Дзень будаўніка адзначылі ў Астраўцы 10 жніўня здачай у эксплуатацыю Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і святам «ДНК будоўлі». Да верасня скончаць будаўніцтва новай школы, дзіцячага сада і бальніцы. Да канца года здадуць спартыўны комплекс. Сама атамная станцыя 1 кастрычніка рыхтуецца прыняць ядзернае паліва. Разам з дамамі і сацыяльнымі аб’ектамі ў Астраўцы «будуюць» пазітыўнае ўспрыманне мірнага атама.
Старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін кажа, што «Астравец выцягнуў шчаслівы квіток, калі тут вырашылі будаваць атамную станцыю». З пачаткам яе будаўніцтва Астравец атрымаў статус горада і пачаў актыўна расці. За БелАЭС прагаласавалі «нагамі» больш 4000 чалавек — насельніцтва горада з пачатку будаўніцтва вырасла з 8 да 12 тысяч пастаянных жыхароў. Яшчэ каля 8000 камандзіровачных — тых, хто будуе атамную станцыю. Па плошчы горад вырас ужо ўдвая. Два новых мікрараёна, у якіх жывуць атамшчыкі, амаль дагналі па насельніцтве стары Астравец. У перспектыве гэтыя дамы таксама пяройдуць на баланс горада.
Практычна для кожнага, хто сёння вырашыў прыехаць жыць у Астравец, гэта магчымасць атрымаць жыллё, працу, кар’ерны рост і добрыя ўмовы, каб гадаваць дзяцей.
Новы дзіцячы сад горада разлічаны «на выраст». З верасня туды пойдуць 136 дзяцей, а максімальная колькасць выхаванцаў - 230. «Побач будуюцца жылыя дамы, — кажа загадчыца сада Анастасія Кулеш, — таму дзяцей хутка будзе больш, а бацькам будзе зручна вадзіць іх у сад». Тут прадугледжана 10 рознаўзроставых груп. Плануюць праводзіць дадатковыя заняткі па замежных мовах, харэаграфіі, плаванні, танцах, камп’ютарнай граматнасці.
Новая бальніца Астраўца — гэта поўны лячэбна-дыягнастычны цэнтр. «Будзе ангіёграф, камп’ютарна-рэзанансная тамаграфія і МРТ — усе сучасныя дыягнастычныя сістэмы. Зона абслугоўвання бальніцы ўключыць не толькі Астравец і Гродзеншчыну, але і самыя блізкія раёны Віцебскай і Мінскай абласцей», — кажа намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла. — Шпіталь з усім неабходным дыягнастычным абсталяваннем і магчымасцю рэагаваць, у тым ліку, на няштатныя сітуацыі на атамнай станцыі, гэта адно з патрабаванняў МАГАТЭ [Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі - рэд.]. Таму ён павінна быць уведзены ў эксплуатацыю да моманту фізічнага пуску атамнай станцыі. Першая чарга бальніцы на 30 ложкаў гатовая прыняць пацыентаў ужо ў гэтым годзе. Увод у эксплуатацыю ўсяго комплексу на 382 пацыента запланаваны на 2020 год.
«На базе тэрапеўтычнага аддзялення будзе весціся дыспансерны нагляд за работнікамі атамнай станцыі», — кажа намеснік галоўнага лекара бальніцы Андрэй Савасьцян. Таксама да канца года будзе дабудаваная і санстанцыя — Цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. У іх будзе вялікая лабараторная служба для кантролю сітуацыі.
З 1 верасня пачне працу новая школа. Ужо падалі заявы на залічэнне больш 400 вучняў, з іх 50 пойдуць у першы клас. Гэта прыкладна палова магчымасцяў школы. Усяго яна гатовая прыняць 765 навучэнцаў. «Штат педагогаў і персаналу ўжо цалкам укамплектаваны. Тут будзе працаваць 101 чалавек. З іх — 15 маладых спецыялістаў, 10 настаўнікаў з вышэйшай катэгорыяй і 15 з першай. Усе маладыя спецыялісты атрымалі інтэрнаты кватэрнага тыпу», — распавядае дырэктар школы Людміла Сасноўская.
Для яе новая школа — гэта таксама прафесійны выклік. Раней яна шэсць гадоў была дырэктарам школы ў вёсцы Варона. Там было ўсяго 80 вучняў і 28 супрацоўнікаў. На пытанне аб складанасці росту яна адказвае словамі гераіні фільма «Масква слязам не верыць»: «Цяжка навучыцца кіраваць трыма. Калі гэта ўмееш, потым нястрашна спраўляцца і з трыма сотнямі».
Асаблівасць новай школы — вучні не толькі з Беларусі. Сюды прыехалі працаваць спецыялісты з Расіі, Украіны і іншых краін. «Плануем стварыць у школе такі культурны цэнтр, дзе будуць раздзелы пра гісторыю і этнаграфію Беларусі і тых краін, прадстаўнікі якіх прыйдуць да нас вучыцца», — дзеліцца планамі дырэктар. Яшчэ ў планах школы стварыць факультатыў па кітайскай мове, развіваць патрыятычны і валанцёрскі рухі.
