Аляксандр Блахін робіць музычныя інструменты літаральна з усяго. У ход ідуць скрыні з пад сігараў, сітцы для гарбаты, ножкі з-пад тэлевізара. На яго інструментах грае Іван Кірчук з этна-трыа “Троіца”, гродзенскі праект “Папараць” і не толькі. Адкуль зацікаўленасць да такой экзотыкі і колькі інструментаў ён зрабіў за ўвесь час, Аляксандр расказаў Telegram-каналу “Радыё “Harodnia””.

“Усё пачалося ў сярэдзіне 1990-х. Тады я пачаў цікавіцца музыкай. Хацеў навучыцца граць на гітары. Але ў тыя часы практычна любая гітара, якая трапляла ў рукі, патрабавала рамонту ці нейкай дапрацоўкі. Альбо з дзвюх-трох гітар можна было сабраць адну, якая больш-менш грае”, – сказаў Telegram-каналу “Радыё “Harodnia”” майстар Аляксандр Блахін. Тады ён і зразумеў, што яму гэта цікава: складаць з асобных частак, якія не гучаць, інструмент, які будзе выдаваць больш-менш музычныя гукі.
Спецыяльнай музычнай адукацыі ў Аляксандра няма. Рабіць інструменты ён вучыўся па літаратуры і падчас сустрэч з майстрамі. Адзін з іх – майстар народных інструментаў з Адэльска Мар’ян Скрамблевіч.

Аляксандр – меламан, ён слухае музыку розных стыляў. Сыходзячы з гэтага ён спрабуе рабіць і разнастайныя інструменты. Гэта этнічныя і народныя інструменты альбо нешта эксперыментальнае – духавыя, перкусійныя ці струнныя.
Можа гучаць не прызначаны для музыкі матэрыял
Па словах Аляксандра, у яго няма адмысловай патрэбы шукаць нейкі незвычайны матэрыял. А гучаць часта можа што заўгодна – нават гаспадарча-побытавыя прадметы. Гэтак лідар этна-трыа “Троіца” Іван Кірчук, які таксама паходзіць з Ліды, у калекцыі мае дудку, якую Блахін зрабіў з… ножкі ад тэлевізара!
“Акрамя гэтага ёсць чароткі, жалейкі, метал барабан, варган. У Беларусі ёсць яшчэ падобныя майстры, але не кожны ўкладзе частку сваёй душы ў інструмент. Я паважаю Аляксандра і жадаю яму плёну”, – сказаў Telegram-каналу “Радыё “Harodnia”” музыка Іван Кірчук.

Чытайце таксама: «Звуки линиями упали на бумагу». Иван Кирчук рассказал, куда ведут «Лабиринты звука»
Незразумелыя штукі, якія назапашваюцца ў шуфлядзе
Каля пяці гадоў Блахіна цікавіць тэма сігарбокс-гітар. Іх корпус зроблены са скрыні ад сігар, а грыф і ўсё астатняе – з розных незразумелых штук, якія ў майстра назапашваюцца ў шуфлядзе. “Гэта могуць быць дзвярныя ручкі альбо сіцечкі для гарбаты. Але яны больш выконваюць ролю эксперыментальнай ці дызайнерскай гісторыі”, – распавёў Аляксандр.
Уладальнік гродзенскай этнакрамы “Цудоўня” Андрэй Несцяровіч грае на сігарбоксе, які зрабіў Аляксандр Блахін.
“Зімой 2020 года ў “Цудоўню” на продаж прывезлі два сігарбокса. Адзін з іх мне спадабаўся. Ён прышпільны, у яго цікавы і вельмі незвычайны гук. У плане гучання ёсць свая спецыфіка, бо сігарбокс – д’ябальскі блюзовы і мне на душу гэта кладзецца”, – сказаў Telegram-каналу “Радыё “Harodnia”” уладальнік этнакрамы “Цудоўня” Андрэй Несцяровіч.

