«Чорны лебедзь-2020», каранавирус, змяніў свет вакол нас. Спалохаўшыся за сябе і блізкіх, мы змянілі звычкі і засвоілі новы рэспіраторны этыкет. Вірус ад гэтага не стаў больш бяспечным.
Псіхолаг Вольга Вялічка заўважыла, што людзей у масках чамусьці становіцца вакол усё менш. Яна распавяла Hrodna.life,
чаму так адбываецца і як пераадолець бестурботнасць, калі надакучыла баяцца.
Чорны лебедзь і белая варона
Прыклад бестурботнасці - сустрэча з сябрамі. Мы даўно іх ведаем, разам нам заўсёды было камфортна. Гэта падтуплівае страх заразіцца або перадаць інфекцыю. Здаецца, што «свае» людзі не могуць быць носьбітамі віруса і крыніцай небяспекі. Ды і не хочацца бянтэжыць добрую кампанію.
Яшчэ адзін прыклад — адмова ад маскі ў краме ці ў кафэ. Нязручна выглядаць белай варонай, некамфортна назіраць рэакцыю навакольных, не хочацца быць незразуметым.
Але варта камусьці пачаць размову пра маскі, апынецца, што амаль у кожнага яна ёсць з сабой. Толькі ў сумачцы або ў кішэні. А некаторыя нават могуць прапанаваць другую для сябра. Толькі неяк няёмка.
Свабода або адказнасць
Так, мы любім свабоду, а цяпер вымушаны яе абмежаваць. Будзе лягчэй, калі ўспомніць — гэта не першыя абмежаванні ў нашым жыцці. З дзяцінства нас вучылі выбіраць паміж свабодай і адказнасцю. І мы ўмеем адказваць за сябе, не апраўдваючыся абставінамі і не абвінавачваючы навакольных.
У грамадстве, у сям'і, у дзяржаве не атрымаецца быць абсалютна свабодным. Мы падпарадкоўваемся правілам, пераадольваем стрэсы і вучымся. Так атрымліваем вопыт, нават калі пра гэта не прасілі.
Страх, стрэс і выбар
Страх спараджае стрэс. Гэта шанец на змяненне і развіццё. Але з часам страх прытупляецца. Узнікаюць пытанні - колькі можна баяцца, колькі можна (не)пазнаваць знаёмых з-за масак, колькі можна вітацца локцямі.
Чытайце таксама: «Баюся застацца без грошай, захварэць і страціць родных». Чаго баяцца гродзенцы падчас эпідэміі
У выніку з аватарак зніклі заклікі заставацца дома, сталі патроху адчыняцца закрытыя раней кафэ, а маскі носіць усё менш людзей. Спачатку страх стымуляваў адказныя паводзіны. Потым людзі стаміліся баяцца. Жаданне вярнуцца да звыклага ладу жыцця аказалася мацнейшым рэкамендацый СААЗ і прыкладаў іншых краін.
Чаму мы стаміліся баяцца
Чаму так здараецца? Трапляючы ва ўмовы страху, чалавек вымушана адаптуецца да новых умоў. Цела рэагуе на страх выкідам гармонаў, якія прымушаюць розум працаваць інакш. Абвастраецца пачуццё насцярожанасці, актывізуецца ўвага. Стрэс рухае нас наперад. Але страх гуляе заўсёды супраць нас. Ён адбірае сілы, турбуе, абвастрае хранічныя захворванні, зніжае прадуктыўнасць.
Чытайце таксама: Начать жизнь на удаленке: 7 правил от психолога для самоизоляции без потерь
Хочацца быць мацней абставінаў
Цела не можа доўга рэагаваць на страх выкідамі гармонаў. Усяму патрэбен адпачынак. І тут мозг разумее: нічога супер-пагрозлівага тут і цяпер не адбываецца. Звычайныя паводзіны іншых падтуплівае абвостраныя рэакцыі. Пачынае здавацца, што небяспека далёка.
Яшчэ адзін фактар, які падштурхоўвае адмовіцца ад абароны — жаданне быць мацней абставінаў.
Для сябе і дзеля ўсіх
Мы хочам бачыць вакол прыгажосць і пазітыў, выбіраць самае лепшае. Каранавірус не прапаноўвае нам вялікага выбару: людзі павінны крытычна падысці да сітуацыі. Трэба працягваць насіць маскі і трымаць сацыяльную дыстанцыю. Трэба мыць і апрацоўваць санітайзерам рукі. Гэта нас абараняе. Каранавірус вучыць нас лепш разумець сябе і пераадольваць стомленасць ад страху. Для сябе і дзеля ўсіх.