Людзі і справы

«Мы проста не хлусілі людзям». Гітарыст Seven B Андрэй Макарэвіч распавёў пра Гродна, рок-н-рол і тое, што самае хрэновае

30 гадоў таму музыкі папулярнага гродзенскага гурта Seven B з’ехалі з Беларусі, але сувязяў з радзімай не страцілі. Гітарыст Андрэй «Макар» Макарэвіч у час аднаго са сваіх візітаў вясной 2020 года даў інтэрв'ю лідару гурта Dzieciuki Алесю Дзянісаву. У ім «Макар» расказаў пра стварэнне гурта, запісы альбомаў, вядомасць у Польшчы і бойкі з вакалістам Генэкам Лоскам. Відэа размовы з’явілася на YouTube, а Telegram-канал Радыё «Harodnia» паглядзеў і выбраў самае цікавае.

Андрэй (Макар) Макарэвіч. Скрыншот з відэа

Да рок-н-рола прывяло «нешта на генетычным узроўні», кажа сам Макарэвіч. «Мне ў галаву не прыйшло нічога цікавейшага, чым рок-н-рол. Каб ездзіць па розных гарадах, знаёміцца з людзьмі. І мяне ўвесь час штурхае да апантанасці».

Хард-блюз гурт Seven B у 1987 годзе стварылі студэнты Гродзенскага культасветвучылішча Генадзь (Генэк) Лоска і Андрэй (Макар) Макарэвіч. У 1992 годзе гурт выпусціў на касеце першы альбом «Over Doze». У тым жа годзе калектыў выступіў на фестывалі «Басовішча» ў Польшчы. Пасля гэтага музыкі вырашылі застацца за мяжой.

Яны зараблялі выступамі на вуліцах. Спачатку музыкі жылі ў Беластоку і гралі на Кавалерыйскім рынку, але ў 1993 годзе пераехалі ў Кракаў. З часам яны атрымалі польскае грамадзянства. Гурт існаваў да 2006 года, калі музыкі афіцыйна спынілі дзейнасць.

Seven B пачынаўся, як каманда на адзін канцэрт

Макар навучаўся ў Гродзенскім культасветвучылішчы [сёння — Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў - Радыё «Harodnia»]. Там жа навучаўся Генэк Лоска. Там пачалася гісторыя гурта Seven B. Падчас перапынкаў Лоска пачынаў спяваць. «Прыкінулі: А можа сыграем што? — Ну давай сыграем». Гурт пачынаўся як каманда на адзін канцэрт. «Мы падумалі, што сыграем на адным фестывалі, гэта „Рок-форум“ быў. Сыграем адзін канцэрт і ўсё. Сыгралі мы адзін канцэрт і так гралі 18 гадоў», — сказаў Андрэй.

Запісваць першы альбом ехалі ў агульным вагоне

У Беларусі гурт Seven B запісаў адзін альбом — «Over Doze» — першы ў дыскаграфіі. Каб запісаць песні музыкі ездзілі ў агульным вагоне ў Мазыр [Гомельская вобласць — Радыё «Harodnia»].

«Там была каманда „Отражение“ і ў іх была самая класная студыя ў Беларусі. Бо яны фінансаваліся з хімічнай фабрыкі. Вельмі, вельмі класная студыя. Мы жылі ў нейкім інтэрнаце. Ехалі ў агульным вагоне, не было як сядзець і як стаяць у вагоне гэтым. Але гэтым не замарочваліся. Камфорт не стаяў нават у першай 10-цы нашых прыярытэтаў».

Вокладка альбома Over Dooze

«Мы проста не хлусілі людзям»

Чаму гурт Seven B быў папулярны на фоне таго, што ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў набіралі моц трэш-металёвыя каманды?

«Мне падаецца, што мы проста не хлусілі людзям. Гэта было так: як мы ўмелі, так і гралі. Мы давалі ўсе 100% і нават наш дэбют у Доме культуры хімікаў на фестывалі: там хаерамі трэслі і металісты пад сцэнай. Мне падаецца, гэта быў вулкан энергіі. Мы палонных не бралі. Выходзіш, робіш сваё. Пасля цябе можа прыйсці толькі прыбіральшчыца і падмесці», — сказаў Андрэй.

Выступ гурта «Seven B». Крыніца: last.fm

«Праца над памылкамі будзе цяжкай, сур’ёзнай і вельмі доўгай»

Паводле словаў Макара, у пачатку 1990-х гадоў Гродна быў самым прагрэсіўным горадам Беларусі. «Тут адбываліся самыя цікавыя праекты. Памятаю, як перад нейкім фестывалем да нас прыехалі хлопцы з Мінска. З нейкай цэнтральнай газеты, тыпу „Знамя Юности“. Яны не маглі паверыць, што тут адбываецца», — сказаў Андрэй.

«Больш іх здзівіла, як Дзіма Змей сказаў: «Хлопцы, трэба мне вам паказаць чувака ў шапцы на лыжах». Якога чувага? Ішлі мы праз усю Савецкую, выйшлі на Стары замак. А там абвалілася тынкоўка і выглядала [быў вобраз падобны на тое], як чувак у лыжнай шапцы на лыжах. І чувакі пастаялі, паглядзелі і сказалі: «Так, Гродна цікавы горад».

— Цяпер чувак на лыжах і ў шапцы кіруе 26 гадоў краінай. Напэўна, той вобраз, — сказаў інтэрв'юер Алесь Дзянісаў.

«Ніхто не чакаў такога павароту падзей, як гэта адбылося [у 1994 годзе — Радыё „Harodnia“]. Я памятаю гэтыя канцэпцыі, як людзі казалі, што „Мы хочам толькі працаваць“. Ну і папрацавалі. Праца над памылкамі будзе цяжкай, сур’ёзнай і вельмі доўгай».

