Веласіпедыст Аляксей быў адзіным затрыманым у Гродне ў нядзелю 18 кастрычніка. Аляксей з сябрам збіраліся перакусіць, але па дарозе ім сустрэўся мікрааўтобус з міліцыянтамі. Маладога чалавека груба затрымалі, закінулі ў аўтобус, а там пыталіся, за каго ён галасаваў.
«Наляцелі на мяне»
У міліцыі Аляксея пратрымалі крыху больш за тры гадзіны. Пасля прафілактычнай гутаркі яго адпусцілі. Гродзенец не разумее, што стала прычынай затрымання.
Усё адбывалася каля 16.00. «Мы збіраліся з сябрам у McDonald’s, ехалі праз цэнтр горада. Калі праязджалі па вуліцы Парыжскай камуны, на дарозе паказаўся сіні бус. Адчыніліся дзверы — там быў супрацоўнік у чорнай форме, ён усміхнуўся. Мы праехалі трохі і спыніліся. Вырашылі, што ехаць у McDonald’s небяспечна. Думалі раз’язджацца, але ў наш бок паехаў бус».
Хлопцы спалохаліся і павярнулі ў двары. Там яны былі некаторы час, а пасля раздзяліліся. Калі Аляксей выязджаў на вуліцу Сацыялістычную, яго заблакаваў мікрааўтобус з міліцыяй і машына ДАІ.
«Выбеглі байцы і наляцелі на мяне. Затрымлівалі ў грубай форме, паставілі на калені і панеслі ў бус. Туды ж закінулі мой ровар. У машыне мяне паклалі на падлогу, некалькі разоў ударылі, а потым сталі задаваць пытанні: „БЧБіст? Чаму ўцякаў? За каго галасаваў? У арміі служыў? Пакажы Telegram“ і г. д. Пасля любога адказу ішоў удар».
Зламалі ровар
Са слоў Аляксея, яго збівалі і пасля прыезду ў РАУС. Пазней яго дапытаў следчы.
«Следчы спытаў, чаму я затрыманы. А і я сам не ведаў за што. У выніку ён склаў пратакол і апісаў маёмасць. Пасля гэтага мяне закрылі ў камеры часовага ўтрымання з нейкім бяздомным. Выпусцілі дзесьці праз тры гадзіны».
Пасля выхаду з РАУС Аляксей падпісаў пратакол і дакумент, што з ім правялі прафілактычную гутарку. Аляксей кажа, што як такой размовы не было.
«Мне аддалі ўсе рэчы і ровар, але ён ужо быў зламаны. Зламалі тармазы, перамыкачы перадач і пагнулі ротар. Рабілі яны гэта ўсё ў машыне. Думаю, адмыслова. Гэта ненармальна, калі ў цэнтры горада такім чынам затрымліваюць людзей. Я ўсяго толькі ехаў з сябрам перакусіць у McDonald’s».
Міліцыя: «Абскардзіць дзеянні можна ва ўстаноўленым законам парадку»
У прэс-службе УУС гродзенскага аблвыканкама Hrodna.life распавялі, што затрымалі грамадзяніна ў сувязі з яго меркаваным удзелам у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. «Калі ён лічыць, што яго правы былі парушаныя, ён можа абскардзіць дзеянні ў вызначаным законам парадку», — распавёў афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Яраслаў Васілеўскі.
За апошнія паўгода пачасціліся выпадкі затрымання веласіпедыстаў у Гродне. 15 ліпеня ў цэнтры горада затрымалі 5 веласіпедыстаў. Іх асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве: хтосьці атрымаў некалькі сутак арышту, хтосьці штраф. Затрымлівалі гродзенцаў на ровары і ў першыя дні пасля выбараў.