Чытачка Hrodna.life Каця Маскалёва, якая жыве ў Брэмене, дапамагла даведацца больш пра загадкавыя надпісы на камені, які знайшлі на беразе Нёмана. Дзякуючы нямецкім базам дадзеных па загінуўшых у Першую сусветную удалося высветліць, што знаходка — гэта надмагілле малодшага афіцэра Макса Шаўля, які, хутчэй за ўсё, загінуў у баях пад Гродна ў 1915 годзе.

Нагадаем, камень з надпісамі гатычным шрыфтам знайшлі рыбакі ў канцы студзеня на беразе Нёмана, недалёка ад вуліцы Прыгараднай. Па расказах мясцовых жыхароў, могілак там ніколі не было, надмагілле маглі прывезці будаўнікі разам з грунтам. Цяпер там актыўна пракладаюць камунікацыі.

Малодшы афіцэр Макс Шаўль: атрымалася расшыфраваць надпісы на камені, які знайшлі на беразе Нёмана
Месца, дзе знайшлі камень
Каця Маскалёва родам з Гродна. Вучылася ў Германіі, вывучала германістыку і гісторыю. Зараз дзяўчына працуе ў школе ў Брэмене. Камень з загадкавымі надпісамі яе зацікавіў і яна вырашыла разабрацца з яго гісторыяй.

«Пошук па спісах параненых і загінулых у Першай сусветнай вайне даў больш-менш дакладнае ўяўленне пра гэтага чалавека, —
распавядае Каця. — Паколькі гэтыя спісы складаліся ў час вайны, дадзеныя аб стратах не заўсёды ўносіліся цалкам. Часам у спешцы не падавалася званне загінулага або параненага, а месца смерці амаль ніколі не пазначалі.

Я звярнулася да аднаго са стваральнікаў праекта genealogy.net, у рамках якога гэтыя лісты апрацоўваюцца валанцёрамі і з папяровага варыянту становяцца даступнымі ў інтэрнэце ў электронным выглядзе. Спадар доктар Цэдлітц дапамог расшыфраваць перадапошні радок. Там пазначана: L.I.R. 84 M.G.K. Па-нямецку: Landwehr-Infanterie-Regiment 84 Maschinengewehr Kompanie. З гэтага вынікае,
што загінулы Шаўль быў у вайсковай пяхоце 84-га рэгімента, а менавіта ў падраздзяленні кулямётчыкаў.

Малодшы афіцэр Макс Шаўль: атрымалася расшыфраваць надпісы на камені, які знайшлі на беразе Нёмана
Знойдзены камень з надпісамі гатычным шрыфтам
Прагартаўшы больш за 30 імёнаў з прозвішчам Шаўль за 1915-ы год, Каця не знайшла ніякай прыдатнай інфармацыі. Загінуўшых з такім прозвішчам не было.

«Але трэба разумець, што дадзеныя ў гэтыя спісы ўносіліся часам тыднямі, а то і месяцамі пазней, — дадае дзяўчына. — Значыць, трэба было глядзець у дадзеныя за 1916-ы год. І сапраўды, у пачатку 1916-га года (04.01.1916) з 84-га рэгіментa ў спісы страт быў унесены малодшы афіцэр Макс Шаўль з кулямётнага падраздзялення (Utffz. Max Schaul). Да гэтага ён быў моцна паранены (унесены 27.09.1915). Паказана і месца нараджэння: горад Czarnikau (цяпер Czarnków, Польшча), які на той момант уваходзіў у склад Прусіі. Месца смерці, на жаль, як і ў большасці выпадкаў, не пазначана».

Малодшы афіцэр Макс Шаўль: атрымалася расшыфраваць надпісы на камені, які знайшлі на беразе Нёмана
Інфармацыя з базы дадзеных па загінуўшых у Першую сусветнай вайну
Цяпер мы ведаем, што камень на беразе Нёмана — гэта надмагілле малодшага афіцэра Макса Шаўля, які ваяваў на баку Германіі падчас Першай сусветнай. Вялікая верагоднасць, што яго магіла знаходзілася на вайсковых могілках на вуліцы Белуша. Усе надмагіллі нямецкіх пахаванняў двух сусветных войнаў там знішчылі. Куды падзець камень сёння, валанцёры (журналісты і неабыякавыя гродзенцы) яшчэ не вырашылі, але вядома, што пастар лютэранскай кірхі Уладзімір Татарнікаў гатовы яго забраць пад храм, калі не знойдуць адпаведнае месца. А можна перавезці камень на могілкі на Белуша, дзе надмагіллю будзе самае месца, бо, магчыма, парэшткі Макса Шаўля там ляжаць дагэтуль. Вядома, што вайсковыя могілкі ў бліжэйшы час пачнуць рэканструяваць.


Таямніца магілы афіцэра Шаўля: што за камень знайшлі на беразе Нёмана?


Малодшы афіцэр Макс Шаўль: атрымалася расшыфраваць надпісы на камені, які знайшлі на беразе Нёмана
Вайсковыя могілкі на Белуша ў 1960-х. Добра бачная пірамідка, якую ўзвялі яшчэ ў Першую сусветную, і валуны ля яе падножжа (пазначаныя стрэлачкамі)
Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]