Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт апублікаваў кантрольныя лічбы прыёму на 2026 год. Як і ў іншых медвну краіны, платнага набору ў новым навучальным годзе не будзе — усе месцы выдзелены за кошт бюджэту. Пры гэтым агульны набор у Гродне павялічыўся: універсітэт плануе прыняць на 90 студэнтаў больш, чым годам раней. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла даныя за апошнія гады і паглядзела, як змянялася колькасць месцаў у гродзенскай медвну і якія яшчэ змены там адбыліся.
Колькі студэнтаў-медыкаў будуць набіраць у Гродне ў 2026 годзе
У 2026 годзе ў Гродзенскім медуніверсітэце выдзелена 760 бюджэтных месцаў: 459 — для мэтавай падрыхтоўкі і 301 — на конкурснай аснове. Навучання на платнай аснове няма. Пры гэтым, мяркуючы па лічбах прыёму за папярэднія перыяды, платнае навучанне ў Гродзенскім медуніверсітэце скарачалася і да гэтага. У 2024 годзе набіралі 145 платнікаў, у мінулым годзе — 60.
Колькасць студэнтаў павялічылі
У 2024 годзе ў мед набіралі 675 чалавек. На мэтавікоў было выдзелена 393 месцы, на конкурснай аснове — 137. У мінулым годзе ўсяго наша медыцынская ВНУ набірала 670 чалавек. Стала больш мэтавікоў — 488 чалавек, на конкурснай аснове — 122.
| Набор | 2024 год | 2025 год | 2026 год |
|---|---|---|---|
| Бюджэтныя месцы (усяго) | 530 | 610 | 760 |
| Мэтавая квота (месцаў) | 393 | 488 | 459 |
| Платнае навучанне (месцаў) | 145 | 60 | 0 |
| АГУЛЬНЫ НАБОР | 675 | 670 | 760 |
Што яшчэ змянілася ў наборы ў 2026 годзе: мінус адна спецыяльнасць
У 2026 годзе з набору знікла спецыяльнасць «Медыка-псіхалагічная справа». Папярэднія два гады туды стабільна набіралі па 90 чалавек (у тым іку 20 — на платнай аснове). Пры гэтым, мяркуючы па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, дадзеная спецыяльнасць была толькі ў Гродне.
Незначна скараціўся набор на педыятрычны факультэт: са 140 студэнтаў да 125 чалавек. Мэтавікоў стала амаль удвая менш: 62 супраць 112. У мінулыя гады доля мэтавікоў на гэтым факультэце складала каля 80%.
Бюджэтны набор у ГрДМУ на лячфаку з 2024 года вырас амаль удвая — з 240 да 475 месцаў. Падрыхтоўка па спецыяльнасці «Медыка-дыягнастычная справа» павялічылася роўна ў два разы.

Што кажуць пра змены ў Гродзенскім медуніверсітэце і Міністэрстве аховы здароўя
Вучыць платнікаў цяпер нявыгадна для ўніверсітэта. Сабекошт аднаго студэнта складае каля 8,5 тысячы рублёў, і гэтыя выдаткі даводзіцца кампенсаваць за кошт пазабюджэтных сродкаў, распавёў першы прарэктар Гродзенскага медуніверсітэта Андрэй Болтач. Набор у ВНУ фарміруюць згодна з планамі Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі.
У Міністэрстве аховы здароўя растлумачылі, што набор студэнтаў у медыцынскія ўніверсітэты плануецца па выразнай сістэме. Бюджэтныя і платныя месцы вызначаюць сумесна ВНУ і заказчыкі — ацэньваюць, колькі спецыялістаў рэальна спатрэбіцца, а затым Міністэрства аховы здароўя зацвярджае лічбы прыёму.

Такім чынам, гаворка ідзе не пра забарону платнага навучання, а пра планавы падыход да фарміравання прыёму з улікам рэальнай патрэбнасці ў кадрах, запэўніваюць у Міністэрстве аховы здароўя.
У ведамстве таксама адзначылі, што падрыхтоўка спецыялістаў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту па заказе ведамстваў — не новая практыка. Па такой жа схеме ўжо рыхтуюць кадры для аграпрамысловага комплексу і педагагічных спецыяльнасцей.




