Што насамрэч адбылося са сталай гродзенкай Нінай Сямёнавай, якая пасля прыходу камісіі апынулася ў псіхіятрычным шпіталі? На гэтае пытанне спрабавалі адказаць 13 верасня на сходзе ў адміністрацыі Ленінскага раёна. Сустрэчу склікаў кіраўнік раёна Іван Курман, у ёй удзельнічалі прадстаўнікі гарадскіх службаў і адміністрацыі.
Нагадаем, 94-гадовая Ніна Іосіфаўна ў чэрвені гэтага года апынулася ў псіхіятрычнай лякарні. Са слоў пенсіянеркі і некалькіх сведак, яе тады павезлі з уласнага дома на Ватуціна з ужываннем сілы. Пасля выпіскі з бальніцы Ніна Іосіфаўна перастала хадзіць, скардзіцца на здароўе.
Прадстаўнікі гарадскіх службаў сцвярджаюць, што дзейнічалі ў рамках закону. Нагодай увайсці ў дом стаў сігнал аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка і антысанітарыя. А запланаваны знос дамоў у Новым Свеце пад будаўніцтва медыцынскага-гасцінічнага цэнтра — супадзенне, і ён ніяк не звязаны з візітам службаў.
Нагадаем, да Ніны Іосіфаўнай гарадскія службы прыехалі ў чэрвені, а паведамленне аб зносе дамоў прыйшло ў жніўні. Нягледзячы на гэта, пенсіянерка лічыць, што гэтыя справы звязаныя.
На сустрэчы першымі выступілі прадстаўнікі сацыяльнай абароны, якія непасрэдна былі звязаны з Нінай Іосіфаўнай. З іх слоў, з пенсіянеркай яны працуюць з 1994 года і да чэрвеня гэтага года рэгулярна яе наведвалі. У 2016 годзе ў доме Ніны Іосіфаўны ўсталявалі аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Для пенсіянеркі рабілася ўсё, каб яна жыла ў камфортных умовах, казалі працаўнікі службы.
Мэты захапіць жыллё Ніны Іосіфаўны ў іх не было, іх задача ў тым, каб чалавек дажываў сваё жыццё ў камфортных і бяспечных умовах. Але калі яны бачаць неййкае адхіленне ў паводзінах чалавека, то маюць права рабіць запыты ў абласны клінічны цэнтр «Псіхіятрыя-наркалогія». Гэта робіцца не для таго, каб чалавека пазбаўлялі дзеяздольнасці, а для таго, каб своечасова распачалі лячэнне.
«Умовы ў Ніны Іосіфаўны не адпавядалі тым, у якіх павінен пражываць сталы чалавек, — распавядае сацыяльны работнік Лаўра Рафікаўна. — Я абслугоўвала гэтую жанчыну 8 гадоў. Увесь гэты час я змагалася з ёй, каб навесці парадак у доме. Але Ніна Іосіфаўна пастаянна паўтарала, што яна гаспадыня на сваёй тэрыторыі і ёй так камфортна. Жыла яна з катамі за якімі не прыбірала. Пах быў невыносны — сапраўдная антысанітарыя. Гаспадыня не давала прыбіраць і, можна сказаць, мяне падстаўляла, нібыта я не выконваю сваю працу».
Сацыяльны работнік успамінае, што некалькі разоў у доме ў Ніны Іосіфаўны было задымленне з-за печы, але пенсіянерка паўтарала, што так і трэба — маўляў, сваю печ яна ведае добра.
Прысутны на сустрэчы прадстаўнік МНС расказаў, што ў раёне вуліц Ватуціна, Рэйманта і Астроўскага пажараў з пачатку 2017 года зафіксавана не было. Што тычыцца выездаў выратавальнікаў на сігналы аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, то іх сёлета было некалькі на дадзеным участку. Але інфармацыі пра пагрозу пажару ў доме Ніны Іосіфаўны ў супрацоўніка МНС не было.
Тады ж вырашыў выказацца камендант кансультацыйнага прафесарскага цэнтра, які знаходзіцца побач з домам Ніны Іосіфаўны. Мужчына адзначыў, што апавяшчальнік некалькі разоў спрацоўваў і ён асабіста выклікаў МНС, але пры гэтым агню і дыму не бачыў.
Прадстаўнікі ЖЭСа таксама адзначылі дрэнныя жыллёвыя ўмовы Ніны Іосіфаўны. Для іх гэтага было дастаткова, каб зразумець, што ў чалавека праблемы.
Медработнік з паліклінікі, да якой адносіцца Ніна Іосіфаўна, распавяла, што пенсіянерка адносіцца да той катэгорыі людзей, якую трэба наведваць штомесяц. Але не заўсёды медыкі маглі трапіць да жанчыны, а калі траплялі, то былі ў жаху ад умоваў пражывання. Згодна з сігнальным лістом, атрыманым ад хуткай дапамогі, пенсіянерка мае арганічнае расстройства асобы:
«Нармальны чалавек у такіх умовах жыць не будзе і пры гэтым казаць, што ўсё добра. Тое, што Ніна Іосіфаўна пацярпела, калі яе забіралі ў бальніцу, можна зразумець. Чалавек стары, суставы і сасуды ломкія, верагодна, бабуля не хацела ісці. Калі работнікі дакраналіся, сінякі маглі застацца», — адзначыла медработнік.
У выніку сацыяльныя работнікі агучылі прычыну стварэння назіральнай камісіі, якая прыйшла ў чэрвені да жанчыны.
«Чалавек жыў у ненармальных умовах. Ніна Іосіфаўна не пускала сацыяльнага работніка і не давала нічога прыбіраць. Таксама спрацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Гэта дало падставу стварыць камісію і паглядзець, ці можа чалавек жыць у такіх умовах. У выніку было прынята рашэнне забраць жанчыну на абследаванне».
На пасяджэнні было агучана, што суправаджалі Ніну Іосіфаўну ў машыну работнікі хуткай дапамогі, якія ўзялі яе пад рукі і вялі. Ніхто не цягнуў яе па асфальце, як яна казала.
«Мы ўсе робім сваю працу. У дадзеным выпадку ў аснову пакладзена бяспека і здароўе чалавека. Так, можа, не зусім па яе жаданні суправадзілі ў адпаведную ўстанову аховы здароўя, каб правесці абследаванне, але гэта было неабходна. І парушэння заканадаўства ў гэтым няма», — адзначыў у канцы сустрэчы кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Іван Курман.
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…