Савецкая забудова Гродна па-за цэнтрам горада не часта вылучаецца архітэктурнай разнастайнасцю. Шукаць там сюрпрызы мала хто збярэцца. А дарма! Часта на сціплых будынках дзіцячых садкоў ці на прымітыўных карпусах савецкіх заводаў можна пабачыць выбітныя творы дэкаратыўнага мастацтва.
Як і мае быць у таталітарнай імперыі, буйныя дэкаратыўныя кампазіцыі часта служылі інструментам агітацыі і прапаганды. Пры гэтым лічыцца, што майстры мазаікі былі ў меншай ступені падпарадкаваныя цэнзуры і часам стваралі нязвыкла дзёрзкія для СССР творы.
Hrodna.life сабраў некалькі прыкладаў гродзенскіх мазаік і пано эпохі савецкага мадэрнізму. Большая частка значных узораў знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы горада.
Чаму мазаіка стала папулярнай?
Шырокую дарогу манументальна-дэкаратыўнаму мастацтву СССР адкрыў заняпад стылю сталінскай неакласікі ў 50-х гадах XX стагоддзя. Знакамітая хрушчоўская барацьба з празмернасцямі ў архітэктуры стала каталізатарам новых прарываў у галіне дэкору. Справа ў тым, што мазаікі і скульптурныя пано не патрапілі пад забарону і сталі выдатным спосабам усё ж такі дадаць будынку прыгажосці, не парушаючы забароны.
Чытайце таксама: Прыгожа ці пачварна? Гід па архітэктуры савецкага мадэрнізму ў Гродне
Па матывах сюррэалізму — дзіцячы садок № 62
Карпусы дзіцячага сада ўпрыгожваюць два мазаічныя пано, выкананыя на рэльефнай паверхні. Гэта нярэдкі прыём для савецкіх мастакоў-манументалістаў. Спачатку на дэкарыруемай паверхні з’яўляліся рэльефы. У некаторых выпадках гэта былі даволі складаныя скульптурныя выявы. Затым рэльеф абкладаўся мазаікай.
Кампазіцыі на сценах дзіцячага садка сваімі выгнутымі мудрагелістымі формамі выклікаюць у памяці творы ў стылі сюррэалізму, у прыватнасці, карціны знакамітага Сальвадора Далі. Канешне, гэтыя пано далёка не такія складаныя і мудрагелістыя, як лепшыя працы вялікіх сюррэалістаў, але ўсё ж гэта яркія і кідкія малюнкi, якія прыцягваюць увагу.
Корпус універсітэта Янкі Купалы на Гаспадарчай — пейзажы у стылі японскіх майстроў
Тут прадстаўлена спрэс пазбаўленая энергіі барацьбы за светлую савецкую будучыню пейзажная кампазіцыя. Ніякіх рабочых і калгасніц, а проста прыемная прырода з пераважна спакойнымі танамі.
Ніякага лішняга пафасу. Міратворная і выдатная праца, якая чымсьці нагадвае карціны японскіх майстроў.
Авангард, блізкі да кубізму — дзіцячы садок № 54
Добры прыклад таго, што савецкае мастацтва — гэта не толькі сацрэалізм. Пано дзіцячага сада № 54 уяўляюць выдатныя авангардысцкія кампазіцыі, блізкія кубізму. Мазаікі выкананы на добрым тэхнічным узроўні.
Колеравая гама вельмі прыемная, а персанажы быццам прасякнутыя святлом, што дадае карцінам казачнасці. Асабліва добры «спячы леў», які заносіць лапу над «лятучай рыбай».
Малевіч ці Кандзінскі? Хто натхніў на мазайку садка № 67
Пано з заходняга боку фасада ўяўляе сабой цудоўны ўзор авангардызму. Тут і знарочысты прымітывізм, і стылістыка кубізму, і яркія колеры.
Мазаіка трохі нагадвае палатно «Дзяўчына перад люстэркам», пэндзля вялікага мастака і бацькі кубізму Пабла Пікаса. Што тычыцца пано з усходняга боку, то і яно вельмі цікавае. Гэта абстрактная кампазіцыя, вельмі непадобная да характэрнага для СССР сацрэалізму.
Зрэшты, варта адзначыць, што менавіта з СССР выйшлі многія вялікія мастакі абстракцыяністы, да прыкладу, Казімір Малевіч і Васіль Кандзінскі. Дарэчы, гродзенская абстрактная мазаіка гэтага садка даволі моцна нагадвае менавіта творчасць Кандзінскага.
Сграфiта на «Кароне» — пафас сацрэалізму
Дзве выявы ў карычневых танах, выкананыя ў тэхніцы сграфiта на фасадах былога прадзільна-нітачнага камбіната (цяпер рынак «Карона») уяўляюць сабой сацрэалізм, імпульсіўны і перапоўнены пафасам. Гэта праўдзівыя манументальныя кампазіцыі. Дынаміка пано падкрэслівае стваральную моц цэнтральных алегарычных фігур, якія асацыююцца з савецкімі працаўнікамі. Галоўныя персанажы намаляваныя магутнымі і ўладнымі ды нагадваюць нейкіх міфічных герояў са звышнатуральнымі здольнасцямі.
