На маленькай марцы з калекцыі гродзенскага філатэліста Андрэя — адразу некалькі слядоў эпохі: сама марка расійская, на ёй польская надрукоўка, а зверху яшчэ і нямецкі надпіс «V.P. Grodno».
Так выглядае своеасаблівая мініяцюра гісторыі Беларусі часоў Першай сусветнай вайны і пасля яе, калі на беларускіх землях улады змяняліся хутчэй, чым паспявалі надрукаваць новыя грошы і паштовыя маркі.
Гісторыю артэфакта расказваюць гістарычны часопіс “Карона Вітаўта” і канал Hrodna 11:27.
“Польскія” маркі, якія не спатрэбіліся палякам
Красавік 1919 года быў для Гродна часам змен. Пасля чатырох гадоў акупацыі горад пакідалі нямецкія войскі. Але змена ўлады адбывалася паступова. Калі цывільнае кіраванне палякі перанялі яшчэ 10 красавіка, то вайсковыя аб’екты, якімі лічылася, напрыклад, чыгунка, яшчэ нейкі час заставаліся пад немцамі.
26 красавіка, напярэдадні выхаду з Гродна нямецкіх войскаў і ўваходу польскіх, мясцовыя палякі падрыхтавалі ўласны выпуск марак — на расійскія і адну ўкраінскую марку нанеслі надрукоўку «40 GR POCZTA POLSKA». Аднак польская палявая пошта іх не прыняла: неўзабаве, 1 мая, чакалася дастаўка звычайных польскіх марак з Варшавы.

Затое гэтымі маркамі зацікавіўся нямецкі афіцэр сувязі лейтэнант Баўэр. Выпадкова іх намінальная цана супала з сумай, якую плацілі афіцэру за адпраўку звычайнага ліста ў Германію.
Немец выкупіў маркі і пачаў выкарыстоўваць іх для аплаты лістоў, якія адпраўляліся праз Сувалкі ў Нямеччыну. На маркі нанеслі яшчэ адну надрукоўку — «V.P. Grodno», скарот ад Verbindungspost Grodno, то бок «Пошта сувязі Гродна».
Хаця немцы пакінулі горад у красавіку, перадаўшы яго палякам, нямецкая пошта сувязі працавала да другой паловы чэрвеня. У канцы таго ж месяца афіцэр Баўэр пакінуў Гродна. Атрымліваецца, такія незвычайныя маркі выкарыстоўваліся няпоўныя два месяцы.
Так стан не быў выключна беларускай асаблівасцю. Пасля Першай сусветнай вайны ў многіх гарадах Усходняй Еўропы новая цывільная ўлада мусіла некаторы час суіснаваць са старымі вайсковымі структурамі чужых дзяржаў. Возьмем той жа блізкі да Беларусі Беласток: Польшча абвясціла незалежнасць 11 лістапада 1918 года, а горад заставаўся ў нямецкіх руках яшчэ некалькі месяцаў.
А яшчэ была і літоўская пошта!
Гродна быў важным чыгуначным вузлом, праз які нямецкія войскі вярталіся дадому з было Расійскай імперыі. Тут знаходзіўся штаб нямецкай 10-й арміі, а таксама база добраахвотніцкіх фарміраванняў памежнай аховы Grenzschutz Ost, якія прыкрывалі вывад германскіх войск. Разам з вайскоўцамі ў Гродне працягвала працаваць і нямецкая палявая пошта: аддзяленні Feldpost 737 і Freiwilligen-Feldpost 3007.
Але не толькі нямецкая! Яшчэ 30 снежня 1918 года ў Гродне адкрылася літоўскае паштовае аддзяленне. Яго кіраўніком стаў Дзмітрый Арцём’евас, які прывёз у Гродна з Вільні першыя літоўскія маркі.
Спачатку літоўская пошта ў Гродне гасіла маркі простым аднарадковым штэмпелем «Grodno». А ўжо 3 студзеня 1919 года яго замянілі салідным круглым фіялетавым штэмпелем з надпісам «Гродненская … контора».

