэну. Апошняй яго гастрольнай паездкай была паездка з канцэртамі ў Ольштын.

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

«У той самы год, калі калектыву было 50 гадоў, і мне споўнілася 50, — расказвае Мікола Таранда пра выступ на юбілейным канцэрце «Нёмана». — Падумаў - я ж можа ўсё забыў, мне ўжо амаль на пенсію. Гэта ж хто маладзейшы ўсё ў галаве трымае. Прыгадаў, як жа я раней мог без рэпетыцыі на канцэрт ехаць!

"Танцавалі, як шалёныя". Мікола Таранда расказаў аб прыгодах артыстаў "Нёмана"

Сваёй партнёрцы Таццяне кажу: як я што забуду, падкажы. А яна завязаная гэтай хусткай, можа і не пачула. І я такі раз памыліўся, але неяк выйшлі мы з той сітуацыі. Перажываў моцна. А сёння пераглядзеў той кавалак відэа і думаю: «Можа, як хто не ведаў, то і не заўважыў».


Як Мікола Таранда гадуе кавуны на лецішчы за горадам

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]