Спадчына

Дзе ў Гродне пабачыць мадэрн: ТОП-7 будынкаў у гэтым стылі

Сусветны дзень мадэрну ў архітэктуры, мастацтве, паэзіі і музыцы адзначаюць 10 чэрвеня. З гэтай нагоды Hrodna.life склаў спіс самых цікавых будынкаў у стылі мадэрн у Гродне. Дзе іх знайсці і чым яны адметныя?

1. Дом Юдэля Рымана

Дом Юдэля Рымана знаходзіцца на вуліцы Тэльмана, 9. Яго пабудавалі ў 1905 годзе (па іншых звестках у 1912 годзе). Хто архітэктар мадэрновага будынка — невядома, але па дэкоры гэты будынак — адзін з найбольш адметных у горадзе.

Дом Юдэля Рымана. Крыніца: planetabelarus.by

У 1920-х тут размяшчаліся кватэры, офісы, прыёмныя лекараў, а таксама крамы. У 1933 годзе будынак набыла «Банкаўскае таварыства ў Гродне». Тут гродзенцы міжваеннага перыяду маглі купляць долары. Але ўжо ў 1934 годзе польскія следчыя пасля 13-гадзіннага ператрусу апячаталі памяшканне таварыства. У 1938 годзе дырэктара таварыства Вольдберга і бухгалтара Фрыжмана асудзілі на два і тры гады зняволення адпаведна за фінансавыя махінацыі.

Падчас нямецкай акупацыі ў будынку размяшчалася гестапа. У савецкія час і ў незалежнай Беларусі - упраўленне ўнутраных справаў. Зараз тут — Галоўнае ўпраўленне землеўпарадкавання аблвыканкама.

2. Дом Крэйцара

Дом купца Крэйцара знаходзіцца на вуліцы Сацыялістычнай, 44. За пазнавальны дэкор яго часта называюць «Домам з лілеямі». Дом пабудавалі ў пачатку ХХ стагоддзя. На першым паверсе размяшчалася крама, на другім — кватэры, на мезаніне — склады. У розныя гады тут размяшчаліся тытунёвая крама, піўная, спартыўнае таварыства, ашчадкаса, сталярная майстэрня і рэкламнае бюро. Многія гродзенцы яшчэ павінны памятаць прыватную аптэку, якая працавала тут да 2007 года. Пазней будынак цалкам адсялілі і ў канцы таго ж года яго купіў Беларускі народны банк.

Дом Крэйцара. Фота: Hrodna.life

Спачатку банк хацеў разабраць будынак і пабудаваць на яго месцы копію. Але дзякуючы пазіцыі гродзенскіх гісторыкаў, навуковага кіраўніка праекта Алены Пархуты і Міністэрства культуры будынак захаваўся — і стаў адным з найлепшых прыкладаў рэстаўрацыі ў Гродне.

Дэкор будынка, у першую чаргу ляпніна, мае асабліва вялікую каштоўнасць. Будынкаў з такой ляпнінай у Гродне ўсяго некалькі, у Беларусі іх каля 20. Хутчэй за ўсё, рабілі яе, заліваючы цэментную масу ў гіпсавыя формы, якія рабіліся індывідуальна для кожнага дома і таму дорага каштавалі. Раслінныя матывы сустракаюцца ў ляпніне на галоўным фасадзе і ў каванай агароджы акруглых балконаў. Цікавы рытм вокнаў, якія ўплывае на кампазіцыю фасада і планіроўку першага паверха.

Чытайце таксама:У Доме з лілеямі пасяліўся леў. Як старадаўні будынак стаў узорам рэстаўрацыі ў Гродне

3. Дом Ашэра Касоўскага

Дом Касоўскага знаходзіцца на скрыжыванні вуліц Кірава і Васілька. Яго ў 1912 годзе пабудаваў яўрэйскі прадпрымальнік Ашэр Касоўскі.

Будынак аздоблены «цякучым» арнаментам з матывамі водных лілій. На рагу будынка — рэдкі для Гродна эркер, да якім будынак і пазнавальны. Унутры захавалася парадная лесвіца з адлітымі з чыгуна стойкамі агароджы. Аўтар праекта невядомы, але верагодна, што гэта той самы чалавек, які праектаваў дом Рымана на вуліцы Тэльмана, 9.

Дом Ашэра Касоўскага. Крыніца: photobuildings.com

У 2005 годзе дом рэстаўравалі. Тады ж заклалі арачны праезд унутр двара. Аднак паабапал аркі захаваліся дзве чыгунныя адліўкі: іх раней ставілі, каб колы ад возу не пашкодзілі вуглы сцен.

Побач, там дзе зараз знаходзіцца літоўскае консульства, Ашэр Касоўскі пабудаваў вялізны паравы млын. Яго знеслі ў 2007 годзе.

4. Дом купца Мураўёва

Дом купца Мураўёва размяшчаецца на Савецкай плошчы, 2. Час узвядзення будынка — 1782 год. У 1829 годзе яго перабудоўвалі, а канчатковы выгляд ён набыў у 1886 годзе. Гэта класічны прыклад мадэрну ў псеўдарускім варыянце.

Дом купца Мураўёва. Фота: Hrodna.life

Пляцам, дзе ён стаіць, на канец ХІХ стагоддзя валодалі купцы Мураўёвы. Згодна з Інай Соркінай, у 1886 годзе ім валодаў купец Іван Мураўёў, у 1910 годзе — купцы Васіль Іванавіч і Мікалай Іванавіч Мураўёвы.