Увасабляючы сабой цэлую краіну і яе прыродныя багацці, героі ствараюць светлую будучыню: волат збірае ў далонь зоркі, а жанчына, нібы багіня ўрадлівасці, быццам пры дапамозе чараўніцтва, прама з паветра, атрымлівае плады ўраджаю. Прыкметна і спроба паказаць нацыянальныя матывы, змясціўшы ў кампазіцыю буслоў.
Гэтыя выявы «Песня аб Нёмане» і «Зямля Беларуская». Яны з’явіліся на адміністратыўным корпусе Гродзенскага прадзільна-нітачнага аб’яднання ў 1978 годзе. Аўтары працы — мастак Сяргей Палякоў і тагачасны галоўны архітэктар інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Аляксандр Кузняцоў. Гэта вельмі стыльныя працы, якія выдатна адлюстравалі ідэалогію эпохі.
Як і многія іншыя творы савецкіх дэкаратараў, гэтыя велізарныя выявы ў значнай ступені закрытыя пасаджанымі амаль упрытык дрэвамі.
Пано «Навука» — сацрэалізм з чалавечым тварам
Знакамітая праца знаходзіцца на рагу вуліц Ажэшкі і Леніна ад 1975 года. Пано выканана ў стылі сацрэалізму. Пры гэтым у ім няма празмернага пафасу будаўнікоў камуністычнага раю. Большасць персанажаў - спакойныя навукоўцы, якія займаюцца сваімі справамі. Дынаміку ў кампазіцыю ўносіць цэнтральная фігура, якая сімвалізуе, уласна, саму навуку. Раскрытая кніга ў яе руцэ азарае прамянямі ведаў прастору пано.
Сярод бетонных постацяў маецца і Францыск Скарына, якога аўтары змясцілі сюды, каб дадаць у кампазіцыю нацыянальны беларускі штрых. Такі, больш спакойны, сацрэалізм з «чалавечым тварам» вельмі прыемны нават цяпер.
Пано на «Радыёхвалі» — сацрэалізм у лепшым выглядзе
Найбуйнейшы ўзор савецкай мазаікі ў Гродне і адзін з найбуйнейшых у краіне. Файны прыклад сацрэалізму з усімі яго характэрнымі атрыбутамі.
Мазаіку стварылі гродзенскія мастакі і скульптары Анатоль Салятыцкі, Анатоль Гаршкавоз, Уладзімір Церабун і Генадзь Буралкін.
У масштабным пано знайшлося месца і пафасу персанажаў, і іх атрыбутыцы, уключаючы розную зброю, і савецкай дзяржаўнай сімволіцы ў выглядзе зоркі і сярпа з молатам. Колеравую гаму для савецкіх людзей аўтары выбралі ў характэрных чырвоных адценнях.
Выявы ўсіх персанажаў прыкладна роўныя па памеры. У адрозненні ад пано на фасадзе прадзільна-нітачнага камбіната, тут няма алегарычных фігур-супергерояў. Усе персанажы — гэта простыя савецкія людзі, якія будавалі краіну ў мірныя і ваенныя гады.
Мазаіка мае нямала агульнага са знакамітым трыпціхам «Зямля» ў Берасцi, і хоць значна саступае брэсцкай працы па колькасці персанажаў, затое размешчана выключна ўдала. Корпус з пано стаіць на ўзвышшы і бачны здалёк.
Гэта вельмі цікавы ўзор савецкага манументальна-дэкаратыўнага мастацтва самага высокага ўзроўню.
Дэкаратыўны бум сацлагера: цікава для заходніх турыстаў
Многія галоўныя фасады тыповых дамоў выглядалі проста жахліва. Пры гэтым тарцы таго ж будынка маглі быць упрыгожанымі выдатнай па складанасці і маштабу мазаікай. Уражваў і размах дэкаратыўнага буму. Ён захапіў не толькі сталіцы і буйныя гарады саюзных рэспублік. Выбітныя прыклады манументальна-дэкаратыўнага мастацтва можна было сустрэць нават у глыбокай правінцыі.На Захадзе ў гэты ж час мода на мазаіку не атрымала шырокай папулярнасці. Мазаічныя пано былі створаны, да прыкладу, у метро Нью-Ёрку, але маштабам і манументальнасцю твораў дэкаратары з сацыялістыснага лагера значна пераўзыходзілі заходніх калегаў. Менавіта таму савецкія мазаікі карыстаюцца такой папулярнасцю ў замежных мастацтвазнаўцаў і простых турыстаў.
Агледзеўшы калекцыю гродзенскіх дэкаратыўных пано, можна пабачыць, што ў ёй ёсць вельмі розныя творы мастацтва, ад сацрэалізму да авангарду і ад невялікіх фарматаў да каласальнага пано «Радыёхвалі». Гэтыя цудоўныя працы атрымліваюць мала ўвагі, але, безумоўна, заслугоўваюць папулярызацыі.