З 1 верасня 2021 года ў Гродне стала больш на чатыры бары, адну піцэрыю, два кафэ і адзін рэстаран. Пры гэтым былі і закрыцці: напрыклад, бара «Пьяная вишня» і піцэрыі «Papa John’s». Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, якія ўстановы адкрыліся, якія закрыліся, і якіх адкрыццяў неўзабаве чакаць.
Што адкрылася ў Гродне?
Піцэрыя-павільён «Pizzabox»
У Гродне каля ўніверсама «Брэст» на праспекце Янкі Купалы з’явілася новая піцэрыя-павільён «Pizzabox». Гатуюць там толькі навынас. Кропку адкрыў гаспадар піцатрака, які працуе ў Путрышках пад Гроднам.
Бар «Absolem»
Новая ўстанова адкрылася на месцы бара «Lunatic» у лістападзе 2021 года. Мяркуючы па Instagram, стаўку зрабілі на кактэйлі і DJ-вечарынкі. У афармленні выкарыстоўвалі элементы з кнігі «Аліса ў краіне цудаў». Таксама тут праводзяць трансляцыі матчаў: напрыклад, па Dota 2.
Бар «Podval»
У верасні 2021 года з’явіўся яшчэ адзін пункт на Маставой, 31 — бар «Podval». Гродзенцам ён запомніцца рэйвамі (там праходзіць «Аб’ект»), музычнымі мерапрыемствамі і шэрагамі слоікаў з закаткамі на паліцах. З выпіўкі - «моцнае і не зусім», абяцаюць яны ў Instagram. Праўда, часам на чатырох кранах можа быць адно піва — і тое на аматара.
Кавярня «Тепло»
Установа адкрылася ў канцы сакавіка. Меню ў Instagram пакуль няма. Затое ўладальнікі шмат распавядалі пра інтэр'ер. Напрыклад, барную плітку яны самі намалявалі і замовілі па эскізах. А венскія крэслы рэстаўравалі самастойна!
Бар «Loft»
У кастрычніку мінулага года на Замкавай, 11 — на месцы ўстаноў «Pizza&Coffee» і «Старлайт» — адкрыўся кальян-бар «Loft». Бар аформлены ў цёмных танах, на некалькіх сценах тынкоўка збітая да цэглы. «Сёння мы прапануем кальяны, гарачыя напоі (чай, кава), аўтарскія кактэйлі, добрую кухню, пераважна пабудаваную на гарачых, халодных закусках, а таксама ролах», — расказалі ўладальнікі Hrodna.life.
Вінны бар «Maroon»
Бар адкрыўся у сакавіку 2022 года. У меню закускі: хамон, прашута, кулатэла, аліўкі, хлеб, арэхі, варэнне і садавіна. Шмат сыру: цвёрды, паўцвёрды, з цвіллю, — трэба ісці, пакуль пастаўкі не забаранілі санкцыі. Таксама ёсць дэсерты.
Кафэ «Забава»
Кавай і півам сыты не будзеш. У будаўнічым гіпермаркеце «Материк» 23 снежня адкрылі міні-сталовую «Забава». Гэта ўжо чацвёртая ў горадзе кропка ад прадпрыемства «АзотСэрвіс». Асаблівасць новай «Забавы» ў тым, што тут можна не толькі набыць кандытарскія вырабы і паўфабрыкаты, а яшчэ і паабедаць.
Другі «МакДональдс»
Яшчэ адна кропка сеткі з’явілася на трэцім паверсе гандлёва-забаўляльнага комплексу «Trinity» у цэнтры фуд-корта. Дарэчы, Гродна стаў першым абласным цэнтрам Беларусі, дзе працуюць два рэстараны McDonalds, паведамляе obzoor.by.
Што ў планах?
Бар «Punkroll»
Ва ўстанове абяцаюць уласцівую панк-стылю сумленнасць і свабоду ад стэрэатыпаў, а таксама шчодрасць і прастасць паназіяцкай кухні. У бары будзе пераважаць моцны алкаголь, кактэйлі і безалкагольныя напоі ў паназіяцкім стылі. Бар пачне працаваць у тэставым рэжыме ўжо ў сярэдзіне красавіка.
Кафэ «Молодость»
Яно зойме сваё месца на Маставой, 31. Адкрыюць яе ўладальнікі кафэ «Джезва».
