Спадчына

Маўклівы сойм: 5 фактаў пра падзел Рэчы Паспалітай, які падпісалі ў Гродне

Апошні сойм Рэчы Паспалітай прайшоў у Гродне ў 1793 годзе. Ён пачаў працу 17 чэрвеня, а скончыў - 23 лістапада. Завяршыўся сойм падзелам краіны. Як палітычныя інтрыгі і ціск разам з балямі і забавамі прывялі да такога рашэння і чаму сойм увайшоў у гісторыю, як «маўклівы», чытайце ў новым артыкуле «Гарадзенскай азбукі».

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

Рашэнне аб падзеле прынялі «за кулісамі»

У студзені 1793 года, праз 20 год пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, Расія і Прусія падпісалі канвенцыю аб другім падзеле. Зацвердзіць яе ўлады вырашылі на сойме.

Штрушком да гэтых падзей стала канстытуцыя Рэчы Паспалітай, прынятая 3 траўня 1791 года. Яна прадугледжвала палітычныя і эканамічныя рэформы і ўзмацняла незалежнасць. Кацярына II палічыла прэцэдэнт небяспечным і пабаялася страціць уплыў на краіну. Таму ва ўмовах таемнасці расійскія палітыкі спрыялі стварэнню Таргавіцкай канфедэрацыі. Гэта аб’яднанне падтрымала частка вяльможаў і армія. Канфедэрацыя ініцыявала скліканне сойму ў Гродне. У караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага практычна не засталося свабоды выбару.

Гродна стаў амаль як сталіца

Яшчэ з вясны горад пачалі рыхтаваць да сойму. Сюды прыехалі з Варшавы шмат мадэльераў, музыкаў і артыстаў. На вуліцах Гродна з’явіліся модныя сталічныя ды замежныя крамы. Знайсці кватэру ў арэнду стала амаль немагчыма. На вуліцах было столькі брычак, конных і пешых, што цяжка было рухацца. Гродна стаў мнагалюдным, як сталіца. У траўні прыехалі чальцы сойму. Сярод іх было 12 міністраў, 140 паслоў з Расіі, Прусіі, Швецыі, Галандыі ды Англіі. Кароль Станіслаў Аўгуст з невялікай світай прыбыў ў Гродна 12 чэрвеня.

Прайшоў марафон баляў

«Жыццё ў Гродне падчас сойму, — пісаў польскі даследчык Генрык Масціцкі, — было напоўнена нейкім вар’яцтвам. Гук танцавальнай музыкі, бразганне застольных келіхаў, звон злотага, які без памяці кідалі на картачнае палатно, запаленыя на плошчах вогнішчы аховы чужаземных лагераў і затоеныя дзесьці ў кутках чыстых, беззаганных сэрцаў роспач і глухі і бяссільны боль — вось вобраз таго звычайнага, штодзённага фону, на якім разыгрываліся сцэны нямога трагізму, якога можа ніколі да таго ані пасля не зведала зямля польская»

Падрыхтоўка да сойму і праўда суправаджалася неймавернай колькасцю баляў, прыёмаў, абедаў, раўтаў, карнавалаў, вячэраў ды фейерверкаў.Толькі імяніны расійскіга пасла Якава Сіверса святкавалі больш за тыдзень.

Запужвалі арміяй, гарматамі і затрыманнямі

Расійская армія ўвесь гэты час стаяла лагерам вакол Гродна. 22 жніўня войскі ўвайшлі ў горад, занялі галоўныя вуліцы і акружылі замак. Выйсці з дому можна было толькі па спецыяльным дазволе ад расійскага каменданта. У двары і ў калідорах замка стаяла ахова. У соймавай зале знаходзіліся генерал Раутэнфельд з групай афіцэраў - каб дапамагаць у падтрыманні парадку. Наступным днём каля гарматаў у акружэнні замка з’явіліся кананіры з запаленымі кнатамі ў руках.

Чаму сойм быў маўклівым

Перад паседжаннем 23 верасня чатырох найбольш апазіцыйна настроеных чальцоў сойму забралі з дамоў і гвалтоўна вывезлі з гораду. Астатнія паслы праходзілі ў аточаны войскам замак праз строй грэнадзёраў. Генерал Раутэнфельд абвясціў, што нікога не выпусцяць з залі, пакуль не будзе падпісаны трактат. У адказ на шматлікія прапановы Сіверса прыняць прапанову Кацярыны II, усе маўчалі. Урэшце, кракаўскі пасол Іосіф Анквіц прамовіў, што маўчанне азначае згоду. У гэты час гадзіннік гучна прабіў палову на чацвёртую раніцы, адзначыўшы падзею, што ўвайшла ў гісторыю як «маўклівы сойм».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Інтэрнэт — сіла. Да 2020 улады гэтага не разумелі». Стваральнік Гродзенскага форума расказаў пра байнэт нулявых

Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там…

7 лістапада 2024

Грэчка з чарніцамі, жывая музыка і «сарамлівы» стрыптыз. Рэстаранам «Беласток» у Гродне і Grodno ў Беластоку споўнілася 50 гадоў

У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…

5 лістапада 2024

«Прабіце, калі ласка». Як у Гродне адным талончыкам ламалі сістэму

Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…

4 лістапада 2024

«Мяне не перамагчы, я не спаборнічаю». Гродзенка перанесла аперацыю на ствале галаўнога мозгу — вось як змянілася яе жыццё

Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…

1 лістапада 2024

«Воку няма за што зачапіцца». Спыталіся ў дызайнера, што не так з інтэр'ерамі гродзенскіх устаноў

Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…

31 кастрычніка 2024

Куды з’ездзіць на Хэлоўін у Гродзенскай вобласці: 5 містычных месцаў ад замкаў да млыноў

Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…

29 кастрычніка 2024