У міжнародны дзень Мікі Маўса мы вырашылі распавесці пра нататнік гродзенкі Вольгі Блашкевіч, які прынеслі да нас у рэдакцыю ў гэтым годзе. Вольга пачала яго весці ў 1930-х. Сярод запісаў на польскай мове шмат малюнкаў. Ёсць і дыснэеўскія героі, якіх малявалі дзеці.
Усё жыццё было звязана з кіно
Вольга Блашкевіч нарадзілася ў Глыбокім у 1927 годзе, але перад пачаткам Другой сусветнай пераехала з бацькамі ў Гродна. Яе ўнук Слава Галасевіч паказаў нам нататнік, які бабуля вяла ў дзяцінстве. Там шмат запісаў і малюнкаў ад сяброў. Нататнік запаўняўся ў перыяд з 1930-х па 1941-ы год.
«Бацька бабулі быў польскім афіцэрам, — распавядае Слава. — Ад яе бацькі засталося шмат старых фотаздымкаў, а ад бабулі дзіцячы нататнік з запісамі і малюнкамі. Яна яго запаўняла ў дзяцінстве, гэта як анкета з пажаданнямі ад сяброў. Там мы і ўбачылі Мікі Маўса — і вельмі здзівіліся. Нейкі сябар ёй яго намаляваў».
У пасляваенны час і да пенсіі Вольга Ігнацьеўна працавала ў «Гроднааблкінавідэапракаце», сустракалася з многімі савецкімі акцёрамі. Яна збірала постэры з аўтографамі, фатаграфіі і часопісы. Жанчына памерла ў 2016 годзе.
Мікі Маўсу 91 год
Мікі Маўс з’явіўся ў 1928 годзе, пасля таго як Уолт Дысней страціў правы на свайго першага персанажа, труса Освальда. Першыя кароткія анімацыі з Мікі Маўсам намаляваў Аб Айверкс, галоўны кампаньён Уолта Дыснея. Афіцыйна днём нараджэння Мікі лічыцца 18 лістапада 1928 года. Менавіта ў гэты дзень паказалі свету мультфільм «Параходзік Вілі». Хоць упершыню кінагледачы пазнаёміліся з Мікі яшчэ 15 траўня, калі выйшаў кароткі нямы мультфільм «Вар'яцкі самалёт».
Гродзенскія дзеці мульцяшных герояў запаміналі і малявалі
«Дыснэеўскі мульцікі з мышаняткам Мікі з’явіліся ў міжваеннай Польшчы ў 1930-х гадах. Глядзелі іх у гродзенскіх кінатэатрах, — распавядае гісторык Андрэй Вашкевіч. — Можна сказаць, гэта быў перыяд, калі анімацыя пачала развівацца і была навінкай для гродзенцаў. Таксама з’яўляліся коміксы, а з імі і часопісы. Дзеці запаміналі незвычайных герояў, а потым малявалі іх. Некалькі гадоў таму мне трапіўся падобны сшытак гродзенкі, якая малявала папулярных герояў фільмаў 1930-х гадоў. Я думаю, што і Мікі Маўс, і іншыя дыснэеўскі героі быў добра знаёмыя гродзенскім дзецях у міжваенны час».
У 1939 годзе, пасля прыходу ў Гродна «першых саветаў», пра замежныя мульцікі дзецям прыйшлося забыць. Толькі бліжэй да развалу Савецкага Саюза гродзенскія дзеці зноў сталі знаёміцца з Мікі Маўсам.
Публікуем некаторыя старонкі з нататніка Вольгі Блашкевіч.