Магчыма, будынак праектаваў той самы архітэктар, які аднаўляў пасля пажару вялікую харальную сінагогу на Вялікай Траецкай — Маісей Любіч (вежычкі будынка — адзін у адзін, як у сінагогі). Пад будынкам знаходзяцца шматузроўневыя падвалы, якія адносяць да больш ранніх часоў.

Будынак быў багата аздоблены звонку і ўнутры. На вежках знаходзіліся гербавыя шчыты (відаць, гіпсавыя). Адзін са шчытоў перажыў Другую сусветную вайну і быў знішчаны недзе на мяжы 1950-х і 1960-х гадоў. Уздоўж даху будынка ішоў разны, магчыма драўляны, карніз, які можна ўбачыць яшчэ на здымках сярэдзіны 1960-х. Багатым было і ўнутранае аздабленне: некалькі кафляных печак, ляпніна, каваныя дэталі.

Дом Мураўёвых ад моманту пабудовы да нядаўняга часу быў пафарбаваны ў чырвоны колер. Доўгі час, каля 40 гадоў, у будынку месцілася абласная бібліятэка, якая ў 90-х гадах пераехала ў Новы замак. Больш за 20 гадоў будынак быў закінуты, было некалькі спробаў рэстаўрацыі. У красавіку 2021 года будынак здалі ў эксплуатацыю. Зараз там размяшчаецца рэстаран і гатэль, якія належаць гродзенскаму бізнесмену Станіславу Сямашку.

Чытайце таксама: Дом купца Муравьева: ремонт длиною в 20 лет

5. Былы Сялянскі пазямельны банк

Будынак былога Сялянскага пазямельнага банка размяшчаецца на вуліцы Леніна, 9. Яго пабудавалі ў 1913 годзе паводле праекту архітэктара Астравумава.

Былы сялянскі пазямельны банк. Крыніца: photobuildings.com

У дэкаратыўным афармленні фасадаў выкарысталі спалучэнне жоўтай цэглы і белых ляпных дэталяў. Дах выканалі з чырвонай чарапіцы, а таксама дадалі купал, які надае будынку сваеасаблівы каларыт. Па-мастацку выкананы металічныя агароджы ўнутранай лесвіцы і балконаў, казырок над галоўным уваходам.

У розныя часы там размяшчаліся: банк, вайсковы шпіталь у часы Першай сусветнай вайны, камандванне акругі, спартыўны клуб Grodno, гарнізоннае афіцэрскае казіно. Зараз там размяшчаецца штаб арміі.

У гэтым банку памочнікам бухгалтара працаваў бацька Максіма Багдановіча — Адам Багдановіч.

6. Дом Курлава

Дом Курлава на вуліцы Валковіча, 2/4 пабудавалі ў 1917 годзе. Гэта трохпавярховы неатынкаваны будынак з жоўтай цэглы. Яго аздобу сканцэнтравалі на парадным фасадзе.

Міжпавярховыя паясы будынка выкладены цаглянай кладкай розных камбінацый. Парадны фасад расчлянёны лапаткамі з нестандартным завяршэннем. Фасад аздоблены неглыбокімі бакавымі рызалітамі, якія завершаны прыступкавым атыкам з пінаклямі (міні-вежычкамі). Гэта цікавы для Гродна прыклад спалучэння мадэрну і эклектыкі.

Дом Курлава. Крыніца: fgb.by

У 1920 гадах у будынку размяшчалася фабрыка кавы. Яе стварылі яшчэ ў Першую сусветную немцы, каб прадукаваць эрзац-каву з жалудоў, ячменю і іншых заменнікаў для сваіх жаўнераў. Пасля Другой сусветнай вайны там распачалі вытворчаць цукерак, сіропу, а таксама яблычнага пюрэ. Але ў 1958 фабрыку ліквідалі, а абсталяванне аддалі ў Гомель на фабрыку «Спартак», у Ліду на камбінат канцэнтратаў, менскай кандытарскай фабрыцы «Камунарка», Ашмянскаму дрожджаваму камбінату і Нараўлянскай кандытарскай фабрыцы «Чырвоны Мазыранін»

7. Дом Гедройца

Дом Гедройца на вуліцы Леніна, 13 пабудавалі ў 1900 годзе (або ў 1906, а дата на фасадзе — гэта дата набыцця ўчастка). Будынак мае арыгінальны незвычайны для Гродна стыль, які можна характарызаваць як «паўночны мадэрн». Ён быў папулярны ў пачатку ХХ стагоддзя ў Пецярбургу, а таксама ў Балтыі.

Дом Гедройца. Крыніца: photobuildings.com

Цэнтральная частка вылучаецца вертыкальнымі вокнамі лесвіцавых маршаў, бакавыя — двухпавярховымі гранёнымі эркерамі.

Уласнік дома — Казімір Гедройц — разам з сям’ёй жыў на другім паверсе. Ён быў юрыстам і адным з уплывовых гродзенцаў міжваеннага часу, сябраваў з Элізай Ажэшкай і быў членам камітэта па ўшанаванні яе памяці. Дом быў тыповай «чыншавай камяніца» — то бок, уласнік збудаваў яго, каб здаваць кватэры і на гэтым зарабляць.

Пасля Другой сусветнай вайны ў будынку размяшчаліся жылыя кватэры, зараз там офісы розных фірм і бар. У будынку захаваліся арыгінальныя дэкаратыўныя элементы: парэнчы, барэльефная лепка параднай, плітка падлогі, дэкор столяў і сцен, некалькі печаў, якія верагодна, былі выраблены на Станіславоўскім кафляным заводзе на сучаснай вуліцы Будзёнага.

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024