Жыў там, дзе была патрэбна яго музыка

Андрэй Макарэвіч не шкадуе, што ў 1993 годзе пераехаў у Польшчу. «Мы пакінулі Беларусь вольнай, нармальнай краінай. Праз нейкі час, калі прыехаў, здзівіўся. Што людзі з гэтай нармальнай, свабоднай краіны зрабілі? Але гэта пытанне ўжо іншае».

Макар лічыць, што ён «не тое каб пераехаў». Ён далей жыве там, дзе яму хочацца. «Я жыў у Польшчы, жыў крыху ў Велікабрытаніі, жыў ў Германіі, крыху ў Галандыі. Там, дзе была патрэба ў маёй музыцы, там і жыў».

Андрэй (Макар) Макарэвіч падчас выступа ў Гродне ў сакавіку 2020 года. Скрыншот Hrodna.life

Каб прыйсці да кампрамісу біліся з Генэкам Лоскам

«Была праблема, што і я і Гена вельмі моцныя асобы. Два альфа-самца. Быў час, калі проста, нармальна, банальна біліся перад канцэртам. І потым, вядома, цёмныя акуляры на паўтвара, каб не было бачна эфекта нашага сяброўства», — сказаў Андрэй.

Генэк Лоска. Крыніца: kultura.onet.pl

Фронтмэн Seven B Генэк Лоска ў 2011 годзе перамог у першым сезоне шоў «X Factor» у Польшчы. Музыка атрымаў грашовы прыз і магчымасць запісаць альбом са сваім новым праектам «Gienek Loska Band». Гітарыстам новага гурта стаў таксама Андрэй Макарэвіч. У тым жа годзе выйшаў альбом «Hazardzista», які набыў статус залатога. У 2013 годзе выйшаў альбом «Dom». Нягледзячы на папулярнасць, Лоска працягваў граць на вуліцы.

У 2018 годзе Лоска прыехаў да маці ў Белаазёрск (Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці), каб зрабіць від на жыхарства ў Беларусі. Але ў яго здарыўся левабаковы інсульт і закрытая чэрапна-мазгавая траўма. Цягам 2,5 гадоў Генэк ляжаў паралізаваным у бацькоўскай кватэры. Пры гэтым музыка знаходзіўся ў прытомнасці. 9 верасня 2020 года Генэк Лоска памёр у Белаазёрску.

Аднойчы, падчас джэм-сэйшэна з бас-гітарыстам гурта Scorpions Паўлам Манціводам (Paweł Mąciwoda) у Кракаве, Андрэй і Гена пачалі ўстаўляць сэт, але не змаглі дамовіцца. І пакуль Павел чакаў іх, музыкі выйшлі на лесвіцу. «Некалькі сур’ёзных аргументаў, проста пабіліся і прыйшлі да высновы, што кампраміс гэта добра. І мы абралі нейкі кампрамісны сэт і сыгралі», — распавёў Андрэй.

Апошні альбом Seven B прынёс папулярнасць у Польшчы

Агулам у дыскаграфіі гурта «Seven B» чатыры альбомы і адзін DVD. Першы запісалі ў Беларусі, наступныя тры і DVD — у Польшчы. Пасля запісу апошняга альбома «Rock Tales» музыкі атрымалі ў Польшчы папулярнасць і «дарогу».

«Атрымаўся вельмі цікавы альбом. Але студыя была такая сабе. Мы прыехалі, у чувака былі дзве пары навушнікаў у студыі. Хто прыходзіў - запісваліся па чарзе. Мы паехалі ў Tesco [сетка польскіх супермаркетаў - Радыё „Harodnia“], набылі гэтых навушнікаў, каб ён вылічыў з таго, што мы яму плацілі. Але мы запісваліся жыўцом, усе адразу. Нас тады блюз-рокавая тусоўка заўважыла і пачалі граць канцэрты, даволі сур’ёзныя. Гралі на Rawa Blues — 15 тыс. народу», — распавёў Андрэй.

Вокладка альбома «Rock Tales», які прынёс гурту папулярнасць у Польшчы

У Гродне штогод павінна выстрэльваць нейкая каманда

Андрэй не ведае, чаму ў Гродне не «стрэліў» ніводзін гурт [не здабылі такой агульнабеларускай вядомасці як, напрыклад, Akute з Магілёва ці ТТ34 з Гомеля — Hrodna.life]. «Ну Гродна, госпадзі, тут штогод павінна выстрэльваць нейкая каманда, — мяркуе Андрэй. — Можа людзі крыху змяніліся, можа згубілі веру ў сябе. Бог яго ведае. Бо гэта самае хрэновае, калі губляеш веру ў сябе: „Ай так нічога не атрымаецца“. Тады не атрымаецца».

Андрэй (Макар) Макарэвіч. Скрыншот з відэа.

«Канец рок-н-ролу, ніколі больш»

«Рок-н-рол можа перашкаджаць мне жыць і яшчэ шматлікім людзям», — лічыць Макар. Але калі ён пераехаў у Шатландыю, зразумеў, што без гэтага не выжыве. «Я памятаю, як пераехаў жыць у Шатландыю з думкай, што ўсё, канец рок-н-ролу, ніколі больш. І першая рэч, якую я набыў, гэта была гітара. Зразумеў, што без гэтага не выжыву. Гэта спосаб рэагаваць на жыццё і яшчэ што небудзь сказаць людзям».

Чытайце таксама: Гурт «Seven B»: ад вулічных музыкаў да хэдлайнераў блюз-фестывалю

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024