З ліпеня па снежань 2023 года ў Гродне адкрылася больш за 10 розных кафэ, бараў і рэстаранаў. Некаторыя, праўда, за пару месяцаў паспелі закрыцца. З’явіліся і новыя магазіны. Як мінімум дзве старыя ўстановы закрыліся. Hrodna.life падвёў вынікі паўгоддзя на карце ўстаноў горада.
Якія ўстановы адкрыліся ў Гродне (некаторыя ўжо закрыліся)
Бар «Публіка»
Ён адкрыўся ў чэрвені 2023 на Маставой, 31 — на месцы, дзе раней працаваў бар «Свабода». Інтэр'ер крыху змянілі: сцены сталі светла-шэрымі, з’явіліся люстэркі, скляпеністую цагляную столь пакінулі, фон бара — цёмны.
З 10:00 да 14:00 у бары падаюць сняданкі-канструктары.
Кафэ-пякарня «The Big Easy»
Кавярню-пякарню «The Big Easy» адкрыў амерыканец у ліпені 2023 на першым паверсе гандлёвага цэнтра ABC (вул. Найдуса, 1). Яе пазіцыянавалі як «кафэ Новага Арлеана» — з джазам і свежапражанай кавай.
Там можна было паглядзець, як пражаць каву і набыць зерне дадому, прадэгуставаць розныя гатункі кавы і віды пражання, а таксама пакаштаваць выпечку з печы.
Праўда, з лістапада 2023 года навін аб кафэ няма, Instagram не вядзецца, а картка ўстановы на grodno.in перанесена ў «архіўныя».
Шаўрмічная Vgorode
Новая шаўрмічная з выключна халяльнымі інгрэдыентамі адкрылася на Дзяржынскага, 12 у ліпені 2023. Яна заняла месца, дзе раней працавала кафэ «Кінза». Праўда, ужо да кастрычніка перастаў абнаўляцца Instagram установы і меню ў службе дастаўкі Carte.by.
Рэстаран «Наше дело»
Рэстаран італьянскай кухні адкрыўся ў тусовачным дворыку на Вялікай Траецкай, 37 у ліпені. Ён спецыялізуецца на пасце і італьянскім віне.
Установу адкрылі стваральнікі кафэ PUNK ROLL і праекта «Лавка шефа» — Сяргей Махаўцоў і калегі. Новае месца спецыялізуецца на італьянскай кухні. Назва па-сіцылійску — Cosa Nostra. Так на Сіцыліі называюць мафію.
Бістро Semolina
Тэму італьянскай кухні ў жніўні працягнула бістро Semolina. Яно спецыялізуецца на рымскай пінсе — страве, падобнай да піцы, але з іншым цестам і мукой. Але ёсць і ланч-меню (з 12.00 да 17.00), дзе можна знайсці гарбузовы суп, печаную гародніну з курыным шніцалем, томленую сачавіцу з беконам, розныя салаты і іншыя стравы.
Шаўрма Shaw-Books
Восьмая кропка гродзенскай сеткі шаўрмічных Shaw-Books адкрылася на Кірава, 15 у жніўні. Гродзенцам гэтае месца вядома — раней там быў MC Doner, а да яго — піцэрыя «Піца & Кава».
Навінкай для сеткі ў гэтай лакацыі сталі блінцы.
Марціні-бар Mama Cherry
Бар Mama Cherry Martini Bar адкрыўся на вуліцы Савецкай, 25 у жніўні. Ён знаходзіцца ў суседнім памяшканні з кафэ «Паляна City» і складаецца з двух паверхаў і летняй тэрасы. Уладальнікі абяцалі, што ва ўстанове не будзе рускай музыкі.
У бары можна не толькі паесці і выпіць кактэйль, але і папаліць кальян, а таксама паслухаць DJ-сэты.
Дастаўка сушы і піцы Sushilove
Дастаўка сушы і піцы адкрылася ў верасні. Самавываз магчымы з Будзёнага, 23А з 11:00 да 23:00. Сэрвіс працуе і вельмі актыўна вядзе сацсеткі (у адрозненне ад падобнай службы дастаўкі Manika, якая з’явілася ў чэрвені і да лістапада знікла).
Рэстаран Boboli
Рэстаран у фларэнтыйскім стылі адкрыўся ў канцы верасня 2023 на Замкавай, 10 (у «Доме рыбака»). Ва ўстанове — еўрапейская кухня з акцэнтам на Італію. Назвалі рэстаран у гонар садова-паркавага ансамбля Сады Баболі ва Фларэнцыі. Інтэр'ер установы адсылае менавіта да гэтай лакацыі. Акрамя асноўнай залы, ва ўстанове ёсць міжсезонная тэраса, якая ацяпляецца зімой.