Па словах Андрэя, інструмент лёгка засвойваецца. За некалькі дзён можна навучыцца граць простыя і знаёмыя мелодыі.
“Калі каму хочацца чагосці незвычайнага і клёвага, хто мае слабасць да блюза – сігарбокс гітара самае тое. Яе дастаткова, каб сабе стварыць атмасферу. Яна не займае шмат месца і нікога не нервуе. Наладжваецца добра, гучыць добра, а струны трымаюць строй і не боўтаюцца”, – сказаў Андрэй Несцяровіч.
Чытайце таксама: Апошні гарадзенскі хіпі, які адчыніў этнакраму, і яго правілы жыцця
“Ён можа зрабіць усё, што гучыць”
Перкусійныя інструменты могуць быць з дрэва з выкарыстаннем скуры, але не толькі. Цікавы варыянт – бубны з балонаў, якія могуць выдаваць танальныя гукі. Гучыць не як барабан, а хутчэй як гонг альбо металічныя званы.
“У мяне ёсць калюка [абертонавая дудка], танк-драм [жалезны пялёсткавы барабан]. Танк-драм зроблены са старога газавага балона, які скончыўся на лецішчы. Я думаю, што ў Беларусі ёсць яшчэ такія людзі [майстры музчных інструментаў – заўв. “Радыё “Harodnia”], але я з імі не знаёмы. А Аляксандр – ён універсальны. І дудкі, і сігарбоксы, і рэтра-комбікі да іх, і перкусія, нават калімбу ён для сябе некалі зрабіў. Здаецца, што ён можа зрабіць усё, што гучыць”, – сказаў Telegram-каналу “Радыё “Harodnia”” музыка праекта “Папараць” Павел Салаўёў.

Аляксандр працуе настаўнікам дадатковай адукацыі. Калі ў яго больш вольнага часу, то ён робіць інструменты на продаж. З імі ён ездзіў на этнічныя фестывалі і кірмашы майстроў.

Хто яшчэ грае на інструментах Аляксандра
Акрамя Івана Кірчука з “Троіцы” і музыкаў праекту “Папараць”, інструменты Аляксандра ёсць і ў дуэта “Аляксандра і Канстанцін”. Майстар сам падарыў ім адну са сваіх флейт. “Я быў уражаны іх выступам падчас канцэрту і падарыў ім флейту. У некалькіх песнях можна яе пачуць”, – кажа Блахін.

Ён і сам грае на сваіх інструментах. Напрыклад – час ад часу ў “Папараці”. А неяк у 2019 годзе на фестывалі ў Карпатах падыграў адну з песень гродзенскаму выканаўцы Івану Пачывалаву.

Чытайце таксама: Ад пост-панка да нойза: музыка з Гродна, за якой варта сачыць
“У самы апошні момант не ведаеш, ці загучыць”
“Мне падабаецца сам працэс вытворчасці. Часцей за ўсё ў самы апошні момант не ведаеш, ці загучыць [інструмент – заўв. Радыё “Harodnia”] і якім будзе вынік. Бывае, па выніку гук не адпавядае маім уяўленням. А бывае, пасля ўсіх этапаў стварэння гучыць і гук бывае для мяне нежна-ўражваючым. Вось гэта прыносіць задавальненне”, – сказаў Аляксандр.

Прафесійна сваімі інструментамі, майстар не валоде. Але па меры магчымасці вучыцца граць. “Бо для таго, каб зрабіць інструмент, трэба хаця б умець атрымліваць увесь яго гукашэраг”.
Усе інструменты зроблены практычна на каленцы
Аляксандр ніколі не падлічваў колькасць інструментаў, якія ён зрабіў. “Але на сваіх сігарбокс гітарах я пісаў нумарныя пазнакі ўнутры. Зараз можа які 15-ы нумар. А агулам інструментаў можа 100 ці 150”.

Усе інструменты, якія рабіў Аляксандр, “зроблены практычна на каленцы ў перадпакоі майго жытла ў інтэрнаце, дзе асабліва не разгарнешся і не пашуміш”. Па гэтаму ў планах на будучыню – дабудаваць свой дом і мець уласную майстэрню. Туды можна будзе перацягнуць усе матэрыялы, электра- і ручны інструмент, ды паціху рэалізоўваць праекты, якія зараз ляжаць у розных месцах у несабраным выглядзе.


