Людзі і справы

Жывы мядзведзь на Масленіцы — гэта нармальна? Што кажуць арганізатары, зоаабаронцы і заолаг

На свята Масленіцы, якое прайшло ў Гродне 29 лютага, прывезлі жывую мядзведзіцу. Чытачы Hrodna.life звярнуліся ў рэдакцыю з пытаннямі. Ці не адчувала жывёла стрэс пры такой колькасці людзей? Ці бяспечным было для людзей такое суседства? Ці не вучыць гэта спажывецкім адносінам да жывёл? Мы разабраліся.

Мядзведзіцу размясцілі на пляцоўцы «Малочнага міру». Кожны жадаючы мог з ёй сфатаграфавацца. Жывёлу прывезлі з мінскага цырка. Як бачна па фота, мядзведзіца была ў намордніку. Яе можна было частаваць марозівам і згушчонкай.

«Жывёле лепш у натуральным асяроддзі»

Ірына Траяноўская з Цэнтра дапамогі дзікім жывёлам «Сірын» кажа, што мяркуючы па фота, жывёла адчувае сябе нармальна. Згушчонка — таксама нармальнае харчаванне для іх. Шмат што залежыць ад людзей, якія з ёй працуюць. Ёсць жывёлы, якія нармальна выязджаюць, ёсць тыя, для якіх гэта стрэс.

— Адназначна, жывёле лепш у натуральным асяроддзі, чым на масавым мерапрыемстве. Але ёсць выключэнні. І калі мядзведзіцу рыхтуюць з душой, і выехала яна на гадзінку «на людзей паглядзець і сябе паказаць», то гэта яшчэ даравальна. У Расіі ёсць выдатная школа жывёл-акцёраў, іх звяры часам ездзяць на такія мерапрыемствы. Калі вы ўбачыце, як яны жывуць, як рыхтуюцца і колькі ў іх укладваецца сіл, то не будзе сумневаў, што такі выезд — не стрэс, — кажа Ірына.

— Але я сумняваюся, што мінскі заапарк мае некалькі гектараў зямлі толькі для мядзведзя, і яго дрэсіроўшчык праводзіць з ім побач ад 10 гадзін, а нават жывёлы з шыкоўнай падрыхтоўкай на падобныя мерапрыемствы не ездзяць.

«Няма важкіх прычын прывезці мядзведзя на масавае гулянне»

Другі важны момант — гэта бяспека людзей. «Мядзведзь — велізарная дзікая жывёла. Калі яго нешта спалохае, то пацерпяць навакольныя, а там жа і дзеці ёсць. Чалавечы фактар ​​ніхто не адмяняў. П’яных на такіх святах звычайна вялізная колькасць. Але наогул, я не ведаю важкіх прычын, па якіх можна было б прывезці мядзведзя на масавае гулянне. Няўжо нельга абмежавацца поні? Людзям экзотыкі захацелася?», — задаецца пытаннем Ірына.

Часам жывёл у такіх выпадках могуць напампоўваць транквілізатарамі. Іншыя могуць быць адаптаваныя. Але нават калі жывёла 100 разоў на мерапрыемствах паводзіла сябе спакойна, на 101-ы яна можа павесці сябе дрэнна.

— Адна справа — гэта цырк, калі ўсё ізалявана, ці здымкі, калі можна нейкія рамкі і правілы паставіць. А іншая справа — калі вакол куча людзей, дзяцей, п’яных, шарыкаў. Як адрэагуе жывёла, нават хатні сабака, — ніхто ніколі не ведае. Што ўжо казаць пра дзікую, — кажа Ірына.

Што тычыцца этычнага моманту, то Ірына лічыць, што многае залежыць ад бацькоў. Ім варта вучыць дзяцей не чапаць жывёл, якія могуць укусіць, або якім лішняя ўвага будзе непрыемная.

«Ёсць іншыя спосабы парадаваць гледачоў»

— Можна ўспомніць леташні выпадак у Карэліі, калі мядзведзь напаў на дрэсіроўшчыка прама падчас выступу. Для мядзведзя з’яўляецца вялізным стрэсам праседзець некалькі гадзін у цеснай клетцы ў цемры на шляху з аднаго горада ў іншы і трапіць у шумны натоўп незнаёмых людзей, — кажа зааабаронца Яна Каралёва. — Мядзведзі не дурныя жывёлы і могуць нападаць на чалавека з помсты за свой скалечаны лёс. У вясновы перыяд мядзведзі рыхтуюцца да стварэння сем’яў і працягу роду. Але ў дадзеным выпадку жывёла не мае магчымасці накіраваць сваё жыццё ў рэчышча, задуманае для яе прыродай. Замест гэтага яна становіцца «цацкай» для разявак.

— Хоць, я ўпэўненая, далёка не ўсе людзі, якія прыйшлі на мерапрыемства, падтрымліваюць паланенне дзікіх жывёл дзеля забавы. Можна сказаць, што арганізатары лічаць сваіх гасцей бяздушнымі ў адносінах да жывёл. Часцяком такія ахвяры дзеля чалавечага эгаізму проста не вартыя затрачаных рэсурсаў. Існуе мноства іншых цікавых забаў.

Яну радуе, што ўсё больш людзей усведамляюць абсурд уцягвання дзікіх звяроў у індустрыю забаў і прышчапляюць дзецям беражлівыя адносіны да прыроды.

«У яе такая роля — яна артыстка»

Заолаг Віталь Гуменны звяртае ўвагу, што, па-першае, заканадаўствам выкарыстанне жывёл на свяце не забаронена.

— Калі мядзведзіца была ўзятая медзведзянём, выгадавана на руках, і адносіцца да іх [дрэсіроўшчыкаў - аўт.], як да сваёй сям'і, то для яе гэтае жыццё арганічнае. Для яе гэта не здзек, а штодзённасць. Змясціце яе ў лес без дрэсіроўшчыка — і будзе бяда. У яе такая роля — яна артыстка, — тлумачыць Віталь.

Віталь кажа, што калі жывёлу не білі, не трымалі ў дрэнных умовах, такія выезды дапушчальныя. Для перавозкі ёсць пэўныя ўмовы. Таксама ёсць нормы харчавання, санітарныя нормы. Калі яны былі выкананыя, то ўсё добра.

— Гэта не дзікая жывёла. Калі бяруць дзікую жывёлу з прыроды, як правіла, прыручыць яе ўжо немагчыма. Але калі забіраюць медзведзяня, ваўчаня, лісяня не спецыяльна, а пасля гібелі маці, і гадуюць на руках, у няволі, гэта ўжо не дзікая, а паўхатняя жывёла, якая жыве ад рук чалавека.

А ці этычна заводзіць хатніх жывёл?

Што тычыцца бяспекі чалавека, для гэтага ёсць ветэрынарныя дакументы. Жывёла павінна быць прышчэплена. Таксама патрэбны дазвол на прысутнасць у месцах масавага знаходжання. Існуюць нормы і ДАСТы пры выступленні. Распрацоўваецца варыянт тэхнікі бяспекі. Жывёла можа выступаць толькі ў пэўных умовах, якія павінны выконвацца.

— Іншая справа — маральны бок выкарыстання жывёл у цырках. Але тады давайце пытацца аб маральным баку выкарыстання жывёл як хатніх. Адна справа — калі чалавек «наймае» жывёлу для аховы або сельскагаспадарчай працы. Чалавек іх корміць, трымае ў пэўных умовах. З іншага боку — кошкі, сабакі, хамякі, папугаі. Чалавек выкарыстоўвае гэтых жывёл, груба кажучы, як цацкі, — кажа Віталь.

«Знаходжанне было ўзгоднена ўсімі структурамі»

У «Молочном мире» распавялі, што ідэя прывезці мядзведзіцу з’явілася на прадпрыемстве. Кажуць, што бачылі як добрыя, як і негатыўныя рэакцыі. Ім прыемна, што людзям не ўсё адно.

Мядзведзіцы Дуняшы тры гады. Паводле мядзведжых мерак яна яшчэ дзіця.

— Яна не была вылаўлена ў лесе, яна нарадзілася ў Краснаярскім заапарку. Адкуль была набытая.
Усё жыццё жыла ў хатніх умовах. Што такое лес — не ведае, кантакт з людзьмі для яе абсалютна не новыя, — кажуць на прадпрыемстве.

Тлумачаць, што звер адчуваў сябе камфортна. Любімыя прысмакі жывёлы — згушчонка, марозіва і булачкі. Згушчонку разводзілі, каб яе не было шмат. Да таго ж, староннія людзі её не кармілі, а толькі тыя, хто за яе адказваў.

Кажуць, што мяркуючы па вонкавым выглядзе, жывёла ўтрымліваецца ў добрых умовах. Яе поўсць дагледжаная, гладкая, у ёй няма камякоў. Мядзведзіца ездзіць у вялікім фургоне для перавозкі, дзе ёсць падсцілка.

— Знаходжанне было ўзгоднена ўсімі структурамі. Жывёла здаровая, ветдаведкі былі. Ніхто не выпусціць у людзі звера з непацверджанай адсутнасцю захворванняў, — кажуць на прадпрыемстве. Дарэчы, раней у «Молочном мире» бралі пад апеку кенгуру — пералічвалі грошы, каб ім у заапарку куплялі корм.

На прадпрыемстве кажуць, што апошняя справа — проста здзекавацца з жывёлы. «Нават калі кату нешта не падабаецца, ён будзе драпацца. Няўжо вы думаеце, што рэальна дзікі звер, які адчувае дыскамфорт, паводзіў сябе абсалютна спакойна?»

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024