Першыя крокі да перакладу «Гражыны» паэтка Марыя Мартысевіч зрабіла 15 гадоў таму. Вярнулася да тэкста толькі зараз. На яе думку, «няпэўныя часы — найлепшыя для такіх праектаў», бо дазваляюць «схавацца» ад рэчаіснасці і адсачыць паралелі паміж гісторыяй і сучаснасцю.
Пра тое, чым новы пераклад адрозніваецца ад папярэдніх і што сама перакладчыца марыць «падарыць» праз яго Беларусі, Марыя расказала для канала «Тётя Ира Разрешила».
«Гражыну ў перакладчыцкай супольнасці доўга лічылі „маёй“. Бо гадоў 15 таму я пераклала ўступ вершаванай аповесці для аднаго выдання, — расказвае Марыя Мартысевіч. — Усе гэтыя гады я мела план аднойчы скончыць пераклад. А няпэўныя часы — акурат пасуюць для такіх праектаў. „Гражына“ — амаль герметычны твор, рэч у сабе. Таму для мяне гэта надзейны схоў ад рэчаіснасці».
Перакладчыца атрымала стыпендыю Gaude Polonia і на паўгода занурылася ў гісторыю філаматаў і філарэтаў, паэтыку ранняга Міцкевіча ды іншыя літаратурныя падзеі ХІХ стагоддзя. На яе думку, усё гэта мала вядома нашаму шырокаму чытачу, таму вартае перавыдання і абнаўлення.
«Дарэчы, „Гражыну“ Міцкевіч таксама пісаў у няпэўны час свайго жыцця. Ён скончыў і выдаў аповесць у 1822−23 годзе, паміж фактычна двума судовымі следствамі, пад якія трапіў», — расказала Марыя.
Па словах перакладчыцы, паралелі сучаснай гісторыі з падзеямі таго часу выклікаюць дадатковую цікавасць. Пра гэта яна пісала ў сваім цыкле Facebook-лекцый «Матам пра філаматаў».
Па словах Марыі, «Гражына» напісаная архаізаванай польскай мовай з дамешкам «віленскай пальшчызны» і беларусізмаў.
«Спроба стылізаваць гэтую мову па-беларуску — вельмі цікавая праца. Я шмат часу баўлю са слоўнікамі, беларускімі тэкстамі ХІХ стагоддзя ды іншымі новымі для мяне крыніцамі. Паколькі даводзіцца па словах „перабіраць“ польскі тэкст, то, як мне здаецца, я бачу шмат наўмысных ці падсвядомых гульняў паэта».
Прыкладам таго перакладчыца кажа: «Магу пацвердзіць меркаванне Антонія Адынца, што прататып Гражыны — гэта Караліна Кавальска, ковенская каханка Адама Міцкевіча. Нездарма гераіню паэмы ў першай версіі завуць Карына».
На думку Мартысевіч, апроч імені Гражына, твор мала даў польскай культуры. У той жа час яна адзначае моцны ўплыў паэмы на самасвядомасць сучасных літоўцаў, бо ў каментарах да «Гражыны» Міцкевіч шмат піша пра архаічную, паганскую, неславянскую Літву.
«У Беларусі сёння твор папулярны менш, чым заслугоўвае, але, спадзяюся, сваёй працай я змяню гэтую сітуацыю. Кшталту, каб Гражына зрабілася папулярным беларускім іменем у ХХІ стагоддзі», — кажа Марыя.
«У адрозненне ад Сяргея Дзяргая і Пятра Бітэля, я перакладала Міцкевіча не як беларускага аўтара. Яны наўмысна рабілі „беларусізацыю“ ягонай паэтыкі - гэта вынікала з іх біяграфій і стасункаў з польскай культурай і было лагічна і апраўдана ў ХХ стагоддзі, — кажа Марыя аб папярэднніх перакладах „Гражыны“. — Але я не перакладаю яго і як польскага паэта. Я стаўлюся да ранняй паэзіі Міцкевіча, як да самабытнай з’явы, якая ўзнікла ў рамках эстэтыкі польскамоўнай культуры былога Вялікага Княства Літоўскага. Я ўжываю словы са „Старабеларускага лексікону“, якія прысутныя ў арыгінале — перапісваю іх кірыліцай, выкарыстоўваю некаторыя дыялектныя і размоўныя формы, якія могуць падацца то русізмамі, то паланізмамі. Гэта свядомая гульня. Можна сказаць, каб перакласці Міцкевіча, я яго не перакладаю».
Перакладчыца адзначае, што ў ранейшых беларускіх выданнях «Гражыны» не публікаваліся аўтарскія каментары да паэмы. А яны важныя, каб разумець задуму Міцкевіча, натхнёнага Янам Чачотам, Тамашам Занам, Яахімам Лелявелем.
На думку Марыі Мартысевіч, «Гражына» мае ў сабе шмат ад містыфікацыі.
«Каб усё выглядала „праўдападобна“, Міцкевіч піша грунтоўны навуковы каментар, а на справе — чарговы раз гуляецца з чытачом. І дасылае яму зашыфраваныя сігналы».
Чытайце таксама:
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…