Кафэ «Шервуд»
На месцы закрытага кафэ «Веранда» на Падольнай у Гродне з’явіцца кафэ «Шервуд». У планах — міжземнаморская кухня ад шэф-кухароў, якія адзначыліся ў лепшых рэстаранах Балтыі («Laivas»), Мінска («Maslow6», «Pinky Bandinsky», «Mona», «The View») і мішленаўскіх зорках Іспаніі («El celler de can roca», «MANAIRO»), паведамляе s13.ru.
Рэстаран Larionoff
Установа адкрыецца на месцы былога «Семофора» і «Пельменной». Інтэр'ер цалкам абновяць. Назву рэстаран атрымаў ад прозвішча свайго ўладальніка — Віктара Ларыёнава. У задумцы ў бізнэсмэна — аб’яднаць стравы некалькіх нацыянальных кухняў. У памяць аб папярэдніх установах у меню пакінуць пельмені і хінкалі, паведамляў «Вечерний Гродно». Адкрыць яго збіраліся яшчэ да канца 2021 года, але, мабыць, нешта пайшло не так.
Бар SOHO
«У цэнтры нашага любімага горада хутка расчыніць свае дзверы лаундж бар SOHO», — лаканічна аб’явілі уладальнікі. Падобна на тое, што бар зойме месца «Фудмаркета» у будынку гандлёвага дома «Нёман», які закрыўся ў верасні 2021-га.
Сушы-бар «Капибара»
Сушы-бар франшызы «Капібара» адкрыюць у Гродне на праспекце Касманаўтаў, 35. Зараз у памяшканні ідзе рамонт і падрыхтоўка да адкрыцця. У меню сэты, ролы, сушы і салаты са свежых прадуктаў. Кухары гатуюць на адкрытай кухні: кліенты могуць бачыць увесь працэс.
Што закрылася?
Піцэрыя Papa John’s
Адзіная ў Гродне піцэрыя сеткі на Карла Маркса, 24 спыніць працу 30 сакавіка. Інфармацыя пра гэта з’явілася ў Instagram Papa John’s. Піцэрыя прапрацавала ў Гродне крыху больш за тры гады. Зараз у асартыменце ўстановы — 37 піцаў. На Google.com наведвальнікі пакінулі 784 водгукі, рэйтынг установы — 4,2.
Бар «На проводе»
Гродзенскі бар «На проводе» на вуліцы Тэлеграфнай закрыўся 10 верасня 2021 года пасля года працы. Прычыны: эканамічная сітуацыя, нерэнтабельнасць і непраходнае месца, расказаў Hrodna. life уладальнік бара Алег Ёрш.
Кавярня «Атмосфера»
Пасля двух гадоў працы ў лістападзе 2021-га зачынілася кавярня «Атмосфера».
«Усё добрае калі-небудзь сканчаецца і праект „Атмосфера“ не выключэнне. Мы ўдзячныя кожнаму госцю і кожнаму супрацоўніку, якія стваралі тую самую непаўторную атмасферу. Гэта былі выдатныя і насычаныя два гады. Мы не хочам сыходзіць па-англійску і ўжо цяпер паведамляем, што ў хуткім часе атмасфера закрываецца», — паведамілі ўладальнікі ў Instagram.
Установа «Фудмаркет»
Яна змяшчала чатыры канцэпцыі. Тут можна было выпіць кавы, забегчы на бізнес-ланч, купіць пасту і хлеб з сабой, замовіць піцу або паесці хатніх катлет. Але праз некалькі месяцаў працы бізнес закрыўся.
Бар «Пьяная вишня»
Ён працаваў у рэдкім для Гродна фармаце монабара крыху больш за год. Там можна было пакаштаваць чатыры варыянты аднаго напою — газаваны, моцны, класічны і гарачы. У сакавіку ў бары аб’явілі аб закрыцці. Цяпер па вішнёвыя настойкі прыйдзецца ехаць у Мінск.
Гастрабар «Артефакт»
Ва ўстанове абяцалі сучасную беларускую кухню з еўрапейскім афармленнем. А яшчэ тут можна было паснедаць з 8.00! Але апошнія некалькі тыдняў на дзвярах гастрабара вісіць аб’ява «Закрыто». Instagram ўстановы не абнаўляўся са снежня 2021 года. Тэлефоны ўладальніка рэстарана і пазначаныя на сайце для замовы століка — недаступныя.
Чытайце таксама: