З 15 красавіка па 5 верасня ў Беларусь без візы прыехалі 222 283 грамадзян Латвіі, Літвы і Польшчы, паведаміў Дзяржпагранкамітэт. Да пачатку пандэміі адной з мэтаў візітаў замежнікаў былі медыцынскія паслугі. Ці едуць яны за гэтымі паслугамі зараз? Hrodna.life даведаўся, якія працэдуры могуць прайсці замежнікі ў Гродне і колькі гэта каштуе.
Раней прыязджалі лекаваць зубы
У рамках бязвізавага рэжыму ў 2019 годзе медыцынскія паслугі атрымалі 415 замежнікаў. Самымі папулярнымі былі паслугі стаматолагаў-за імі звярнуліся 288 турыстаў, расказвала ў 2020 годзе начальнік Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Алена Краткова. Паводле яе слоў, больш за ўсё медыцынскіх турыстаў прыязджала з Літвы, Польшчы і Латвіі.
Акрамя стаматалогіі папулярнасцю карысталіся кампутарная тамаграфія, МРТ, эндаскапічныя і лабараторныя даследаванні, афтальмалогія.
Турфірмы і стаматолагі ўспышкі цікавасці не заўважылі, ва Універсітэцкай клініцы кажуць пра рост зваротаў
З адкрыццём новага бязвізу з 15 красавіка замежнікаў сярод кліентаў не было, хоць да пандэміі яны прыязджалі часта, распавялі Hrodna.life уладальнікі дзвюх прыватных гродзенскіх стаматалогій. Адзін з іх адзначыў, што раней часцей за ўсё прыязджалі кліенты з Літвы.
Чытайце таксама: Гродненская область заработала на туристах на 61% больше, чем в прошлом году. Кто и зачем едет в Гродно и окрестности
Плыні медыцынскіх турыстаў не заўважылі і ў адной з гродзенскіх турфірмаў, куды мы звярнуліся. Там адзначылі, што такія госці часцей едуць самастойна. У любым выпадку, вялікай плыні няма, адзначылі там.
«На тэлефон аддзялення і па электрасувязі ўсё часцей звяртаюцца замежнікі, каб удакладніць дэталі атрыманай па розных каналах інфармацыі пра паслугі клінікі, якія іх зацікавілі. Традыцыйна ёсць цікавасць да отарыналарынгалогіі, асабліва ў кірунку пластычнай хірургіі. Папулярныя ў замежных грамадзян аддзяленні эндакрыналогіі і гематалогіі», — расказала «Гродзенскай праўдзе» вядучая спецыялістка па маркетынгу аддзялення платных медыцынскіх паслуг Гродзенскай універсітэцкай клінікі Наталля Марчанкова.
Колькі каштуе палячыцца ў Гродне замежніку?
Платныя паслугі для замежнікаў аказваюць усе дзяржаўныя медустановы, а таксама прыватныя медцэнтры і стаматалогіі.
У прыватных клініках кошты для беларусаў і замежнікаў аднолькавыя, у дзяржаўных — адрозніваюцца. Замежнікам — даражэй.
Цэны на медыцынскія паслугі на прыкладзе Гродзенскай універсітэцкай клінікі
З вялізнага пераліку паслуг мы выбралі найбольш зразумелыя неадмыслоўцу.
Афтальмалогія
- Даследаванні - ад 7 рублёў,
- Хірургічнае лячэнне ўзроставай катаракты — ад 87 рублёў,
- Выпраўленне касавокасці - 139 рублёў,
- Кератапластыка (перасадка рагавіцы) на адно вока — 1256,30 рублёў.
МРТ
- МРТ галаўнога мозгу, тваравага чэрапа з ацэнкай сасудаў і ранняй дыягностыкі інсульту — 259 рублёў,
- МРТ шыі - 332 рублі,
- МРТ паяснічна-крыжавога аддзела пазваночніка і спіннога мозгу — 344 рублі.
УГД
Ад 80 рублёў за УГД нырак і наднырачнікаў, прадсталёвай залозы з мачавым пузырам, да 121 рублі за УГД шчытападобнай залозы з лімфатычнымі павярхоўнымі вузламі.
Касметалагічная хірургія
- Карэкцыя формы і памераў кончыка носа — 1435,41 рублёў,
- Памяншэнне малочнай залозы — 1448,70 рублёў,
- Пластыка жывата — 2083,86 рубля,
- Павелічэнне малочнай залозы (1 боку) — 948,50 рублёў,
- Ліпасакцыя (1 анатамічная зона) — 530,42 рублёў.
Масаж
Масаж галавы, шыі, стопаў, сустава ад 6,98 да 19 рублёў за масаж шыйна-груднога аддзела хрыбетніка.
Кансультацыі лекараў-спецыялістаў
Ад 40 рублёў за кансультацыю ўрача другой катэгорыі да 89 рублёў за кансультацыю прафесара.
Знаходжанне пацыента-замежніка ў стацыянары (за адны суткі)
Ад 30 рублёў у хіміятэрапеўтычным аддзяленні да 248 рублёў у рэанімацыі.
Чытайце таксама: Гродзенская бальніца хуткай дапамогі пачала аказваць паслугі ў выхадныя і святы. Паглядзелі, што там прапануюць
Што трэба замежніку, каб атрымаць медпаслугу?
Як грамадзяне мы патэлефанавалі ў «Медыцынскі цэнтр прыгажосці і здароўя», каб даведацца, ці можна замежнай грамадзянцы правесці рэдукцыйную мамапластыку (памяншэнне грудзей). У клініцы адказалі - можна. Для гэтага трэба заключыць дамову на атрыманне платных медыцынскіх паслуг. Затым атрымаць кансультацыю ўрача, здаць неабходныя аналізы. Кошт такой працэдуры для іншаземак — ад 4060 рублёў. Беларускі могуць зрабіць гэтую працэдуру ад 3300 рублёў.
Чытайце таксама: В Старый замок нет билетов, в гостиницах нет мест, экскурсоводов не хватает: Гродно заполонили туристы