Кожная партыя ў Magic – гэта бітва чараўнікоў. Яны выкарыстоўваюць замовы, разыгрываюць артэфакты, заклікаюць на дапамогу розныя сутнасці, каб перамагчы праціўніка. Турнір па магіі быў адной з падзей фестывалю UNICON & GAME EXPO MINSK 2021, які прайшоў 16 траўня ў Менску.
Самым моцным “чараўніком” і пераможцам усебеларускага турніру па картачнай гульні “Magic the Gathering. Arena” стаў гродзенец Яўген Сахацкі. Яшчэ двое гродзенцаў прывезлі з фестывалю прызы і ўвайшлі ў васьмёрку найлепшых. Для Hrodna.life яны распавялі, як гэта было.

У звычайным жыцці найлепшы маг Беларусі Яўген Сахацкі працуе аператарам лічбавага друку ў адным з рэкламных агенцтваў Гродна. Амаль 20 гадоў ён гуляе ў Magic the Gathering. Спачатку гуляў у папяровыя карты. “У 2009 годзе з’явілася электронная версія і захацелася вернуцца ў магію”, – распавёў пераможца.
На Unicon Яўген прыехаў упершыню і адразу перамог. Раней ён таксама ўдзельнічаў у тэматычных фестывалях па “Magic the Gathering. Arena” і займаў прызавыя месцы.
Magic the Gathering (MTG, Magic) — калекцыйная картачная гульня. Яе прыдумаў амерыканскі матэматык Рычард Гарфілд ў 1993 годзе. Magic – адна з самых папулярных картачных гульняў. Яна выдадзена на 11 мовах, уключаючы рускую. Гуляць у “Магію” можна ў папяровай версіі і анлайн. У бітве чараўнікоў гульцы выкарыстоўваюць карты з артэфактамі, замовамі, татэмамі. Кошт кожнай карты залежыць ад карыснасці ў гульні і рэдкасці. Цэны на асобныя карты даходзяць да тысяч долараў.
Алмазы за перамогу. Два з трох прызавых месцаў узялі гродзенцы
Адборачны турнір фестывалю прайшоў анлайн 9 траўня. У Мінск прыехалі чацвёра з топ-8 гульцоў. Трое з іх – гродзенцы: Яўген Сахацкі, Максім Капыловіч і Глеб Крапіўніцкі.
“Мы не маглі змарнаваць магчымасць паўдзельнічаць у GAME EXPO. Вырашылі прэзентаваць гульню “Magic the Gathering. Arena”. У яе спаборніцкі характар”, – распавёў Hrodna.life Глеб Крапіўніцкі, які заняў чацвёртае месца ў турніры.
“З чатырох чалавек хтосьці сапраўды пераможа, як карта ляжа, у прамым сэнсе”, – так ацэньваў шанцы на перамогу перад пачаткам турніру Максім Капыловіч.

Глеб вучыцца на юрыста ў Акадэміі кіравання і працуе ў агенцтве нерухомасці. Ён гуляе ў “Магію” два гады. З 2015 – сябра Гродзенскай асацыяцыі кіберспорту. “Спачатку федэрацыя існавала толькі на паперы. Актыўна развіваць кіберспорт мы пачалі толькі год таму”, – распавёў Крапіўніцкі.
Трэцяе месца заняў Максім Капыловіч, адзін з заснавальнікаў федэрацыі кіберспорту ў Гродне. Ён працуе ў пракаце будаўнічых інструментаў. Максім пачаў гуляць у Magic the Gathering 15 гадоў таму. Спачатку гэта было хобі. З 2015 выступае на прафесійным узроўні. Удзельнічаў у турнірах з буйнымі грашовымі прызамі.
Nintendo – бацька ўсіх прыставак
У адной з зонаў пляцоўкі кіберспорту гродзенец Сяргей Баркоўскі прадстаўляў гульнявую прыстаўку Nintendo Switch. “Я сам гуляю і разумею ўладальнікаў Nintendo Switch. Гэтая рэч для многіх навіна. Мы хацелі падтрымаць кліентаў і гульцоў. Я сказаў – хачу вялікую прыстаўку Nintendo! Ёсць маленькая, а мы зрабілі тату-Nintendo, бо Nintendo гэта бацька ўсіх прыставак”, – падзяліўся з карэспандэнткай Hrodna.life Сяргей.
Для кія спатрэбіўся адзін вечар і трое сяброў
Ганна Баркоўская прыехала на UNICON & GAME EXPO разам з мужам, Сяргеем Баркоўскім. “Сказалі, трэба быць у касцюме, вось я і прыдумала – буду Малефісентай”, – успамінае Ганна. Ідэя прыйшла спантанна, рыхтавала практычна ўсё сама.

“Месяц ляпіла па некалькі пёркаў штодзень,” – успамінае Ганна. Кій дапамагалі рабіць сябры: “Разматалі катушку з вяроўкай і цягнулі ў розныя бакі. Адзін трымаў, другі заматывал, трэці мацаваў. Так за адзін вечар зрабілі кій”, – распавёў Hrodna.life Сяргей Баркоўскі.
Чытай таксама: Гары Потэр, цмокі і робаты. Фестываль Unicone & Game Expo Minsk 2021 у фотагісторыі ад гродзенскіх фатографаў
Магія як алімпійскі від спорту
У Гродзенскую федэрацыю кіберспорту ўваходзіць 30 чалавек. Сярод іх – Іван Петушок, адзін з арганізатараў спаборніцтваў па “Магіі”, а да нядаўняга часу – уладальнік тайм-кафэ “Партал”, якое закрылася ў канцы 2020 года. “Наш турнір невялікі. Кіберспорт толькі набірае абароты. На Unicon шмат людзей у тэматыцы, якія любяць гульні і забавы, разам робяць касцюмы і прыемна бавяць час”, – распавёў Іван карэспандэнтцы Hrodna.life.

Зараз арганізатары Беларускай асацыяцыя кіберспорту падрыхтавалі заяўку ў Алімпійскі камітэт. Яны просяць прызнаць кіберспорт афіцыйным відам спорту.
“Мы ўпэўненыя, што атрымаецца”, – кажа Сяргей Баркоўскі.