Дырэктар спартыўнага комплексу таксама прыехаў у Астравец з глыбінкі. Да нядаўняга часу Валяр’ян Валадзько працаваў настаўнікам фізкультуры ў Спондаўскай сярэдняй школе. Цяпер пад яго кіраўніцтвам — новы стадыён і спартыўны комплекс, які рыхтуецца да здачы. «Тут будзе ўніверсальная спартыўная зала для валейбола, баскетбола і мініфутбола, басейн на 5 дарожак па 25 метраў, трэнажорная зала і зала барацьбы, кафэ на 30 месцаў, масажныя кабінеты і каментатарскія будкі. Узровень спарткомплексу дазволіць праводзіць нават міжнародныя спаборніцтвы», — распавядае Валяр’ян Валадзько.
Пакуль гонар дырэктара — аматарская футбольная каманда. Цяпер яна выступае ў другой лізе вобласці, а на наступны год плануе выйсці ў другую лігу рэспублікі.
Праграма свята «ДНК будоўлі» прапанавала ўсім удзельнікам адчуць сябе атамшчыкамі. Тут распісвалі імянныя каскі, збіралі малекулы і будавалі элементы атамнага рэактара.
«Мэта свята — расказаць і паказаць моладзі і дзецям, што мірны атам бяспечны і той праект энергаблокаў, які рэалізуецца тут, самы бяспечны і самы сучасны ў свеце», — кажа віцэ-прэзідэнт — дырэктар праекта па ўзвядзенні Беларускай атамнай электрастанцыі Віталь Палянін.
Паводле яго слоў будаўніцтва станцыі ўжо «прайшло экватар» — першы блок гатовы на 95%, гатоўнасць другога каля 70%. У бліжэйшы час плануюцца выпрабаванні і атрыманне дазволу на ўвоз ядзернага паліва. Загрузка рэактара запланаваная на 1 кастрычніка, а са снежня на першым блоку БелАЭС пачнуцца пусканаладачныя работы.
Свята для Астраўца прыдумлялі такім, каб пацешыць і далучыць людзей, даць магчымасць паўдзельнічаць усёй сям’ёй. З іншага боку — каб актыўнасці пра навуку, будоўлю і «атамку» не ператварыліся ў сумныя лекцыі. Забаўлялі гасцей свята аніматары ў цішотках з «атамнымі» слоганамі. Гэта — адна з ідэй Інфацэнтра Росатама.
«Так склалася, што ёсць, напрыклад, шмат выразаў пра космас. Іх нам падарылі пісьменнікі-фантасты», — кажа намеснік генеральнага дырэктара сеткі інфацэнтраў атамнай галіны Паліна Ступіна.
«Усе кажуць: „Гэта космас!“ А пра „атамку“ такіх выразаў не прыдумалі. Раней гэта была закрытая галіна. Мы вырашылі сітуацыю выправіць і прыдумаць свае слоганы. Аб’яўлялі конкурсы — так з’явіліся гэтыя выразы: „Мае атамы задаволеныя“, „Я не саромеюся сваіх атамаў“, „Я люблю ў сабе кожны атам“, „Люблю ўсё, што складаецца з атамаў“, „У здаровым целе здаровыя атамы“, „Расшчапляй і ўладар“ і іншыя. Гэта вельмі добрая ідэя — укараніць у моўную культуру пазітыўную канатацыю, звязаную з атамнай энергетыкай. Гэтая галіна заслугоўвае, каб яе моц была ў нас на языку кожны дзень».
Між тым, атамы вакол Беларускай атамнай не заўсёды складваюцца «прыгожа». Станцыя будуецца ў 22 км ад мяжы з Літвой і ў 50 км ад Вільні. Таму Літва пратэстуе супраць БелАЭС на вышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Яе падтрымлівае прэзідэнтка Эстоніі.
Суседнія краіны не зацікаўлены купляць электраэнергію ад БелАЭС, а Літва заклікае яе байкатаваць. Калі Беларуская атамная запрацуе на поўную магутнасць, яна дасць 18 мільярдаў кілават-гадзін у год — палову таго, што зараз спажывае Беларусь. Куды падзець лішкі энергіі, пакуль не вырашылі.
Корпус рэактара першага энергаблока «ўранілі» пры мантажы, у сувязі з гэтым яго прыйшлося замяніць на новы і адкласці здачу на год. Новы таксама выпадкова ўдарылі аб слуп, але пашкоджанняў не выявілі, вырашылі другі раз не мяняць.
У дзень, калі Астравец святкаваў Дзень будаўніка, 10 жніўня, стала вядома пра гібель пяці супрацоўнікаў Росатама. Яшчэ трое атрымалі траўмы і апёкі рознай ступені цяжкасці. Расатам паведаміў, што «трагедыя адбылася ў перыяд работ, звязаных з інжынерна-тэхнічным суправаджэннем ізатопных крыніц энергіі на вадкаснай рухавіковай устаноўцы».
Ізатопная крыніца энергіі - гэта генератар, які выпрацоўвае электрычнасць з цяпла, што атрымліваецца пры распадзе радыёактыўнага паліва. У адрозненне ад атамнага рэактара, у ізатопных крыніцах не адбываецца ланцуговай рэакцыі - паліва распадаецца і награваецца натуральным чынам.
Астравецкая АЭС таксама будуецца кампаніяй «Расатам» і будзе працаваць на ядзерным паліве з Расіі.
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…