Дзе ў Гродне студэнты слухалі Быкава? У якой кнігарні прадавалі «вершы пісьменніка»? Да 100-годдзя Васіля Быкава Hrodna.life падрыхтаваў мапу гродзенскіх мясцін, звязаных з жыццём творцы.
Беларускі пісьменнік Васіль Быкаў жыў у Гродне 25 гадоў: з 1947 да 1949 і з 1955 да 1978 года. Тут ён пачынаў сваю творчую дзейнасць у мастацкіх майстэрнях і рэдакцыі газеты «Гродзенская праўда». Менавіта ў Гродне Быкаў напісаў «Мёртвым не баліць», «Жураўліны крык», «Альпійскую баладу» і «Сотнікава».
Вялікая Траецкая, 28
Першая кватэра, у якой жыў Васіль Быкаў. Тут ён напісаў творы: «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць», «Салдацкі лёс», «Ранак-світанак», «Сваякі», «Праклятая вышыня», «Круглянскі мост», «Круты бераг ракі».
Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што былыя жыхары пасадзілі ў двары сад, сярод якога ёсць дрэвы, якія саджаў Быкаў.
Свярдлова, 18
Другая кватэра, дзе ў Гродне жыў Васіль Быкаў. Тут ён напісаў аповесці «Воўчая зграя» і «Пайсці і не вярнуцца». Дом у савецкім Гродне лічыўся дастаткова элітным — там жылі розныя партыйныя дзеячы і высокія начальнікі.
Дуб Васіля Быкава
У двары дома па вуліцы Свярдлова, 18 расце дуб, які, як лічыцца, некалі пасадзіў Васіль Быкаў. Дакладна невядома, калі менавіта і з якой нагоды пасадзілі дрэва. Але краязнаўца Таццяна Касатая лічыць, што яго пасадзілі Быкаў з сынам Васілём.
Парыжскай камуны, 9
Трэцяя кватэра пісьменніка, у якую ён прыязджаў, калі ўжо жыў у Мінску.
Дамініканская, 5
На гэтай вуліцы размяшчалася мастацкая майстэрня, дзе ў першыя гады гродзенскага перыяду працаваў Васіль Быкаў.
Леніна, 32
У корпусе філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў 1995 годзе Васіль Быкаў апошні раз выступаў у Гродне перад студэнтамі і выкладчыкамі.
Палац Тэкстыльшчыкаў
Тут адбывалася ўрачыстае віншаванне Васіля Быкава з нагоды 50-годдзя ў 1974 годзе.
Дом-музей Элізы Ажэшкі
Тут размяшчалася Гродзенскае аддзяленне саюза пісьменнікаў БССР. У яго Васіль Быкаў уступіў у 1959 годзе. Акрамя Васіля Быкава, тут таксама працавалі Аляксей Карпюк, Данута Бічэль, Міхась Васілёк.
Ажэшкі, 49
Тут размяшчалася кватэра пісьменніка Аляксея Карпюка. Творцы сябравалі і час ад часу сустракаліся ў гэтай кватэры.
Савецкая, 8 і Паліграфістаў, 2
Тут у розныя часы размяшчалася рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда». Гэта было галоўнае месца працы Васіля Быкава.
Савецкая, 31
Па гэтым адрасе з 2003 па 2018 гады размяшчаўся музейны пакойчык, прысвечаны Васілю Быкаву. У экспазіцыі былі асабістыя рэчы пісьменніка.
Музейны пакой стварылі ў офісе ветэранскай арганізацыі. Памяшканне для музея абяцаў ГрДУ, а стварэнне паўнавартаснага музею было прапісана ў праграме «Спадчына» на 2016 — 2020 гады. Але ў выніку ў 2018 годзе калекцыя музейнага пакою пераехала ў Дом-музей Максіма Багданавіча.
Чытайце таксама: «Татальная музеефікацыя». ТОП-10 музеяў-фантомаў Гродна
Савецкая, 3
Да 2021 года у гэтым будынку размяшчалася цырульня «Антэй». Менавіта сюды хадзіў стрыгчыся Васіль Быкаў. У гэтай цырульні Быкава абслугоўваў адзін з вядомых у той час цырульнікаў у Гродне — Ісаак Маеровіч. Цырульня была самай старой у горадзе і працавала з 1927 года.
Стары замак
На замкавай гары на руінах сцяны Старога замка было зроблена адно з самых вядомых фота пісьменніка.
Нёман
На левым беразе Нёмана ў пісьменніка быў гараж. Там Быкаў захоўваў сваю тэхніку, у тым ліку і маторную лодку, на якой любіў вандраваць па Нёмане.
Чыгуначны вакзал
Тут Васіль Быкаў правёў сваю першую ноч, калі ўпершыню прыехаў у Гродна.
«З першага пагляду горад мне спадабаўся, не такі ўжо і пабураны (хоць у цэнтры і трапляліся руіны некаторых будынкаў), але ў ім адчувалася пэўная „заходнасьць“, рысы сярэднявечча — у старых будынках, касьцёлах, нават у брукоўцы вуліц. Зноў жа — два замкі і Нёман. Дужа гэта міла здалося майму сэрцу, зьнябытаму на чужыне. Паўдня хадзіў па вуліцах, прыглядаўся, але куды зайсьці не наважыўся. Першую гарадзенскую ноч правёў на вакзале», — узгадваў пісьменнік у кнізе «Доўгая дарога дадому» (аўтарскі правапіс захаваны).
Будынак таго вакзала не захаваўся. Яго зруйнавалі ў 1986 годзе. Знаходзіўся ён зусім побач з сучасным вакзалам.
Лес Быкава
У 2016 годзе Індурскае лясніцтва высадзіла недалёка Гродна лес імя Васіля Быкава. Тады ж усталявалі памятны знак у гонар пісьменніка.
Кнігарня «Раніца»
У гэтай кнігарні на Маставой, 33 у 2012 годзе прадавалі сшыткі з «вершамі Васіля Быкава» на вокладцы. Высветлілася, што гродзенская друкарня проста ўзяла вершы з сайта «Стихи.ру», аўтарам якіх быў пазначаны нейкі «Василий Быков». Ніякага дачынення да творчасці беларускага пісьменніка ён не меў.
Чытайце таксама: У Гродне знайшлі франтавыя малюнкі Васіля Быкава
Ведаеце яшчэ якія-небудзь месцы ў Гродне, звязаныя ў постаццю Васіля Быкава? Напішыце нам на [email protected] — і мы дадамо іх да мапы.