Новыя дзяржавы не заўсёды мелі тады нават час на выраб уласных паштовых штэмпеляў. Таму карысталіся тым, што знаходзілі на месцы.
Вельмі цікава, што літоўскаму аддзяленню ў Гродне дапамагалі… нямецкія вайсковыя паштальёны. Яны прымалі карэспандэнцыю, перасылалі яе праз сваю палявую паштовую сетку, а часам ставілі на літоўскіх лістах, паштоўках і капэртах нямецкія штэмпелі.
Атрымліваецца амаль неверагодная для сучаснага чалавека карціна: у беларускім горадзе, дзе яшчэ знаходзіліся нямецкія вайскоўцы, дзейнічала літоўская пошта, яе лісты перасылаліся нямецкай палявой поштай, а тым часам у Гродна ўжо ўваходзілі польскія войскі.
Гісторыю марак захаваў лютэранскі пастар-філатэліст
Але вернемся да незвычайных руска-польска-нямецкіх марак, што з’явіліся ў Гродне ў красавіку 1919-га.
Паводле філатэлістычных крыніц, такіх як аўтарытэтны нямецкі каталог “Міхель” (MICHEL-Briefmarken-Katalog), усяго было выраблена па 100 марак кожнага з пяці асноўных варыянтаў. Такую ж лічбу падаў у 1921 годзе ў нямецкім часопісе “Berliner Briefmarken-Zeitung” пастар з гродзенскай лютэранскай кірха Адольф Освальд Плямш – вядомы далёка па-за межамі Гродна філатэліст і гандляр маркамі. Пастар Плямш размаўляў з лейтэнантам Баўэрам і высветліў, што той выкарыстоўваў для гашэння скарыстаных марак звычайнае пяро – проста пісаў ад рукі на кожнай марцы першую літару свайго прозвішча. Таксама Плямш высветліў, што палякі рабілі свае надрукі латуннай пячаткай, якая захавалася ў гродзенскім магістраце, а Баўэр выкарыстоўвай штэмпель з каўчука, які забраўся з сабой.

Тут варта адзначыць, што ў Плямша была рэпутацыя не толькі эксперта па марках (у 1938 годзе ён атрымаў вялікі залаты медаль на выставе ў Варшаве), але і… падпольнага “выдаўца”. Маўляў, Плямш падрабляў рэдкія серыі марак. Стваральнік гродзенскага музея Юзаф Ядкоўскі быў перакананы, што пастар падрабіў менавіта серыю з нямецкімі надрукоўкамі «V.P. Grodno». Зрэшты, пра Плямша хадзілі розныя чуткі. Напрыклад да самой смерці ў лютым 1939 года яго падазравалі ў таемнай працы на нямецкую выведку.
Прывабны для фальсіфікатараў сімвал эпохі
Больш за палову гродзенскіх “руска-польска-нямецкіх” марак сапраўды выкарысталі для аплаты паштовых адпраўленняў, але большасць канвертаў не захавалася.
Сёння сярод калекцыянераў асабліва цэняцца рэдкія варыянты надруковак – перавернутыя, павернутыя на 90 градусаў або падвойныя. Напрыклад, блок з чатырох марак з рознымі становішчамі надрукоўкі з сертыфікатам эксперта Тобіяса Хайльманса выстаўляўся на аўкцыён за $9000 – праўда, яго за такія грошы не купілі. Падобны блок з чатырох марак у 2021 годзе нехта набыў з аўкцыёну за $5500.
Паколькі рэдкасць выпуску робіць яго прывабным для фальсіфікатараў, у аўкцыённых каталогах сапраўдныя асобнікі гэтай серыі часта прадаюцца менавіта з экспертнымі заключэннямі.
Ці маглі ведаць гродзенскія палякі і немец Баўэр, што іх дробная ініцыятыва ў красавіку 1919 створыць рэдкі і каштоўны для калекцыянераў артэфакт? Напэўна, каб ведалі, то зрабілі б такіх марак пабольш ды захавалі б недзе для патомкаў. Каб тыя за пару блокаў марак набылі сабе, напрыклад, машыну.



