Мастацкі музей — гэта гарадская ініцыятыва, да якой можна далучыцца. Яна пачалася з таго, што мастакі, мастацтвазнаўцы і экскурсаводы напісалі ліст у адміністрацыю горада. Нагодай стала запланаваная рэканструкцыя Палаца тэкстыльшчыкаў. Гэта месца, на думку аўтараў ліста, ідэальна пасуе для музея.

Чаму гэтае месца?

Па-першае, яго стыль пасуе для мастацкага музея. Па-другое, так можна было б стварыць музейны квартал, які складаўся б са Старога і Новага замкаў, Музею гісторыі рэлігіі і непасрэдна Мастацкага музею. Па-трэцяе, ён бы стаў сімвалам цэнтральнай вуліцы разам з Фарным касцёлам. А гэта добра ўплывала б на імідж горада. Па-чацвёртае, музей быў бы ў межах даступнасці і штодзённага шляху і гродзенцаў, і турыстаў.

У сярэдзіне лютага ініцыятараў запрасілі ў гарвыканкам на абмеркаванне. Зараз існуе план, паводле якога ў Палацы тэкстыльшчыкаў будзе ЗАГС і база для калектываў «Рада» і «Гродзенская капэла». Але пакуль ідзе агульная рэканструкцыя. Зараз рамантуюць дах.

Як можна арганізаваць прастору ў Палацы тэкстыльшчыкаў?

Ініцыятары прапануюць на першым паверсе зрабіць арт-салон, кафэ, каворкінг і мультымедыйны зал. Паколькі палац выкарыстоўваюць на фестывалях і канцэртах, якія праходзяць на Савецкай плошчы, там арганізуюць грымёрку для артыстаў.

Другі паверх плануюць аддаць непасрэдна пад мастацкі музей. Там будуць выставачныя зоны і экспазіцыйныя залы. На трэцім могуць размясціцца мастацкія майстэрні, зала-лекторый. Можна па прыкладзе культурнага цэнтру ў Ліможы зрабіць пакоі для мастакоў з невялікімі кухнямі і санвузламі, дзе яны могуць жыць, як у гасцініцы. У згаданым Ліможы гэта працуе і прыносіць прыбытак.

Якія калекцыі і залы можна зрабіць?

— У выставачных залах і галерэях — часовыя выставы. Задача музея — збіраць, ахоўваць і паказваць здабыткі, — расказвае гісторык мастацтва Наталля Паўленка. — Пастаянная экспазіцыя — гэта выхоўванне пакаленняў, захоўванне мастацкіх каштоўнасцей. Гродзеншчына — унікальны рэгіён, у якім захавалася больш у параўнанні з іншымі.


«Ганьба, што яго няма». Навошта Гродна мастацкі музей і калі ён можа з’явіцца


Таксама функцыя музея — навукова-даследчая. Глыбокіх даследаванняў у гэтай вобласці няма, акрамя дысертацыі па гродзенскім мастацтве 1860−1940 гг. Музей мог бы гэтаму паспрыяць.

Яшчэ адна функцыя — экспазіцыйная. Тут маглі б быць калекцыі 12−20 стагоддзяў, заходнееўрапейскае, савецкае, сучаснае мастацтва. Могуць быць калекцыі габрэйскай культуры. У планах не толькі матэрыяльныя, але і мультымедыйныя калекцыі.

Экспануюць каля 10 працэнтаў

Мастацкія музеі ёсць ва ўсіх абласных цэнтрах, акрамя Гродна. Ёсць яны і ў некаторых райцэнтрах. Адна з ініцыятараў Наталля Храброва падкрэслівае, што варта зрабіць музей не толькі для турыстаў, але і для гродзенцаў. Каб паказаць працы нашых мастакоў і для гуманізацыі грамадскага жыцця. Але прыцягне гэта і турыстаў.

«Для турыстаў ёсць толькі сто метраў Савецкай вуліцы, два замкі і музей. Зараз прапануецца прыехаць адзін раз і ўсё. У турызме важна, каб турыст не прыехаў на паўдні, а застаўся падольш і вытраціў больш».

Мастацкі музей у Гродне: чаму ён павінен паўстаць і як яго падтрымаць ужо зараз
Ініцыятары — Наталля Храброва, Наталля Паўленка, Сяргей Грыневіч
Па падліках ініцыятараў, у гісторыка-археалагічным музеі ў запасніках знаходзіцца каля 900 карцін. Каля 3 000 экспанатаў затрымалі на мяжы. Іх адвозяць у іншыя музеі рэспублікі і не экспануюць у Гродне. Наогул, зараз экспануюць каля 10 працэнтаў таго, што маецца. Калекцыямі абяцаў падзяліцца і Нацыянальны мастацкі музей. Хутчэй за ўсё, музей будзе стварацца пад Міністэрствам культуры, і гэта дапаможа разабрацца з тым, каб пазычыць карціны з фондаў іншых дзяржаўных музеяў.

Ініцыятары натхніліся і прыкладам Віцебска. Там летась за кошт гарадскога бюджэту стварылі Музей Віцебскага народнага вучылішча да стогоддзя яго паўстання. Экспазіцыю намінавалі на тытул «Лепшы музей года». Праўда, музей яго не атрымаў.

Як можна падтрымаць ініцыятыву

Ці будуць туды хадзіць людзі? Наталля Паўленка ўпэўнена, што так. «Я даю лекцыі па гісторыі мастацтваў. Калі вывучаем барока, класіцызм, прыходзіць адна і тая ж публіка. А на апошнія лекцыі пра 20−21 стагоддзя прыходзяць усе. Гэта цікава людзям». Актуальна мастацтва і таму, што мы менш працуем, вызваляецца вольны час і яго трэба вытрачаць.

На абмекаванні ў Гродне фантазавалі пра тое, што можна зрабіць. Творчы кластар, цэнтр сучасных мастацтваў, шкляны дах, побач з палацам усталяваць сцэну. Яшчэ казалі пра тое, што не варта баяцца слова «музей», бо сучасныя музеі цікавыя і не нудныя.

Мастацкі музей у Гродне: чаму ён павінен паўстаць і як яго падтрымаць ужо зараз

Гарадскія ўлады прапануюць падрыхтаваць дэталёвы праект. Таму зараз ініцыятыва на этапе распрацоўкі канцэпцыі і стварэння візуалізацыі. Таксама можна пакінуць свой подпіс у падтрымку музея. Дарэчы, за праект можна прагаласаваць на конкурсе ініцыятываў Social Weekend да 10 сакавіка.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]