Рэстаран працуе з 9.00 да 00.00 (у пятніцу і суботу — да 01.00).
Кафэ-бар LEZZET
Бар з вечарынамі, кальянамі і абедамі за 9,90 рублёў (з 12.00 да 16.00) адкрыўся ў верасні на Калючынскай, 12. Гэта суседні падвал з папулярным барам «Куба». Праўда, да лістапада Instagram і гэтай установы перастаў абнаўляцца.
Кавярня «Культура»
Кафэ на другім паверсе дома па вул. Савецкай, 3 (патрапіць туды можна, прайшоўшы праз арку ў дворык) адкрылася ў пачатку кастрычніка 2023 і адразу прыцягнула ўвагу прапрацаваным інтэр'ерам.
Там можна паснедаць (з 8.00 да 13.00), выпіць кавы, а таксама пакаштаваць марожанае з вэнджаным ласосем.
Рэстаран з караоке «Munterra»
Рэстаран на месцы некалі папулярнай кавярні «Рэтра-Піца» адкрылі прадпрымальнікі з Масквы, якія раней запусцілі ў Гродне кальян-бар Hookah Place by Smokkin.
З 1 снежня пад адным дахам з рэстаранам пачаў працаваць караоке-клуб «Misteria».
Цікава, што пяць гадоў таму ў Гродне ўжо існавала кавярня «Містэрыя», але зачынілася з-за праблем са шматлікімі ўзгадненнямі.
Гастрабар «Брудэршафт»
Гастрабар адкрыўся ў лістападзе ў будынку на Горкага, 64, дзе шмат гадоў працавала музычная крама «ШоўТайм». Акцэнт ва ўстанове абяцалі рабіць на еўрапейскую кухню і вялікія порцыі па сярэдніх для горада цэнах.
Дастаўка сушы «Тунец»
Сушы-бар, які працуе толькі на дастаўку, адкрыўся па франшызе на Кляцкова, 15А ў канцы года. Яшчэ адзін «Тунец» — ужо ў фармаце кафэ — у пачатку года рыхтаваўся да адкрыцця на Маркса, але ў гэтай установы іншы ўладальнік. «Тунец» — франшыза, якая працуе ў Расіі і Беларусі.
Бар «SPICHKI»
У самым канцы снежня ў тэставым рэжыме запусціўся новы бар родам з Мінска. Афіцыйнае ж адкрыццё прайшло ўжо ў студзені 2024 года. Бар спецыялізуецца на крафтавых настойках і аўтарскіх кактэйлях.
Бар знаходзіцца ў новым будынку, пабудаваным бізнесменам Станіславам Сямашкам на Савецкай, 2а.
Якія яшчэ цікавыя мясціны з’явіліся за паўгода ў Гродне
Івэнт-прастора «Тишина»
Шматфункцыянальная прастора «Тишина» адкрылася ў кастрычніку 2023 года на Вялікай Траецкай, 37 (цокальны паверх, уваход з боку «Жароўні»). Гэты той самы папулярны дворык з кафэ, рэстаранамі і летнімі канцэртамі.
У event-прасторы можна праводзіць канферэнцыі, семінары, выставы, майстар-класы, прэзентацыі, тымбілдынг, фестывалі і сямейныя святы. У памяшканні ёсць сцэна, праектар, экран, мікрафоны, фліпчарт. Можна забраніраваць «перагаворку», якая змяшчае да 10 чалавек.
А з лютага 2024 года ў «Тишине» адкрыўся каворкінг.
Крама «Предмет»
Усякія прыгожыя рэчы — дызайнерскія ўпрыгожванні, керамічныя вырабы, свечкі, а таксама малюнкі, графіку і паштоўкі - можна знайсці ў краме, якая адкрылася ў снежні на Савецкай, 8.
Краму адкрыла гродзенская блогерка і мастачка Надзея Недашкоўская.
Якія ўстановы закрыліся ў Гродне ў 2023
Вінны бар «Кей Би»
Бар у дворыку на Маставой, 31 прапрацаваў тры гады — спачатку пад назвай «Чырвоным па белым», потым — «Кей Бі». Ён быў вядомы не толькі віном, але і шумнымі шматлюднымі вечарынамі, а таксама нядрэнным меню сняданкаў і абедаў. У кастрычніку 2023 года ён зачыніўся.
Лаўндж-бар «Silencio»
Двухпавярховы лаўндж-бар адкрыўся вясной 2022 года на Вялікай Траецкай, 7. Канцэпцыя бара — месца для адпачынку і поўнага расслаблення. У снежні 2024 года ўладальнікі аб’явілі аб закрыцці ўстановы.
Мы забыліся на нейкую ўстанову? Напішыце нам на email [email protected] ці ў Telegram https://t.me/suviaz_hl. Памятайце аб правілах інфармацыйнай бяспекі!